Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
Словам, у пазыцыі ігнараваньня афіцэрскіх настрояў Ельцыным можна было ўбачыць здаровы сэнс.
Розьніца была ў тым, што калі для кіраўніка Расеі праблема мела толькі ўнутрыпалітычны характар, дык для іншых былых рэспублік яна стварала пагрозу існаваньню саміх гэтых дзяржаваў.
Абсалютная большасьць афіцэраў на ўсіх узроўнях не ўспрынялі зьнікненьня Савецкага Саюзу. Для тых, хто служыў у Беларусі, сама ідэя беларускай дзяржаўнасьці была незразумелай, і стаўленьне да беларускай незалежнасьці было варожым.
Калі казаць пра генэралітэт, дык ці не адзіным генэралам, які выказваў бясспрэчную ляяльнасьць да беларускай дзяржавы, быў кіраўнік новаўтворанага міністэрства абароны Пётра Чавус. Некалькі месяцаў штат ягонага міністэрства (уключна з сакратаркай) не налічваў і дзесяці чалавек.
Але ўсе арміі і дывізіі Беларускай Чырванасьцяжнай вайсковай акругі з тысячамі танкаў, з «бэтээрамі» і «бээмпэ», з ракетнымі ўстаноўкамі падпарадкоўваліся камандаваньню акругі. А камандуючы, генэрал-палкоўнік Анатоль Кастэнка, прысягу на вернасьць Беларусі не прымаў.
Мы ў дэпутацкай Апазыцыі БНФ і не чакалі іншага, яшчэ ўвосень 1991-га настойваючы на стварэньні паўнавартаснага ўласнага войска. На сэсію Вярхоўнага Савету дэпутаты Апазыцыі БНФ прадставілі адпаведныя законапраекты — але яны не былі прынятыя парлямэнцкай большасьцю. Верасень, кастрычнік, лістапад, сьнежань — Беларусь страчвала час , такі каштоўны для выпрацоўкі самастойнай міжнароднай
палітыкі, стварэньня неабходных атрыбутаў незалежнай дзяржавы, уласных грошай, банкаўскай сыстэмы і, канешне, уласнага войска.
Яшчэ горш, што месяцы чаканьня і спадзяваньня кіраўніцтва на дапамогу Масквы былі страчаныя для тлумачальнай працы ў вайсковых частках. Увогуле, адсутнічала дзяржаўная інфармацыйная палітыка, дзяржаўныя СМІ не тлумачылі людзям перавагі жыцьця ў незалежнай краіне (гэтага ня трэба ў якой Францыі або ў Полынчы — а ў Беларусі было неабходна), але адсутнасьць такой працы ў войску замяшчалася агітацыяй палітработнікаў, усіх да аднаго былых камуністаў, якія ў абсалютнай сваёй большасьці, натуральна, ня мелі ніякіх прыхільнасьцяў ні да ідэі беларускага нацыянальнага Адраджэньня, ні да беларускай дзяржаўнасьці.
Настроі ў афіцэрскім корпусе выразна адчуў Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, калі спаткаўся зь вялікай групай вайскоўцаў.
«... першым да мікрафона рвануўся дзядзок у пагонах маёра, — пісаў карэспандэнт «ЛіМу». — Маёр Галаўня, як ён адрэкамэндаваўся, мэталічным пракурорскім голасам сурова запытаў, хто ж гэта Станіславу Шушкевічу дазволіў адабраць у мільёнаў людзей такое ўлюбёнае грамадзянства СССР? Як ён асьмеліўся праігнараваць рэфэрэндўм, зьнюхаўшыся са здраднікамі накшталт Краўчука і Ельцына, згвалціць самае сьвятое — Радзіму-маці? Што ён скажа, калі мы выступім на абарону СССР і скароцім тых, хто здрадзіў? I
ці ведае Станіслаў Станіслававіч, што чакала ва ўсе часы здраднікаў на Русі? Самым сумным у наступную хвіліну стала тое, што ці ня чвэрць залі пачала пляскаць у ладкі, выказваючы сваё захапленьне такой «сьмеласьцю» т. Галаўні. Цяжка перадаць тое адчуваньне абразы, гідлівасьці, a ўрэшце і жалю, якое ахапіла нас, прадстаўнікоў прэсы незалежнай Беларусі, і цяжка ўявіць сабе, як толькі стрымаўся Станіслаў Шушкевіч. Але ён стрымаўся. Ён спакойна даслухаў пытаньні іншых выступаючых, запісаў іх прапановы, узважыў іх пазыцыі і ацэнкі. А потым ці ня дзьве гадзіны трымаў сваю пазыцыю, пазыцыю сувэрэннай беларускай дзяржавы. Яшчэ вельмі нядаўна Шушкевіча можна было абвінаваціць у ваганьнях, у хістаньнях і нерашучасьці. Апошнім часам ён дзейнічае інакш. У той дзень было сапраўды прыемна глядзець, як кіраўнік дзяржавы спакойна і доказна, з пачуцьцём гонару за сваю краіну расставіў усе кропкі над «і».
Вось некалькі тэзісаў выступу Шушкевіча, у пераказе прысутнага на сустрэчы карэспандэнта «ЛіМу»:
«Перш за ўсё ён зьвярнуўся да Галаўні. Нагадаў, ... што знаходзіцца той на Беларусі, а не на Русі. I пытаньне трэба ставіць аб здрадніцтве гэтай зямлі. Самае страшнае, сказаў С. Шупткевіч, даць зброю ў рукі несьвядомых людзей, у ненадзейныя рукі. Выступленьне маёра было расцэнена як звычайнае салдафонства, няздольнасьць да элемэнтарнага аналізу падзей і палітычных умоў».
«Вярхоўны Савет рэспублікі вызначыўся — Беларусі быць бязьядзернай і нэўтральнай краінай. Гэта азначае немагчымасьць уступленьня ў любыя вайскова-палітычныя блёкі».
«Армія жыве так, як жыве народ. Цывільныя людзі жывуць ня лепш за вайскоўцаў».
«84 тысячы вайскоўцаў-пэнсіянэраў пражывае на тэрыторыі Беларусі. Толькі на пэнсійнае забесьпячэньне ім патрэбна больш за мільярд рублёў».
«У самым хуткім часе Вярхоўны Савет павінен прыняць тэкст прысягі для тых, хто будзе служыць на Беларусі. Прапанову Шапашнікава — прысягаць Расеі — мы лічым абсалютна не падыходзячай для нас».
«Так, Барыс Мікалаевіч (Ельцын — С.Н.) абяцае вам плаціць. Добра плаціць, маючы друкарскі станок па выпуску грошай. А забясьпечыць іх таварам давядзецца нам. Мы гэта выдатна разумеем. Як выдатна разумеем і тое, што войска Беларусі будзе ствараць выдатнае прыкрыцьцё заходнім межам Расеі. Таму лічым, што забесьпячэньне арміі павінна адбывацца на аснове пагадненьняў з Расеяй: сацыяльныя пытаньні вырашае Беларусь, пытаньні матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня — па дагаворанасьці. Трэба шукаць парытэтныя асновы дагавору з Расеяй».
Вельмі паказальныя апошнія радкі рэпартажу: «Людзі ў форме разыходзіліся з залі. Гледзячы ім у сьпіны, падумалася: вось ідуць будучыя афіцэры, падпарадкаваныя Беларусі. А потым успомніў Галаўню і кампанію, гэтых крумкачоў колеру хакі — і стала сумна, трывожна. Супакой-
вала тое, што большасьць афіцэраў усё ж шчыра і добразычліва паставіліся да выступленьня нашага Старшыні. ЧБВА, здаецца, паверыла Беларусі...» («Літаратура і мастацтва», 10 студзеня 1992).
ЧБВА — гэта Чырванасьцяжная Беларуская вайсковая акруга, адна з найбольш моцных груповак у СССР. Амаль пяць месяцаў, якія прайшлі пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці ў жніўні 1991-га — у мэнтальным сэнсе ніяк не закранулі дзясяткі тысяч афіцэраў. Можна па-чалавечы паспачуваць Шушкевічу, які патрапіў у непрыязны, калі не сказаць варожы, асяродак — але калі б стварэньне ўласнага войска пачалося яшчэ ў верасьні 1991-га, як прапаноўвалі дэпутаты БНФ, у студзені 1992-га атмасфэра была б іншай.
I ў тыя самыя дні ва Украіне прэзыдэнт Краўчук распарадзіўся прывесьці да прысягі ўсіх афіцэраў і звольніў некалькіх камандуючых акругамі, якія адмовіліся гэтарабіць. Некалькі сотняў афіцэраў, якія не пажадалі скласьці прысягу на вернасьць Украіне і выказалі жаданьне служыць Маскве, зь сем’ямі былі адпраўленыя ў Расею.
Як бы ні было, але на пачатак 1992-га на тэрыторыі Беларусі знаходзілася буйная вайсковая групоўка, у адносінах да якой беларускія патрыёты былі прымушаныя гадаць: «паверыла» яна Беларусі ці «не паверыла»? I што будзе рабіць гэтая шматтысячная групоўка, калі з Масквы прыйдзе сьмяротны для беларускай незалежнасьці загад?
Пасяджэньне Сойму БНФ, прысьвечанае вайсковаму пытаньню. Валянцін Асташынскі, Вінцук Вячорка, Яўген Кулік, Валянцін Голубеў, Мікалай Крыжаноўскі. 1992 г.
У лютым у інтэрвію францускай газэце Le Monde на пытаньне журналіста адносна спрэчкі паміж Кіевам і Масквой наконт Чарнаморскага флёту, Шушкевіч заўважыў, што ў выпадку, калі дойдзе да падзелу, «мы хацелі б, каб пры гэтым улічваўся і наш уклад (у фінансаваньне гэтага флёту)».
Але гэтыя словы, як і заявы Шушкевіча, зробленыя на сустрэчы з афіцэрамі, не былі падмацаваныя справамі. Да самага канца 1992 году афіцэры не прыводзіліся да прысягі, і збольшага вайсковае будаўніцтва адбывалася пад вялізным уплывам Расеі і ў выніку — у яе інтарэсах.
Толькі пад канец сакавіка пад націскам дэпутатаў Апазыцыі БНФ Вярхоўны Савет прыняў
У прэзыдыюме Сойму БНФ — Вера Чуйко, Мікола Статкевіч, Зянон Пазьняк, Юрась Хадыка. 1992 г.
рашэньне аб стварэньні самастойных узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь.
У красавіку 1992 году Менск і Масква дамовіліся, што большасьць вайскоўцаў ЧБВА — 130 тысяч — перайшлі пад юрысдыкцыю Беларусі. Стратэгічныя войскі засталіся пад Аб’яднаным камандаваньнем СНД, а фактычна — Масквы.
Яшчэ ў студзені Сойм БНФ прыняў зварот да вайскоўцаў-беларусаў: «Дарагія суайчыньнікі, наступіў цяжкі, але непазьбежны час. Ранейшага СССР — няма. На яго месцы ўзьніклі незалежныя дзяржавы. Адраджаецца да Незалежнасьці, да лепшага жыцьця і наша Бацькаўшчына — Бе-
ларусь. Дабрабыт і парадак у нашым доме ніхто, акрамя нас саміх, не наладзіць, і працавіты беларускі народ здолее адрадзіць заможную і культурную беларускую дзяржаву.
На былую савецкую армію працавала, карміла яе і наша Беларусь. У арміі служыць нямала нашых землякоў. Вось чаму Рэспубліка Беларусь зусім правамерна стварае ўласнае войска і падпарадкоўвае сабе ўсе ўзброеныя сілы на сваёй тэрыторыі, акрамя ядзерных сілаў стратэгічнага прызначэньня....
Дзе б вы ні служылі — мы заклікаем вас прыслухацца да голасу сэрца, памятаць пра тое, што вы маеце Бацькаўшчыну і ёй патрэбныя. He сьпяшайцеся прымаць прысягу на вернасьць іншым дзяржавам. Ведайце: Беларусь чакае вас!».
На заклік пачалі актыўна адгукацца беларускія афіцэры — але іх вяртаньне тармазілі генэралы ў штабе былой Чырванасьцяжнай Беларускай вайсковай акругі, большасьць зь якіх не нарадзілася ў Беларусі і не адчувалі сябе беларусамі і, канешне, не жадалі страчваць «хлебныя» месцы. Сытуацыя напальвалася — яе апагеем будзе прыняцьце ў верасьні 1992-га прысягі на плошчы перад Домам ураду з удзелам дэпутатаў Апазыцыі БНФ, кіраўніцтва Беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў, пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам і ў прысутнасьці Васіля Быкава.
САМЫ КАРОТКІ РАЗЬДЗЕЛ
Рэфэрэндум пра датэрміновыя выбары мог ініцыяваць Станіслаў Шушкевіч Закон аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) даваў старшыні Вярхоўнага Савету такое права і прыраўноўваў подпіс сьпікера да подпісаў 350 тысяч грамадзянаў. Пры гэтым Шушкевіч меў права прапанаваць і ўласную фармулёўку пытаньня (фармулёўку БНФ ён называў “заблытанай”). Гэтым самым, акрамя іншага, былі б зэканомленыя час і сілы, якія пайшлі на збор подпісаў.