• Часопісы
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    — Ах, каб жа бог даў...— уздыхнуў змучаны Карпавіч і без асаблівай цікавасці і ўважнасці засудзіў сябе, што — бальшавік, а гаворыць — «бог даў».
    — Каб жа бог даў, як той казаў,— падумаўшы і пераскачыўшы небяспечнае месца, дадаў Карпавіч.
    — А як мы іх турылі па Газэтнаму завулку,— весяліў успамінамі сябе і старога Васіль,— шкода, што не злавілі начальніка партыі, гэтага нягоднага князя.
    — Гальшанскага? Шкода, праўда што. Партыйка-то яго так сабе: блазні, кадзеты, юнкяры... Во сам б’ецца, як нячысцік. Усюдых паспее,— гаварыў стары.
    — У страўню вегетарыянскую ці там нейдзе шмыкнуў і схаваўся. Пяць кулек пусціў яму ў сугон, ды абмахнуўся: пашчасціла князю ўцячы.
    Раптам загудзела міма граната і з вялікім грукатам бахнулася высока аб мур.
    Сыпнулася вапна, цэгла, і закурыўся пыл.
    Яны шпарка ўбеглі ў вароты.
    — Пачакаем.
    — Трэба.
    — Ах, не ведаю, як маецца матка,— сказаў Васіль.
    — Але, здалася старка. Каб ногды зусім не развіталася з намі. I што ёй? Здаецца ж, век як не бог ведаеце які.
    — Каб толькі, кажа, яшчэ хоць на паніча Ігналіка зірнуць.
    — 3 галавы ёй нешта не выходзіць гэны паніч.
    — Ну, як жа: узгадавала яго, сіротку.
    — А цікаўна, як ён цяпер? 3 чыйго боку? — пытаючы, казаў Карпавіч.
    I раптам неўспадзеўкі наперадзе нехта дужа свіснуў.
    — Стой!
    Сунуўся груд людзей.
    Група усякіх мястовых паноў, з’ёжаных і падняўшых каўняры, нейкіх яшчэ шабадраных жулікаў і двохтрох чалавек у шынэлях, абкружаныя ўзброенымі чырвонагвардзейцамі, рушыла ўгору па вуліцы.
    — Свае, свае!
    Яны прад’явілі паролі і сказаліся.
    — А! Таварыш Гаршчок! 3 Газэтнага завулка? Вы як мае быць усыпалі ім, калі яны ўцякалі.
    — Нічога, як трапілася,— адказаў Карпавіч.
    — Васілёк! — зняцейку пачуўся з групы арыштаваных абніжоны голас Абдзіраловіча.
    — Ігнат Восіпавіч, як гэта вы папаліся? — пазнаў яго ў шынэлі з адрэзанымі наплечнікамі і адгукнуўся Васіль.— Таварыш начальнік,— папрасіўся ён у галоўнага канваіра,— дазвольце паздароўкацца.
    — Я ехаў на доктарскую камісію, я не ведаў, што дзеецца ў месце, і на вакзале мяне ніхто не задзержыў. Во — запіска, што ў мяне адабрана аружжа. Ішоў я, Васілёк, да вас; тут мяне арыштавалі. А я чалавек хворы і не магу змагацца з ніводнага боку. I я, таварышы, ледзь на нагах стаю,— казаў Абдзіраловіч.
    — Вы яго знаеце? — спытаўся начальнік канвоя ў Васіля.
    — Добра знаю.
    — I я таксама,— адгукнуўся Карповіч.
    — Ну, дык можаце ўзяць яго да сябе.
    Абдзіраловіч радасна выйшаў з прыкрага кола.
    Яны пайшлі.
    — А мама дужа хварэець,— зазначыў Васілёк.
    — Ну, што ты?! — занеспакоіўся Абдзіраловіч.
    — А так, дужа хварэець. Будзе рада, што вы прыйдзеце.
    Ды толькі яны ступілі некалькі сігоў, як блізюхтанька з варот пасыпаліся рэвальверныя стрэлы.
    Яны махам крутнуліся ўбок.
    Але Карпавіч, відаць, зачапіўся за нешта, спатыкнуўся і заваліўся.
    — Таварышы! — нейкім пісклявым галаском завапіў ён.— Таварышы, ратуйце!
    3 варот выбегла некалькі чалавек белай гвардзіі са знаёмым Абдзіраловічу па лазарэце капітанам Гарэшкам за даводцу. Яны ў мамэнт абкружылі Абдзіраловіча.
    Васіль некуды кінуўся наўцёкі і як наскрозьдоння праваліўся.
    Высокі Гарэшка злажыўся рэвальверам на ляжачага дробненькага Карповіча.
    — Капітан!! Стойце! Здурнелі!! — праразліва загаласіў Абдзіраловіч і выставіў рукі перад Гарэшкам.
    Той не мог ужо здзержацца і стрэліў, але сківірнуўся перад рукамі, і-куля папала толькі ў нагу Гаршку.
    — Ая-я-я-яй!! — заекатаў, як сабака, дзядок, схапіўшыся за нагу.
    — Няма чаго шкадаваць такую дрэнь,— зласліва адказаў капітан.
    — Ператрэсці яго,— даў ён злёгку выспяткам у бок Карповічу.— Ну, а вы, прапаршчык, якім чынам укруціліся ў добрую кумпанію? Яны вас вялі пад канвоем?
    — Так, пане капітане. Яны не далі веры маім паперам і вялі мяне ў свой камітэт.
    — Хваліце ж бога за іхную дурнату. Даўно-о маглі б яны адправіць вас на лона святых радзіцелькаў. Што ж, вааружайцеся. Спадзяюся, вы зробіце, як вам падкажа вашае сумленне і службовая павіннасць.
    На вуліцы было зусім цёмна.
    Гуд бою сцішыўся на ноч.
    3 Карпавіча паздзіралі патранташы і чырвоныя перавязкі, паклалі на насілкі і панеслі ў бальніцу.
    Яны, як афіцэры, вялі перад і йшлі побач. Калі Абдзіраловіч зірнуў збоку на капітана, ён адразу выявіў тыя, быццам надта а надта даўно былыя часы, калі чарод ехаць на Каўказ не прыхадзіў яму, і тонкая, нібы джгала вужакі, нуда незлавімым мамэнтам датыкалася болем да сэрца і на той мамэнт пужала яго. Фізічна чуў сябе тады ўжо досыць добра, і навет іншы раз увечары ішоў слухаць музыку ці сядзеў у сквэру, хадзіў сярод людзей, каб толькі даць абы-якую разрыўку думкам сваім. «Бурлячая рэвалюцыя коціцца вось міма»,— думаў тады, але не адно гэта смуціла яго. Ён баяўся, што пакуль выправіць паперы ў канцылярыях, сярод немагчымай маруды і куламесы рэвалюцыйнай пары, што йзноў пачнуць круціцца нэрвы, a пасля гэтага з’явіцца, можа, й тое, ненавіднае — у вобразе спакусніцы. А другі голас спрабаваў шаптаць тады яму, што не ўсё ж і адзінота, самота, кнігі і думкі, што трэба нейкага іншага, агульнага з людзьмі і весялейшага бавення. I тры дні бадзяўся прапаршчык па камітэтах, саюзах і пунктах, пакуль-непакуль дастаў усе патрэбныя дакументы, і тым клопатам здушыў крыху вужачае джгала. I ў астатні вечар, ідучы на бульвар па люднаму тратуару з гэтым Гарэшкам, старым дзявочнікам і цынікам, афіцэрам яшчэ мірнага часу, чуў ад яго:
    «Вы праз тое гэткі ціхоня святы, што не ачунялі як мае быць пасля хваробы...»
    Так казаў Гарэшка, па-конску рагочучы, і дадаваў: «А я, пане-браце, люблю зірнуць у прыгожыя вочкі». «Мне таксама люба бачыць прыгажство,— адказаў Абдзіраловіч,— калі нам хочацца смакаваць хараство ў абробленным па-мастацку каменю ці на палатне, дык чаму ж не палюбавацца на жывое, богам створанае хараство?»
    «Дзіўны чалавек! Дальбо, дзіўны вы чалавек! — зарагатаў капітан, хоць і няўважна зусім слухаў, а можа, і не чуў, што казаў прапаршчык.— Дзіўны вы чалавек, ведаеце, сучасны манах ці... ці хітры мудрагель, прытварака, каторы мае любасць у самаашуканстве,— разумееце вы, пане мой? А я, стары грахавод, люблю зірнуць у прыгожыя вочкі,— разумееце вы, прапар?»
    Яшчэ раз паглядзеў Абдзіраловіч збоку на сівеючыя каля вуха, на чырвонай, спечанай скурачцы, валасы капітана і здзівіўся ад успамінаў сваіх і падзівіў спакою свайму. Падзівіў сябе, што не чуў сораму, што не развітаўся з Карпавічам, навет не паглядзеў, калі яго панеслі ў бок ад іхняй дарогі. Нэрваў быццам не было.
    А капітан распытваўся ў яго, як жылося на Каўказе і як прапаршчык апынуўся тут.
    — Наш начальнік атрада,— казаў ён,— таксама толькі што з Каўказа, і трапіў проста ў гэтую кашу. Ен гвардзеец, князь,— Гальшанскі, можа, чулі калі? Баявы, ведаеце. Ух, працуе! У палон чырвоных не бярэць, а хто і перадасца яму, не ўцешыцца: да сценкі!
    — Я, здаецца, сустракаўся з ім у вайсковага начальніка ў Пяцігорску. Але ён не рыхтаваўся выязджаць так скора.
    — Ен, кажа, баяўся, што дарогі стануць, у яго тут справы ў штабу.
    Абдзіраловіч размаўляў ціхім, аслаблым голасам. Ен не мог супоўна ўцяміць частых перамен свайго палажэння. Прыгода з дзядком-бальшавіком, яго айканне стаяла яму ўваччу.
    — Пане капітане! Я павінен вас пакінуць на нейкі час і залучыць тут у вадну знаёмую сям’ю. Заўтра ўранні яўлюся,— папрасіў ён.
    Гарэшка задумаўся і пацёр сваю рэдзенькую сівізну ля вуха.
    — Ано, можаце пайсці! Ды пільнуйце, галубок, сценкі і плота. Смеху будзе варта, калі згінеце за неасцярожнасць.
    Зь! Зь! — зняцейку зазвінела міма вуха.
    Людзі шурхнулі ўва ўсе бакі і прыгнуліся.
    — Во, бачыце? — крыкнуў яму капітан у дагон. I чорт яго ведае, адкуль і хто, свой ці чужы.
    Абдзіраловіч аддаў чэсць і трушком пабег за рог дома, спадзяваўся знайсці Васіля ці прабрацца на вакзал.
    «Так, свой ці чужы,— падумаў ён з нейкім сорамам ці каяннем.— Я не ведаю, хто мне свой і хто чужы. Я дзяржуся дзікога нейтралітэту і ашуківаю тых і гэтых і самога сябе. Няўжо панская кроў, каторая цячэць у маіх жылах, маець тут нейкае значэнне? Ату, што за дурныя думкі — гэтага не можа быць».
    I адна палова яго, каторая разумела белых, маўчала, знямела.
    I другая палова яго, каторая разумела чырвоных, х-ымагала, каб ён знайшоў князя і забіў яго і каб ён дагнаў Гарэшку і даў яму выспятка пад грудзі, як той даў ляжачаму Гаршку.
    Інстынктыўна, з агідаю матнуў ён рукою, каторую пажмаў Гарэшка.
    XIII
    Яна ведала, што смертнуха стаіць блізка — у галавах у яе.
    — Васілёк, галубец, любінькі,— шаптала яна, трудна вымаўляючы словы,— што, не заб'юць яны паніча? Ай, Карпавіч, Карпавіч, дастаў, бедны, больку...
    — За што ж ба яны забівалі афіцэра?
    — А ён? За каго ж ён руку дзяржыць?
    — Ды так ён неяк, што не магу яго ўцяміць: як быццам за нас, як быццам — не. Бадай што ні за нас, ні за паноў.
    — He можа быць, каб Ігналік проці народа пайшоў, не такоўскі Ігналік, не павінен... А змусціцеля нашага, кажаш, падстралілі... Авохці, Карпавіч, даскакаўся стары, авохці...
    Хворая ледзь шавяліла перасохлымі вуснамі, пазірала з глыбокіх вачавых ямін тужлівым і трудлівым зрокам і перабірала збялелымі, як белы воск, пальцамі па краюшку коўдры.
    Лямпачка тускла мігцела, і ў падвале было нудна. Вася грукаў і барабаніў самаварам ля печы ў парозе. Зрэдку далятаў сюды глухі гул артылерыі і ціхае трашчанне кулямёта — як словам вартаўнік круціў кляшчотку. У вакне адбіваўся чырвоны бліск пажарышча.
    — А божа мой, божа мой! — затужыла йзноў хворая.— Памру во і не пабачу яго. I ты, галубок, ці жыў застанешся, хто ведае. Калі тая завіруха скончыцца? Карпавіч скакаў, скакаў і дастаў сябе больку...
    — Заўтра ўранні скончыцца,— спакойна адказаў Васіль.— Заўтра ўранні штурм.
    — Што ж гэта за штурм?
    — Кінемся ўсе раптам на белых і саб’ём іх.
    — А божа мой, божа мой! Колька людзей паб’юць яшчэ. Дай вады. Авохці, сканаець твая матка, Васілёк, скора сканаець. Карцавіч наш, можа, там ужо: пабачымся.
    Васіль маўчаў і быў невясёлы.
    Стук! Стук! — пачулася, як нехта стукнуў пад дзвярамі.
    Работнік схапіўся за стрэльбу і падбег.
    — Хто? — крыкнуў ён.
    — Я... Ігнат Восіпавіч... Адчыні мне, Васілька!
    Хворая, забыўшыся на боль, узнялася на локцях і ўстроміла вочы ў дзверы.
    — Ен, ён, ён,— шаптала яна.