Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
2 студзеня. Пачатак эканамічнай рэформы Ягора Гайдара ў Расеі («шокавая тэрапія»).
3 студзеня. Прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук падпарадкоўвае Кіеву войскі былога СССР на тэрыторыі Ўкраіны.
5 студзеня. Ва Ўкраіне вайскоўцы пачалі прыносіць прысягу на вернасьць Украіне. Некалькі сотняў афіцэраў, якія адмовіліся, накіраваныя ў Расею.
б студзеня. Ва Ўкраіне ўводзяцца «купонарублі».
11 студзеня. БНФ утварае Ініцыятыўную групу па правядзеньні рэфэрэндуму за датэрміновыя выбары.
11 студзеня. Замест Міністэрства па справах абароны Вярхоўны Савет стварае Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
14 студзеня. Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Даніяй і Нарвэгіяй. Беларусь прызналі больш за 60 краінаў сьвету.
15 студзеня. Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла гімн «ІЦе не вмерла Украі’на».
15 студзеня. У Беларусі ўводзяцца «карткі спажыўца» з мэтай абароны ўнутранага рынку.
16 студзеня. На сустрэчы кіраўнікоў СНД у Маскве заяўлена, што Беларусь не далучыцца да сямі краінаў, якія жадаюць стварыць агульную абаронную прастору.
20 студзеня. Беларусь усталёўвае дыпляматычныя адносіны з Кітаем.
23 студзеня. У Вярхоўным Савеце Расеі заяўленыя прэтэнзіі на Крым і Чарнаморскі флёт.
25 студзеня. Візыту Менск міністра замежных справаў Францыі Раляна Дзюма, якога запэўніваюць у тым, што тактычныя ядзерныя ракеты будуць выведзеныя зь Беларусі ў 1992, a стратэгічныя ракеты — да 1997 году.
26 студзеня. Навабранцы тэрміновай службы ўпершыню прыносяць прысягу на вернасьць Беларусі.
26 студзеня. Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын заяўляе, што ядзерная зброя не нацэленая на гарады ЗША.
31 студзеня. Беларусь прынятая ў склад АБСЭ.
МЭТА — РЭФЭРЭНДУМ
У Беларусі палітычны 1992 год пачаўся на тры дні раней за каляндарны.
У адзін з апошніх дзён гістарычнага 1991-га, 29 сьнежня, адбылося нечарговае пасяджэньне Сойму БНФ. Я на ім не прысутнічаў — быў у Англіі і пра вынікі даведаўся пазьней з расповедаў і з паведамленьня Сакратарыяту БНФ.
У сваім выступе Зянон Пазьняк нагадаў, што Вярхоўны Савет не ідзе на стварэньне ўласнага войска, паўнавартаснай грашовай адзінкі, замаруджваюцца эканамічныя рэформы. Пазьняк паведаміў, што ў такіх умовах Апазыцыя БНФ ініцыюе рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах.
Намесьнік старшыні Сойму Юры Хадыка выказаўся за тое, каб Народны Фронт мацаваў сувязь са страйкамамі і падрыхтаваў эканамічную праграму. Паводле перакананьня Хадыкі, дэпутаты Апазыцыі БНФ ужо цяпер павінны спыніць супрацоўніцтва зь Вярхоўным Саветам. Такая прапанова, канешне, не магла быць прынятая хаця б таму, што мы ўнесьлі ў парлямэнт шэраг ключавых для дзяржаўнага будаўніцтва законапраектаў, якія (ці хаця б нейкія палажэньні зь іх)
немагчыма было прыняць без удзелу дэпутатаўфронтаўцаў у камісіях і, пазьней, на сэсіі.
Сойм прызначыў каардынатарам Ініцыятыўнай групы Ўладзімера Анцулевіча — 37-гадовага навуковага супрацоўніка Інстытуту фізыкі Акадэміі навук, кандыдата фізыка-матэматычных навук.
На Сойме выказваліся за супрацоўніцтва ў справе рэфэрэндуму зь іншымі дэмакратычнымі партыямі — кіраўнікі некаторых партыяў былі запрошаныя на пасяджэньне. Адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратычнай Грамады і першы намесьнік старшыні Менскага гарадзкога савету Анатоль Гурыновіч выступіў з крытыкай ідэі рэфэрэндуму: ён лічыў, што Вярхоўны Савет ні пры якіх умовах не дазволіць ягонае правядзеньне. У адказ на гэта Пазьняк сказаў, што калі такое адбудзецца, Народны Фронт і дэпутацкая апазыцыя атрымаюць маральнае права фарміраваць паралельныя органы ўлады.
Пра тое, што Вярхоўны Савет можа не прызначыць рэфэрэндум, даводзілася чуць і пазьней. Цяпер, калі вядомае далейшае разьвіцьцё падзеяў, такі прагноз выглядае як найменей слушным, калі не прароцкім. Але ў пачатку 1992-га такі варыянт падаваўся нерэальным, пры ўмове, што належная колькасьць подпісаў будзе сабраная ў адпаведнасьці з законам. Больш за тое — такі варыянт уяўляўся фантастычным. Мне ён не прыходзіў у галаву. Як, напрыклад, тады, праз паўгода пасьля краху КПСС, немагчыма было ўявіць, што кіраўніком суседняй Расеі некалі
будзе падпалкоўнік КДБ. Што Расея нападзе на Украіну. Як ніхто не паверыў бы ў тым самым 1992 годзе, калі мы галасавалі за вывад ядзернай зброі, што гарантыі Злучаных Штатаў у адносінах да сувэрэнітэту для будучай прэзыдэнцкай адміністрацыі ЗША будуць эквівалентнымі пастаўцы сухіх пайкоў сьцякаючай крывёю Украіне.
Гэтаму было псыхалягічнае тлумачэньне — распалася камуністычная імпэрыя, людзі жылі надзеяй (ва ўсякім разе, эканамічныя цяжкасьці ня зьнішчылі яе ў прыхільнікаў дэмакратыі). Здавалася, што далей можа быць толькі лепей, што вяртаньне да цемрашальства — і палітычнага, і ідэйнага — немагчымае.
Праект закону аб рэфэрэндуме быў распрацаваны дэпутатамі Апазыцыі БНФ (кіраваў працай Лявон Баршчэўскі), але быў адкінуты парлямэнцкай большасьцю. Прынялі варыянт, падрыхтаваны ў апараце Вярхоўнага Савету. Нам толькі ўдалося ўнесьці некаторыя свае папраўкі.
Закон прадугледжваў, што на рэспубліканскі рэфэрэндум «могуць выносіцца найбольш важныя пытаньні, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь». Адначасна артыкул 3-ці Закону адназначна забараняў выносіць на рэфэрэндум «пытаньні, якія парушаюць неад’емныя правы народу Рэспублікі Беларусь на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы...»
(У дужках заўважу, што у 1995 годзе і пазьней некаторыя папракалі дэпутатаў апазыцыі,
што, маўляў, сабе на шкоду ініцыявалі Закон аб рэфэрэндуме: ім скарыстаўся ў антыбеларускіх мэтах Лукашэнка. Але, па-першае, такі закон быў бы прыняты і без прапановаў апазыцыі — ён стаяў у плянах працы Вярхоўнага Савету. Па-другое, Лукашэнка якраз парушыў закон (і Канстытуцыю таксама): цытаваныя вышэй палажэньні Закону наўпрост забаранялі выносіць на рэфэрэндум пытаньні аб статусе беларускай мовы (было нават адмысловае заключэньне парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны), дый пытаньне пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй відавочна супярэчыла «неад’емным правам на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць». Усе аргумэнты супраць антыканстытуцыйнага і антызаконнага рэфэрэндуму былі выкладзеныя дэпутатамі Апазыцыі БНФ на сэсіі Вярхоўнага Савету, больш падрабязна пра гэта я пішу ў кнізе «Дзевяноста пяты»).
Ініцыяваць рэфэрэндум мелі права грамадзяне Беларусі, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету, Старшыня Вярхоўнага Савету і народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь.
Як жа рэалізоўвалася гэтае права?
Для ініцыяваньня дэпутатамі трэба было жаданьне адной траціны ад агульнай колькасьці дэпутацкага корпусу. Такая ініцыятыва магла быць выказаная альбо пайменным галасаваньнем на сэсіі (што заняло б некалькі хвілінаў), альбо зборам подпісаў дэпутатаў (у часе сэсіі, тэарэтычна, гэта можна было зрабіць за дзень). У
перапынках, калі большасьць дэпутатаў не была ў Менску — на практыцы спатрэбілася б пара тыдняў. Зразумела, усё гэта — пры ўмове, што дэпутаты былі б згодныя ініцыяваць рэфэрэндум.
Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету ў гэтым, як і ва ўсіх іншых выпадках, прымаў рашэньне большасьцю галасоў ад прысутных на пасяджэньні (у склад Прэзыдыюму ўваходзілі старшыня Вярхоўнага Савету, ягоныя першы намесьнік і намесьнікі і старшыні пастаянных камісіяў Вярхоўнага Савету. У самым пачатку 1992 году колькасьць членаў Прэзыдыюму складала 23 члены (пакуль не было занятае вакантнае месца першага намесьніка старшыні).
Са старшынём парлямэнту таксама ўсё проста: дастаткова было ягонай ініцыятывы — пяць сэкундаў на подпіс.
Прапановы Прэзыдыюму, дэпутатаў і старшыні Вярхоўнага Савету павінны былі прайсьці пэўныя працэдуры — але яны мелі фармальны характар і не ўяўлялі для ініцыятараў цяжкасьцяў.
Для грамадзянаў краіны прадугледжваліся наступныя ўмовы.
Каб ініцыятыва была прынятая, яна мусіла быць падтрыманая ня менш чым 350 тысячамі грамадзянаў, якія мелі права голасу.
Мусіла быць утвораная і належным чынам аформленая Ініцыятыўная група — ня менш за 100 чалавек. Яна абірае старшыню.
Затым Ініцыятыўная група зьвяртаецца ў Цэнтральную камісію па выбарах народных дэпутатаў рэспублікі Беларусь (яна праводзіла і
рэфэрэндумы; у далейшым я буду ў большасьці выпадкаў называць яе Цэнтральная камісія) для рэгістрацыі пытаньня, якое выносіцца на рэфэрэндум.
Само пытаньне, як сказана ў Законе, «павінна быць сфармулявана Ініцыятыўнай групай дакладна і ясна з тым, каб на яго быў магчымы адназначны адказ». Пры гэтым закон дазваляў удакладненьне фармулёўкі пытаньня — са згоды Ініцыятыўнай групы.
Пасьля гэтага свой вэрдыкт адносна фармулёўкі пытаньня выносіла адпаведная пастаянная камісія Вярхоўнага Савету, і тады Цэнтральная камісія выносіла рашэньне пра рэгістрацыю Ініцыятыўнай групы.
Пасьля гэтага Ініцыятыўная група прыступала да збору подпісаў. Заканадаўства вызначала форму падпіснога ліста — ён утрымліваў фармулёўку пытаньня, якое выносілася на рэфэрэндум, прозьвішча, імя і імя па бацьку асобы, якая зьбірала подпісы, нумар ягонага рэгістрацыйнага пасьведчаньня. Грамадзяне, якія ставілі подпіс, павінны былі пазначыць прозьвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэньня, месца жыхарства і рэквізыты пашпарта альбо дакумэнта, які яго замяняў, і дату подпісу.
Кожны падпісны ліст, паводле закону, мусіў быць завераны зборшчыкам подпісаў і старшыні Ініцыятыўнай групы. Пазначалася колькасьць подпісаў на гэтым лісьце. Нарэшце, кожны ліст мусіў быць завераны «пячаткай выканаўчага і распарадчага органу гарадзкога, раённага ў го-
радзе, пасялковага, сельскага Савету народных дэпутатаў».
Подпісы Ініцыятыўная група мела права зьбіраць цягам двух месяцаў з моманту яе рэгістрацыі.
Пасьля Ініцыятыўная група павінна была скласьці Заключны акт і разам з падпіснымі лістамі перадаць яго ў Цэнтральную камісію.
Калі цягам вызначаных двух месяцаў неабходную колькасьць подпісаў сабраць не ўдаецца — збор іх спыняецца, сабраныя подпісы страчваюць юрыдычную сілу. Зрэшты, ініцыятыву адносна таго самага пытаньня на рэфэрэндум можна было паўтарыць — але не раней чым праз год.
У выпадку ўдалага збору подпісаў (гэта значыць — ня менш як 350 тысячаў) — Цэнтральная камісія пачынала іх праверку. На гэта даваўся адзін месяц.