Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
Пра мерапрыемства было вядома загадзя, ён мог скарэктаваць свае пляны, і я перакананы, што калі б Кебіч ясна выказаў жаданьне ўзяць удзел — арганізатары, пры патрэбе, зьмянілі б час пасяджэньня, і гэта было б з разуменьнем і бяз крыўдаў успрынята іншымі ўдзельнікамі (усё ж, кіраўнік ураду, паводле вызначэньня — самы заняты дзяржаўны чыноўнік).
На пачатак 1992 году Кебіч яшчэ не рабіў заяваў пра «памылковасьць Белавескіх пагадненьняў», як ён гэта скажа праз год, тым больш не казаў пра іх злачыннасьць (як у часы Лукашэнкі) — але ніякай незалежніцкай рыторыкі ў ягоных выступах не было. Горш за тое, што ў сваіх дзеяньнях ён не выяўляўся актыўным абаронцам сувэрэнітэту — ягоныя ўчынкі хутчэй можна ацаніць як вымушаныя крокі ўсьлед за сытуацыяй.
Але сёньня, калі прыгадаць афіцыйныя мерапрыемствы 1992-1993 гадоў, якія ўспрымаюцца
сымбалямі нацыянальнага трыюмфу (у тым ліку сьвяткаваньне 75 -х угодкаў БНР у будынку філярмоніі, Першы зьезд беларусаў сьвету ў Опэрным тэатры) — дык выяўляецца заканамернасьць: кіраўнік ураду на іх адсутнічаў. Маю на ўвазе не арганізаваныя Народным Фронтам акцыі, a менавіта афіцыйныя, з прадстаўніцтвам іншых кіраўнікоў краіны. На іх быў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук, міністар замежных справаў Пятро Краўчанка, міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч, іншыя ўрадоўцы — але Кебіча не было.
Прысутнасьць віцэ-прэм’ераў і міністраў апрыёры здымала якія б то ні было папрокі Кебічу ў «заігрываньні з апазыцыяй» — ён сьмела мог браць удзел у такіх мерапрыемствах, не баючыся за сваё рэнамэ нават сярод намэнклятуры.
Але не прыходзіў. Нібыта нехта штораз адгаворваў яго, нібыта нейкая нябачная, невядомая нам сіла стрымлівала Кебіча зьяўляцца там, дзе прысутнасьць кіраўніка ўраду магла надаць сходу нацыянальнай, адраджэнскай накіраванасьці важкасьць і значны грамадзкі розгалас.
Гэтак і на падпісаньні Антыкрызіснага пагадненьня быў нават старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі, але Кебіч не прыйшоў.
У 2008 годзе Кебіч апублікаваў кнігу ўспамінаў «Спакуса ўладай», дзе заявіў, што зьяўляецца афіцэрам «выведкі». Праўда, не канкрэтызаваў — ці то ГРУ, ці вайсковай контравыведкі КДБ. Затое на некалькіх старонках расьпісаў, як яго вэрбавалі, як ён вучыўся, як выконваў даручэньні (на-
Вячаслаў Кебіч на трыбуне Вярхоўнага Савету
ват на пасадзе другога сакратара абкаму). Падрабязны аналіз гэтых шчырых прызнаньняў я зрабіў у кнізе «Дзевяноста першы», цікаўных адсылаю да яе. Выхад кнігі Кебіча суправаджалі інтэрвію ў СМІ, у тым ліку і ў незалежных, але, як ні дзіўна, ніхто не папрасіў аўтара ўдакладніць або патлумачыць ягоныя сэнсацыйныя прызнаньні. А яны сапраўды важныя, бо прымушаюць пад пэўным ракурсам ацэньваць дзейнасьць Кебіча ў вызначальныя для станаўленьня новай дзяржавы гады. Зрэшты, і бязьдзейнасьць — таксама.
У кожным разе, у адрозьненьне ад Шушкевіча, Кебіч не прыйшоў на ўстаноўчае пасяджэньне Антыкрызіснага камітэту. I гэтая ягоная адсутнасьць і ў сродках масавай інфармацыі і, што больш важна, у колах намэнклятуры і, нарэшце, у Маскве — магла трактавацца як наўпроставае ігнараваньне тэмы абароны сувэрэнітэту.
Тады, у сакавіку 1992-га, мы ў апазыцыі станоўча ўспрынялі прапанову Пазьняка, каб Антыкрызісны камітэт узначаліў Кебіч, але толькі пазьней, праз адлегласьць часу, я здолеў у пэўнай ступені ацаніць усю стратэгічную слушнасьць такога рашэньня.
За гэтую прапанову Пазьняка прагаласавалі аднагалосна — ясна, што іншага і быць не магло, на гэта Пазьняк і разьлічваў Пра рашэньне паведамілі (хай і вельмі скарочана) дзяржаўныя СМІ (мерапрыемства з прысутнасьцю хаця б толькі старшыні Вярхоўнага Савету яны не маглі ігнараваць). Факт, такім чынам, адбыўся.
I ў такой сытуацыі Кебіч ня мог адмовіцца ад новай сваёй функцыі (хай сабе і фармальнай) — гэта выклікала б скандал, яшчэ болыпае абвастрэньне адносінаў з БНФ, нарэшце, непаразуменьні з Шушкевічам, Шыркоўскім і іншымі сілавымі міністрамі.
Кебічу выгодней было маўкліва пагадзіцца.
Для інтарэсаў Беларусі, канешне,было б лепей, каб Кебіч пасьлядоўна выконваў тое, пра што было дамоўлена і што было падпісана ўдзельнікамі пасяджэньня ў Доме літаратара. Але і з самога факту старшынёўства Кебіча, як потым зрабілася зразумелым (і што, пэўна, прадбачыў Пазьняк), мы мелі выгоду.
Карысьць палягала ў тым, што намэнклятура (ва ўсякім разе, у рэгіёнах, дзе яна ня ведала пэрыпэтыяў сталічных палітычных узаемаадносінаў) успрыняла старшынёўства Кебіча ў Антыкрызісным камітэце як ягоную станоўчую пазыцыю
адносна сувэрэнітэту і, што таксама істотна, апазыцыя ўспрымалася як паўнавартасны, сур’ёзны хай і апанэнт, але партнэр.
Далейшае разьвіцьцё падзеяў пацьвердзіла актуальнасьць падпісанага ў Доме літаратара пагадненьня. У Маскве праімпэрскія настроі чым далей, тым меней хаваліся. «Для мяне бясспрэчна, што Расея ёсьць нешта большае, чым Расейская Фэдэрацыя ў яе цяперашніх межах. Таму і геапалітычныя інтарэсы трэба разглядаць куды шырэй, чым гэта зафіксавана сёньня на мапах», — заявіў у красавіку 1992-га старшыня Камітэту па міжнародных справах ВС Расеі Яўген Амбарцумаў.
Тым ня менш, Антыкрызіснае пагадненьне было для Масквы важным сыгналам. Праз чвэрць стагодзьдзя, адказваючы на маё пытаньне пра ролю Антыкрызіснага пагадненьня, Пазьняк напіша:
«Варта сказаць, што на 14 сакавіка Антыкрызіснае пагадненьне падпісалі 30 арганізацыяў, a потым падпісалі яшчэ генэрал Яўген Бачароў (памежныя войскі), Уладзімер Ганчарык (Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі), Мечыслаў Грыб (Камісія па нацыянальнай бясьпецы Вярхоўнага Савету), мітрапаліт Філарэт (Беларускі Экзархат РПЦ) і іншыя. Для Масквы гэта быў удар пад дых, асабліва фінт з Кебічам і Філарэтам, зь якім я асабіста размаўляў і прасіў «багаславіць» (а ён, бачыце, нават падпісаў). Я думаю, што арганізацыя Антыкрызіснага камітэту затармазіла тады нейкі вельмі авантурны плян Лубянкі і Крамля, пра які
ўжо ведалі і Шыркоўскі, і Кебіч, і, магчыма, Дзямчук, але ніхто зь іх ня мог (ці быў няздольны) нешта супрацьпаставіць плянам Масквы ці нешта зрабіць. А тут якраз дэпутаты Фронту выступілі з ініцыятывай Антыкрызіснага Камітэту і аб’яднаньня намераў. Вось улада і падключыліся, быццам бы стала пад сьцягі Апазыцыі БНФ. I фігу Маскве паказалі, і адносіны з Масквой захавалі (маўляў, «А мы — што? Гэта яны»), А Кебіч дык яшчэ і на паседжаньне не прыйшоў. Такія вось хітруны. На гэтай шахматнай дошцы нічога мяне не зьдзіўляла з такімі гульцамі, акрамя нечаканых паводзінаў мітрапаліта Філарэта. Ня думаю, што Філарэт узгадняў свой подпіс з патрыярхам Алексіем».
Ацэньваючы падзею ў гістарычнай рэтраспэктыве, Пазьняк заўважыў, што «Антыкрызіснае пагадненьне напалохала Маскву. Працягу пагадненьне ня мела, але стала ў нейкай ступені стрымліваючым чыньнікам для Крамля. Там убачылі, што пры пэўных абставінах улада і апазыцыя ў Беларусі могуць паразумецца супраць агрэсіі Масквы. Цяпер такое пагадненьне ў прынцыпе немагчымае, бо рэжым Лукашэнкі пастаўлены Масквой, кантраляваны Масквой і праводзіць антыбеларускую палітыку ў маскоўскіх інтарэсах. Гэта антынацыянальны рэжым» (травень 2017, архіў аўтара).
I ўсё ж гісторыя з Антыкрызісным пагадненьнем пакідае адчуваньне недавершанасьці і страчаных магчымасьцяў — і выключна зь віны тых, хто стаяў ля стырна дзяржавы. Упершыню (і на
момант, калі пішуцца гэтыя радкі, апошні раз) за круглым сталом сабраліся прадстаўнікі ўлады і апазыцыі ў першых асобах. Сабраліся ў імя самай галоўнай для існаваньня дзяржавы мэты — яе абароны. I менавіта ўлада павінна была клапаціцца пра абарону сувэрэнітэту, гэта яе галоўная місія ва ўсе часы. Аднак такога не адбылося — паралельна са стварэньнем уласных узброеных сілаў пачаўся працэс уцягваньня Беларусі ў вайсковую арбіту Расеі, што завяршылася падпісаньнем Ташкенцкай дамовы аб далучэньні да сыстэмы Калектыўнай абароны СНД. I найбольшую ролю ў гэтым небясьпечным для Беларусі працэсе адыгралі Савет міністраў і прадстаўнікі парлямэнцкай большасьці, якія ў пачатку 1992-га ўтварылі групу «Беларусь».
Маючы непераадольныя ідэйныя разыходжаньні з камуністамі, Народны Фронт няспынна імкнуўся далучыць намэнклятуру да будаўніцтва незалежнай дзяржавы. У жніўні 1991-га, пасьля правалу путчу, спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС і абвяшчэньня Незалежнасьці, мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, выступілі з заклікам да былых камуністаў уключыцца «ў дэмакратычны працэс, у рух адраджэньня вольнай сувэрэннай Беларусі». Праз паўгода, у сакавіку 1992-га дэмакратычныя партыі і грамадзкія арганізацыі зрабілі яшчэ адзін крок насустрач — зноў жа, у імя, здавалася б, агульнай мэты — умацаваньня дзяржаўнасьці.
Але працягнутая рука была непрынятая.
ПАРАДА ВЯРХОЎНАМУ САВЕТУ: СЫСЬЦІ Ў ГІСТОРЫЮ
За дзень да адкрыцьця вясновай, Дзявятай сэсіі Вярхоўнага Савету, 10 сакавіка, газэта «Зьвязда» надрукавала маё інтэрвію палітычнаму аглядальніку Валянціну Жданко. Называлася яно «Вярхоўны Савет вычарпаў сябе і павінен мужна прызнаць гэта».
Прадстаўлены я быў як сакратар Камісіі Вярхоўнага Савету ў пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека і як каардынатар парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, значная частка інтэрвію была прысьвечаная сытуацыі ў СМІ, у тым ліку і асьвятленьню ў прэсе тэмы рэфэрэндуму. Ніжэй працытую тое, што тычылася непасрэдна патэнцыялу Вярхоўнага Савету і рэфэрэндуму пра датэрміновыя выбары.
«— Днямі пачынаецца чарговая сэсія Вярхоўнага Савету. 3 чым ідзе да яе парлямэнцкая апазыцыя?
— Ужо стала традыцыяй, што кожная новая сэсія дае нейкія спадзяваньні — бо чым далей, тым складаней робіцца жыцьцё, і многім здаецца: ну, вось цяпер ужо дэпутаты павінны ўзяцца за розум. Але ілюзіі разьвейваюцца ўжо ў першыя гадзіны, яшчэ падчас зацьвярджэньня парадку дня.
Так, Апазыцыі БНФ і цяпер ёсьць з чым ісьці на сэсію — у прыватнасьці, пад кіраўніцтвам Уладзімера Заблоцкага распрацавана канцэпцыя эка-
намічнай рэформы, мы мяркуем ізноў вынесьці некаторыя законапраекты. Але радыкальныя рэформы магчымыя толькі, па-першае, пры спрыяльным заканадаўчым рэжыме (а вы ведаеце, якія законы прымае наш парлямэнт) і, па-другое, калі іх будзе ажыцьцяўляць урад народнага даверу (не сакрэт, з каго складаецца наш урад).