• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзевяноста другі  Сяргей Навумчык

    Дзевяноста другі

    Сяргей Навумчык

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 388с.
    2017
    59.05 МБ
    ларуская мова ў Асноўным законе была запісаная адзінай дзяржаўнай мовай.
    Камісія Гілевіча, напэўна, з усіх больш як дваццаці парлямэнцкіх камісіяў працавала найбольш эфэктыўна, выконваючы ў поўнай ступені і сваю кантрольную функцыю. Яе кіраўніцтва сапраўды паводзіла сябе так, як і павінна было паводзіць кіраўніцтва парлямэнцкай камісіі ў дачыненьні да адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, дамагаючыся, найперш, выкананьня Закону аб мовах. Толькі закону, не выдумляючы нічога празьмернага.
    I вось тут скажу пра адну прыкмету часу. Гэтая настойлівасьць членаў камісіі — зрэшты, і ня толькі іх, але і іншых, хто клапаціўся пра беларускую мову, звычайна не выклікала ў чынавенства агрэсіўнай варожай рэакцыі. Ва ўсялякім разе, адмоўныя эмоцыі, калі яны былі (а ў некаторых былі, напэўна), хаваліся і не агалошваліся. Паводле маіх адчуваньняў, у чынавенства (значнай яго часткі) існавала разуменьне, што да беларускай мовы была ўжытая нейкая несправядлівасьць, што яе адраджэньне — непазьбежны працэс, супрацьстаяць якому — бессэнсоўна.
    Вось прыклад «ад адваротнага».
    У лістападзе 1992-га штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» надрукаваў ліст студэнта Інстытуту культуры, у якім той распавёў, як заварушыліся выкладчыкі, калі прыйшла «камісія Трусава», і як пасьля яе сыходу ўсё вярнулася да «вялікарасейства».
    У гэтай гісторыі прыкметна тое, што выкладчыкі не пажадалі публічна агучваць гэтае самае «вялікарасейства». I тлумачылася гэта агульным настроем, які панаваў у Беларусі: людзі разумелі, што так або інакш, але да мовы трэба вяртацца. Тут трэба прызнаць станоўчую ролю Станіслава Шушкевіча, які ў народзе ўспрымаўся кіраўніком дзяржавы і пры гэтым гаварыў па-беларуску.
    Я не магу сказаць, што ў 1992 годзе было немагчыма тое, што зрабілася звычайным у 2017-ым, калі, як напісала «Наша Ніва», у адной са школаў настаўніца раіць вучням для чытаньня вершык: «Что мы Роднной зовём? Флаг Росснн над Кремлём». Але гэткае магло быць хутчэй па інэрцыі, і калі такое заўважалася — імгненна спынялася (у адрозьненьне ад 2017-га, калі кіраўнікі сыстэмы адукацыі на такое не рэагавалі).
    На другім годзе беларускай Незалежнасьці я не сустракаў чалавека, які б паскардзіўся мне на тое, што ягонае дзіця пайшло ў беларускую школу ці пачало вучыцца на беларускай мове. Кажу не пра актывістаў Народнага Фронту ці нацыянальна арыентаваную інтэлігенцыю (ад якіх чакаць падобных скаргаў асабліва не выпадала), а пра сотні людзей, якія ня мелі ніякага дачыненьня да нацыянальнага Адраджэньня і зь якімі даводзілася сустракацца і асабіста, і на розных сходах у Менску, і ў Віцебску, і ў іншых месцах.
    Пратэсты супраць пераходу школьніцтва (малодшых клясаў) на беларускую мову — былі адзінкавымі, у параўнаньні зь лістамі, якія атрымлівалі мы ў Вярхоўным Савеце за беларускую
    мову і з трывогай за тое, што беларусізацыя ідзе марудна.
    Асаблівасьці вяртаньня беларускай мовы трапна акрэсьліў у жніўні 1992-га аглядальнік газэты «Зьвязда» Валянцін Жданко: «Ні Закон аб мовах, ні Дзяржаўная праграма разьвіцьця беларускай мовы ня ставілі жорсткіх рамак беларусізацыі — меркавалася расьцягнуць гэты працэс на тры, пяць і нават дзесяць гадоў... Усенароднага трыюмфу і сьвяткаваньня (як гэта было ў Прыбалтыцы) у Беларусі з нагоды разьняволеньня роднай мовы не назіралася. Гэта балюча ўсьведамляць, але немагчыма не прызнаць: спружына нацыянальнага Адраджэньня, якая ў іншых рэспубліках — ледзь толькі яе перасталі заціскаць — прыйшла ў рух і прынесла імгненныя вынікі, у нас засталася нерухомай, нібы яе і не адпускалі. (Размова, зразумела, пра агульную карціну, а не пра асобныя фрагмэнты). Такое ўражаньне, што гэты стан сьціснутасьці стаў натуральным станам, і цяпер, каб прымусіць спружыну рухацца, трэба чарговы раз прыкласьці сілавое намаганьне і распраміць яе».
    I далей — тлумачэньне: «Сытуацыя парадаксальная і трагічная: калі давялося выбіраць паміж уласным камфортам і будучыняй нацыі, — большасьць робіць выбар на карысьць першага. Менавіта ў гэтым — у жаданьні асэнсаваць і ўсьвядоміць, у гатоўнасьці дзеля высокай мэты ахвяраваць часам і прыкласьці зусім невялікія намаганьні,—уся справа. Жаданьня гэтага, гэтай гатоўнасьці катастрафічна мала. Ва ўсіх краінах,
    дзе давялося сутыкнуцца з праблемай, падобнай на нашу, магутным каталізатарам моўнага адраджэньня была нацыянальная інтэлігенцыя. Менавіта дзякуючы ёй напаўжывыя мовы шпаркімі тэмпамі набывалі прэстыж, а разам зь ёй вярталі сваю жыцьцёвую прастору. У нас гэтага не адбылося» («Зьвязда», 15 жніўня 1992).
    У жніўні 1992-га на міжнароднай навуковай канфэрэнцыі «Фармаваньне і разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў» Адам Мальдзіс прывядзе лічбу, якая пацьвярджае зробленыя Валянцінам Жданко высновы: «74% апытаных ня здолелі вызначыцца, што для іх лепей — беларусізацыя ці поўная русыфікацыя».
    Меў рацыю Валянцін Жданко і ў іншым: вялікая частка інтэлігенцыі замест таго, каб дапамагчы, паводле мэтафары Валянціна Жданко, распраміць спружыну — занялі іншую пазыцыю.
    У заканамерным і справядлівым працэсе аднаўленьня права народу на сваю моўную спадчыну яны бачылі «прыцясьненьне» расейскамоўнага насельніцтва. Іх незадаволеныя рэплікі ўсё часьцей зьяўляліся ў афіцыйным друку. Так, 17 верасьня 1992 году кіраўнік выдавецтва «Эрлдан» Аляксандар Патупа надрукаваў у «Народнай газэце» прысьвечаны беларусізацыі артыкул, сутнасьць якога была выкладзеная ўжо ў загалоўку: «Нужно лн прнбегать к прнёмам большевнцкой пропаганды?» Сярод іншага, Патупа выказаў перакананьне, што калі правесьці рэфэрэндум, дзьве траціны беларусаў выказаліся б за двухмоўе. Ён фактычна заклікаў Вярхоўны Савет
    «прарэагаваць» на «рэальную моўную сытуацыю ў рэспубліцы».
    Пройдзе некалькі гадоў, Вярхоўны Савет пад прымусам Лукашэнкі і пасьля зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ «адрэагуе», прызначыўшы рэфэрэндум, праграма беларусізацыі будзе згорнутая, за беларускае слова пачнуць цягаць у міліцэйскі пастарунак — але абаронцы «прынцыпу роўнасьці моваў» ні слова ня вымавяць у абарону мовы карэннай нацыі.
    Адзін з актывістаў Таварыства беларускай мовы Валер Паўсьцюк надрукаваў у «ЛіМе» аналіз становішча ў сыстэме адукацыі. Вось якое яно было ў верасьні 1992-га, у пачатку новага навучальнага году.
    Большасьць студэнтаў пэдагагічных інстытутаў арыентаваныя на расейскую, а не на беларускую мову. У школах не хапае друкаваных матэрыялаў, ад азбукі і дзёньнікаў, атласаў і да звычайных падручнікаў на беларускай мове. Усе надпісы на сшытках — па-расейску. 3 кнігарняў зьнікла дзіцячая літаратура на беларускай мове. «Апошні факт можа здацца дробным, але ён паказальны—яскрава выяўляюцца адносіны дзяржавы да беларускага слова, — адзначыў аўтар і нагадаў пра адметнасьць ня менш паказальную. Хто чытае «Народную газэту», пэўна, заўважыў, што афіцыйныя дакумэнты Вярхоўнага Савету, падпісаныя С. Шушкевічам, друкуюцца па-беларуску, а ўрадавыя дакумэнты, падпісаныя В. Кебічам, у асноўным па-расейску... Мне расказвалі і пра тое, як для высокапастаўленага дэпутата
    Вярхоўнага Савету рабіўся тэзісны пераклад на расейскую мову прамоваў ягоных калегаў, сказаных па-беларуску. Відавочна, «товаршцн не поннмают» мовы народу, якім кіруюць».
    Выснову актывіст ТБМ зрабіў палітычную: «Адзіны цывілізаваны спосаб адхіліць намэнклятуру ад улады — рэфэрэндум».
    Зь вялікай часавай адлегласьці асабліва маштабнымі ўяўляюцца тыя дасягненьні і прарывы ў справе нацыянальнага Адраджэньня, якія прыпалі на 1992 і 1993 гады, падобнага не было ў папярэднія дзесяцігодзьдзі і доўгі час яшчэ ня будзе.
    Але — вось трывалае, штодзённае адчуваньне тых часоў: таго, што робіцца — замала. У незалежнай дзяржаве павінна быць па-іншаму. A яшчэ ўсё больш адчувалася нарастаючая хваля арганізаванага супраціву дэмакратызацыі і нацыянальнаму Адраджэньню.
    I ў гэтым — галоўная адметнасьць працэсаў у грамадзтве ў 1992-1993 гады, як мне падаецца, уласьцівая з усіх постсавецкіх дзяржаваў толькі Беларусі: наступ на дэмакратыю сумяшчаўся з наступам на незалежнасьць краіны. Палітычныя сілы, якія выступалі супраць дэмакратычнага авангарду грамадзтва — Беларускага Народнага Фронту — мелі выразна антыбеларускі, праімпэрскі і прарасейскі, а часта і шавіністычны характар.
    Акрамя ўплыву Расеі, што зразумела, гэта тлумачыцца і практычна поўным дэнацыяналізаваным характарам большай часткі кіруючай эліты.
    У 1989-1991 гадах кіраўніцтва кампартыі пад ціскам новаўтворанага Народнага Фронту было вымушана прызнаць неабходнасьць адраджэньня беларускай мовы і спрыяць прыняцьцю адпаведнага закону. Паколькі ЦК кантралявала ў Беларусі ўсё, у тым ліку і друк, тэлебачаньне і радыё, у СМІ было немагчымае зьяўленьне адкрытых шавіністычных ці антыбеларускіх заяваў.
    3 падзеньнем кампартыі рэальная ўлада перайшла да Савету Міністраў, які пераважна клапаціўся выключна пра тое, каб гэтую ўладу ўтрымаць. Нейкія ідэі іх не цікавілі — цікавілі найперш улада і ўласнае ўзбагачэньне. А для ўтрыманьня ў крэслах трэба было нэўтралізаваць найболып небясьпечнага палітычнага апанэнта — Народны Фронт, галоўнай ідэяй, мэтай якога было нацыянальнае Адраджэньне. Менавіта таму з самага пачатку 1992 году ў саўмінаўскай прэсе пачалі зьяўляцца антыбеларускія ў сваёй сутнасьці публікацыі, якія ставілі пад сумнеў само існаваньне беларускай дзяржавы.
    Спачатку галасы супраць Незалежнасьці гучалі асьцярожна, потым — усё сьмялей. Ужо ўлетку 1992-га па ўсёй Беларусі дзяржаўны друк (за выключэньнем «Народнай газэты», «Зьвязды», «Чырвонай зьмены», яшчэ некалькіх выданьняў — але нешматлікіх) разгарнуў кампанію супраць сувэрэнітэту Беларусі, якая дасягне свайго апагею ў наступным, 1993-ім годзе.
    На ўжо згаданай канфэрэнцыі ў Маладэчне Адам Мальдзіс заўважыў, што «ні ў воднай цывілізаванай дзяржаве не засталіся б беспакара-
    нымі заявы аб тым, што «ў Беларусі ідэя нацыянальнай дзяржавы проста абсурдная, паколькі ў падмурку яе закладзена неіснуючая нацыя». Г эта цытата зь «Внтебского курьера». Наўрад ці ў якой іншай дзяржаве дазволілі б так зьдзекавацца зь беларускай нацыянальнай сымболікі, як гэта робіць газэта «Мы н время».
    Менавіта ў 1992 годзе было створанае так званае «Народное двнженне Беларусн», якое ўзначаліў кіраўнік аднаго з упраўленьняў Савету Міністраў Сяргей Гайдукевіч. Вакол яго аб’ядналіся праімпэрскія, шавіністычныя сілы. Гайдукевіч выказваў уголас тое, што было некамільфо вымаўляць з парлямэнцкай трыбуны дэпутатам праўрадавай групы «Беларусь».