• Часопісы
  • Дзевяноста другі  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста другі

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 388с.
    2017
    59.05 МБ
    Гэты прынцып (для прызнаньня выбараў сапраўднымі трэба ўдзел ня менш як паловы выбаршчыкаў) застанецца і ў будучым — увосень 1994-га, калі прымаўся новы Закон аб выбарах, нягледзячы на прапановы Апазыцыі БНФ зьнізіць плянку ўдзелу, ужо пад ціскам Лукашэнкі Вярхоўны Савет пакінуў ранейшую колькасьць. Вынік быў тым, які і патрабаваўся прэзыдэнту ў ягоным імкненьні зьвесьці легітымнасьць парля-
    мэнту да мінімуму: у траўні 1995 году па многіх акругах выбары не адбыліся, і новы Вярхоўны Савет быў даабраны толькі ў сьнежні.
    Мы лічылі, што залежнасьць фармаваньня найвышэйшага заканадаўчага органу ўлады ад тых, хто абыякавы да будучыні гэтай дзяржавы — гэта пытаньне нават ня лёсу дэмакратыі, а нацыянальнай, дзяржаўнай бясьпекі. Сапраўды, адсутнасьць легітымнага парлямэнту ня толькі стварае ўмовы для дысбалянсу ў падзеле ўладаў (а часам і наўпрост узмацненьня аўтарытарызму), але і можа быць скарыстаная зьнешнімі сіламі, не зацікаўленымі ва ўмацаваньні дзяржаўнасьці краіны.
    Гэты аспэкт мы таксама ўлічвалі, прапануючы свой варыянт Закону аб выбарах.
    Дарэчы, на выбарах 1995 году галоўнай прычынай была нават ня нізкая яўка, а тое, што многім кандыдатам, якія па выніках выбараў лідзіравалі ў сваіх акругах, не ўдалося набраць больш паловы галасоў выбаршчыкаў (50% плюс адзін голас). Некаторым кандыдатам ад БНФ не хапіла некалькіх дзясяткаў галасоў. (Вось жа як не пашанцавала! Нешанцунак, праўда, быў сплянаваны прадстаўнікамі прэзыдэнцкай адміністрацыі і мясцовай уладай.)
    Дык вось, у праекце, які Народны Фронт выносіў на рэфэрэндум у 1992 годзе, быў закладзены прынцып, які ня ставіў выбары ў залежнасьць ад апатычнай, абыякавай часткі грамадзтва — абраным лічыўся кандыдат, які набраў галасоў больш за супернікаў, але ня менш чым 25% ад
    агульнай колькасьці грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні.
    Другую палову дэпутатаў (80) мы прапаноўвалі абраць па партыйных сыіісах.
    У 1992 годзе ў Беларусі склалася асаблівая сытуацыя з партыямі. Пасьля прыпыненьня 25 жніўня 1991 году дзейнасьці КПБ-КПСС самай вялікай і структураванай палітычнай арганізацыяй быў Беларускі Народны Фронт. У розныя часы называлася розная колькасьць ягоных членаў (хоць у 1992 годзе, калі яшчэ не была ўтвораная Партыя БНФ, фіксаванага членства не было). Таму даводзіцца карыстацца вызначэньнем «прыхільнікі», якое, зноў жа, можна разумець дваіста. Былі людзі, якія і ў Менску, і ў рэгіёнах удзельнічалі ва ўсіх акцыях і кампаніях Фронту, распаўсюджвалі ўлёткі і фронтаўскую літаратуру. Такіх людзей, мне падаецца, налічвалася ня менш за 10 тысяч. Значна больш было тых, хто падтрымліваў Фронт сваім удзелам у мітынгах у пэўныя крытычныя моманты (як у лютым 1990-га, калі перад выбарамі ў Вярхоўны Савет на тагачаснай плошчы Леніна сабраліся 100 тысяч чалавек, або ў тым самым жніўні 1991-га). Тут лік мог ісьці на дзясяткі тысяч. Ну і нарэшце тыя, хто ў мітынгах ды акцыях ня ўдзельнічаў, але падзяляў асноўныя праграмныя палажэньні Фронту, галасаваў за ягоных кандыдатаў. Як паказаў збор подпісаў за рэфэрэндум, у 1992 годзе такіх было ня менш за 400 тысяч чалавек; на будучых прэзыдэнцкіх выбарах за старшыню БНФ прагаласуе каля 700 тысяч выбаршчыкаў.
    I ўсё ж, у пачатку 1992-га некалькі тысяч чалавек маглі сьмела пра сябе сказаць: «Я — у Фронце».
    Іншыя дэмакратычныя палітычныя арганізацыі, аформленыя як партыі, былі значна меншыя. Самай вялікай і ўплывовай зь іх была Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (на чале зь Міхасём Ткачовым) — тут можна было казаць пра тысячу-паўтары членаў, да таго ж членамі партыі былі дзясятак дэпутатаў Вярхоўнага Савету (большасьць зь якіх уваходзіла ў склад Апазыцыі БНФ). Была Аб’яднаная дэмакратычная партыя (яе ўзначальваў Аляксандар Дабравольскі) прыблізна з такой самай колькасьцю членаў, як і БСДГ і адным дэпутатам у парлямэнце (Аляксандрам Сьпіглазавым).
    Генадзь Карпенка ўзначальваў новаўтвораную Партыю народнай згоды, праграмныя мэты якой фармуляваліся даволі няўцямна, а ў склад кіруючых органаў уваходзілі, акрамя дэмакратаў, прадстаўнікі намэнклятуры. ПНЗ дыстанцыявалася ад БНФ. (Пазьней, у 1999-м, за некалькі тыдняў да сьмерці, у часе свайго прыезду ў Прагу Генадзь Карпенка скардзіўся мне, што, за рэдкім выключэньнем, большасьць кіраўнікоў партыі яму здрадзілі. Думаю, што яны ніколі яго пасапраўднаму не падтрымлівалі, дый ініцыятыва стварэньня партыі належала не Карпенку.)
    Калі я кажу, што партыі мелі сваіх прадстаўнікоў у Вярхоўным Савеце — дык разумею пад гэтым тое, што, за выключэньнем БНФ, да выбараў Вярхоўнага Савету ў 1990 годзе гэтых
    арганізацый увогуле не існавала, яны ствараліся, калі парлямэнт ужо працаваў, звычайна пры ўдзеле саміх дэпутатаў (як БСДГ).
    Мы, дэпутаты БНФ, не разглядалі гэтыя партыі як канкурэнтаў, а наадварот, спрыялі іх аўтарытэту. Выступаючы на сэсіях Вярхоўнага Савету, напрыклад, па пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі, гаворачы пра доступ да эфіру ці газэтных палосаў Беларускага Народнага Фронту, я заўсёды дадаваў — «і іншых дэмакратычных партыяў». Трэба прызнаць, што пазьней з боку гэтых самых партыяў мы далёка не заўсёды сустракалі ўзаемнасьць — я ня чуў, каб у Вярхоўным Савеце наступнага, XIII скліканьня дэпутаты ад дэмакратычных партыяў аналягічна казалі пра Фронт, які ўжо ня быў прадстаўлены ў парлямэнце.
    У 1992 годзе партыі толькі фармаваліся — але яны ўжо мелі даволі выразныя праграмы, мелі прафэсіяналаў, і таму іх прадстаўніцтва ў парлямэнце было б на карысьць дзяржаве, разьвіцьцю грамадзкіх інстытуцыяў.
    Як адзначала Марына Сатоліна, «новыя выбары павінны стаць каталізатарам умацаваньня партыяў, іх палітычнага акрыяньня, высьвятленьня магчымасьцяў і здольнасьці браць на сябе абавязкі, а ня толькі раздаваць абяцаньні... Такая практыка прынятая ў шэрагу краін, дзе выбары праводзяць на шматпартыйнай аснове: у Нямеччыне, Італіі, Даніі, Швэцыі».
    ІНСТЫНКТ САМАЗАХАВАНЬНЯ НАМЭНКЛЯТУРЫ ЎРАЖВАЕ
    Адразу пасьля рашэньня Сойму БНФ аб зборы подпісаў за рэфэрэндум і ўтварэньня Ініцыятыўнай групы як каардынатар (яшчэ не абраны старшынём) Уладзімер Анцулевіч сказаў карэспандэнту газэты «Навіны БНФ» Уладзімеру Панаду, што патрэбная колькасьць подпісаў будзе сабраная менш чым за два месяцы: «Мы мяркуем, што ў зборы подпісаў будуць удзельнічаць розныя партыі і палітычныя арганізацыі».
    I сапраўды, ужо 4 студзеня ў 363-ім пакоі Дому ўраду, які быў замацаваны за Апазыцыяй БНФ, прайшла нарада дэпутатаў-фронтаўцаў з прадстаўнікамі пяці партый і рабочага руху. Лідэры чатырох партый падтрымалі ідэю рэфэрэндуму, але Сацыял-дэмакратычная грамада заняла асобную пазыцыю, заявіўшы, што рашэньне пра падтрымку ці непадтрымку рэфэрэндуму будзе разглядаць на пасяджэньні кіраўнічага органу (пазьней БСДГ вырашыла падтрымаць рэфэрэндум).
    «Грамадоўцы» сапраўды займалі асобную пазыцыю па некаторых пытаньнях — напрыклад, на гэтай нарадзе было заяўлена, што партыя не зьяўляецца часткай БНФ. Гэта было праўдай, але праўдай было і тое, што члены цэнтральнага органу партыі ўваходзілі ў склад дэпутацкай Апазыцыі БНФ, а Алег Трусаў быў адным з двух
    намесьнікаў (разам з Уладзімерам Заблоцкім) старшыні апазыцыі.
    Крыху пазьней «Грамада» заявіла пра стварэньне руху «Новая Беларусь», які меўся аб’яднаць дэмакратычныя партыі на больш памяркоўнай, чым у БНФ, плятформе. У чым палягала гэтая «памяркоўнасьць» — не было патлумачана, бо ў галоўных праграмных палажэньнях праграмы, напрыклад, БНФ і Грамады супадалі. Уголас гэта не вымаўлялася, але было зразумела: ініцыятары блёку «Новая Беларусь» жадалі дыстанцыявацца ад іміджу БНФ як «радыкалаў» (хоць самі цудоўна разумелі, што імідж гэты быў штучна створаны яшчэ камуністычнай прэсай). Тым часам як Васіль Быкаў, наадварот, заклікаў усе партыі і рухі не распыляць сілы і аб’яднацца вакол БНФ. Спроба стварэньня новага блёку выклікала дыскусію ў прэсе, але ўжо у канцы 1992га блёк ня ўзгадвалі.
    I ўсё ж, галоўным было тое, што нягледзячы на некаторыя разыходжаньні дэмакратычныя партыі падтрымалі ідэю рэфэрэндуму і ўключыліся ў кампанію збору подпісаў.
    Але асноўны цяжар у гэтай справе лёг на актывістаў Народнага Фронту.
    Менавіта кіраўніцтву БНФ давялося фармаваць Ініцыятыўную групу (далей я буду яе так і называць, поўны афіцыйны назоў — Ініцыятыўная група рэспубліканскага рэфэрэндуму №1).
    Ужо 14 студзеня Ініцыятыўная група падала ў Цэнтральную камісію заяву за подпісам Уладзімера Анцулевіча. У ёй паведамлялася
    пра стварэньне групы і выказвалася просьба яе зарэгістраваць — у адпаведнасьці з артыкулам 10 Закону «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)».
    Прыводзілася і фармулёўка прапанаванага на рэфэрэндум пытаньня: «Ці лічыце Вы неабходным датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савету і правядзеньне ўвосень 1992 году выбараў у прафэсійны парлямэнт Рэспублікі Беларусь на падставе дэмакратычнага Закону аб выбарах, унесенага Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце?» (Пазьней фармулёўка будзе скарэктаваная, пра гэта ніжэй.)
    У канцы заявы адзначалася, што «паколькі мэта рэфэрэндуму прадугледжвае ўвядзеньне ў дзеяньне ўнесенага Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце новага Закону аб выбарах, a згодна з артыкулам 11 Закону аб рэфэрэндуме грамадзяне падчас збору подпісаў павінны мець магчымасьць азнаямленьня з поўным тэкстам рашэньня, просім Вас забясьпечыць апублікаваньне ў дзяржаўным друку праекту гэтага закону да пачатку збору подпісаў».
    Гэта было натуральнае і законнае патрабаваньне — але яно не было выканана. Ніводная дзяржаўная газэта (акрамя «Народнай газэты», органу Вярхоўнага Савету) наш законапраект не надрукавала.
    13 лютага Цэнтральная камісія зарэгістравала Ініцыятыўную групу. Як і было вызначана законам — на працягу месяца пасьля падачы заяўкі. He пазьней — але і не раней, дзень у дзень. Было
    зарэгістраванае і пытаньне, якое выносілася на рэфэрэндум, але камісія яго скарэктавала.
    Нагадаю, што першапачаткова фармулёўка пытаньня гучала наступным чынам:
    «Ці лічыце Вы неабходным датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савету і правядзеньне ўвосень 1992 году выбараў у прафэсійны парлямэнт Рэспублікі Беларусь на падставе дэмакратычнага Закону аб выбарах, унесенага Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце?»
    Цэнтральная выбарчая камісія са згоды Ініцыятыўнай групы скарэктавала фармулёўку пытаньня, цяпер яно гучала гэтак: