Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
У рэгіёнах жа кіраўнікі сябе ня стрымлівалі. A тое, што дазвалялі сабе мясцовыя чыноўнікі і падкантрольная ім прэса, немагчыма ўявіць ні ў якай іншай дзяржаве. Ня толькі ў дэмакратычнай — увогуле ні ў якай. Дзяржаўнасьць Беларусі падвяргалася самаму натуральнаму шальмаваньню, а нашыя пратэсты супраць гэткіх публікацый успрымаліся як наступ на свабоду слова. Замест таго, каб умацоўваць дзяржаўнасьць на грунце нацыянальных каштоўнасьцяў, чынавенскі апарат ставіў іх існаваньне пад сумнеў і ўвогуле адмаўляў права беларусаў на сувэрэнную дзяржаву.
Толькі адзін прыклад: у Віцебску ў ліпені 1992 году гарадзкія ўлады правялі «сход працоўных калектываў гораду», на якім быў прыняты зварот да дэпутатаў з патрабаваньнем выступіць
ініцыятарамі «аднаўленьня СССР і аднаўленьня дзеяньня Канстытуцыяў СССР і БССР».
Газэта Савету Міністраў мела назоў па-беларуску — «Рэспубліка» — але практычна ўсе публікацыі ў ёй былі па-расейску. Рэдакцыя не давала слова актывістам БНФ, у зьедлівым тоне пісала пра ініцыятывы Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, але 10 чэрвеня 1992 году зьмясьціла вялізны тэкст школьніка з Барысава. «Хіба не цікава, што 16-гадовы чалавек думае пра наш час», — патлумачыла рэдакцыя.
Аб’ём публікацыі быў вялізны, на паласу — мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, пра такое ў «Рэспубліцы» і марыць не маглі.
А пісаў юнак пра распад СССР і зьяўленьне незалежнай беларускай дзяржавы як пра найвялікшае зло, пра тое, што «воляй лёсу мы апынуліся юрыдычна і палітычна ізаляванымі ад Расеі» («гэта часовы разрыў»). Натуральна, выказвалася поўная падтрымка пракамуністычнаму Вярхоўнаму Савету і ўраду і нагадвалася пра неабходнасьць «супрацьпаставіць «нацыянал-дэмакратам», як яны самі сябе называюць, магутную патрыятычную арганізацыю, якая б аб’яднала людзей, якія ўсьведамляюць пагібельнасьць залежнасьці ад Захаду».
Аўтарам публікацыі быў Усевалад Янчэўскі — праз дваццаць пяць гадоў «галоўны ідэоляг» лукашэнкаўскай адміністрацыі.
Ніводнаму маладому беларускаму патрыёту «Рэспубліка» слова не дала.
Першыя разьліковыя білеты Нацбанку (“зайчыкі”) пакуль ня грошы, але ўжо не расейскія
Але ў тыя самыя дні «ЛіМ» надрукаваў ліст іншага 16-гадовага юнака, Яўгена Касьцюшкі з Гомелю. «Два гады назад я нават не задумваўся, хто я (вядома ж, рускі), але паступова пад узьдзеяньнем новага ў жыцьці нашага грамадзтва ў маёй сьвядомасьці пачаўся пераварот... Канчаткова павязка з маіх вачэй упала летам — восеньню 1991 году. Я адчуў гонар за тое, што належу да беларускай нацыі, якая пасьля шматвяковага рабства, панаваньня чужынцаў.. .знайшла ў сабе сілы зноў пачаць нацыянальнае Адраджэньне».
Аднак году хапіла, каб юнак убачыў тое, чаго не жадалі бачыць дзяржаўныя мужы. «Цяпер аб нацыянальнай палітыцы нашага ўраду. Яна выклікае ў мяне рэзкую крытыку і абурэньне. Канешне, у ёй ёсьць добрыя бакі, але калі прадстаўнікі найвышэйшай улады нашай дзяржавы ходзяць на задніх лапках перад «старшей сестрою» і кожны раз азіраюцца на яе, ці ж дага-
дзілі, то ў мяне няма слоў... Я не ўскладаю надзей на цяперашні Вярхоўны Савет і ўрад, таму агітаваў сваіх родзічаў паставіць подпіс у падтрымку рэфэрэндуму» («Літаратура і мастацтва», 17 ліпеня 1992).
Ліст Янчэўскага кантрастуе зь лістом таксама 16-гадовага Яўгена Касьцюшкі, і, здавалася б, усё гэта пацьвярджала існаваньне плюралізму — на старонках пэрыядычнага друку можна было знайсьці розныя меркаваньні.
Але ніякага плюралізму насамрэч не было: дзяржаўныя, фінансаваныя Саўмінам выданьні, якія ў адрозьненьне ад «Свабоды» ці «ЛіМу» выходзілі гіганцкім накладам, давалі слова пераважна праціўнікам беларускай незалежнасьці (як правіла, без крытычных ацэнак). I я ня памятаю ні ў «Советской Белорусснн» ні ў «Белорусской ннве», ні ў «Рэспубліцы», агульны наклад якіх у пэўныя пэрыяды набліжаўся да мільёну асобнікаў, ніводнай публікацыі ніводнага ліста ў абарону Адраджэньня.
Затое супраць — колькі заўгодна.
Але прапаганда была ня толькі прарасейская. Сытуацыя ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі не нашмат адрозьнівалася ад таго, што адбывалася ва ўсходніх — адначасна ішла як расейская, гэтак і польская экспансія.
Вось урыўкі з публікацыі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» пра канфэрэнцыю Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь».
Выступае Сяргей Законьнікаў, галоўны рэдактар часопіса «Полымя»: «... у нас ніякага тэлебачаньня няма. Пасьля Бураўкіна, які паклаў шмат працы і крыху вывеў тэлебачаньне ў людзі, — цяпер усе тыя набыткі згубленыя... у якой краіне можа быць такое, калі дзяржаўнае тэлебачаньне ваюе са сваёю моваю; дзе, у якой краіне дзяржаўнае тэлебачаньне ваюе са сваім сувэрэнітэтам? Тут прыгадвалася праграма «Крок». Я таксама глядзеў іх. Людцы родныя! Дзе ж гэта мы жывем, і што гэта за ўрад такі, калі можна так абразьліва гаварыць па нацыянальным тэлебачаньні пра сваю мову, пра свой сувэрэнітэт, сьмяяцца з гэтага!.. Я пазнаёміўся са статыстыкай, якая яшчэ нядаўна была засакрэчаная. Скажам, па нашай сталіцы горадзе Менску. Кіруючы апарат, пачынаючы зь Вярхоўнага Савету, Савету Міністраў і заканчваючы дырэктарамі навучальных установаў, прадпрыемстваў, выглядае так, што беларусы знаходзяцца на самым апошнім месцы. Сярод рабочай клясы сытуацыя адваротная — беларусы ў абсалютнай болыпасьці. Па Менску сярод кіруючых кадраў амаль паўсюдна пераважае расейская нацыянальнасьць...».
Алесь Белакоз, настаўнік зь вёскі Гудзевічы Іўеўскага раёну: «У нас на Гарадзеншчыне гандаль, мэдыцына, суд, улада ў болынай ступені ў руках «палякаў». У нас там ідзе апалячваньне поўным ходам, і яму дадзена зялёнае сьвятло... Апалячваньне ідзе найперш праз касьцёл, праз польскіх ксяндзоў».
Васіль Дубейка, сябра Баранавіцкай раённай рады ТБМ: «Місіянэры, падрыхтаваныя людзі вядуць пасьпяховую палянізацыю. Супраць іх мы нічога ня можам зрабіць... Місіянэры дзейнічаюць у вёсцы Новая Мыш. За гэты час дзеткі пачалі ставіць канцэрты, сьпяваць, складаць вершы на польскай мове, яны прасякаюцца польскім патрыятызмам... Зноў я паўтару пытаньне да ўраду: чаму ў касьцёлах разьвешваюць польскія дзяржаўныя сьцягі, хто дапусьціў у нашы вёскі місіянэраў? Кебіч, Шушкевіч павінны даць адказ, але яны маўчаць... Вось што самае крыўднае для нас, беларусаў — што мы цярпім абразу... He магу не паўтарыцца, не сказаць пра тэлебачаньне, якое беспакарана зьневажае беларускую мову. Давайце ўявім сабе, што было б калі б Астанкінскае тэлебачаньне абразіла расейскую мову?»
Алесь Міткавец, мэтадыст гарадзкога аддзелу народнай адукацыі Гомелю: «Колішняя партыйная газэтка «Вечерннй Гомель» цяпер зьмяніла назву, але па-ранейшаму выдаецца на расейскай мове, распачала атаку на сьвядомасьць чытачоў, даказваючы, што Гомель — горад не беларускі, што беларусаў у ім няма, што нібыта бальшавікі прышчапілі яго да Беларусі толькі ў дваццаць шостым годзе. Усе тыя асобы, якія жылі ў ранейшым СССР, уяўляючы яго як вялікую Расею, не прымаюць нашу беларускую дзяржаўнасьць, нашу мову».
Алесь Касьцень, старшыня Пастаўскай раённай рады ТБМ: «Я ведаю, што ёсьць прыклады, калі каталіцкія сьвятары вядуць набажэнствы
па-беларуску і прэса наіўна разьдзімае гэтыя прыклады, але я жыву ў глыбінцы заходняй Беларусі, там, дзе жыцьцё бруіць, і бачу, што польскі каталіцкі касьцёл, як і расейская праваслаўная царква — ворагі ўсялякай беларускасьці... У старажытным, маляўнічым мястэчку Дунілавічы зьявіўся паляк-ксёндз... Сёньня гэты ксёндз мала таго, што польскую мову ў касьцёле ўвёў, — ён нясе яе ў школу... Больш таго, польскія сьцягі сталі неад’емнай часткай гэтага касьцёла... Людзі, зь якімі я гутарыў і спрабаваў пераканаць, але безвынікова, выдатна размаўляюць па-беларуску, называюць сябе палякамі. У час размовы я чуў ад іх: мы былі крэсамі ўсходнімі і хочам імі быць. Гэта людзі шчырыя: як іх падвучылі, так яны і выказваюцца».
Яраслаў Клімуць, старшыня Магілёўскай гарадзкой рады ТБМ: «Калі бачыш, у які наступ ідуць, каб адабраць наш яшчэ не ўмацаваны сувэрэнітэт, робіцца сапраўды балюча і трывожна. Сапраўды, на Магілёўшчыне Руская праваслаўная царква спрабуе даказаць, што гэта землі «нстннно русскне», з захаду мы бачым тую самую палянізатарскую экспансію каталіцкага касьцёлу». («Літаратура і мастацтва», 29 траўня 1992).
На гэтай канфэрэнцыі ТБМ прысутнічалі і выступілі віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук, міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч, міністар культуры Яўген Вайтовіч і намесьніца міністра народнай адукацыі Людміла Сухнат. Аўтар справаздачы напісаў, што «прамовы афіцыйных асоб не пакінулі надзей на хуткую зьмену ў лепшы бок
дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да беларускай мовы» («Літаратура і мастацтва», 29 траўня 1992). I гэта пры тым, што, нягледзячы на неідылічныя адносіны вышэйназваных кіраўнікоў з БНФ, і Дзямчук, і Бутэвіч, і Вайтовіч — найбольш за ўсіх ва ўрадзе рабілі для беларусізацыі (у гэты шэраг варта таксама паставіць і міністра замежных справаў Пятра Краўчанку).
Тое станоўчае, што імкнуліся рабіць Бутэвіч, Вайтовіч, Дзямчук, Краўчанка, — было іхняй прыватнай ініцыятывай і ня мела належнай падтрымкі на ўзроўні Кебіча і «нефармальнага» атачэньня прэм’ера ў апараце Саўміну. Тое атачэньне, наадварот, завязвала ўсё больш цесныя сувязі з Крамлём і Лубянкай.
Мы, дэпутаты, імкнуліся рэагаваць на выпадкі абразы беларускай мовы, самой беларускай дзяржавы — але наш арсэнал быў небагаты: дэпутацкі запыт, выступ на сэсіі ці ў прэсе. Па канкрэтных справах прымаліся патрэбныя рашэньні, але сыстэма не мянялася.
У свой час выбітны дзяяч украінскага Адраджэньня Грушэўскі сказаў: «Бяда Украіны ў тым, што ёю кіруюць людзі, якім яна не патрэбная». Гэтыя словы можна было прымяніць і да Беларусі першага поўнага году яе адноўленай дзяржаўнасьці.
Тут сапраўды патрэбнае было палітычнае рашэньне — зьмена ўлады.
I калі я прыгадваю 1992 год, гутаркі з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Арловым, зь іншымі творцамі, чыя грамадзянская
пазыцыя мела выразна нацыянальны, беларускі характар — дык ня памятаю ніводнага выпадку, калі б нехта зь іх паставіў пад сумнеў неабходнасьць правядзеньня рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах. I нават тыя, каго лёс закінуў далёка ад Беларусі, падтрымлівалі гэтую ідэю. У чэрвені і ліпені 1992-га на запрашэньне амэрыканскай амбасады я быў у ЗША, у Вашынгтоне — адтуль паехаў у Нью-Ёрк, дзе тады на пасадзе сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН працаваў Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. У сям’і Бураўкіных я правёў два дні — усю ноч мы прагаварылі, Бураўкін з роспаччу распавядаў, як беларуская дзяржава страчвае магчымасьці на міжнародным узроўні, дадзеныя ёй лёсам. «Гэты час прапусьцім — потым ня вернем», — казаў Бураўкін. Ён таксама выказваўся за рэфэрэндум, бо разумеў, што лёс нацыянальнага Адраджэньня наўпрост завязаны на сфармаваны яшчэ пры камуністах урад, на недзеяздольны Вярхоўны Савет, і першае, што можа гарантаваць незваротнасьць Адраджэньня — гэта зьмена ўлады.