Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
Я ня думаю, што Кебіч і ўрад пойдуць у адстаўку — за два гады Вярхоўны Савет ніколі пасур’ёзнаму не спытаў з ураду за яго дзейнасьць. А нават калі б і пайшоў — гэты склад Вярхоўнага Савету ніколі не прызначыць дэмакратычных міністраў. Ня той, як цяпер модна казаць, мэнталітэт.
Мы катастрафічна страчваем час, і ў нас няма іншага выйсьця, як рэфэрэндум і новыя выбары.
— Але ж і рэфэрэндум, і датэрміновыя выбары — зусім ня танная справа. Ня кажучы ўжо пра патрачаны час — на гэта пойдуць вялізныя грошы.
— Так, правядзеньне рэфэрэндуму абыдзецца дзяржаве «у капеечку», — калі не памыляюся, гаворка ідзе пра дзясяткі мільёнаў рублёў (на пачатак 1992-га сотні тысяч даляраў. — удакладненьне 2017 г.). Але чаму члены Прэзыдыюму не падлічылі, колькі каштавалі грамадзтву непрафэсіяналізм дэпутатаў, іх, выбачайце, бязглуздыя ў шэрагу выпадках рашэньні? Калі б год назад аддалі людзям зямлю — сёньня б прылаўкі крамаў мелі зусім іншы выгляд (у канцы 1990 году Апазыцыя БНФ унесла ў Вярхоўны Савет законапраект аб увядзеньні прыватнай уласнасьці
на зямлю, але прапанова была адхіленая. — удакладненьне 2017 г.). Калі б прынялі разумную сыстэму падаткаабкладаньня — спад вытворчасьці не набыў бы такія катастрафічныя тэмпы. Тут ужо лік ідзе не на мільённыя, а на мільярдныя страты. А што будзе далей? Вы перакананыя, што 11 сакавіка у парлямэнцкую залю ўвойдуць людзі з кардынальна новым спосабам мысьленьня, што яны будуць здольныя працаваць канструктыўна? За два гады апазыцыя прапаноўвала дзясяткі заканадаўчых праектаў, і мы, здаецца, выкарысталі ўсе магчымыя спосабы ўзьдзеяньня на так званую «парлямэнцкую большасьць» — ну, хіба што па падлозе перад імі ня слаліся.
— Але ж ёсьць і варыянт рэарганізацыі Вярхоўнага Савету
— Яшчэ ў лістападзе дэпутаты ад апазыцыі Баршчэўскі, Дзейка і Новікаўраспрацавалі праект рэарганізацыі Вярхоўнага Савету, дзе прадугледжвалася пераўтварэньне яго ў зьезд і стварэньне Сойму — прафэсійнага парлямэнту, у якім мог бы працаваць кожны жадаючы дэпутат. Шушкевіч прапаноўваў выбары парлямэнту дэпутатамі — натуральна, пры гэтым непажаданыя кансэрватыўнай большасьці апазыцыянэры былі б «адсеяныя». Зрэшты, не прайшло ні адно, ні другое. I на гэты раз ніякая прапанова па рэформе не атрымае належнай падтрымкі — занадта шмат дэпутатаў, якіх задавальняе па два-тры месяцы драмаць на сэсіях, атрымоўваць і сутачныя, і зарплату па месцы працы...
А калі зазірнуць за сьцены парлямэнту? Калі ў Вярхоўным Савеце яшчэ ёсьць некалькі дзясяткаў дэмакратаў, то чым ніжэй — тым меней плюралізму, тым маналітнейшая сьцяна намэнклятурнікаў. Старшыня райвыканкаму, начальнік міліцыі і старшыня райспажыўсаюзу (раённага аддзяленьня Саюзу спажывецкай каапэрацыі, кантраляваў разьмеркаваньне дэфіцытных тады прадуктаў і тавараў. —удакладненьне 2017 г.) — гэтая «тройка» і да гэтай пары вяршыць лёс усіх і кожнага (да жніўня 1991-га была «чацьвёрка» — на чале зь першым сакратаром райкаму. — удакладненьне 2017 г.). Таму апазыцыя год назад прапаноўвала законапраект аб мясцовым самакіраваньні, дзе прадугледжвалася рэарганізацыя структуры мясцовай улады, прамыя выбары мэраў і г. д. Станіслаў Станіслававіч лічыць, што падобную рэарганізацыю трэба рабіць раней за зьмену вышэйшай заканадаўчай улады — і мне цяжка аспрэчваць гэты тэзіс. Але давайце зірнем на склад нашага парлямэнту: хіба гэтыя людзі, якія якраз і трымаюць на месцах уладу — будуць галасаваць супраць сябе?
Словам, наш Вярхоўны Савет дасягнуў мяжы дэмакратызацыі. Так Станкевіч (дэпутат Уладзімер Станкевіч. — удакладненьне 2017 г.) мае рацыю: пры першапачатковай зададзенасьці на мэтар парлямэнт скочыў на мэтар дваццаць — але ж цяпер планка устаноўленая на два трыццаць.
— Вы мяркуеце, — пытаўся далей Валянцін Жданко, — ёсьць гарантыя, што ў выніку новых
выбараў прыйдуць выключна кампэтэнтныя, дэмакратычна настроеныя дэпутаты?
— Складанае пытаньне. Цяперашняя стомленасьць людзей, іх раззлаванасьць даюць, канешне, вялікія перавагі люмпэнізаваным лідэрам, тым, хто гучней крыкне «Далоў!» на плошчы. Што і казаць, нам таксама ставяць у дакор, што мінулая выбарчая кампанія была пабудавана на татальнай крытыцы камуністычных структур. Сапраўды, наша праграма ўтрымлівала прынцыповыя палажэньні — сувэрэнітэт, дэкамунізацыя грамадзтва, рынак, але ўсё гэта мела даволі абстрактныя абрысы. Два гады напружанай працы ў парлямэнце далі і веды, і вопыт, хоць, магчыма, да прафэсіяналаў у клясычным разуменьні парлямэнтарызму яшчэ далёка. Але ж і грамадзтва за гэты час рушыла наперад, узьняўшыся на больш высокі ўзровень палітычнай сьвядомасьці. Безумоўна, на выбарах — па акругах — праскочыць нейкая колькасьць жырыноўскіх, але партыйныя сьпісы, думаю, кампэнсуюць гэта новымі палітыкамі, якія прыйдуць з жаданьнем працаваць канструктыўна.
Так, партыі ў нас яшчэ не зусім сфармаваныя і для вялікай часткі насельніцтва малавядомыя. A для вяскоўцаў — дык і зусім невядомыя. Дарэчы, Станкевіч зусім дарэмна лічыць, што БНФ ідзе на рэфэрэндум выключна таму, што мае самую ўстойлівую структуру і перакананы ў перамозе: мы цудоўна ведаем, якую прапаганду разгарнулі супраць нас у правінцыі. Але выбары якраз і прадстаўляюць народу найлепшую магчымасьць
с а к а в і к
параўнаць праграмы палітычных рухаў, дый самі партыі сталеюць.
—У апошні час прыкметна напружанымі сталі адносіны паміж С. Шушкевічам і парлямэнцкай апазыцыяй. Чым вы тлумачыце гэта?
— 3 самага пачатку свайго «старшынства» Шушкевічу трэба было згуртаваць вакол сябе дэмакратычныя сілы, прыцягнуць да супрацоўніцтва як мага большую колькасьць дэмакратычных дэпутатаў. Так, ня ўсе маюць патрэбны вопыт, у некаторых яшчэ захаваўся «мітынговы сындром» — але іншых пакуль няма, трэба працаваць з гэтымі, вучыць іх, у рэшце рэшт. А Станіслаў Станіслававіч мэтадычна адштурхоўваў іх ад сябе, а зь некаторымі пасьпеў нават і пасварыцца. Я ня ведаю, хто тут больш вінаваты — ён ці мы, але ж ведаю, што гэта не на карысьць справе.
Я хацеў бы сказаць яшчэ вось што. Як бы мы ні наракалі на гэты Вярхоўны Савет, але пасьля дзесяцігодзьдзяў таталітарызму гэта быў першы найвышэйшы орган улады, у якім былі прадстаўленыя дэмакратычныя сілы, які вельмі няпростым і пакутлівым шляхам прыняў найважнейшыя для лёсу Беларусі рашэньні. Скажу больш — ні папярэдні, ні наступны склад парлямэнту ня выклічуць у будучых дасьледчыкаў такую цікавасьць, і стэнаграмы яго сэсій зьявяцца матэрыялам не адной дысэртацыі. Словам, цяперашняму Вярхоўнаму Савету забясьпечана месца ў гісторыі».
Прызнаюся, што апошнія фразы былі сказаныя для «падмазкі» дэпутатаў, гэта была спроба надаць ім адчуваньне ўласнай гістарычнай значнасьці, што, як мне тады здавалася, было б пэўнай кампэнсацыяй за роспуск Вярхоўнага Савету (хоць па сутнасьці гэта была праўда, і час пацьвердзіў слушнасьць такога прагнозу — ні ВС-11, ні ВС-13 і блізка не занялі ў гісторыі таго месца, якое належыць Вярхоўнаму Савету XII скліканьня).
Але апэляцыя да Гісторыі была, канешне, бессэнсоўнай — ніхто з дэпутатаў парлямэнцкай большасьці не разважаў такімі катэгорыямі. На жаль, не разважалі і найбольш важнымі дзяржаўнымі актуаліямі. У тым самым нумары «Зьвязды» на той самай першай паласе, дзе быў зьмешчаны пачатак майго інтэрвію, апублікаваная Пастанова Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету ад 3 сакавіка, падпісаная Станіславам Шушкевічам.
Якое ж важнае палітычнае пытаньне разглядаў Прэзыдыюм парлямэнту («калектыўны прэзыдэнт» краіны, як мы яго часам называлі) напярэдадні сэсіі парлямэнту?
У тыя дні хапала праблемаў, якія патрабавалі неадкладных рашэньняў і былі зьвязаныя з самым галоўным у першыя месяцы 1992 году — умацаваньнем беларускай дзяржаўнасьці. Гэта ўвядзеньне нацыянальнай валюты, стварэньне ўласнага войска, рынкавыя рэформы, ня кажучы ўжо пра выпрацоўку стратэгіі адносінаў двухбаковых адносінаў з Расеяй, якая б вызначыла тое, у чым нельга ісьці на саступкі, і сфэры, дзе
мог бы быць дапушчальны ўзаемавыгадны кампраміс (на практыцы ўсе ці амаль усе перамовы з Масквой канчаліся невыгоднымі для Беларусі саступкамі).
Для гэтага дваццаць тры члены Прэзыдыюму мусілі б засядаць ня дзень і ня тыдзень, дыскутуючы, узважваючы розныя падыходы, раячыся з дэпутатамі, прыцягваючы экспэртаў. Але нічога падобнага не было.
Пастанова Прэзыдыюму, прынятая 3 сакавіка, мела назоў — «Аб пытаньнях, зьвязаных з правядзеньнем веснавой сяўбы».
У ёй пералічваліся прозьвішчы «кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў», іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, інфармацыя якіх «аб стане падрыхтоўкі да правядзеньня веснавых палявых работ» была «прынятая да ведама».
Стыль і тэматыка — нібыта з інфармацыі ў «Зьвязьдзе» якога-небудзь 1982 году пра пленум ЦК КПБ.
Савету міністраў давалася даручэньне «распрацаваць і рэалізаваць неабходныя меры па неадкладнаму выпраўленьню крытычнага эканамічнага становішча аграпрамысловага комплексу», «вырашыць пытаньні забесьпячэньня эквівалентнага тавараабмену».
Варта сказаць, тут быў адзін станоўчы момант: даючы распараджэньне Савету міністраў, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету паказваў, «хто ў доме гаспадар»: парлямэнт, а ня Кебіч. Але гэта было толькі фармальна, бо заканчвалася паста-
нова рашэньнем, якое якраз было ў інтарэсах выканаўчай улады.
А менавіта — «унесьці на разгляд 9-й сэсіі Вярхоўнага Савету неабходныя прапановы аб устанаўленьні ільготнага падаткаабкладаньня і крэдытаваньня аграпрамысловага комплексу, a таксама аб расшырэньні паўнамоцтваў органаў выканаўчай улады ў забесьпячэньні апэратыўнасьці кіраваньня эканамічнай і крэдытна-фінансавай палітыкай».
Расшыфрую гэты абзац: калгасы і іх кіраўнікі (як іх называлі, «чырвоныя памешчыкі», бо яны з аднолькавай беспакаранасьцю распараджаліся што фінансамі, што тэхнікай, што лёсам людзей) — атрымлівалі «крэдыты», якія, канешне, не зьбіраліся аддаваць. Значная частка дзяржаўнага фінансаваньня да калгасаў не даходзіла і асядала ў фірмах, апэратыўна створаных чыноўнікамі (тыя нават не заўсёды прыкрываліся рэгістрацыяй на цешчу ці на дзяцей). А «пашырэньне паўнамоцтваў органаў выканаўчай улады» (гэта значыць, без кантролю мясцовых Саветаў, у многіх зь якіх былі, хай і ня ў болыпасьці, дэпутаты БНФ) «у забесьпячэньні кіраваньня эканамічнай і крэдытна-фінансавай палітыкай» было нічым іншым, як індульгенцыяй на крэдытаваньне «сваіх» людзей.