• Часопісы
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    — Я не магу паехаць і не паеду,— цвёрда адказала дзяўчына.
    Канцавы толькі слухаў і нешта думаў.
    Ноч цямнела і быццам траціла сваю душную мляўкасць. Зараніцы пыхалі рэдка, а часцей трапяталіся лісцікі на соннай грушцы. Трэба было йсці ў хату.
    XVI
    Добры, слаўны прыяцель Абдзіраловіча, вучыцель Мікола Канцавы, у каторага ён гасцяваў, ехаўшы з Каўказа ў Маскву, яшчэ раней часам надта шкадаваў, што гэткі, здавалася яму, здольны і развіты чалавек, як Ігнась, прападаець для святой справы адраджэння, гінець у рэнегацтве.
    Але сярод бясконцай і рупатнай штодзённасці Мікола забываўсь на яго і толькі тады, як надта ўжо балючай
    бьіла нястача свядомых работнікаў сярод інтэлігентных беларусаў, ён ізноў уздумаваў на прыяцеля і папікаў сябе самога, чаму ў сваю пару не навярнуў яго на беларускую свядомасць.
    Разам і вінаваціў і бязвініў сябе за тое ўпушчэнства, бо ў думках у яго праляцеў той нейкі быццам сорам, які апанаваў яго калісьці, калі пачаў быў агітаваць Ігнася.
    Мікола не меў даволі часу, каб разабрацца добра ў прычынах сораму, але ўважаў, што тут глаўную ролю згуляла яго вялікая прыязнасць да Ігнася, хварэўшага тады на рэфлексію і індывідуальныя перажыванні, і яго глыбокая пашана да Ігнасёвых думак і пераконанняў, як чалавека, каторага Мікола змалку ставіў вышэй за сябе па інтэлекту і па агульнаму развіццю.
    Яму здавалася ці як бы чулася, што некалі Ігнась сам разгледзіцца і навернецца і яшчэ павядзець за сабою такіх, як ён, Мікола. Яму здавалася, што наварачываць Ігнася — ненатуральны занятак. Дык жа і сорамна было б даводзіць Ігнасю тое, што можна даводзіць хіба цёмнаму, непісьменнаму чалавеку, каторы навет не ведае, што ён беларус. Апрача таго, Мікола з Ігнасём быў выхаванцам аднэй школы, у якой абодва былі звычайнымі «рускімі», аб беларускай свядомасці нічога й не чулі, дык і дзеля гэтага было неяк сорамна агітаваць Абдзіраловіча ці тое — быццам даросламу і здольнаму чалавеку выкладаць па-настаўніцку новую азбуку, заместа той фальшывай, якую дала ім маскоўская школа. Ігнась Абдзіраловіч і азбука, хоць бы й новая,— гэта ж дапраўды сорам, калі такі чалавек дасюль яшчэ патрабуець яе,— так разважаў Мікола аб любым сваім таварышу, аднак не ганіў яго, бо ведаў, што і тут ёсць свае важныя прычыны, толькі гэты пункт, праз недахват часу, быў найболей нез’яснёны для самога вучыцеля. Апрача таго, Міколу Канцавому здавалася, што адраджэнне ў астатні час, праз вайну і рэвалюцыю, зваявала сябе каласальны паспех, так што няма ўжо патрэбы давадзіць шмат чаго такога, што вымагала даводжання яшчэ ўсяго якіх пяць гадоў таму назад... Яму здавалася, што ўсе рэнегаты-беларусы ведаюць аб адраджэнні і аб тым, што павінны адраджацца, і калі не адраджаюцца, дык з прычыны прыкрай людской нядбайнасці і папсаванасці сваей натуры. Разумеецца, Абдзіраловіч у вачох Міколы залічаўся да катэгорыі нядбайных, a
    не папсаваных рэнегатаў. Навет для нядбайнасці Абдзіраловіча Мікола прызнаваў важныя бязвінячыя прычыны, бо дужа любіў і шанаваў яго.
    За астатні час Мікола Канцавы часта знаходзіўся ў ажыўлёным, падвышаным настрою і нават траціў сваю ранейшую нясмеласць, ціхасць і дагодлівасць перад усякім чалавекам. Беларуская праца неспадзявана шырылася вялікім валам у абкружаючым сялянскім моры і быццам шырыла дух ці то нутро вучыцеля... Рух набіраў усё болей сацыяльнага выгляду. Гармонія ранейшых, пераважна ці навет часам выключна нацыянальных асобнасцяў руху з навейшымі, цяперашняга часу, сацыяльнымі яго асобнасцямі поўніла незвычайнай радасцю сэрца Міколы, бо ён дасканальна пераверыўся, што толькі на шляху нацыянальна-сацыяльным беларускае адраджэнне будзе пэўным і абхопіць шыбка й памысна вялізазныя масы беларускага сялянства. I не толькі сялянства, адылі й беларускага мяшчанства, думаў ён, гдзе яно яшчэ ёсць і маець у свае ідэалогіі і сваім жыцці шмат а шмат беларускасці. Такое мяшчанства Мікола бачыў у некаторых губэрнскіх і павятовых местах усходняй Беларусі, дзе траплялася бываць яму, і ён ніколі не забываўся ў сваім глухім дзеравенскім куце, што якраз гэтае мяшчанства яшчэ можа згуляць ролю першых байцоў у змаганні з нясходаным, праклятым русіфікацыйным павевам і ўплывам, сучасных беларускіх гарадоў, беларускіх у значнай меры толькі па назову. Сацыяльны бок адраджэння захопіць найбольш годныя і надта карысныя (як даволі культурныя) часткі непамершага беларускага мяшчанства! Гарэцкія вучні-беларусы, якія ўносілі ў працу вядомую сістэму і арганізацыю і з якімі цяпер Мікола і другія вучыцялі мелі добра наснуджаны звязак і бесперастанку зносіны, яны надзеілі яго ў гэтай думцы сваімі паведамленнямі, гутаркамі і дакладамі аб іхняй агітацыйнаасветнай дзеяльнасці на прасторы ўсяе бацькаўшчыны і, глаўным чынам, горацкіх ваколіц і наогул усходняе палавінкі Беларусі, гдзе не замінала той дзеяльнасці, як на заходзе, разнавер’е з маскоўцамі і гдзе сацыяльны грунт быў шмат ляпейшы, болей бо падрыхтаваны. Надзеілі яго й тыя рэзультаты беларускай працы, якія падвышаліся ў сялянстве разам з падвышаннем рэакцыі ў ім проціў бальшавіцкага ладу жыцця. Як прызвычаена шчыраму і мяккаму чалавеку, Мікола сазнаваў.
    што радасць яго гэтай рэакцыі прынцыпіяльна не можа быць абязвінена і пахвальна, бо яна можа паставіць яго побач з ненавіднымі ворагамі народа і справядлівасці, што радавацца асабліва няма чаму, бо ідэя нацыянальнага бальшавізму (гэтае слова мімаволі прыдумалася і склалася ў яго ў галаве), тая ідэя ні каліва не патускнела ў мужыцкай свядомасці, і што толькі сучасная форма бальшавіцкай ідэі спрыклілась мужыком дзеля розных прычын звонку, як блакада бальшавіцкай тэрыторыі, і прычын знутры, як камісарскае злачынства і няўмельства. Мікола шчыра зазначаў для спакою свае душы, што, быць можа, і зусім не было б у яго той радасці, каб гнятучая большасць вядомых яму бальшавікоў не была несвядома для самае сябе маскалячай сілай ці проста варожай для беларускага адраджэння сілай. Міколе, як і ўсім адраджэнцам, было дужа цяжка знасіць тое, што на тэрыторыі Беларусі ў бальшавізму, апрача чужынцоў, ачынуліся і ўзяліся кіраваць беларускім сялянствам якраз найгоршыя на іх погляд беларускія людзі, бо абмаскаленыя беларусы, закаранелыя рэнегаты і партыйна-тупыя праціўнікі «ўсякага там яшчэ адраджэння», пагарджаўшыя, з іх убогай духоўна фанатычнасцю, беларускай моваю і ўсім нацыянальнабеларускім. Дык Мікола ведаў прынцыпіяльную цану свае радасці з прычыны сялянскай няласкі да бальшавікоў, аднак радаваўся, бо бачыў у тым настрою сялян карысць для руху. Калі гэткі самы настрой пануе сярод сялян і за дэмаркацыйнай лініяй,— думаў вучыцель,— дык там правадыры беларускага руху напэўна здолеюць к часу адыходу з Беларусі немцаў стварыць беларускае войска і аружнай сілай абараніць бацькаўшчыну! А там... а там...— думкі яго ляцелі шпарчэй і шпарчэй і губілі парадак і звязак з далёкай ад іх сапраўднасцю.
    Ажыўлёны, падвышаны настрой ці быццам нейкае нэрвовае абурэнне, ад якога лёгка хмялілась галава і гарэлі шчокі, было ў Міколы цяпер надта часта. Яно было, аднак, не толькі ад радасцяў, што беларускасць добра пашыраецца, але таксама з тае прычыны, што ён уцягнуўся ў небяспечнае змаганне, якое пагражала страшнай «чразвычайкай». Калі прад вачмі плылі абразкі арышту, дапытаў у той «чразвычайцы» ці трыбунале,— ён мімаволі шукаў думкамі, хто абстоіў ба яго перад бальшавіцкімі дыктатарамі, ён прыемна азя-
    ляўся, хмяліўся, расчуляўся. Тут думкі яго ўзбавіліся на Абдзіраловіча. А той пісаў Міколу неяк раз, што жывець у N., што некалі абараніў ад смерці цяперашняга бальшавіцкага N-скага завадэвуша кульгавага Гаршка, значыцца, блізак да бальшавіцкіх вярхоў і можа вызваліць навет з «чразвычайкі». I ён вызваляець адтуль свайго Міколу... Так летуцеў вучыцель і раптам чырванеў, схапіўшыся, што ў гарачы, грозны час крывавага змагання займаецца такім дзяцінствам. А ўздумаўшы на друга, ізноў шкадаваў, што ў сваю пару не зрабіў з Абдзіраловіча рупнага працаўніка на ніве беларускага адраджэння.
    XVII
    На мысль адну аб тым ад болі сэрца млее... Нашто ж, нашто было цябе мне палюбіць?
    Тваёй быць не магу — на то няма надзеі,— А без цябе... О, не, я не магу так жыць.
    К. Буйло
    Іра Сакавічанка, дачка ляснічага, скончыўшы гімназію ў N., паступіла на пасаду земскай настаўніцы ў глухой правінцыі недалёчка ад Крупак, двара Абдзіраловічаў. Яна была на раздарожжы: хацелася ехаць на вышэйшыя курсы, хацелася памагаць бацьком вучыць малодшых дзяцей, значыцца, служыць, зарабляць грошы. Хацелася — от, так, неабмеркавана, няясна чаму — забіцца ў глухі кут, у бедную школку, вучыць дзяцей, чытаць кніжкі і думаць аб нейкіх неспадзяванках у жыцці. 3 беларускім рухам яна пазнаёмілася яшчэ на школьнай лаўцы: гімназісты давалі чытаць беларускія кніжкі. Перад службай Ірачка думала так: для адраджэння патрэбны людзі з вышэйшай асветаю, дык яна папрацуець год-два ў школцы, заробіць грошы, а потым паедзе вучыцца; дый ці мала чаго перадумала тагдьі дзяўчына... А выйшла зусім не тое. Ля Крупак яна пранастаўнічала чатыры гады — да той памятнай для яе вясны, калі ўлюбілася ў студэнта Абдзіраловіча. Пасля яна перавялася ў Гарэцкі павет, каб быць бліжэй да Горак: ёй шмат хто казаў, што ў гарэцкіх сельскагаспадарскіх школьных інстытуцыях ёсць надта многа свядомых беларусаў паміж вучняў. Яна хацела вырваць з успамінаў тую вясну, назаўсёды зрачыся ўсякіх любошчаў і ўсёй душою аддацца «толькі аднэй святой працы — працы на ніве беларускага адраджэння». Пера-
    ехаўшы ў новую школку, яна незабавам завязала зносіны з Горкамі. Там на першым беларускім спектаклю яна надта расчулілась ад прыемнасці і разам расчаравалася. Пабачыла, з якімі высілкамі працуе жменька ідэёвай маладзёжы, як мала зроблена і як шмат працы ёсць усюдых, усюдых. I яна завінулась ля гэтай працы, колькі дазвалялі сілы і час. Сеяла беларускую свядомасць сярод сялян і сялянскай інтэлігенцыі. Вучыла не толькі дзяцей, але й дарослых чытаць, пісаць, дэкламаваць і пяяць па-беларуску. А вучыла без беларускіх падручнікаў, бо іх няможна было дастаць з-за дэмаркацыйнай лініі.
    Гэтая праца захапляла яе ўсю. Даўгі час Іра быццам не мела а ні той вясны, а ні тога кахання, а ні тых успамінаў. Быццам забылася на Абдзіраловіча.