• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзевяноста другі  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста другі

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 388с.
    2017
    59.05 МБ
    вытворчасьці і манапалізму дзяржаўных уладнаэканамічных структураў. Рыначная рэформа не праводзілася, заканатворчасьць насіла бессыстэмны, хаатычны характар; прынятыя законы не выконваліся альбо сабатаваліся старымі выканаўчымі органамі ўлады. Рыначныя структуры не разьвіваліся належным чынам. У выніку зьявіліся ценявыя прадпрымальніцтва і гандаль, вырасла крымінальная сыстэма эканомікі на аснове спалучэньня камандна-адміністрацыйнай улады, дзяржаўнай уласнасьці, рынкавых утварэньняў і карумпаванай заканатворчасьці. Пачалася прыхаваная, незаконная, «дзікая» прыватызацыя, перапампоўваньне дзяржаўных фондаў і рэсурсаў у прыватную ўласнасьць дзяржаўнай бюракратыі і мафіёзных структураў, перавод безнаяўных грошай у наяўныя, усталяваньне двайных цэнаў (дзяржаўных і ценявых). Усё гэта паскорыла інфляцыю, зьнікненьне тавараў, рост беспрацоўя, зьбядненьне людзей і агульнае зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва Беларусі».
    Пазьняк канстатаваў таксама «залежнасьць эканомікі Беларусі ад хворай эканомікі некаторых суседніх дзяржаваў» і капітулянцтва (мелася на ўвазе найперш залежнасьць ад Расеі, калі «шокавая тэрапія» Гайдара, гэтак ухваленая расейскімі дэмакратамі, у Беларусі адбілася імгненным зьбядненьнем беларускага народу «ў сувязі з навязанай нам так званай лібэралізацыяй цэнаў (фактычна іх падвышэньнем)». Усё гэта закрывала «свабодныя пэрспэктывы разьвіцьця Беларусі як вольнай эўрапейскай дзяржавы».
    Канцэпцыя была распрацаваная эканамічнай групай Апазыцыі БНФ з удзелам Уладзімера Заблоцкага (агульная канцэпцыя), Юрася Беленькага (грашовая сыстэма), Лявонція Зданевіча (зямельнае пытаньне), Сяргея Папкова (праграма стабілізацыі).
    Сама Канцэпцыя складалася з шаснаццаці разьдзелаў, якія вызначалі прынцыпы і мэты рэформы, яе пэрыядызацыю, асаблівасьці ў розных галінах эканомікі, у тым ліку і ў аграпрамысловым комплексе. Асобныя разьдзелы былі прысьвечаныя правядзеньню валютнай рэформы і стварэньню фінансавай сыстэмы з увядзеньнем нацыянальнай грашовай адзінкі.
    Гэта была праграма і на макраэканамічным, і на мікраэканамічным узроўні.
    Безумоўна, пераказваць яе ўсю няма магчымасьці, але з адным разьдзелам я хацеў бы пазнаёміць чытача больш-менш падрабязна, паколькі ён дае добрае ўяўленьне пра самыя надзённыя (як яны нам бачыліся 1992-м) крокі ў выпадку прыняцьця Канцэпцыі.
    Апошнім — паводле парадку ў публікацыі, але неадкладным у рэалізацыі — быў разьдзел, прысьвечаны праграме захадаў па стабілізацыі эканомікі.
    Ён меў на мэце «ўвядзеньне ў поўнай меры рынкавых мэханізмаў урэгуляваньня з улікам зьнешніх і ўнутраных эканамічных працэсаў і варункаў)» і падзяляўся на пяць этапаў.
    Першы прадугледжваў актуальныя для 1992га захады, такія, як стабілізацыя спажывецкага
    красавік
    рынку (напаўненьне крамаў прадуктамі і таварамі), комплекс захадаў па сацыяльнай абароне насельніцтва, рэарганізацыю гуртавога гандлю. Прапаноўвалася ліквідаваць Міністэрства гандлю і адпаведныя ўпраўленьні ў аблвыканкамах, якія ў той час ператварыліся ў карупцыйныя разьмеркавальнікі. Важным момантам была ліквідацыя манаполіі кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў на распараджэньне маёмасьцю (якую дырэктарскі корпус пачынаў пераводзіць сабе ва ўласнасьць). Таваравытворцы павінны былі атрымаць маёмасьць ва ўласнасьць альбо ў арэнду праз адкрытыя аўкцыёны. Нарэшце, павінны былі быць уведзеныя «ўласныя грашовыя знакі» (своеасаблівая «перадвалюта»). На гэта адводзіліся два месяцы з моманту фармаваньня новага ўраду.
    На другім этапе прадугледжвалася пашырэньне колькасьці таваравытворцаў, рэарганізацыя крэдытна-банкаўскай дзейнасьці, актыўная інвэстыцыйная палітыка ў паліўна-энэргетычнай і сыравіннай галіне (што было важна з улікам энэргетычнай залежнасьці ад Расеі і нафтавага шантажу Крамля). Прымалася праграма прыватызацыі ўсіх відаў дзяржаўнай маёмасьці, ствараліся спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця бізнэсу і стварэньня новых працоўных месцаў, а фіналам гэтага этапу, разьлічанага на пяць месяцаў, мелася быць увядзеньне ўласных грошай.
    На трэцім этапе меркавалася стварэньне антыманапольных варункаў, стварэньне ў прамысловасьці да 150000 юрыдычных асобаў, у
    сельскай гаспадарцы — да 30 тысяч вытворцаў (як прыватных, гэтак і калектыўных гаспадарак). Апошняе ўпарта ігнаравалі тыя, хто абвінавачваў БНФ у імкненьні «неадкладна разагнаць калгасы». Істотным уяўляўся пераход на структуру і прапорцыі сусьветных цэнаў, а таксама запуск праграмы прыватызацыі. Тэрмін вызначаўся да ўсталяваньня антыманапольных адносінаў у прамысловасьці, аграсэктары і ў гандлі.
    Прыватызацыя і поўны пераход на рынкавыя мэханізмы рэгуляваньня эканомікі былі адметнасьцю чацьвёртага этапу, ён прадугледжваў прыватызацыю 60% дзяржаўнай маёмасьці і быў разьлічаны на два гады.
    На пятым этапе ставілася ўжо глябальная мэта — цягам пяці гадоў Беларусь павінна была ўвайсьці ў сусьветную эканоміку ў якасьці актыўнага суб’екта.
    Аднак гэтая нашая эканамічная праграма была адкінутая.
    У вышэй цытаванай публікацыі ў «Советской Белорусснн» аўтар папракнуў распрацоўнікаў эканамічнай Канцэпцыі БНФ, што яны хочуць забраць «агульнанародную ўласнасьць» і перадаць яе ў прыватныя рукі (тады як насамрэч мы прапаноўвалі якраз «народную прыватызацыю», пры якой кожны грамадзянін меў бы права на долю ўласнасьці).
    Неўзабаве «народная ўласнасьць» усё ж апынецца ў прыватных руках — пераважна, тых самых, якія будуць кіраваць краінай без усякай адказнасьці перад народам.
    УРОКДЛЯЯРМОШЫНАЙ
    Пасьля таго, як Ініцыятыўная група здала ў Цэнтральную камісію 446 тысячы сабраных подпісаў, кіраўніцтва Савету Міністраў і падкантрольная яму дэпутацкая група «Беларусь» вырашыла «ўзмацніць» склад камісіі, дзе было некалькі вакансіяў. Яшчэ раней замест былога кандыдата ў члены бюро ЦК КПБ і старшыні Камітэту народнага кантролю Міхаіла Лагіра, які ўзначальваў ЦВК у часе выбараў 1990 году, быў абраны прафэсар Аляксандар Абрамовіч — Шушкевіч і іншыя дэмакратычныя былыя народныя дэпутаты СССР лічылі, што ён добра зарэкамэндаваў сябе ў якасьці члена Камітэту канстытуцыйнага нагляду СССР (своеасаблівы аналяг Канстытуцыйнага суду). Нейкім чынам парлямэнцкая большасьць прапусьціла яго ў старшыні, але хутка ўсьвядоміла памылку і адчула небясьпеку. Таму да іншых новых кандыдатураў членаў ЦВК падышлі адказна. I, каб гарантавана падстрахавацца ад непрыемных сюрпрызаў, выбралі іх, пераважна, з апарату юрыдычных аддзелаў выканкамаў.
    Пры гэтым фармальна выканалі норму закону, які абавязваў вылучэньне і абмеркаваньне ў працоўных калектывах: хіба, напрыклад, юрыдычны аддзел Бабруйскага гарвыканкаму — гэта не працоўны калектыў? Ад гэтага калектыву была прапанаваная зусім невядомая юрыдычная кансультантка Лідзія Ярмошына, якой празь некалькі
    гадоў і на некалькі дзесяцігодзьдзяў на пасадзе старшыні ЦВК давядзецца зрабіцца ключавой асобай усіх афіцыйных выбарчых кампаніяў, а ў нейкім сэнсе — і сымбалем, тварам гэтых кампаніяў.
    Менавіта ў тыя дні, 21-22 красавіка, калі Вярхоўны Савет прызначаў новых членаў ЦВК, і ўзышла зорка Лідзіі Ярмошынай.
    Дэбаты па кандыдатурах на сэсіі доўжыліся два дні, у прамежку паміж разглядам іншых пытаньняў парадку дня. Уласна, спрэчкі былі ня столькі пра асобаў, якія прапаноўваліся ў камісіі, колькі пра сам прынцып іх вылучэньня, пры якім намэнклятура захавала толькі бачнасьць выкананьня закону. Я прыводжу найбольш характэрныя ўрыўкі з выступаў дэпутатаў, зафіксаваных у стэнаграме. (Тут і ў наступных разьдзелах я падаю ўсе выступы дэпутатаў у перакладзе на беларускую мову. Варта ўлічыць, што дэпутаты БНФ выступалі пераважна па-беларуску, дэпутаты-намэнклятурнікі — выключна па-расейску.)
    Фальсыфікацыя ў Авальнай залі
    Пасяджэньне, на якім меліся зацьвярджацца новыя члены Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэфэрэндумах, пачалося з парушэньня.
    Дэпутат Апазыцыі БНФ Уладзімер Новік заўважыў, як невядомы чалавек націснуў кнопку рэгістрацыі на месцы, дзе звычайна сядзеў Вячаслаў Кебіч. Вёў пасяджэньне першы намесьнік
    старшыні Вярхоўнага Савету Вячаслаў Кузьняцоў.
    Уладзімер Новік: «Паважаныя дэпутаты! Была груба парушана працэдура. Дэпутат Кебіч адсутнічае на месцы, а тым ня менш невядомы чалавек прыйшоў і зарэгістраваўся за дэпутата Кебіча. Я лічу, што гэта недапушчальна і гэты чалавек павінен пакінуць залю, як гэта прынята ў іншых парлямэнтах сьвету. Я прашу гэтага чалавека пакінуць залю, ён парушае працэдуру, гэта недапушчальна, гэта зьневажаньне Вярхоўнага Савету».
    Валянцін Голубеў: «Я прашу старшыню спыніць таго чалавека, які зараз ідзе... (Шум у залі). Спыніце, калі ласка, растлумачце дэпутатам, хто гэта такі, чаму ён сядзеў на месцы спадара Кебіча, чаму ён зарэгістраваўся. I, дарэчы, у такіх выпадках трэба браць даведку ў сакратарыяту, ці сапраўды так зроблена, і потым даць ацэнку».
    Старшыня: «Добра, мы папросім сакратарыят удакладніць».
    Сяргей Навумчык: «Шаноўны старшыня! Вы разумееце, тое, што цяпер адбылося, гэта скандал (Шум у залі). У нармальных парлямэнтах адмяняецца пасяджэньне і ідзе сьледзтва, гэта грубейшае парушэньне парлямэнцкай працэдуры, закону».
    Старшыня: «Мы папрасілі сакратарыят разабрацца. Дзякуй. Я думаю, ён дасьць нам інфармацыю. Пераходзім да разгляду асноўнага пытаньня парадку дня. (Шум у залі). Народны дэпутат Голубеў, прашу зь месца не крычаць...»
    Да мікрафона падышла член Камісіі па дэпутацкай этыцы Інэса Драбышэўская.
    Інэса Драбышэўская: «Кебіч сапраўды зарэгістраваны прысутным на сэсіі. Вячаслаў Мікалаевіч, але ж гэта абуральны факт. Што гэта значыць? (Шум у залі)... Я не выступаю супраць Кебіча, але гэта факт грубейшага парушэньня працэдуры. Што гэта за падстаўная асоба, якая замест кожнага з нас можа тут прысутнічаць?»
    Кузьняцоў абмежаваўся тым, што правёў перарэгістрацыю, і далей дэпутаты пачалі разглядаць у другім чытаньні праект Закону аб прафэсійных саюзах.
    Закон гэты прымаўся цэлы дзень, увесь гэты час пяцёра кандыдатаў у члены Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэфэрэндуму сядзелі ў Авальнай залі, чакаючы, пакуль дойдзе да іх. Ужо ў першыя хвіліны прысутнасьці на пасяджэньні найвышэйшага заканадаўчага органу яны атрымалі прыклад фактычна беспакаранай фальсыфікацыі пры рэгістрацыі кіраўніка ўраду. Можна меркаваць, што Лідзія Ярмошына, якая была ў гэтай «пяцёрцы», зрабіла для сябе высновы.