Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
Цяпер, паводле закону, ЦВК мела месяц на праверку падпісных лістоў.
красавік
Подпісы правярала ня толькі ЦВК. Да гэтай працэдуры кіраўніцтва Вярхоўнага Савету і ўраду падышло як да місіі жыцьцёва важнай — у дапамогу членам ЦВК былі адмабілізаваныя (іншага слова і не падбярэш) дзясяткі супрацоўнікаў апарату Вярхоўнага Савету і Саўміну, якія цягам некалькі тыдняў займаліся выключна і толькі праверкай падпісных лістоў. Да іх, вызваленых ад асноўнай працы, дадаліся і сотні мясцовых чыноўнікаў, якія займаліся праверкай паралельна са сваімі асноўнымі абавязкамі.
Фактычна, месяц чынавенскі апарат краіны правяраў кожны ліст — ці сапраўды грамадзяне, якія там пазначаныя, падпісаліся, ці правільна пазначаны іх адрас і пашпартныя зьвесткі, ці не падробленыя подпісы, ці сапраўды кожны падпісны ліст быў завераны пячаткай выканкаму.
Праца была эгіпэцкая.
Пра яе маштаб сьведчыць хоць бы тое, што 2 372 лісты былі перададзеныя на почырказнаўчую экспэртызу. Гэта значыць, высакаклясныя графолягі былі вымушаныя праверыць на адпаведнасьць некалькі дзясяткаў тысяч (!) подпісаў.
У гісторыі Беларусі ёсьць толькі адзін падобны паводле маштабу прэцэдэнт — калі ў 1985 годзе супрацоўнікі міліцыі праверылі 570 тысяч узораў почырку жыхароў Віцебскай вобласьці, каб выявіць аўтара дасланага ў рэдакцыю газэты «Віцебскі рабочы» ліста, у якім падазравалі маньяка-забойцу (падазрэньні апраўдаліся, забойца 36 жанчын быў урэшце знойдзены — гэта быў сумнавядомы Генадзь Міхасевіч).
Пазьней старшыня ЦВК Аляксандар Абрамовіч скажа, што «Цэнтральная камісія праверыла кожны падпісны ліст, а ня толькі тыя 2 372 лісты, якія былі перададзеныя на почырказнаўчую экспэртызу».
Ішоў восьмы месяц існаваньня незалежнай дзяржавы, працы было — не разгрэбці, а дзяржаўны апарат правяраў падпісныя лісты, выратоўваў Вярхоўны Савет. Ну і сябе, канешне.
Але ўсе спробы даказаць, што БНФ ня здолеў набраць прадугледжаную законам колькасьць подпісаў, былі марнымі.
Паводле Абрамовіча, «было выяўлена, што з агульнай колькасьці 446 тысячаў 61 подпісу — 51 тысяча 363 подпісы былі прызнаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй як аформленыя з рознымі адступленьнямі. Зь яўнымі парушэньнямі патрабаваньня Закону аб рэфэрэндуме была аформлена колькасьць падпісных лістоў і подпісаў, якая складае менш за адзін працэнт ад агульнай колькасьці сабраных подпісаў».
Заўважым: гаворка ідзе не пра нейкія падробкі, не пра фальсыфікацыі — а пра парушэньні пры афармленьні (пры тым што і сама Ініцыятыўная група забракавала немалую колькасьць падпісных лістоў).
I нават пры гэтым афіцыйна прызнаных подпісаў для прызначэньня рэфэрэндуму аказалася больш, чым патрабаваў Закон — 384 тысячы.
КАНЦЭПЦЫЯ АПАЗЫЦЫІ БНФ: I МІКРА-, I МАКРАЭКАНОМІКА
Ня тое каб часта, але рэгулярна старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч у кулюарах Вярхоўнага Савету вымаўляў, што «хоць сёньня» мог бы прапанаваць Юрасю Беленькаму пасаду міністра фінансаў, а Уладзімеру Заблоцкаму — увогуле крэсла свайго намесьніка. Выказваўся Вячаслаў Францавіч як пра высокакваліфікаваных эканамістаў і пра некаторых іншых дэпутатаў парлямэнцкай апазыцыі БНФ.
Але — толькі выказваўся. Ніякіх канкрэтных прапаноў ні Беленькаму, ні Заблоцкаму Кебіч не рабіў. Думаю, што нават калі б паспрабаваў зрабіць—яму не дазволіла б гэта атачэньне, дзе ішла жорсткая барацьба за кожнае крэсла, паколькі месцы ва ўрадзе і вакол ураду ў 1992 годзе ўжо дазвалялі ўзбагачацца асабіста.
I што цікава, хоць такія высокія ацэнкі чулі многія дэпутаты, у публічных выступах або ў інтэрвію Кебіч ад іх устрымліваўся.
Практычна нічога не пісалі пра эканамічныя законапраекты Апазыцыі БНФ і саўмінаўскія газэты (якія мелі вялікі супольны наклад).
У гэтым сэнсе публікацыю ў газэце «Советская Белоруссня» 8 ліпеня 1992 году можна лічыць унікальнай.
«Гэты дакумэнт прываблівае канкрэтнасьцю пастаноўкі праблемаў і іх вырашэньня. Канцэпцыя шматплянавая і дэталёва прапрацаваная,
ахоплівае практычна ўсе бакі дзяржаўна-гаспадарчага жыцьця».
Гэта — ацэнка эканамічнай канцэпцыі, дадзеная доктарам эканамічных навук. I тычыцца гэта праграмы, распрацаванай не Саветам міністраў, а Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце.
Такая ацэнка кантрастуе зь мітам пра тое, што БНФ нібыта «дбае толькі пра мову і культуру» і ігнаруе эканоміку. Мітам, які ў 1992-м афіцыйны друк распаўсюджваў з гэткай самай настойлівасьцю, як ён рабіў гэта ў часы панаваньня кампартыі і як потым будзе рабіць лукашэнкаўская прэса. Здавалася б, разумнаму чалавеку дастаткова было ўключыць тэлевізар ці радыёпрыёмнік з трансьляцыямі сэсіі парлямэнту, каб пачуць, як дэпутаты Народнага Фронту адстойваюць свае законапраекты і прапановы ў галіне сельскай гаспадаркі, бюджэтна-фінансавай сфэры, каб аднойчы і назаўсёды пераканацца ў фальшывасьці сьцьвярджэньня, што «БНФ толькі за мову». Але ж на пэўную частку насельніцтва прапаганда спрацавала, асабліва з улікам таго, што пасьля 1995 году Народны Фронт ня меў прадстаўнікоў у парлямэнце і быў цалкам адрэзаны ад электронных сродкаў масавай інфармацыі.
Выглядае, што аўтар публікацыі, якую я вышэй працытаваў (доктар эканамічных навук Васіль Гаўрылюк), не пажадаў псаваць сваю рэпутацыю і апускацца да прапагандысцкіх клішэ.
Беларусь уступіла ў 1992 год у найцяжэйшай за ўсю сваю найноўшую гісторыю эканамічнай сытуацыі, якая вызначалася трыма асноўнымі
адметнасьцямі: адсутнасьцю эканамічных рынкавых рэформаў (паўтара года эканамічныя заканадаўчыя прапановы Апазыцыі БНФ адкідаліся), няздольнасьцю прызначанага яшчэ ў камуністычныя часы ўраду адэкватна ўспрымаць сытуацыю і правільна на яе рэагаваць і, нарэшце, вялікай залежнасьцю ад Расеі.
Апошні фактар складаўся, у сваю чаргу, з аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў. Да першых можна аднесьці залежнасьць Беларусі ад расейскіх энэрганосьбітаў і сыравіны, якую пераадолець у кароткі тэрмін было, канешне, немагчыма. Да другіх — тое, што ў Маскве каманда Ягора Гайдара пачала рэформы ўключна з прыватызацыяй і лібэралізацыяй цэнаў, і беларускі ўрад, ня маючы ўласнай канцэпцыі рэфармаваньня эканомікі, здольны быў толькі рэагаваць на тое, што ішло з Масквы.
Да прыкладу, ужо ў першыя дні 1992-га зь Беларусі ў Расею пачалі масава вывозіць прадукты і тавары — бо цэны ў расейскіх гарадах узрасьлі ў дзясяткі разоў. Пра мяжу з Расеяй урад Беларусі, вядома, і чуць не жадаў. У краіне з разьвітой эканомікай такога можна было б толькі жадаць — кожная дзяржава зацікаўленая ў росьце экспарту, але ў Беларусі пачатку 1992 году не хапала самых элемэнтарных паўсядзённых тавараў.
I пры гэтым на травень 1992 году Беларусь была вінная Расеі 7 мільярдаў рублёў, а Расея Беларусі — амаль у чатыры разы болей, 27 мільярдаў. Аднак урад Гайдара адмаўляўся расплачвацца за расейскія прадпрыемствы, матыву-
Канцэпцыя эканамічнай рэформы, распрацаваная Апазыцыяй БНФ. «Народная газэта», 14 красавіка 1992 г.
ючы гэта неўмяшаньнем дзяржавы ў дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня ў новых рынкавых адносінах і ўмовамі ўступленьня ў Міжнародны валютны фонд.
У ліпені 1992-га дысбалянс павялічыўся: Беларусь была вінная Расеі 40 мільярдаў, Расея Беларусі — 120 мільярдаў.
Падобнае было ў адносінах зь іншымі былымі савецкімі рэспублікамі: на ліпень 1992-га яны былі вінныя нам болей, чым мы ім.
Дарэчы, гэта цалкам абвяргала папулярны яшчэ з часоў існаваньня СССР міт пра тое, што нібыта «Беларусі без Расеі не пражыць».
Увогуле, у фінансавай сфэры сытуацыя склалася драматычная: у Расеі пачалася гіпэрінфляцыя, а іншай грашовай адзінкі, акрамя расейскага рубля, у Беларусі не было — Вярхоўны Савет
красавік
ігнараваў нашы прапановы аб увядзеньні ўласнай валюты.
«Вырашэньне эканамічных праблем на Беларусі магчымае зараз толькі палітычнымі сродкамі», — заявіў у лютым Пазьняк агенцтву БелаПАН, маючы на ўвазе абраньне парлямэнту, якому будзе давяраць народ. «Па эканамічнай канцэпцыі разьвіцьця Беларусі, падрыхтаванай БНФ, для стабілізацыі будзе патрэбна прыблізна год пасьля таго, як гэтая канцэпцыя пачне працаваць», — патлумачыў Пазьняк супрацоўніку агенцтва Віталю Цыганкову.
Яшчэ ў лютым у інтэрвію францускай Le Monde на пытаньне, ці зьбіраецца Беларусь уводзіць сваю грашовую адзінку, Станіслаў Шушкевіч адказаў: «Гэта яшчэ адна рыса, якая розьніць нас з Украінай. Я асабіста зраблю ўсё, каб да гэтага не дайшло».
I сапраўды, рабіў усё, што ад яго залежала.
Пасьля заявы Ўкраіны аб выхадзе з рублёвай зоны, 27 і 28 сакавіка адбылося закрытае паседжаньне Вярхоўнага Савету, якое разглядала сытуацыю ў фінансавай сфэры. Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, настойвалі на ўвядзеньні нацыянальнай валюты, аднак не атрымалі падтрымкі ад Станіслава Шушкевіча. Як і варта было чакаць, гэтаму супраціўлялася і парлямэнцкая большасьць.
«Ствараецца ўражаньне, што абрабаваныя і абкрадзеныя, яны, абураючыся рабаўніцтвам, у адданым рвеньні, на каленях, ныючы і скуголячы, гатовыя паўзьці ў пашчу галоднай Расеі і загінуць
разам зь ёй пад рэшткамі імпэрскай турмы», — пракамэнтаваў сытуацыю Зянон Пазьняк газэце «Знамя юностн» (8 красавіка 1992).
16 красавіка 1992 году ў «Народнай газэце» была апублікаваная Канцэпцыя эканамічнай рэформы, падрыхтаваная дэпутацкай Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце. Тэкст заняў асобную ўкладку на дзьве паласы. Наклад газэты ў той дзень быў 393 400 экзэмпляраў.
Нам было важна паказаць людзям, што Народны Фронт прапануе ня проста зьмену ўлады праз новыя выбары, а канкрэтную праграму ў тым ліку і эканамічных рэформаў.
Гэта ўжо была другая зь ліку эканамічная праграма Апазыцыі БНФ (першая была распрацаваная ўвосень 1990 году разам з пакетам законапраектаў — натуральна, парлямэнцкай большасьцю заблякаваных. Праўда, некаторыя нашы прынцыповыя палажэньні нам усё ж удалося правесьці).
Канцэпцыі папярэднічаў разьдзел «Уводзіны» (напісаны Пазьняком), які дае ляканічную і дакладную ацэнку эканамічнай сытуацыі пачатку 1992 году праз прызму палітычнай сытуацыі.
У ім было засьведчана, што «прынцыпы пераходу эканомікі Беларусі да рынкавых узаемадачыненьняў і шэраг законапраектаў, прапанаваных дэпутацкай Апазыцыяй Беларускага Народнага Фронту ў 1990 годзе, былі адкінутыя камуністычна-намэнклятурнай большасьцю Вярхоўнага Савету. Была зробленая стаўка на стабілізацыю эканомікі загадна-адміністрацыйнымі мэтадамі пры захаваньні дзяржаўнай уласнасьці на сродкі