• Часопісы
  • Дзевяноста другі  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста другі

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 388с.
    2017
    59.05 МБ
    Закон прадугледжваў, што калі Цэнтральная камісія выяўляла ў падпісных лістах недакладнасьці альбо нязначны недахоп подпісаў (да 0,5% — гэта значыць, да 1750 подпісаў), яна мусіла інфармаваць пра гэта Ініцыятыўную групу і даць ёй 15 дзён «для выпраўленьня выяўленых недаглядаў».
    У выпадку выяўленьня парушэньня закону («падробка подпісаў грамадзянаў альбо запісаў, якія засьведчваюць праўдзівасьць подпісаў, парушэньня прынцыпу добраахвотнасьці пры зборы подпісаў і г. д.») Цэнтральная камісія мела права адхіліць прапанову аб правядзеньні рэфэрэндуму. Ініцыятыўная група магла абскардзіць гэтае рашэньне цягам месяца ў Вярхоўным Судзе.
    Калі Цэнтральная камісія не знаходзіла парушэньня закону і прызнавала сапраўднай належную колькасьць подпісаў — яна перадавала сваё заключэньне разам з заключным актам Ініцыятыўнай групы ў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету, а ў часе сэсіі — яго Старшыні. Пры гэтым артыкул 13 Закону прадугледжваў, што «пытаньне аб правядзеньні рэфэрэндуму ўключаецца ў парадак дня чарговай сэсіі Вярхоўнага Савету».
    Функцыі Вярхоўнага Савету у гэтым выпадку былі ляканічна і дакладна вызначаныя ў Законе артыкулам 14: «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь пасьля атрыманьня аформленай у належным парадку прапановы аб правядзеньні рэфэрэндуму разглядае пытаньне аб прызначэньні даты рэфэрэндуму і мерах па яго забесьпячэньні або аб неабходнасьці прыняцьця закону ці іншага рашэньня, якое прапануецца на рэфэрэндум, безь яго правядзеньня. У выпадку парушэньня гэтага Закону ініцыятарамі рэфэрэндуму Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь мае права адхіліць прапанову аб правядзеньні рэфэрэндуму».
    I гэта — усё, што мог зрабіць, паводле Закону, Вярхоўны Савет: альбо прызначыць дату рэфэрэндуму, альбо адхіліць прапанову пра яго правядзеньне. Апошняе — толькі ў тым выпадку, калі быў парушаны Закон (трэба прызнаць, што такі варыянт быў маларэальны, паколькі ў выпадку парушэньня Закону Ініцыятыўнай групай адмоўны вэрдыкт вынесла б яшчэ Цэнтральная камісія і, адпаведна, ня ўнесла б дакумэнты аб рэфэрэндуме ў Вярхоўны Савет).
    Быў і трэці варыянт: прыняць рашэньне, якое адпавядала б пытаньню рэфэрэндуму. У нашым канкрэтным выпадку гэта азначала прыняць прапанаваны Апазыцыяй БНФ Закон аб выбарах і прызначыць на восень 1992 новыя парлямэнцкія выбары. Калі сыходзіць з практыкі (законы звычайна праходзілі два чытаньні), на гэта спатрэбілася б ня больш за месяц. Канешне, пры жаданьні большасьці дэпутатаў.
    Наступны артыкул закону вызначаў, што павінна быць унесена ў Пастанову Вярхоўнага Савету (дата рэфэрэндуму, фармулёўка пытаньня, парадак фінансаваньня і іншыя арганізацыйныя пытаньні) — і на гэтым функцыі парлямэнту заканчваліся. Закон вызначаў таксама, што станоўчае рашэньне абавязковага рэфэрэндуму ня мае патрэбы ў зацьвярджэньні (гэта значыць — Вярхоўным Саветам або кімсьці яшчэ), яно падпісваецца старшынём Вярхоўнага Савету, зьяўляецца канчатковым і можа быць скасаванае толькі шляхам рэфэрэндуму. У выпадку, калі рашэньне абавязковага рэфэрэндуму супярэчыла рашэньню парлямэнту — дзейнічала рашэньне рэфэрэндуму (а вось рашэньне кансультатыўнага рэфэрэндуму мела рэкамэндацыйны характар).
    3 ВОЙСКАМ, АЛЕ БЕЗ ПРЫСЯГІ
    Адразу пасьля абвяшчэньня пра намер дамагчыся рэфэрэндуму нашая праца ў Вярхоўным Савеце ўскладнілася. Яна і раней не была простай з улікам таго, што Апазыцыя БНФ складала толькі дзясятую частку дэпутацкага корпусу. Пра неабходнасьць новых выбараў мы казалі з самага пачатку працы Вярхоўнага Савету, пасьля жніўня 1991-га гэта было адным з асноўных палітычных патрабаваньняў Народнага Фронту. Цяпер жа пэрспэктыва пакінуць дэпутацкія крэслы для прадстаўнікоў намэнклятуры рабілася цалкам рэальнай. Гэта, канешне, не магло не адбіцца на іх стаўленьні да нас.
    I ў такіх умовах нам даводзілася прасоўваць патрэбныя для ўмацаваньня дзяржаўнасьці законапраекты і пастановы, пераконваць сваіх палітычных апанэнтаў у неабходнасьці неадкладных рашэньняў.
    У тыя дні было цяжка вылучыць нейкую адну, самую надзённую праблему — трэба было і ўласныя грошы ўводзіць, і пакеты эканамічных законаў прымаць, і вызначацца з вэктарам міжнароднай палітыкі.
    Але самай вострай тэмай было войска.
    Увогуле, гэта —асноўны палітычны сюжэт наступнага, 1993 году, калі Беларусь нягледзячы на супраціўленьне Апазыцыі БНФ будзе ўцягнутая ў арбіту інтарэсаў маскоўскага Генштабу праз да-
    лучэньне да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД. Але завязваўся гэты сюжэт менавіта ў 1992-ім.
    Войска — першае, пра што даводзіцца клапаціцца палітыкам у новаабвешчанай дзяржаве. Для нас сытуацыя абцяжарвалася наяўнасьцю ядзернай зброі.
    Ядзерныя боегалоўкі — першае, што цікавіла Захад (найперш Злучаныя Штаты) у Беларусі. Так, у траўні аглядальнік «Літаратуры і мастацтва» пісаў: «ЗША прапанавалі ўрадам Беларусі, Казахстану і Ўкраіны падпісаць пратакол аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ў якасьці ўмовы... прызнаньня гэтых рэспублік. (Зь якімі ЗША ўжо ўстанавілі дыпляматычныя адносіны ў поўным аб’ёме!).
    Вашынгтонская адміністрацыя адкрыта націскае на рэспублікі, на тэрыторыі якіх ёсьць ядзерная зброя, пры гэтым не хаваючы, што Амэрыка прызнае ў якасьці ядзернай дзяржавы толькі Расею. Акрамя ўсяго іншага, гэта азначае, што Рэспубліка Беларусь, хоць і пацьвердзіла сваю гатоўнасьць да поўнага ядзернага раззбраеньня, пачынае сутыкацца з сур’ёзнымі праблемамі ў адносінах з Захадам, і ў прыватнасьці — павінна яшчэ даказаць сьвету сваё права на самастойную сувэрэнную палітыку» («Літаратура і мастацтва», 8 траўня 1992).
    Мы ж бачылі найбольшую небясьпеку ў непрыманьні афіцэрамі і генэралітэтам ідэі беларускай дзяржаўнасьці.
    Вось так успрыняў мілітарысцкія амбіцыі Крамля Сяргей Харэўскі. Газэта “Свабода", студзень 1992 г.
    На тэрыторыі Беларусі разьмяшчалася магутная вайсковая групоўка, якая юрыдычна пакуль не падпарадкоўвалася Менску.
    У савецкіх вайскоўцаў Чырванасьцяжная Беларуская вайсковая акруга лічылася вельмі добрым месцам службы, бо Беларусь — гэта не Сярэдняя Азія, не далёкі Усход і не Сібір. Болыпасьць афіцэраў, якія служылі ў трох дысьлякаваных у Беларусі арміях, а таксама ў штабе ў Менску, былі не беларусы паводле паходжаньня — на пачатак 1992 году колькасьць беларусаў сярод афіцэраў складала толькі 18%. У БССР дзеці вайскоўцаў афіцыйна былі вызваленыя ад вывучэньня беларускай мовы.
    Акрамя таго, многія афіцэры, якія па выхадзе на пэнсію мелі права абраць якое заўгодна месца жыхарства (акрамя Масквы і Ленінграду), абіралі Беларусь (пераважна — Менск). Вайскоўцаў —
    пэнсіянэраў на пачатак 1992 году ў Беларусі было 84 тысячы.
    Гэта — насельніцтва такога гораду, як Полацак. Плаціць пэнсіі гэтым людзям павінна была беларуская дзяржава.
    Нарэшце, у адпаведнасьці з падпісаным яшчэ ў часы СССР паміж Масквой і Бонам пагадненьнем, у Беларусь меліся прыехаць тысячы афіцэраў зь сем’ямі пасьля вываду савецкіх войскаў зь Нямеччыны. Так, Нямеччына выдаткоўвала сродкі на будаўніцтва жыльля, але сацыяльнае забесьпячэньне цалкам клалася на Беларусь. Лішне казаць, што абсалютная большасьць зь іх у будучыні ніколі не падтрымлівала адраджэнскія палітычныя сілы.
    Усё гэта стварала і сацыяльную напружанасьць, але ў большай ступені — палітычную, бо войска не было беларускім. Цягам усяго 1992 году афіцэры не прыводзіліся да прысягі на вернасьць беларускаму народу, беларускай дзяржаве.
    А пачаўся 1992-гі з таго, што былы міністар абароны СССР маршал Яўген Шапашнікаў, на якога ў канцы сьнежня 1991-га кіраўнікамі краінаў СНД было ўскладзена камандаваньне ўзброенымі сіламі Садружнасьці «да іх рэфармаваньня», даслаў ва ўсе вайсковыя часткі шыфраграмы з заклікам прысягнуць на вернасьць Расейскай Фэдэрацыі.
    Пры гэтым Шапашнікаў зусім не ўяўляў сабой «імпэрскага ястраба» — у жніўні 1991-га ён ня быў на баку ГКЧП і нават прапанаваў тагачаснаму міністру абароны разагнаць пут-
    чыстаў, а ў сьнежні 1991-га адразу падтрымаў дэнансацыю Саюзнай дамовы 1922 году. За што ўдзельнікі «Ўсеармейскай нарады» абвінавацілі яго ў здрадзе інтарэсам войска (маючы на ўвазе, канешне, найперш падтрымку распаду СССР).
    Пра гэты сход, які адбыўся 17 студзеня у Крамлёўскім Палацы зьездаў, варта сказаць асобна — у тыя дні ён успрымаўся не апошняй падзеяй, ён трансьляваўся па тэлебачаньні (у тым ліку і ў Беларусі), а для нас быў індыкатарам настрояў у войску.
    Настрояў, якія для беларускай дзяржаўнасьці (дый для сувэрэнітэту іншых былых савецкіх рэспублік) выявіліся вельмі небясьпечнымі.
    Назіраючы па тэлебачаньні за сходам, я адчуў такія самыя эмоцыі, якія перажыў некалькімі днямі раней, сустракаючыся ў Віцебску з афіцэрамі знакамітай дэсантнай дывізіі: вайскоўцы, мякка кажучы, былі не ў захапленьні ад узьнікненьня на мапе сьвету новай незалежнай дзяржавы.
    «Зь якім нахабствам удзельнікі сходу патрабавалі выклікаць да сябе кіраўнікоў незалежных дзяржаў, — абураўся ў лісьце ў штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» падпалкоўнік запасу з Масквы Ігар Паўлоўскі, — Хто даў ім на гэта права? Дарэчы, мяне зьдзівіла тое, што два прэзыдэнты, Б. Ельцын і Н. Назарбаеў, не паставілі гэтых нахабнікаў на месца. Трэба было гэта зрабіць абавязкова. Паказаць ім, давесьці, што войска існуе для народу, для дзяржавы, а не наадварот» і далей: «Пакуль яшчэ значная частка афіцэраў,
    асабліва расейцаў, прытрымліваецца вялікадзяржаўных, шавіністычных, прабалыпавіцкіх поглядаў. Яны, на жаль, склалі большасьць паміж удзельнікамі гэтага сходу. Але ва ўзброеных сілах былога СССР ёсьць ня менш за іх сумленных афіцэраў, што сэрцам сваім падтрымліваюць натуральныя дэмакратычныя імкненьні народаў да волі, да нацыянальнай незалежнасьці» («Літаратура і мастацтва», 31 студзеня 1992).
    У той дзень быў сфармаваны «Каардынацыйны савет Усеармейскага афіцэрскага сходу», што было ацэнена як прэтэнзія вайскоўцаў на самастойную палітычную ролю. Але ацэнена грамадзтвам — кіраўнікі дзяржаваў свайго стаўленьня да недапушчальных у якой заўгодна дэмакратычнай краіне палітычных амбіцыяў вайскоўцаў публічна ня выказалі.
    Такому маўчаньню можа быць толькі адно тлумачэньне: і Ельцын, і Назарбаеў, і іншыя лідэры цудоўна ўсьведамлялі патэнцыйную небясьпеку ўдзелу шматтысячнага афіцэрскага корпусу ў палітычных працэсах і засьцерагаліся правакаваць, абвастраць і без таго агрэсіўныя настроі. Куды больш выгодна было заваяваць ляяльнасьць вышэйшага генэралітэту — што Ельцыну, які пасьля распаду СССР непадзельна распараджаўся прызначэньнямі і генэральскімі зоркамі, удалося зрабіць даволі проста.