• Часопісы
  • Дзевяноста другі  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста другі

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 388с.
    2017
    59.05 МБ
    ў чытача яно найхутчэй выкліча неразуменьне і непрыманьне. Справа ў тым, што ў 1992 годзе вайсковыя часткі, разьмешчаныя на тэрыторыі Беларусі, складаліся ня толькі з грамадзянаў Беларусі, і нават так: пераважна — не з грамадзянаў Беларусі. У СССР існаваў прынцып: салдаты накіроўваліся служыць ня ў тыя рэспублікі, зь якіх прызываліся. Напрыклад, у маім ракетным дывізіёне, які месьціўся ў Заслонаве Лепельскага раёну і складаўся з крыху больш чым сотні вайскоўцаў (прыблізна 90 салдат і 15 афіцэраў і прапаршчыкаў) і ў 1984-86, калі я там служыў, зь Беларусі быў толькі адзін салдат і толькі адзін афіцэр (аўтар гэтых радкоў). Большасьць — з Расеі, шмат хто зь Сярэдняй Азіі, з Украіны, некалькі чалавек з каўкаскіх рэспублік. Канешне, у 1992 годзе ўжо дзейнічаў Закон аб грамадзянстве, але з прычыны закрытасьці войска пракантраляваць яго выкананьне пры галасаваньні было вельмі цяжка. Нарэшце, у войску, дзе галоўным прынцыпам зьяўляецца «адзінаначальле», дзе салдаты і афіцэры цалкам залежныя ад камандзіра, нават пры самым што ні ёсьць незалежным міжнародным кантролі вынікі галасаваньня заўсёды будуць такія, як скажа камандзір (у арсэнале якога ёсьць безьліч спосабаў пакараць тое або іншае падразьдзяленьне, калі выявіцца, што нехта ў ім прагаласаваў ня так, як трэба).
    Ну а цяпер — пра іншыя аспэкты Закону.
    Асаблівасьцю мажарытарнай сыстэмы ў Беларусі было тое (зрэшты, застаецца і цяпер, калі я пішу гэтыя радкі), што выканаўчая ўлада магла
    кантраляваць увесь выбарчы працэс, пачынаючы ад фармаваньня ўчастковых камісіяў і сканчаючы падлікам галасоў на ўчастках. У 1992 годзе кантроль быў, канешне, значна меншы, чым потым пры Лукашэнку, але існаваў. У Менску ці ў Наваполацку, дзе дэпутаты БНФ былі прадстаўленыя ў мясцовых саветах, Фронт меў болей магчымасьцяў супраціўляцца ціску — але ў шмат якіх гарадах і асабліва ў вясковых раёнах дэмакратам было вельмі няпроста.
    На вясновых выбарах 1990 году ў Вярхоўны Савет XII скліканьня ў правінцыі на выбар грамадзянаў уплывала здольнасьць кандыдата выканаць нейкую «канкрэтную карысную працу» — заасфальтаваць дарогу, дастаць шыфэр, «выбіць» для камунальных патрэбаў вельмі дэфіцытныя трубы (гэтыя трубы мне на просьбу старшыні «майго» Чыгуначнага выканкаму Віцебску даводзілася выпрошваць аж у Мясьніковіча — першага намесьніка старшыні Савету міністраў). Зразумела, што магчымасьці кандыдата ад улады — старшыні райвыканкаму або кіраўніка ведамства — былі непараўнальна большыя, чым выкладчыка альбо рабочага-актывіста страйкаму, якія вылучаліся ад БНФ або дэмакратычных партыяў.
    Пра асноўныя палажэньні нашага выбарчага закону Марына Сатоліна распавяла ў першым нумары новай газэты «Пагоня», якая выходзіла ў Горадні пад рэдакцыяй Сяргея Астраўцова.
    «Аўтары праекту Закону аб выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь» улічылі недахопы
    дзеючага заканадаўства, уласны вопыт удзелу ў выбарчых кампаніях, сусьветную практыку, — пісала Сатоліна. — Памяншэньне колькасьці дэпутатаў, перавод іх на прафэсійную парлямэнцкую працу дае, перш за ўсё, больш высокі якасны ўзровень прымаемых рашэньняў».
    Мы невыпадкова прапанавалі зьменшыць колькасьць акругаў, і эканомія сродкаў на дэпутацкі корпус была зусім не галоўная прычына.
    У Вярхоўным Савеце XII скліканьня выбарчых акругаў было 310 — дарэчы, апошняй зь ліку, 310-й, была Шклоўская выбарчая акруга, па якой быў абраны дырэктар саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка.
    Паводле лёгікі, падзел на акругі мусіў вызначацца колькасьцю выбаршчыкаў і акругі мусілі б мець прыблізна роўную іх колькасьць. Аднак на самой справе гэты прынцып выконваўся толькі ў тым сэнсе, што гарадзкія акругі былі паміж сабой роўныя, і «вясковыя» былі паміж сабой роўныя (хоць здараліся і выключэньні). Але колькасьць выбаршчыкаў у гарадзкой акрузе (асабліва гэта тычылася Менску) магла быць болыпай за колькасьць у вясковай у паўтара, а то і ў два разы. Такім чынам, «вага» мандатаў была няроўная: за дэпутатам ад сталічнага «спальнага» раёну, Серабранкі ці Паўднёвага Захаду, ці Ўручча, выбаршчыкаў стаяла болей, чым за дэпутатам ад Лёзьненскага ці Глускага раёну, а мелі яны аднолькавы голас. Можна дадаць, што, як правіла, дэпутаты Апазыцыі БНФ былі абраныя ў гарадах, прадстаўнікі камуністычнай намэнклятуры —
    у вясковых раёнах. Такім чынам, за «сярэднеарытмэтычным» дэпутатам БНФ было больш выбаршчыкаў, чым за «сярэднеарытмэтычным» намэнклятурнікам.
    Зрэшты, у гэтым не было б вялікай бяды (нідзе ў сьвеце акругі ня роўныя з матэматычнай дакладнасьцю, хоць такога дысбалянсу, як было ў нас, няма), калі б такі падзел не стварыў надзвычай спрыяльныя ўмовы для кантролю ўлады за выбарчым працэсам.
    Я не агаварыўся, калі напісаў — «дэпутат ад Глускага раёну», хоць правільна было б — ад Глускай выбарчай акругі.
    Як правіла, межы акругаў супадалі з адміністрацыйным падзелам Беларусі на раёны. У рэгіёнах адна акруга адпавядала аднаму раёну, у гарадах, дзе насельніцтва ў раёнах было болей (напрыклад, 300-тысячны Віцебск быў падзелены на тры раёны) у склад раёну часта ўваходзіла і па дзьве акругі. А ў Менску на дзевяць раёнаў прыпадала больш за 40 акругаў — у сярэднім, па чатыры на раён. Але адзін прынцып заставаўся нязьменным: акруга ўваходзіла ў адзін адміністрацыйны раён (наколькі я ведаю, акругаў, падзеленых паміж раёнамі, не было ўвогуле). Гэты прынцып захоўваўся традыцыйна яшчэ з самых першых скліканьняў Вярхоўнага Савету (пры тым што колькасьць дэпутатаў зьмянялася, напрыклад, XI скліканьне складалася з 485 дэпутатаў ад такой самай колькасьці акругаў, а наша, ХІІ-ае — з 310 (плюс 50 дэпутатаў ад грамадзкіх арганізацый). Выбары ў БССР, як і ва ўсім СССР,
    мелі фармальны характар, кандыдат быў адзін, за арганізацыю кампаніі адказвалі райкамы партыі, і такі падзел (супадзеньне акругі зь межамі кантраляванага райкамам раёну) істотна спрашчаў арганізацыю так званых выбараў.
    3 утварэньнем Народнага Фронту і пачаткам жорсткага супрацьстаяньня паміж ім і кіруючай камуністычнай партыяй, улада выкарыстоўвала сумяшчэньне выбарчых акругаў з адміністрацыйным падзелам для даволі эфэктыўнага кантролю за выбарамі. Магчымасьці былі разнастайныя і эфэктыўныя: сакратар райкаму мог сабраць кіраўнікоў прадпрыемстваў ды парткамаў і даць ім адпаведныя ўказаньні, такія самыя ўказаньні даваў начальнік райана (раённага аддзелу адукацыі) дырэктарам школаў (а ўчастковыя камісіі і выбарчыя ўчасткі звычайна месьціліся ў школах), начальнік міліцыі кантраляваў сваю сыстэму, упаўнаважаны КДБ — сваю. Ну і, канешне, апэратыўна дзейнічаў рэдактар раённай газэты, які звычайна ўваходзіў у склад бюро райкаму партыі. На карысьць «свайго» кандыдата чыноўнікі кідалі ўсё, што маглі — а маглі яны шмат. Адначасна ішла энэргічная кампанія (з падключэньнем мясцовай падкантрольнай прэсы) супраць непажаданага ўладам кандыдата ад БНФ. I вельмі зручнай для начальства была каардынацыя гэтай кампаніі з аднаго цэнтру. Тут ужо ўсялякія нестыкоўкі ці выпадковасьці выключаліся.
    3 сыходам у жніўні 1991-га камуністычнай партыі з палітычнай арэны функцыі райкамаў перайшлі да райвыканкамаў — але магчымасьці
    ўплыву мясцовай улады на вынікі выбараў у рэгіёнах, па-сутнасьці, засталіся тыя самыя.
    Прынцып, прапанаваны намі, ламаў гэты сцэнар.
    Стварэньне замест 310 усяго толькі 80 акругаў азначала, што ў рэгіёнах, у вясковых раёнах, дзе пазыцыі намэнклятуры былі найболып моцныя, на адну выбарчую акругу прыпадала б па чатыры, а то і па пяць раёнаў. Гэта хоць і ня зводзіла магчымасьці мясцовага начальства кантраляваць выбары да нуля, але істотна іх зьмяншала.
    Пазьней, пры Лукашэнку, замест Вярхоўнага Савету будзе створаная Палата прадстаўнікоў з 110 абраных па акругах дэпутатаў. Але пры той канцэнтрацыі непадзельнай улады, якую стварыў Лукашэнка, колькасьць ужо ня мела прынцыповага значэньня, як і супадзеньне ці несупадзеньне межаў акругаў з адміністрацыйным падзелам: навыкі здушэньня іншадумства і ўменьне фальсыфікацыі дасягнулі такіх памераў, якія і ня сьніліся кебічаўскім чыноўнікам.
    Але тады, у 1992-м, нашая прапанова, калі б яна была рэалізаваная, мела б станоўчы вынік для дэмакратызацыі выбарчага працэсу.
    Рэвалюцыйнай была прапанова ўвесьці добраахвотную рэгістрацыю выбаршчыкаў. Ізноў працытую тлумачэньне кіраўніцы рабочай групы Марыны Сатолінай: «Закон аб выбарах павінен улічваць увесь спэктар палітычных правоў грамадзянаў, у тым ліку і права на сьвядомую адмову ад удзелу ў выбарах. Таму праект Закону распаўсюджвае паняцьце «выбаршчык» толькі
    на тых, хто мае права ўдзельнічаць у выбарах, a да таго ж выказаў такое жаданьне. Пасьля таго, як сьпісы выбаршчыкаў будуць складзеныя, у астатніх патэнцыяльных выбаршчыкаў застаецца магчымасьць узяць удзел у выбарах: у любы момант да дня галасаваньня можна ўключыць сваё прозьвішча ў дадатковы сьпіс. Як відаць, тут улічана ўсё: і абыякавасьць (пэўных грамадзянаў — С.Н.) да таго, хто будзе кіраваць дзяржавай, і сьвядомае нежаданьне ўдзельнічаць у выбарах, і жаданьне сказаць «так» ці «не» кандыдатам, партыям, рухам».
    Сапраўды, такі падыход быў ляяльны да якой заўгодна грамадзянскай пазыцыі: і абыякавай, і зацікаўленай. I калі з палітычна актыўнымі грамадзянамі ўсё зразумела, дык пра абыякавых варта сказаць асобна.
    Вярхоўны Савет XII скліканьня, паводле Канстытуцыі, складаўся з 360 дэпутатаў. Але ад першага дня сэсіі — 15 траўня 1990 году да апошняга дня ягоных канстытуцыйных паўнамоцтваў 9 студзеня 1996-га (калі пачаў працу наступны Вярхоўны Савет) — заўсёды заставалася больш за дзесяць вакантных месцаў. Калі не памыляюся, максымальная колькасьць абраных дэпутатаў, якая калі-небудзь была — 346. Лічба мянялася — хтосьці складаў дэпутацкія паўнамоцтвы ( як, напрыклад, мітрапаліт Філарэт або касманаўт Кавалёнак), нехта прызначаўся міністрам ці віцэ-прэм’ерам і ня мог сумяшчаць працу з дэпутацтвам паводле закону, хтосьці адыходзіў у лепшы сьвет.
    3 выбарамі ад грамадзкіх аб’яднаньняў было проста: на чарговым пасяджэньні Савету вэтэранаў галасавалі за новага прадстаўніка, і на бліжэйшай сэсіі Вярхоўны Савет зацьвярджаў ягоныя паўнамоцтвы. А вось па акругах запоўніць вакантныя месцы было складана. У першыя пару гадоў па некалькіх акругах няспынна прызначаліся новыя выбары — і нязьменна дэпутат не абіраўся. Звычайна гэта тычылася менскіх акругаў, дзе ўлада мела меней магчымасьцяў бескантрольна сфальсыфікаваць вынікі. БНФ вылучаў сваіх кандыдатаў (так, на давыбарах балятаваліся і намесьнік старшыні Сойму БНФ Юры Хадыка, і будучы кіраўнік Ініцыятыўнай групы па рэфэрэндуме Ўладзімер Анцулевіч) — але выбары не адбываліся: на ўчасткі не прыходзіла патрэбнай колькасьці выбаршчыкаў (паводле закону, патрабавалася ня менш за 50%). У некаторых правінцыйных акругах, дзе начальству трэба было правесьці свайго кандыдата, патрэбная колькасьць ўдзельнікаў набіралася (ці, калі больш дакладна, яе «набіралі»), а ў Менску, дзе балятаваліся кандыдаты ад БНФ — не.