Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
Дарэчы, падобныя лісты незадаволеных здабыцьцём Беларусьсю незалежнасьці («пад ціскам БНФ») газэты Савету міністраў у пачатку 1990-ых публікавалі няспынна.
«Дзеля чаго патрэбны рэфэрэндум? Мяркуючы па прапановах дэпутацкай апазыцыі — каб
зьмяніць склад Вярхоўнага Савету і ўраду, сфармаваць сваю ўладу, прывесьці да кіраўніцтва парлямэнтам новых лідэраў За гэтымі акцыямі, калі яны адбудуцца, непазьбежна прыйдзе пераарыентацыя Беларусі ў рэчышчы вузканацыянальных ідэяў БНФ, канчатковы адрыў ад Расеі, ад народаў былога Саюзу. Ня трэба быць прарокам, каб убачыць наступствы гэтых крокаў: рэспубліка задыхнецца ў нацыянальнай шкарлупіне. Ягораў, горад Мінск».
«Ва ўмовах найвастрэйшага сацыяльнага і эканамічнага крызісу пакінуць рэспубліку без кіраўніцтва на працяглы тэрмін — значыць узмацніць цяжкасьці, прывесьці эканоміку да поўнага развалу... Пасьля рэфэрэндуму выканаўчая ўлада будзе паралізаваная, асабліва на сярэднім узроўні, у чаканьні «новай мяцёлкі». Ніхто і ніколі ня будзе вырашаць простыя пытаньні, ня кажучы ўжо пра больш складаныя. Гэтага варта чакаць і на ўзроўні ўраду. Наўрад ці будзе плённа працаваць той, хто ня ведае сваёй будучыні... Усе расходы па правядзеньні рэфэрэндуму лягуць на бюджэт рэспублікі, а значыць — на плечы простых людзей. Ужо калі і праводзіць рэфэрэндум, дык за сродкі тых палітычных партыяў, рухаў і грамадзянаў, якія яго падтрымоўваюць. Адначасна са зборам подпісаў трэба было б і зьбіраць грошы на правядзеньне гэтай акцыі. Гэта ня позна зрабіць і цяпер. Старая ісьціна сьцьвярджае: хто плаціць, той і замаўляе музыку. Лепяшчынская, вэтэран працы, карэнная мінчанка».
Усе гэтыя аргумэнты, выказаныя нібыта чытачамі, лёгка і проста разьбіваліся, ну вось хоць бы з апошняга ліста, наконт «паралічу ўлады» ў выніку выбараў — у дэмакратычных краінах выбары праводзяцца рэгулярна, гэтак сама часта мяняецца ўлада, адзін прэм’ер саступае месца іншаму, міністэрскія крэслы займаюць тыя, хто ўчора быў у апазыцыі, а празь нейкі час сыходзяць і яны — і пры гэтым стабільна працуюць дзяржаўныя ўстановы, жыцьцё не спыняецца. Яно якраз таму не спыняецца, што рэгулярная зьмена выканаўчай улады праз свабодныя выбары — адна з гарантыяў эфэктыўнага функцыянаваньня дзяржаўнага апарату.
Гэта — арытмэтыка, якую ў пачатку 1990-ых трэба было патлумачыць людзям, якія дзесяцігодзьдзямі жылі ва ўмовах аўтарытарызму. Але саўмінаўская прэса, наадварот, заблытвала людзей. А прадстаўнікі БНФ, іншых дэмакратычных арганізацый доступу да палосаў той самай «Советской Белорусснн» ня мелі.
Ч Э Р ВЕ H Ь
4 чэрвеня. У Курапатах невядомыя зьнішчылі памятны знак і сьпілавалі некалькі дрэваў. Адбыўся арганізацыйны сход па стварэньні грамадзка-хрысьціянскага аб'яднаньня «Курапаты».
5 чэрвеня. Беларусь зрабілася ўдзельніцай Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
7 чэрвеня. На прэзыдэнцкіх выбараху Азэрбайджане перамоглідэр Народнага фронту Абульфаз Эльчыбэй.
19 чэрвеня. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету ўтварыў Камісію па забесьпячэньні адзінай палітыкі выкарыстаньня дзяржаўных сымбаляў («Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга).
22 чэрвеня. Управа БНФ прыняла заяву супраць вайсковага саюзу з Расеяй.
23-25 чэрвеня. Візыту Польшчу дэлегацыі на чале са Станіславам Шушкевічам, у складзе дэлегацыі — Васіль Быкаў. Падпісаньне Дамовы аб добрасуседзтве і супрацоўніцтве.
25 чэрвеня. Усталяваныя дыпляматычныя адносіны з Расеяй.
29 чэрвеня. Камісія па культуры БНФ правяла ў Доме літаратара круглы стол «Беларуская мова ў сродках масавай інфармацыі».
30 чэрвеня. Адкрыта прадстаўніцтва Ўкраіны ў Беларусі.
ШУШКЕВІЧ: «ВЯРХОЎНЫ САВЕТ НІЧОГА HE БАІЦЦА»
Да гэтага я не казаў падрабязна пра стаўленьне да тэмы рэфэрэндуму асобы, яка адыграла ў ёй ключавую ролю. Зрэшты, у 1992 годзе (як і ў наступным) ад яе залежала ў палітыцы Беларусі калі ня ўсё, дык — вельмі шмат.
Канешне, я маю на ўвазе найвышэйшую службовую асобу — старшыню Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. Праз гады ў замежжы яго будуць прадстаўляць як першага кіраўніка незалежнай Беларусі (і Шушкевіч пагодзіцца з такой фармулёўкай), але ў 1992-1993 гадах ён падкрэсьліваў, што займае пасаду «ўсяго толькі» сьпікера парлямэнту, а рашэньні прымае Вярхоўны Савет.
У тых словах Шушкевіча была праўда — ягоную ўладу нельга было параўнаць з той, якую мелі, напрыклад, прэзыдэнт Расеі Ельцын ці прэзыдэнт Украіны Краўчук.
Але ў справе рэфэрэндуму паўнамоцтвы ў Шушкевіча былі, і вельмі значныя. Я сказаў бы, што вызначальныя.
Па-першае, паводле Закону аб рэфэрэндуме, ён як старшыня Вярхоўнага Савету мог выйсьці з ініцыятывай яго правядзеньня. Кажучы простай
мовай, ягоны подпіс замяняў подпісы 350 тысяч выбаршчыкаў. Пры гэтым ён мог прапанаваць уласную фармулёўку пытаньня (альбо ўзяць тую, якую сфармулявала Ініцыятыўная група).
Па-другое, не жадаючы ініцыяваць рэфэрэндум, Шушкевіч мог склікаць сэсію Вярхоўнага Савету. Папярэдняя сэсія завяршылася 24 красавіка, пры тым што два дзясяткі пытаньняў парадку дня засталіся неразгледжанымі. Мы лічылі, што сэсію не жадаюць зьбіраць таму, што тады, з улікам станоўчага вэрдыкту ЦВК, давядзецца прызначаць дату рэфэрэндуму.
Па-трэцяе, Шушкевіч меў уплыў на грамадзтва, і ад ягонага стаўленьня да рэфэрэндуму — станоўчага ці адмоўнага — залежала шмат.
У пачатку 1993 году «Народная газэта» пад загалоўкам «Шушкевіч — палітык года» апублікавала графік зьмены цягам 1991-1992 гадоў рэйтынгаў трох вядучых палітычных дзеячоў — Кебіча, Пазьняка і Шушкевіча, падрыхтаваны сацыялягічнай службай «Грамадзкая думка». У першыя месяцы 1991-га Кебіч апярэджваў Шушкевіча, але пачынаючы ад красавіка 1991-га Шушкевіч займаў першае месца (у жніўні 1991га рэйтынгі Шушкевіча і Пазьняка практычна зраўняліся, у першага — 21%, у другога — 20%. Рэйтынг Кебіча ў гэты момант складаў 5%). У верасьні, калі Шушкевіч быў абраны старшынём Вярхоўнага Савету, ягоны рэйтынг узьляцеў у два разы — да 40% («народ любіць начальства»), і далей, нават і пры нестабільных паказьніках, заўсёды апярэджваў і Пазьняка, і Кебіча.
Дык вось, паводле «Грамадзкай думкі» ў студзені 1992 году рэйтынг Шушкевіча быў 52%, у лютым — 33,3% (камэнтатары зьвязалі падзеньне рэйтынгу з падвышэньнем цэнаў) у сакавіку — 47,1%. У чэрвені 1992 году рэйтынг Шушкевіча складаў 27,6% (але ўсё роўна быў самы высокі ў параўнаньні зь іншымі палітыкамі).
Можна па-рознаму паставіцца да гэтых лічбаў, верыць у праўдзівасьць апытаньняў або не. Але тут важна іншае: Шушкевіч іх ведаў (натуральна, нават яшчэ да публікацыяў у друку).
У студзені 1992-га, калі БНФ заявіў пра рэфэрэндум і пачаў актыўна рыхтавацца да кампаніі па зборы подпісаў (рашэньне на сойме было прынята яшчэ 29 сьнежня 1991-га), рэйтынг Шушкевіча быў самы высокі — 52%.
I калі б Шушкевіч падтрымаў ініцыятыву Народнага Фронту, гэта, бясспрэчна, вельмі істотна паўплывала б на грамадзкія настроі. У яго заўсёды была магчымасьць зьвярнуцца наўпрост да народу — і ён ёю карыстаўся, праводзячы рэгулярныя прамыя тэлеэфіры.
Нарэшце, у Шушкевіча была магчымасьць, якой акрамя яго валодаў толькі Кебіч (але вельмі рэдка выкарыстоўваў яе) і ніколі ня меў Пазьняк — выхаду ў дзяржаўным тэлебачаньні ў які заўгодна момант.
I Шушкевіч карыстаўся гэтай магчымасьцю. Пачынаючы ад студзеня 1992-га, «прамыя эфіры» са старшынём Вярхоўнага Савету зрабіліся рэгулярнымі. Вёў іх тагачасны намесьнік галоўнага рэдактара «Народнай газэты» Аляксандар Кла-
Станіслаў Шушкевіч на трыбуне сэсіі Вярхоўнага Савету
скоўскі. Вёў прафэсійна, раскавана, аддаючы перавагу ня ўласным пытаньням, а тэлефанаваньням гледачоў (некалькі супрацоўнікаў тэлебачаньня запісвалі пытаньні па тэлефонах, нумары якіх былі на экране).
Ужо першая перадача выклікала надзвычайную цікавасьць, і пасьля другой «Зьвязда» зьмясьціла інтэрвію з Класкоўскім, «які вядзе, бадай, самыя папулярныя цяпер перадачы Беларускага тэлебачаньня — цыкл прамых ліній са старшынём Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь С. С. Шушкевічам». «Кожная ваша перадача, — канстатаваў аглядальнік «Зьвязды», — потым некалькі дзён актыўна абмяркоўваецца ў чэргах, грамадзкім транспарце, на працы». Сам жа Кла-
скоўскі пагадзіўся з такой ацэнкай папулярнасьці — «пасьля першай прамой лініі абрушыўся шквал званкоў з адным пытаньнем: «Калі будзе наступная перадача? Хачу спытаць наконт...» Тое самае здарылася і пасьля другой перадачы».
Сапраўды — прамыя эфіры з Шушкевічам глядзелі мільёны людзей. Трэба сказаць, што яны адыгралі станоўчую ролю ў фармаваньні грамадзкай думкі адносна нядаўніх Віскулёўскіх пагадненьняў ды неабходнасьці эканамічных рэформаў — Шушкевіч аргумэнтавана, як кажуць, «на пальцах» тлумачыў тое, што, па вялікім рахунку, мусілі б тлумачыць у адмысловых перадачах дзяржаўнага тэлебачаньня (тады як вельмі часта і па тэлебачаньні, і па радыё лілі сьлёзы па «разбуранай вялікай дзяржаве»). Але што тычыцца новых выбараў, дык Шушкевіч лічыў, што рэформы можна і трэба праводзіць менавіта з гэтым складам Вярхоўнага Савету (праўда, з пэўным унутраным рэфармаваньнем), пра што і заяўляў мільёнам тэлегледачоў.
Ва ўважлівага чалавека, які хоць крыху сачыў за падзеямі ў Вярхоўным Савеце, такая перакананасьць спараджала непаразуменьне: бо ў той самы час, калі Шушкевіч заяўляў пра «патэнцыял» дэпутацкага корпусу, большасьць гэтага самага корпусу блякавала прапанаваныя ім кандыдатуры на пасаду ягонага першага намесьніка — аж пакуль ня быў абраны Вячаслаў Кузьняцоў, «плоць ад плоці» намэнклятуры. Гэта бачылі ўсе, хто глядзеў або слухаў штодзённыя вечаровыя рэпартажы з Авальнай залі. Ну a
прыхільнікі Народнага Фронту адзначылі, што заканадаўчыя прапановы Апазыцыі БНФ, распрацаваныя з мэтай менавіта рэформаў, парлямэнцкай большасьцю адхіляюцца.
I калі б Шушкевіч пацьвердзіў тое, што сказаў у апошнія хвіліны сэсіі 25 жніўня 1991-га пра неабходнасьць новых выбараў — гэта істотна паўплывала б на настроі той часткі грамадзтва, якая ня вызначылася (бо як мінімум 440 тысяч чалавек вызначыліся).
Але Шушкевіч выступіў супраць рэфэрэндуму і цягам некалькіх месяцаў у публічных выступах ды інтэрвію крытыкаваў ідэю датэрміновых выбараў.
Яшчэ ў пачатку лютага 1992-га на сустрэчы зь лідэрамі прафсаюзаў (як «афіцыйных», гэтак і незалежных) Шушкевіч сказаў, што «рэфэрэндум аб роспуску парлямэнту, чаго патрабуюць сёньня і левыя, і правыя, стаў бы «піравай перамогай» апазыцыі. Гэта прывядзе толькі да яшчэ большага бязладзьдзя і паставіць грамадзтва на мяжу грамадзянскай вайны» («Літаратура і мастацтва», 14 лютага 1992).