• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзевяноста другі  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста другі

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 388с.
    2017
    59.05 МБ
    Пасьля выступу Віталя Малашкі слова зноў узяла Інэса Драбышэўская, якая вярнулася да тэмы фальсыфікацый пры рэгістрацыі дэпутатаў на сэсіі.
    Драбышэўская: «Паважаныя народныя дэпутаты! Я пратэстую супраць фальсыфікацыі... He апазыцыя, а, па-мойму, сакратарыят уздымаў пытаньне аб тым, што ў нас у залі не было кворуму, і давайце будзем усё-ткі праўдзівымі. У нас ёсьць дадзеныя аб тым (і я ўчора пра гэта казала), што многія нашы дэпутаты атрымалі музычную адукацыю па клясе фартэпіяна і рэгіструюцца і галасуюць за некалькіх дэпутатаў, што зьяўляецца надзвычай грубым парушэньнем Рэглямэнту. Пра гэта ў нас ёсьць пацьверджаныя дадзеныя. Так, дэпутат Фарфель, які знаходзіцца ў афіцыйнай камандзіроўцы ў Ізраілі, зарэгістраваны на поўны дзень працы. Дэпутат Гюнтэр, які знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Германіі, і дэпутат Кавалёнак Уладзімер Васілевіч таксама зарэгістраваныя. Я магла б назваць цэлы сьпіс».
    Ніякага эфэкту словы Драбышэўскай на вядоўцу сэсіі, першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Вячаслава Кузьняцова не зрабілі. Выглядала, што ранейшыя ягоныя словы пра неабходнасьць кворуму ў часе галасаваньня пры дафармаваньні Цэнтральнай выбарчай камісіі былі ўспрынятыя ў самым шырокім сэнсе: зарэгістравалі тых дэпутатаў, якія адсутнічалі.
    Вынік галасаваньня быў нам зразумелы, пра што і сказаў дэпутат Апазыцыі БНФ Лявонці Зданевіч.
    Зданевіч: «Цалкам відавочна, што большасьць у Вярхоўным Савеце сёньня прагаласуе за прадстаўленыя нам кандыдатуры. Я проста хачу ахарактарызаваць падобны падыход (які, безумоўна, правамерны, улічваючы раскладку ў нашым Вярхоўным Савеце) усё ж сілавым і правакацыйным. У дадзенай палітычнай сытуацыі такі падыход — вылучэньне кандыдатураў у Цэнтральную камісію па выбарах народных дэпутатаў — ня што іншае, як палітычная правакацыя. Таму я заклікаю вас уважліва паставіцца да гэтага пытаньня і падтрымаць прапанову тых, хто назваў пытаньне непадрыхтаваным. Я прапаную сёньня не галасаваць, а ўнесьці новыя кандыдатуры».
    Лукашэнка — апазыцыі: Усё роўна прымем патрэбнае рашэньне
    Аднак Кузьняцоў паставіў на галасаваньне ня нашу прапанову аб новым вылучэньні кандыдатаў, а прапанову аб спыненьні, як ён выказаўся, «абмеркаваньня вынесеных кандыдатураў»,
    красавік
    хоць дыскусія, як мог пераканацца чытач, ішла не пра асобы, а пра сам прынцып фармаваньня Цэнтральнай выбарчай камісіі. За спыненьне спрэчак прагаласавалі 202 дэпутаты. Гэтага было дастаткова, каб перайсьці да галасаваньня па кандыдатурах.
    Але мы не давалі віцэ-сьпікеру гэта зрабіць.
    Голубеў: «Апазыцыя. Я хачу напомніць старшынствуючаму, што ў Рэглямэнце ёсьць такі пункт, што кожны можа выказацца па матывах галасаваньня. Вы мяне ўжо адзін раз не заўважылі, дзякуй, што зараз пры дапамозе голасу ўдалося гэтага дабіцца. Паважаныя дэпутаты камуністы! Апазыцыя, 29 чалавек, сьцьвярджае, што вы як знаходзіліся ва ўладзе, так і знаходзіцеся. 120 чалавек тут нічога не пераломіць, вы што хочаце, тое і робіце... Па матывах галасаваньня. Я падтрымліваю прапанову дэпутата Ганчара і лічу, што трэба адмяніць сёньняшняе абмеркаваньне ў сувязі з тым, што быў парушаны парадак вылучэньня кандыдатаў, і перанесьці на будучыню».
    Такую напружаную сытуацыю ніяк ня мог абмінуць дэпутат, які меў свой погляд літаральна па ўсіх законах і па ўсіх пытаньнях, якія абмяркоўваліся на сэсіі — выступаў ён звычайна ад пятага мікрафона, які разьмяшчаўся ў крайнім левым праходзе, калі глядзець на прэзыдыюм (роўна насупраць месца, дзе стаяў першы мікрафон, у які прамаўлялі дэпутаты зь Менску, у тым ліку Пазьняк).
    Лукашэнка: «Паважаныя народныя дэпутаты! Я хачу зьвярнуць вашу ўвагу на ўчорашні дзень.
    Вы памятаеце, што вы паабяцалі гэтым людзям (хай нас 300 чалавек, а іх 4) учора, што вы ім сказалі? Вы ж ім сказалі: ну, прабачце, праседзелі вы цэлы дзень, мы заўтра раніцай прымем гэтае рашэньне. Я не разумею тых дэпутатаў, якія сёньня падыходзяць і кажуць: адкласьці, перанесьці і іншае. Сумленьне і павага да гэтых людзей у вас у рэшце рэшт ёсьць? Давайце прымаць рашэньне, у нас наперадзе асноўныя пытаньні. Усё роўна ж прымем рашэньне, і апазыцыя пра гэта сказала».
    Апошняя фраза Аляксандра Лукашэнкі азначала, што рашэньне будзе такое, якое захоча большасьць, зь якой ён сябе атаясамліваў.
    Дэпутат Апазыцыі БНФ і член Сацыял-дэмакратычнай грамады Мікалай Крыжаноўскі ўсё ж паспрабаваў яшчэ раз заклікаць да сумленьня дэпутатаў — але не ў дачыненьні да кандыдатаў, якія чакалі свайго прызначэньня ў ЦВК, а да Бацькаўшчыны.
    Крыжаноўскі: «Паважаныя дэпутаты! Я прашу так не хвалявацца. Я спадзяюся, тое, што цяпер адбываецца ў гэтай залі, тое, што мы хочам такія сур’ёзныя зьмены правесьці ў Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, мусіць, гэта ня дзеля таго, каб даабраць астатніх 14 дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Я лічу, што сёньня — гэта ўжо загляд у будучае, у тыя выбары, якія ў хуткім часе (ці сёлета, ці праз тры гады), павінны адбыцца. I я лічу, што мы павінны сёньня думаць пра лёс нашай Бацькаўшчыны і нашай рэспублікі, пра тое, каб мы ўмацоўвалі дзяржаўныя структуры, а не прыярытэт нейкай адзінай партыі ці
    красавік
    адзінай сыстэмы. Я зьяўляюся прадстаўніком Сацыял-дэмакратычнай грамады. Але сёньня я хацеў бы, каб у Цэнтральнай выбарчай камісіі, у дзяржаўных структурах былі людзі нэўтральныя. I таму я падтрымліваю прапанову шаноўнага дэпутата Ганчара. Мы павінны вельмі ўважліва паставіцца да гэтага пытаньня, каб у Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў былі людзі, якія будуць перш за ўсё клапаціцца аб лёсе рэспублікі, аб тым, каб пры наступных выбарах прыйшлі сапраўды прафэсійныя парлямэнтарыі і стварылі нармальныя ўмовы для разьвіцьця рэспублікі, а не адстойвалі інтарэсы партыі, якая ня толькі сябе скампрамэтавала, а і давяла сёньня нашу дзяржаву, нашу Бацькаўшчыну да такога становішча, што ўжо далей няма куды. А сёньня зноў вылучаюцца кандыдатуры ад той партыі, якая ўжо рыхтуецца зноў атрымаць перамогу на наступных выбарах і зноў завесьці рэспубліку ў такую галечу».
    Кузьняцоў прапанаваў галасаваць, аднак дэпутат БНФ Уладзімер Новік выказаў сумнеў у дакладнасьці сыстэмы галасаваньня.
    Новік: «Неаднаразова ішло грубае парушэньне працэдуры. Я не давяраю гэтай сыстэме галасаваньня і хацеў бы, каб было праведзена расьсьледаваньне па выпадках парушэньня працэдуры ўчарашняга дня. Таму тайнае галасаваньне з дапамогай электроннай сыстэмы ня мае ніякага сэнсу, таму што гэта падлог і падман. Толькі празь бюлетэні прашу правесьці тайнае галасаваньне».
    Гэта абурыла парлямэнцкую большасьць, пачаліся крыкі.
    Сямдзянава: «Я вас прашу, Вячаслаў Мікалаевіч, навядзіце, калі ласка, парадак у залі! Так, апазыцыя вырашыла скарыстацца гэтай трыбунай. Але зрабіце, калі ласка, так, каб заля паводзіла сябе годна, і ня ладзіла тут нейкія пасядзелкі. Гэта — сэсія Вярхоўнага Савету. I я вас прашу: дайце магчымасьць апазыцыі выступаць спакойна. I калі дэпутаты ад групы “Беларусь” хочуць выступіць, дайце, калі ласка, ім слова, a не ўчыняйце роў у залі».
    Аднак далей старшынствуючы пачаў галасаваньне — ня шляхам бюлетэняў, як прапаноўваў Уладзімер Новік, а электронным спосабам.
    Старшыня: «Паважаныя народныя дэпутаты, я стаўлю на галасаваньне першую кандыдатуру. Хто за тое, каб выбраць у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь Баня Ўладзімера Васілевіча, начальніка Упраўленьня юстыцыі Выканаўчага камітэту Менскага абласнога савету народных дэпутатаў, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята. Паважаныя народныя дэпутаты! Наступная кандыдатура — Мінін Віктар Пракопавіч, намесьнік старшыні Віцебскага абласнога аб’яднаньня прафэсійных саюзаў Хто за тое, каб абраць яго ў склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, прашу прагаласаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся Рашэньне прынята. Наступная кандыдатура — Сукала Валянцін Алегавіч, першы
    намесьнік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Хто за тое, каб абраць у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Сукалу Валянціна Алегавіча, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята. Наступная кандыдатура — Цімафеевіч Канстанцін Іосіфавіч, намесьнік начальніка Ўпраўленьня юстыцыі Выканаўчага камітэту Берасьцейскага абласнога савету народных дэпутатаў. Хто за тое, каб выбраць у склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь Цімафеевіча Канстанціна Іосіфавіча, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята. Наступная кандыдатура — Ярмошына Лідзія Міхайлаўна, юрысконсульт Выканаўчага камітэту Бабруйскага гарадзкога савету народных дэпутатаў. Хто за тое, каб абраць яе ў склад Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Рашэньне прынята».
    «Намэнклятурны сход Вярхоўнага Савету выбраў працяг намэнклятурнага сходу ў Цэнтральнай камісіі»
    Ацэнку таго, што адбылося, даў намесьнік старшыні Апазыцыі БНФ, прэм’ер Ценявога кабінэту Ўладзімер Заблоцкі.
    Заблоцкі: «Паважаныя народныя дэпутаты! Цяпер быў цэлы шэраг парушэньняў Часовага рэглямэнту работы Вярхоўнага Савету. Я мяркую, што Вячаслаў Мікалаевіч гэты Рэглямэнт павінен вывучыць спачатку, а потым весьці сэсію.
    Зараз адбылося тое, што і павінна было адбыцца: намэнклятурны сход Вярхоўнага Савету выбраў працяг намэнклятурнага сходу ў Цэнтральнай камісіі па выбарах народных дэпутатаў».
    Член Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Яўген Цумараў падтрымаў Заблоцкага.
    Цумараў: «Паважаны старшынствуючы! Я зьвяртаюся да вас і да старшыні Камісіі па заканадаўстве з пытаньнем. На маю думку, вы парушылі Закон аб выбарах... Як далажыў старшыня камісіі паважаны народны дэпутат Леўчык па кандыдатурах Баня, Цімафеевіча і Ярмошынай адсутнічаюць пратаколы працоўных калектываў аб іх вылучэньні. Таму што юрыдычны аддзел — гэта не працоўны калектыў... I вы ня мелі права ставіць гэтае пытаньне на галасаваньне. Тым самым вы парушылі закон, і наша галасаваньне зьяўляецца па гэтых трох кандыдатурах несапраўдным».
    Старшыня: «Я зыходзіў з таго, што папярэдне Камісія ў пытаньнях працы саветаў вывучыла наяўныя матэрыялы і прадставіла іх нам на разгляд, у тым ліку ўсе пратаколы аб вылучэньні. Я ня маю падставаў не давяраць камісіі».