Дзевяноста другі
Сяргей Навумчык
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 388с.
2017
Гермянчук зьвярнуў увагу Шушкевіча на тое, што «чарговая сэсія адносіцца на восень. Між тым, на ўнесеным на рэфэрэндум пытаньні адназначна сфармулявана: «Ці лічыце Вы неабходным правесьці ўвосень 1992 году новыя выбары?» Пытаньне было афіцыйна зацьверджана яшчэ на пачатку году. Ініцыятары рэфэрэндуму выканалі ўсе патрабаваньні закону. Засталося Вярхоўнаму Савету выканаць закон і волю 440 тыс. грамадзянаў».
У сваім адказе сьпікер ня надта выбіраў лексыку.
«Гэта глупства тых, хто зацьвердзіў такое пытаньне, і хітравумная задумка тых, хто гэтае пытаньне прапанаваў. Толькі па прычыне нізкай кваліфікацыі папярэдняга складу Цэнтральнай выбарчай камісіі было зацьверджана такое заблытанае пытаньне, якое немагчыма выносіць на рэфэрэндум, бо на яго нельга даць адназначны адказ «так» або «не». Таму я бачу выйсьце ў тым, каб разам з ініцыятарамі рэфэрэндуму ўдакладніць пытаньне, зрабіць яго лягічным і зацьвердзіць Вярхоўным Саветам».
«А калі Ініцыятыўная група не пагодзіцца «ўдакладніць» пытаньне?»
«Тады, я думаю, Вярхоўны Савет не захоча бударажыць народ, не захоча яго заблытваць, не захоча, так бы мовіць, зьдзекавацца зь яго — і проста прыме рашэньне, што гэты рэфэрэндум мае кансультатыўны характар, а не абавязковы. I я думаю, што ніякага выбуху ў грамадзтве не адбудзецца, будзе вельмі простая рэакцыя».
Станіслаў Шушкевіч прыадчыніў заслону над тым, што рабілася на вяршыні ўлады:
«Ведаеце, калі б я хацеў сарваць гэтую работу апазыцыі, то зрабіў бы вельмі проста: сабраў бы сэсію з мэтаю, каб яна прызначыла рэфэрэндум вось зараз, у летні пэрыяд. I я Вам даю гарантыю, што 50% людзей на яго б не прыйшлі. Дарэчы, такія пажаданьні былі. Але я сумленна не пайшоў на гэта».
Вось гэта было цікавае прызнаньне — што намэнклятура прыдумала такі ход (сапраўды, інстынкт самазахаваньня ў яе быў надзвычайны).
Даведаліся мы пра гэта з публікацыі, нікому з дэпутатаў апазыцыі Шушкевіч нічога не сказаў. Але ў Шушкевіча былі такія адносіны з апазыцыяй, што чакаць іншага не выпадала. У працэсе працы над кнігай я зьвярнуўся да Пазьняка з просьбай прыгадаць, ці былі ўвогуле ў яго размовы ці перамовы з Шушкевічам у 1992 годзе — для сьпікера парлямэнту гутарка зь лідэрам парлямэнцкай фракцыі справа цалкам натуральная, уласна, паводле парлямэнцкіх традыцый ён абавязаны гэта рабіць. Пра гэткую гутарку Пазьняка з Шушкевічам я не памятаю, але, магчыма, яна адбылася, проста я пра яе забыўся. Аказалася, памяць не падвяла.
«3 Шушкевічам ні аб чым сур’ёзным нельга было гаварыць, — адказаў Пазьняк. — Зь ім ні аб чым нельга было дамовіцца. Ініцыятывы спаткацца са мной ён не праяўляў. Калі мы выпадкова сустракаліся, ён звычайна скорагаворкай пускаў філіпікі наконт фармулёўкі рэфэрэндуму, і далей гаворка не ішла. Хіба што ён яшчэ паўтараў сваё кароннае: «Урад добры. Урад працуе»» (Архіў аўтара).
У тым самым нумары «Свабоды», дзе было надрукаванае інтэрвію з Шушкевічам, быў апублікаваны і адкрыты ліст старшыні Ініцыятыўнай групы Уладзімера Анцулевіча.
«Той, хто сочыць за падзеямі, што разгортваюцца вакол усебеларускага рэфэрэндуму, мог
заўважыць эвалюцыю адносінаў да яго з боку высокапастаўленых асобаў: ад самаўпэўненага «коней на пераправе не мяняюць» да беспадстаўных абвінавачаньняў Ініцыятыўнай групы ў парушэньні Закону, — пісаў Анцулевіч. — Апагеем гэтага ляманту было выказваньне Старшыні ВС, які ў дзень перадачы падпісных лістоў у Цэнтральную камісію назваў гэтыя подпісы «сьмецьцем». А пасьля на працягу месяца 49 чыноўнікаў з Саўміну і Вярхоўнага Савету, парушаючы закон, разам з Цэнтральнай камісіяй старанна правяралі гэтае «сьмецьце». I не знайшлі ніводнага адмысловага парушэньня закону ініцыятарамі рэфэрэндуму. Цяпер ужо ўсе «кіруючыя асобы» Беларусі прымушаны прызнаць, што звыш 440 тысячаў грамадзянаў выказалі сваю волю, якую праігнараваць немагчыма. Таму — рэфэрэндум будзе!
Аднак — вельмі ня хочацца. I таму спыняецца вясновая сэсія, ня вычарпаўшы парадак дня. I разьбягаюцца дэпутаты на «канікулы». I зрываецца ўвод у дзеяньне агульнаэўрапейскай Дамовы аб скарачэньні звычайных узбраеньняў, бо Беларусь яе не ратыфікавала — для гэтага трэба хоць на адзін дзень склікаць сэсію, а тады паўстане пытаньне пра рэфэрэндум...»
Старшыня Ініцыятыўнай групы прапанаваў Станіславу Шушкевічу тэледэбаты ў прамым тэлевізійным эфіры.
Прапанову Ініцыятыўнай групы правесьці адкрытыя дэбаты ў прамым тэлеэфіры Шушкевіч праігнараваў Але ў сваіх прамых тэлезваротах
(ён, канешне, меў неабмежаваны доступ да эфіру) працягваў крытыку як ідэі рэфэрэндуму аб новых выбарах, гэтак і пазыцыі Народнага Фронту.
Даводзіць да насельніцтва аргумэнтацыю на карысьць рэфэрэндуму давялося нам, дэпутатам парлямэнцкай апазыцыі, калі ўдавалася прарвацца ў эфір тэлебачаньня (што здаралася вельмі рэдка, нягледзячы на гарантаваны Законам аб статусе дэпутата доступ да дзяржаўных СМІ).
Інтэрвію Ігара Герменчука са Станіславам Шушкевічам прыкметнае яшчэ і тым, што ў ім Шушкевіч разгорнута публічна выказаў адмоўнае стаўленьне адносна Беларускага Народнага Фронту і дэпутацкай Апазыцыі БНФ.
Вось ён называе ініцыяванае Народным Фронтам пытаньне «хітравумнай задумкай», фактычна папракае яго імкненьні «бударажыць народ», «яго заблытваць», «так бы мовіць, зьдзекавацца зь яго», ставіць БНФ на адну дошку з «бальшавікамі» ў верагодным, на ягоную думку, намеры сапсаваць міжнародны імідж Беларусі (чаго Фронт ніколі не рабіў). Па ўсім інтэрвію адчуваецца ня вельмі прыхаванае адмоўнае стаўленьне да БНФ і чаканьне ягонай паразы («пэўныя палітычныя рухі спадзяюцца...» — «...яны могуць тут памыліцца»),
Без падтрымкі БНФ было б немагчымае ні абраньне Шушкевіча народным дэпутатам СССР у 1989 годзе, ні ягонае абраньне дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР XII скліканьня ў 1990-ым і ў тым самым годзе — першым намесьнікам старшыні ВС, ні абраньне на пасаду старшыні
ў верасьні 1991-га. На кожным з гэтых этапаў палітычнай кар’еры Шушкевіча адмова БНФ у падтрымцы, без варыянтаў, азначала б паразу.
У свой час актывіст БНФ, адзін зь лідэраў рабочага руху Віктар Івашкевіч трапна заўважыў, што Шушкевіч любіць паўтараць, што на 95% падзяляе праграмныя палажэньні Народнага Фронту, але бяда ў тым, што асноўныя мэты Фронту якраз уваходзяць у іншыя 5%.
За некалькі месяцаў да інтэрвію, узятага Ігарам Герменчуком, у той самай «Свабодзе» зьявілася вялікая публікацыя Андрэя Ганчарова (на той момант — намесьніка галоўнага рэдактара «ЛіМу»), якую можна назваць палітычным партрэтам Станіслава Шушкевіча. Называлася яна — «Спадар кампраміс».
«Увогуле, назіраючы, як складваюцца дачыненьні Станіслава Шушкевіча з тымі, хто на тым або іншым этапе палітычнай кар’еры дапамагаў яму, — узьнікае досыць дзіўнае ўражаньне, што ён ім... «не даруе», — канстатаваў аўтар. — Так, калісьці Шушкевіч спыніў адносіны з БНФ, ня вельмі шануе і парлямэнцкую апазыцыю. А нядаўна разышоўся зь Дзьмітрыем Булахавым, якога ніяк не папракнеш празьмерным радыкалізмам, але роля якога ў выбраньні Шушкевіча старшынём ВС была надзвычай актыўная. Зь іншага боку, напрыклад, Іван Каратчэня (былы першы сакратар Вілейскага РК КПБ — С.Н.), зь якім наш старшыня не зусім карэктна абыходзіўся ў часе памятнага абмеркаваньня пытаньня аб маёмасьці КПБ, становіцца шэфам рабочай групы СНД...
Палітык інэрцыйнага складу, а ня лідэр, які ініцыюе падзеі, Станіслаў Шушкевіч найбольш упэўнена пачуваецца тады, калі тое або іншае пытаньне, што называецца, дасьпела, вырашана самім часам. Застаецца яшчэ крыху націснуць, і лічбы на табло засьведчаць такое кранальнае адзінадушша. У гэтыя імгненьні не прынята ўзгадваць, хто ж першы вымавіў «а», затое ўзьнікае ілюзія перамогі «цэнтрысцкай лініі», якую праводзіць старшыня» («Свабода», люты 1992).
Вельмі трапныя назіраньні зрабіў Андрэй Ганчароў. Так было і зь Незалежнасьцю, якую ў красавіку 1991-га Шушкевіч называў жартам, аў першы дзень надзвычайнай сэсіі, 24 жніўня 1991, не жадаў уключаць у парадак дня пытаньне аб наданьні Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. I толькі Апазыцыя БНФ разам з фронтаўскімі актывістамі на плошчы няспынным ціскам прымусіла дэпутатаў зрабіць тое, што ўжо днём раней зрабіла Вярхоўная Рады Украіны.
Магчыма, асьцярожнае стаўленьне да нейкіх прапановаў можна лічыць станоўчай для палітыка рысай — але ў спакойныя часы і ў краінах, дзе дэмакратычныя інстытуцыі маюць даўнія традыцыі. А Беларусь у 1992-1993 гадах вымагала рэформаў, і найперш — палітычных. Для гэтага лідэр мусіў мець якасьці ініцыятыўнага палітыка — якімі ў Расеі валодаў Ельцын, якія былі ў Пазьняка, і ў пэўнай ступені (хоць усё часьцей са знакам «мінус») — нават у Кебіча.
Калі ж вярнуцца да палітычнай пазыцыі, дык Станіслаў Шушкевіч выказаў яе недвухсэнсава і гранічна зразумела ў адказе на пытаньне Ігара Герменчука пра магчымасьць увядзеньня ў Беларусі пасады прэзыдэнта:
«Гэта відавочна адзіная пазыцыя, дзе я пагаджаюся з падыходам Беларускага Народнага Фронту. Я лічу, што нельга ўводзіць пасаду прэзыдэнта — пакуль што». I далей: «Я буду рабіць усё магчымае, каб пераканаць наш Вярхоўны Савет не ісьці на такі захад раней чым праз 3-4 гады».
Такім чынам, супольнай з БНФ у Шушкевіча засталася толькі адна «пазыцыя».
Пройдзе паўгода, і ў пачатку 1993-га Шушкевіч, як старшыня Канстытуцыйнай Камісіі, пагодзіцца на ўвядзеньне пасады прэзыдэнта.
У 2010-м у інтэрвію Віталю Цыганкову на пытаньне пра лёс рэфэрэндуму, які не адбыўся, Шушкевіч патлумачыў, чаму адмовіўся падтрымаць рэфэрэндум: «Калі б я заявіў, што падтрымліваю — то што было б? Правалілі б раз-другі, а потым сказалі б — «навошта ты нам такі патрэбны?».
Урэшце, намэнклятура сказала гэтак Шушкевічу — у студзені 1994-га. А тады, у 1992-ім, у стаўленьні да пытаньня рэфэрэндуму пазыцыі Шушкевіча і «бальшавікоў», і шырэй — усёй парлямэнцкай большасьці — супадалі цалкам.
I ня толькі з камуністамі — супадала і з тымі, хто да парлямэнцкай большасьці не належаў, але быў у адкрытым канфлікце з Шушкевічам з
прычынаў незадаволеных асабістых амбіцыяў. He падтрымаў ініцыятыву БНФ Віктар Ганчар — як кваліфікаваны юрыст ён бачыў недзеяздольнасьць Вярхоўнага Савету, часта казаў, што свой патэнцыял гэты склад парлямэнту вычарпаў. I адначасна быў супраць рэфэрэндуму, бо ня быў упэўнены, што ён адбудзецца — у часы дэпутацтва ён ніколі ня ўдзельнічаў у тым, што мела шанец скончыцца няўдала і адмоўна адбіцца на ягоным рэнамэ. Старшыня камісіі Вярхоўнага Савету па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў рыхтаваў (разам з намэнклятурай) адмоўны вэрдыкт, каб увайсьці ў гісторыю магільшчыкам рэфэрэндуму. Калі Ганчар і Булахаў крытыкавалі ініцыятыву БНФ, але пакуль устрымліваліся ад адмоўных ацэнак самога Народнага Фронту, дык Аляксандар Лукашэнка ня стрымліваў сябе ні ў чым — у БНФ ён бачыў ідэйнага ворага. У стаўленьні да рэфэрэндуму яны з Шушкевічам былі адзіныя.