• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дом без гаспадара  Генрых Бёль

    Дом без гаспадара

    Генрых Бёль

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 285с.
    Мінск 1996
    64.15 МБ
    — Паспрабуйце звярнуцца ў ведамства сацыяльнага забеспячэння і, магчыма, у дабрачынную арганізацыю. Можа, вам пашанцуе, і яны вам нечым дапамогуць. Я падрыхтаваў для вас два рахункі — адзін з іх на восемсот марак, таму што калі ім паказаць той, што даражэй, можна ўвогуле нічога не атрымаць. Калі вам вельмі пашанцуе, вы атрымаеце ў агульнай суме марак пяцьсот: зубы цяпер выпадаюць у вельмі многіх. Колькі вы маглі б уносіць штомесячна?
    Яна да гэтай пары яшчэ выплочвае за канфірмацыю Генрыха — восем марак у тыдзень. Леа і так ужо сварыцца. Акрамя таго, ёй на нейкі час прыйдзецца кінуць работу — не будзе ж яна выходзіць з дому без зубоў, яна зачыніцца ў сябе, абматае твар хусткай і толькі ціхенька, вечарамі будзе з заматанай галавой хадзіць да ўрача. Жанчына без зубоў — гэта проста жах. Ніхто старонні не будзе заходзіць да яе ў пакой, нават Генрыху яна не пакажацца. А пра Леа нават няма гаворкі. Вырваць трынаццаць зубоў! Люда тады вырвала ўсяго шэсць і то выглядала, як старая баба.
    — Акрамя таго,— працягваў урач,— я хацеў бы атрымаць мінімум трыста марак задатку, а другі ўзнос прынясеце, як толькі атрымаеце грошы ад ведамства сацыяльнага забеспячэння і ў дабрачыннай касе. Вось і будзе амаль палова выплачана. Вы прыкінулі, колькі зможаце плаціць штомесяц?
    — Ды марак дваццаць,— стомлена сказала яна.
    — Божа ж мой, гэтак вы і за год усяго не выплаціце!
    — Нічога ў нас не атрымаецца,— сказала яна,— мне і задатак не пацягнуць.
    — Але вы павінны зрабіць сабе зубы,— сказаў ён,— павінны, і як мага хутчэй. Жанчына вы маладая, цікавая, і калі будзеце адкладваць, гэта атрымаецца даражэй і горш.
    Наўрад ці ён быў намнога старэйшым за яе, і выглядаў ён, як мужчына, які ў ранняй маладосці быў прыгожым: цёмныя вочы і светлыя валасы, але твар яго
    быў стомлены, абрузглы, і валасы ўжо парадзелі. Ён лена круціў у руках рахунак.
    — Я не магу,— ціха сказаў ён,— я ніяк не магу паіншаму. Я павінен загадзя заплаціць за матэрыял, разлічыцца з тэхнікам. Я не магу. Я з радасцю зрабіў бы вам гэта зараз жа, але я ведаю, як для вас гэта жахліва.
    Яна верыла яму: ён зрабіў ёй некалькі ўколаў у дзясны і браў для ўколаў пробныя ампулы і нічога за ўсё гэта не налічыў, і рука ў яго была лёгкая, спакойная і ўпэўненая. Страшным здаўся толькі ўкол у балюча падатлівыя дзясны, а вадкасць з ампулы сабралася цвёрдым камяком і разыходзілася вельмі марудна, але ўжо праз паўгадзіны боль суняўся, і яна адчула сябе бадзёрай, маладой і здаровай.
    — А як жа,— адказаў ён, калі яна расказала яму пра свой стан,— гэта ж гармоны і іншыя рэчывы, якіх не хапае вашаму арганізму,— выдатны сродак, абсалютна бясшкодны, але вельмі дарагі, калі яго даводзіцца купляць.
    Яна паднялася, зашпіліла паліто і загаварыла ціха, баючыся расплакацца. Рот усё яшчэ балеў, а безнадзейна высокі кошт быў канчатковым, як смяротны прысуд; праз два месяцы, самае болыпае, у яе выпадуць трынаццаць зубоў, а гэта азначае, што жыццё скончана. Больш за ўсё на свеце Леа ненавідзіць кепскія зубы; у яго самога асляпляльна белыя, абсалютна здаровыя зубы, з якімі ён так няньчыцца. Зашпіляючы паліто, яна паўтарала моўчкі назву сваёй хваробы; яна гучала гэтак жа страшна, як смяртэльны дыягназ: парадантоз.
    — Я вам паведамлю,— сказала яна.
    — Вазьміце з сабой каштарыс. Вось сапраўдны, а гэта другі, усяго тры экземпляры. Вы павінны прыкласці па адным экземпляры да кожнай заявы, а трэці пакіньце сабе, каб ведаць кошт.
    Урач скруціў яшчэ адну цыгарэту. Прыйшла сястра, і ён сказаў ёй:
    — Паклічце Бернгарда, няхай іграе.
    Яна засунула каштарысы ў кішэню паліто.
    — He журыцеся,— сказаў урач і горка ўсміхнуўся. Усмешка была цьмяная, як сонца над Ункелем.
    Леа цяпер дома, а ёй не хацелася бачыць яго. У Леа такія асляпляльна здаровыя зубы, і ўжо некалькі ме-
    сяцаў ён бурчыць, што ў яе зубы кепскія, што ў яе пахне з рота, і яна нічога не можа зрабіць. Яго цвёрдыя, чыста вымытыя рукі з дня ў дзень датыкаюцца да яе цела, вочы ў яго такія ж цвёрдыя, няўмольныя, як і рукі. Ён проста рассмяецца, калі яна папросіць у яго грошай. Ён толькі зрэдку дорыць ёй што-небудзь, дый то калі бывае пры грашах і моцна расчуліцца.
    У пад’ездзе было цёмна, ціха і пуста, яна спынілася на лесвічнай пляцоўцы і паспрабавала ўявіць сабе зубы кандытара: у яго безумоўна кепскія зубы; яна, праўда, не надта да іх прыглядалася, але запомніўся іх мёртвы шэры колер.
    Скрозь цьмянае аконнае шкло яна выглянула ў двор; там разносчык пакаваў у каляску апельсіны; ён вынімаў іх са скрыні і клаў вялікія направа, маленькія — налева, пасля разлажыў маленькія на дне каляскі, на іх паклаў тыя, што большыя, а самымі вялікімі закончыў пірамідку. Маленькі тоўсты хлапчук склаў скрынкі каля сметніцы. Там у цені пад сцяной дагнівала гара лімонаў — жаўцізна, пазначаная зеленню, а на зелені белыя плямы ў сіняватым цені, ад якога чырвоныя шчокі хлопчыка здаваліся фіялетавымі. Боль у роце суняўся, ёй захацелася выкурыць цыгарэту, выпіць кубачак кавы, і яна выцягнула кашалёк. Зношаны шэры замш заільсніўся да чарнаты; гэта быў яшчэ падарунак мужа, чые косці ўжо даўно стлелі дзесьці паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам. Трынаццаць гадоў назад падарыў ён ёй гэты парыжскі кашалёк,— падарыў усмешлівы фельдфебель з каляровага фотаздымка, усмешлівы слесар, усмешлівы жаніх,— нямнога засталося ад яго — патрапаны кашалёк, памяць пра яго першае прычасце, і пажоўклая патрапаная брашурка «Што павінен ведаць аўтаслесар пры здачы экзамена на падмайстра». Яшчэ ён пакінуў сына, удаву і колісь шэры, а цяпер да чарнаты зашмальцаваны замшавы кашалёк — падарунак з Парыжа, з якім яна ніколі не разлучалася.
    Дзіўнае пісьмо прыйшло тады ад ротнага камандзіра: «...быў накіраваны са сваім танкам на падтрымку важнай разведвальнай аперацыі і не вярнуўся з задання. Аднак нам абсалютна дакладна вядома, што ваш муж, які быў адным з самых вопытных і надзейных салдат у роце, не трапіў у палон да рускіх. Ваш муж паў смерцю храбрых». Hi гадзінніка, ні салдац-
    кай кеіжкі, ні заручальнага пярсцёнка — і не ў палоне. Што ж тады з ім? Згарэў і абвугліўся ў сваім танку?
    Лісты, якія яна дасылала камандзіру роты, вярнуліся праз паўгода назад з надпісам: «Загінуў за вялікую Германію». Іншы афіцэр напісаў ёй: «Мне вельмі шкада, але я вымушаны паведаміць вам, што ў нашай часці не засталося ніводнага чалавека, які мог бы расказаць вам пра гібель вашага мужа». Абвугленая мумія паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам.
    Унізе ў двары тоўсты хлапчук напісаў мелам: «Шэсць адборных апельсінаў усяго за адну марку». Бацька, чырванашчокі, як і сын, сцёр шасцёрку і напісаў пяць.
    Яна пералічыла грошы ў кашальку: дзве паперкі па дваццаць марак — недатыкальныя, гэтыя грошы хлопчыку на гаспадарку на дзесяць дзён; заставалася яшчэ марка і восемдзесят пфенігаў дробнымі. Лепш за ўсё было б пайсці ў кіно: там цёмна, цёпла, не адчуваеш, як растае час, звычайна такі бязлітасны. Бывае, што гадзіны цягнуцца марудна, быццам жорны млына, марудна і ўпарта перамолваюць яны час. Пад вечар ломіць усё цела, галава быццам налітая свінцом і прыступ жадання, цяжкі для яе самой. Боязь з-за паху з рота і з-за сапсаваных зубоў; валасы страчваюць бляск, і няўмольна псуецца колер твару. А ў кіно добра і вусцішна — так яна яшчэ дзіцем пачувала сябе ў царкве: цудоўная гармонія спеваў і слоў, укленчвання і ўставання, шчаслівая пасля смуроднай жорсткасці бацькоўскага дому, дзе ненажэра бацька здзекаваўся са святошы маці; маці старалася схаваць пад панчохамі набрынялыя вены, калі ёй было ўсяго трыццаць адзін год, столькі, колькі зараз ёй. Усё, што не мела дачынення да дому, было шчасцем: шчаслівая манатоннасць на макароннай фабрыцы Бамбергера, дзе яна ўзважвала макароны і раскладвала іх у пакункі, узважвала і раскладвала, узважвала, узважвала, пакавала. Адурваючая аднастайнасць і чысціня; цёмна-сінія кардонкі, сінія, як мора на геаграфічным атласе; жоўтыя макароны і вогненна-чырвоныя этыкеткі з «бамбергераўскай серыяй карцін» — стракатыя паштоўкі, на якіх адлюстраваны сцэны са «старых нямецкіх паданняў»: Зігфрыд з валасамі, як свежае масла, шчокамі, як персікавае марожанае, і Крымхілда,
    у якой колер твару нагадвае ружовую зубную пасту, валасы, як маргарын, і вішнёва-пунсовы рот. Жоўтыя макароны, цёмна-сінія кардонкі, вогненна-чырвоныя этыкеткі з *бамбергераўскай серыяй карцін». Паўсюль чысціня, вясёлы смех у сталоўцы на фабрыцы Бамбергера, а ўвечары ружовыя лямпачкі ў кафэ.
    Або танцы з Генрыхам, які кожныя два тыдні атрымлівае звальніцельную ў нядзелю, усмешлівы яфрэйтар танкавых войскаў, неўзабаве заканчваўся тэрмін ягонай службы.
    Адной маркі і васьмідзесяці пфенігаў хопіць на кіно, але ўжо позна. Ранішні, на адзінаццаць гадзін, сеанс даўно пачаўся, а ў гадзіну яна павінна быць у пякарні. Хлопчык унізе, у двары, расчыніў зялёныя вароты, і бацька пакаціў каляску. Праз адчыненыя вароты бачна вуліца: аўтамабільныя шыны і ногі веласіпедыстаў. Яна паволі сышла ўніз па лесвіцы, спрабуючы ўцяміць, на якія выдаткі рашыцца кандытар дзеля задавальнення сваёй меланхалічнай страсці: ён хударлявы, але твар у яго вялікі, азызлы і самотныя вочы. Сам-насам з ёй ён, запінаючыся, усхваляе радасці кахання, глухім голасам спявае ён песні пра прыгажосць плоцкага кахання. Ён ненавідзіць сваю жонку, жонка ненавідзіць яго, ненавідзіць усіх мужчын, а ён, кандытар, любіць жанчын, услаўляе іх цела, іх сэрца, іх вусны, часам яго меланхолія даходзіць да шаленства, а яна слухае ўсё гэта і разважвае маргарын, распускае шакалад, узбівае крэм з прыгатаванай ім сумесі і выкладвае лыжачкай памадку і праліны. Яна выводзіла на тартах шакаладныя ўзоры, якія ён лічыў чароўнымі, і прылеплівала шакаладным свінкам шакаладныя лычыкі, а ён, запінаючыся, не пераставаў расхвальваць яе твар, яе рукі, яе пяшчотнае цела.
    У пякарні ўсё здавалася белым і шэрым, тут перамешвалася чарната блях, чарната вугалю і белізна мукі: сотні адценняў шэрага, і толькі зрэдку — жоўтая або чырвоная пляма; чырвоны колер вішань, ядавітажоўты — лімонаў і пяшчотны — ананасаў. Амаль усё здавалася белым і шэрым, бясконцыя адценні шэрага, такі быў і твар пекара: дзіцячы, бясколёрны, круглы рот, шэрыя вочы, шэрыя зубы і блякла-ружовы язык, які быў відаць, калі ён гаварыў, а гаварыў ён, застаўпіыся з ёй сам-насам, безупынку.