Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
«Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты» водгукі і ацэнкі
«Дзевяноста першы»
«Дзевяноста першы» гэта ўзор жарснай публіцыстыкі, прадоннага аналізу падзеяў, прарочых высноваў. Сяргей Навумчык правая рука Зянона пісаў профілі дзевяноста першага году, у якім вырашаўся лёс незалежнай дзяржавы Беларусь. Знайшоўся неспакойны Беларус і распавёў пра падзеі, як ён бачыў іх, як непасрэдна ўспрымаў.
I захмар’е, і дол, і халодны позірк, і душэўная трывога. Ацэнку дасьць час. За ім— слова!
Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі
Навумчык выдатны аўтар. У яго добры стыль, ён умее трымаць увагу і напружаньне. Гэта звышчытэльны тэкст. 500-старонкавы фаліянт прачытваецца на адным дыханьні.
«Наша Ніва»
Час ідзе, нешта забываецца, а потым зьяўляюцца тыя мэмуарысты, якія помняць добрае, зьвязанае зь імі самімі, і забываюць тое, што, можа, ня надта добрае было зь імі, або гэтае ня надта добрае хочуць перакласьці на чужую адказнасьць, на чужыя плечы. Ва ўсякім разе, у тых кнігах, якія я прачытаў пра той час, у мяне такое адчуваньне было. Таму тое, што Сяргей дае дакумэнты, дае атмасфэру таго часу, — мне здаецца, гэта вельмі важна.
Генадзь Бураўкін, паэт, першы прадстаўнік незалежнай БеларусіўААН
Захапляюся часам са сьлязой у вачах дэталямі, якія проста ўцягваюць чытача ў апісаныя падзеі. Кніга «Дзевяноста першы» каштоўны архіў, які чытаецца як раман.
Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР
Гэты важкі том найлепшы адказ як тым, хто лічыць, нібыта незалежнасьць звалілася на беларусаў зь неба, так і тым, хто мяркуе, быццам нацыянальна-дэмакратычныя сілы на чале з БНФ у нашай найноўшай гісторыі пацярпелі паразу. Насамрэч яны ў неверагодна складаных умовах дасягнулі галоўнай мэты краіна атрымала Незалежнасьць.
Уладзімер Арлоў, пісьменьнік
Гісторыю, як вядома, пішуць пераможцы. Са спазьненьнем на 20 гадоў мы дачакаліся і сваёй гісторыі пра пераможны 1991 год.
Дзьмітрый Гурневіч, журналіст
«Дзевяноста чацьверты»
Сяргей Навумчык напісаў вельмі цікавую кнігу, якая, дзякуючы стылю і пачуцьцю гумару аўтара, чытаецца на адным дыханьні. Але галоўнае, што там ня схлушаны аніводны факт. Часта бывае прыкра, калі чытаеш хлусьню пра тое, чаму сам быў сьведкам. У кнігах Навумчыка такога няма.
Сяргей Дубавец, пісьменьнік
Гэта хроніка палітычнага жыцьця, якое было ў Беларусі.
Сяргей Антончык, лідэр рабочага рухупачатку 1990-ых
Сяргей Навумчык досыць аб’ектыўна ацэньвае расклад палітычных сіл у нашай краіне напярэдадні і падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Ён прыходзіць да высновы, зь якой цяжка не пагадзіцца: на тых выбарах і Кебіч, і Аляксандар Лукашэнка рэпрэзэнтавалі блізкія між сабою палітычныя пазыцыі, у аснове якіх ляжала імкненьне да пераўтварэньня Беларусі ў калёнію ўсходняга суседа ўзамен на моцна жаданую імі найвышэйшую ўладу на гэтай тэрыторыі.
Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня
Такая кніжка выдатная зьява.
Радзім ГарэцкІ, акадэмік
«Дзевяноста пяты»
Значная частка тэксту прысьвечана красавіцкай галадоўцы ўпамяшканьні парлямэнту, рэфэрэндумуі выбарам 1995 году. Паводле сваёй трагічнай значнасьці ў найноўшай гісторыі Беларусі гэтыя падзеі, бадай, пераважаць гісторыю злачыннага зьнікненьня вядомых беларускіх грамадзян. Такія злачынствы ня маюць маральнага тэрміну даўнасьці.
Пётра Садоўскі, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне
Кніга выдатна адпавядае жанру «нон-фікшн». У кнігах гэтага жанру выкарыстоўваюцца мастацкія прыёмы раскрыцьця вобразаў і такая спэцыфічная кампазыцыйная арганізацыя твораў сцэна за сцэнай. У выпадку зь Сяргеем Навумчыкам гэта ня толькі сцэна за сцэнай, але і год за годам. I можна сказаць, што гэта ў пэўным сэнсе ўзорны нацыянальны «нонфікшн».
Ганна Кісьліцына, літаратурны крытык
Лёгкі стыль аўтарскага выкладаньня робіць, здавалася б, сур’ёзную гістарычную літаратуру «надрыўнай», кшталту майстроў дэтэктыўнага альбо фантастычнага жанру.
Сяргей Пульша, аглядальнік газэты «Новы час»
Аўтар не нэўтральны, ён нефармал, бэнээфавец, апазыцыянэр, дэмакрат, пацярпелы, герой, удзельнік, зацікаўленая асоба... Усё так. Толькі гэта ня мінус, а фарматная дадзенасьць.
Яе галоўная рыса не абмежавальнасьць, а сумленнасьць сьведкі, эмоцыя часу, а не ягоны асадак, не наратыў прафэсара, а праўдзівасьць летапісца.
Аляксандар Лукашук, дырэктар Радыё Свабода
Гзта каштоўнае, дакладнае дасьледаваньне па найноўшай гісторыі змаганьня за незалежную Беларусь пагрунтована на дакумантах, на летапісе друку, на ўспамінах і архіўных матар’ялах і на вопыце ўласнага ўдзелу ў палітычным працэсе той пары. Асаблівай каштоўнасьцю кнігі зьяўляецца тое, што яна адлюстроўвае дух таго часу, сваістае адчуваньне падзей, часам апісаных скрупулёзна да найменшых дэталяў.
Зянон Пазьняк, старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня
Узяла ў рукі на хвіліну пагартаць і не змагла адарвацца, хоць вельмі балюча чытаць усе падрабязнасьці таго, што мы, учарашнія дзеці, бачылі збоку, а аўтар знутры. Як быццам ізноў разанула па сэрцы. Як тады, калі мы даведаліся пра вынікі рэфэрэндуму (у мяне дагэтуль зьвініць у вушах крык маёй тагачаснай сяброўкі, вельмі-вельмі ціхай дзяўчынкі Наташы «Ня можа быць!» на ўсю кавярню). Як тады, калі глядзелі, як здымаюць «Пагоню» з будынка на плошчы Незалежнасьці, і плакалі. Спадзяюся, што некалі ўрыўкі з кнігі ўвойдуць у падручнікі, па якіх будуць вучыцца калі ня нашы дзеці, то ўнукі дакладна.
Мілана Міхалевіч, настаўніца
дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
дзевяноста другі
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
Сяргей Навумчык. Дзевяноста другі. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017. 388 с.: іл.
Бібліятэкар Свабоды
Аляксандар Лукашук
Мастак Генадзь Мацур
Карэктар Сяргей Шупа
У 1992-м, першым поўным годзе незалежнасьці, Беларусь мусіла выбіраць паміж невядомай дэмакратычнай будучыняй і знаёмай савецкай стабільнасьцю.
Драматычная гісторыя барацьбы за рэфэрэндум аб новых выбарах, калі камуністычная намэнклятура перакрэсьліла 446 тысячаў подпісаў грамадзянаў.
У кнізе скарыстаныя фатаздымкі Уладзімера Сапагова, Ігара Кірына, Франака Вячоркі, газэты «Свабода». Таксама скарыстаныя матэрыялы сайту «Вытокі» і архіву аўтара.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017
FOL
ISBN 978-0-929849-85-0
Зьмест
На крылах. Аляксандар Лукашук 7
Пункт незвароту 8
Новая краіна — новая ўлада 12
Студзень
Мэта — рэфэрэндум 28
3 войскам, але без прысягі 37
Самы кароткі разьдзел 51
Лукашэнка: «Разумныя людзі ўжо падумваюць аб дыктатуры» 52
Люты
Выбары — толькі паводле новага дэмакратычнага закону 78
Інстынкт самазахаваньня намэнклятуры ўражвае ...95
Сакавік
Факсыміле як палітычная праблема 104
Дзень, калі Кебіч падтрымаў Пазьняка. Але маўкліва 112
Парада Вярхоўнаму Савету: мысьці ў гісторыю 124
Магічная лічба «25» 134
Красавік
Эгіпецкая праца беларускіх чыноўнікаў 140
Канцэпцыя Апазыцыі БНФ: і мікра-, і макраэканоміка 145
Урок для Ярмошынай 155
Травень
«Пад ціскам БНФ прынялі незалежнасьць, і вось мы ля разьбітага карыта» 190
Чэрвень
Шушкевіч: «Вярхоўны Савет нічога не баіцца» 204
Ліпень Адраджэньне: героі і праціўнікі 228
Жнівень Эфі для апазыцыі 254
Верасень
«.. .Прысягаю на вернасьць Рэспубліцы Беларусь» 276
Кастрычнік «Вас падтрымае беларускі народ» 288
«Рашэньне на дзесяцігодзьдзі» 291
«Застаемся легітымнай часткай парлямэнту» 339
Лістапад
Першая палітычная адстаўка ў незалежнай Беларусі 346
Сьнежань
Час зьмяніўся 358
Паказьнік асобаў 362
Пра аўтара 370
Summary
На крылах
Людзі будучыні жывуць так, быццам мінулага ўжо ніколі ня будзе.
Людзі мінуласьці жывуць так, быццам яна ніколі ня скончыцца.
Памыляюцца і тыя, і тыя, але нават калі ў зачараваным танцы гісторыі яны мяняюцца месцамі і ролямі, першым — мая сьляза, мая роспач, мой гнеў, а другім агіда, абрыда, астуда.
Параза не заўсёды памылка, а перамога не абавязкова ісьціна.
У 1992-м надзея была. I таму ёсьць.
Аляксандар Лукашук,
Радыё Свабода
Пункт незвароту
Калі пытаюцца, на якім этапе найноўшай гісторыі Беларусі дэмакратыя страціла апошні шанец, а ўмацаваньне аўтарытарызму зрабілася непазьбежным, перад адказам заўсёды падкрэсьліваю ягоную ўмоўнасьць. Бо шанец — хай і самы невялікі — заўсёды застаецца, але чым далей, тым большага ён вымагае. Іншая справа, што ў грамадзтва можа не хапіць сілы, a ў эліты — палітычнай волі.
Пры Лукашэнку такой падзеяй можна лічыць начное падпісаньне ў лістападзе 1996 году пагадненьня пры ўдзеле «крамлёўскага дэсанту», калі была страчаная магчымасьць імпічмэнту. Але наіўна было б чакаць іншых паводзінаў ад былога сакратара ЦК КПБ Ціхіні і сьпікера парлямэнту Шарэцкага, які быў вядомы заявай, што падпісаньне «саюзнай дамовы» — самы шчасьлівы дзень у ягоным жыцьці. Потым яны апраўдваліся, што Лукашэнка іх падмануў — але ці ў навіну ўжо тады быў падман ад Лукашэнкі?
А ці можна было не дапусьціць Лукашэнку да ўлады? I калі быў выпушчаны джын з
бутэлькі? На выбарах летам 1994-га? Альбо вясной 1994-га, калі ў Канстытуцыю было ўведзена прэзыдэнцтва? Ці раней, у сьнежні 1993-га, калі Лукашэнка прачытаў па прамой тэлерадыётрансьляцыі сумнавядомы «антыкарупцыйны» даклад? Ці яшчэ раней, у чэрвені 1993-га, калі Лукашэнку прызначылі старшынём антыкарупцыйнай камісіі?
Але і прызначэньне Лукашэнкі, і ўвядзеньне прэзыдэнцтва «пад дыктатара» былі б немагчымыя, калі б Вярхоўны Савет быў дэмакратычны паводле свайго складу. Абраць такі Вярхоўны Савет шанец быў. Але ён быў страчаны 29 кастрычніка 1992 году, калі большасьць дэпутатаў ВС праігнаравала волю 442 тысяч грамадзян, якія выказаліся за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах паводле новага выбарчага закону.
Лідэр Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня Зянон Пазьняк, да якога я зьвярнуўся з просьбай падзяліцца развагамі ў часе працы над гэтай кнігай, называе яшчэ ранейшую дату: «Па маёй ацэнцы, будучыня дэмакратычнай Беларусі пайшла пад адхон у красавіку 1992-га, калі Шушкевіч выступіў разам з камуністамі і адмовіўся прызначыць дату рэфэрэндуму. Потым Шушкевіч паўгода не склікаў сэсію Вярхоўнага Савету, каб даць магчымасьць падрыхтавацца і скансалідавацца антыбеларускай рэакцыі... Вялікі шанец Беларусі быў кінуты пад ногі... Гісторыя