• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    — Гэта другое пытанне... Але палітыку ўрада ў цяперашнім складзе я лічу справядлівай і буду, у разе патрэбы, бараніць яе так, як належыцца салдату, і проці ўсякага ворага.
    — А, так-а-ак...— ізноў працягнуў той і насілу, а наўмысля ўсміхнуўся,— ну, ведама, проці ўсякага ворага... Балазе ў радах гэтых ворагаў няма роднага або блізкага чалавека. Балазе й самі ж вы, мяркуючы, так сказаць, па адзнаках звонку,— белая костка.
    Каб не пасварыцца, Абдзіраловіч хацеў ужо ўцячы ад сухотніка; добра — пастукалі.
    — Зробце ласку! — крыкнуў латыш.
    Адчыніліся дзверы, і дзяўчына-казачка, дагляданніца хворых, падала прапаршчыку сэкрэтку.
    — Вам пасланец пісулечку прынёс,— ласкава прамовіла і прыхільна паглядзела яна.
    «Ігналік! Прыходзьце зараз. Чакаю. Аля» — з радасным тамаваннем у сэрцы прачытаў ён і пачуў ізноў прыязнасць да раздражнёнага актора і трошку нейкую вінаватасць перад ім.
    — Даруйце, як ласка. Прашу прабачэння... пайду,— з яснеючай усмешкай жмаў ён яго руку.
    — Так, так... нічога. He марнуйце часу: вам, здаецца, некалі,— безуважна і сцюдзёна адказаў хворы.
    Абдзіраловіч ляцеў на крыллі да Макасеяў, аднак жа спазніўся.
    Тут ужо было многа каго, у той лічбе і князь.
    Ен сядзеў з гаспадыняй каля самавара і з паважным выглядам аб нечым гаманіў з ёю.
    Прапаршчык Кунст іграў на гітары. Аля і дзве малыя сястрычкі вярцеліся ў вальцу з афіцэрамі.
    Пакуль Абдзіраловіч падайшоў да столу, князь паспеў адысці ў вугол, дзе быццам надта зацікавіўся нейкаю гравюраю.
    Гаспадыня сянні высакасэрдна падставіла Абдзіраловічу руку і не сустрэла паўсёднымі жартамі, як ён дружыць з Алечкаю, і запрашаннямі «пачаставацца».
    Толькі Аля, як скончыўся танец, угледзеўшы, скоранька падбегла да яго. Чорныя вочкі блішчэлі і казалі тое, што толькі ён і яна разумелі. Дзяўчынка з пяшчотаю шлёпала яго па руцэ, кажучы: «Нядобры, нядобры! Няможна так пазніцца. Мы з мамаю ўчора бачылі вас у Пяцігорску два разы, а вы ніводнага разу не мелі ласкі заўважыць нас. Спачатку вы ехалі ў трамваі. Потым ішлі з нейкімі «таварышамі»... Мама вельмі здзівілася. А мне ўсё роўна, толькі няможна было падысці — шкода»...— I потым дадала, заглядаючы знізу ў глыб яго вачэй: — Сэкрэтачку атрымалі?
    — Ага,— адказаў ён нутраным, з дрыжачымі ноткамі голасам і глядзеў на чорна-бліскучыя, курчавыя пасмачкі, і незвычайна ясна зразумеў, якая ж дзяўчына яму блізкая і як яна люба яму.
    Князь рана пайшоў; ён гэта прыкмеціў.
    Матка Алі быццам і не змяніла ласку, хоць і была якаясь ўжо не ранейшая.
    Абдзіраловіч прагуляў вечар шчасліва і як ніколі. Скакаў з дзяўчынкамі, Алінымі сястрычкамі, сыграў для ўсіх штосьці на гітары з асаблівым мастацкім
    захапленнем; астаўся з Алечкаю на балконе, глядзеў на ясныя зорачкі на далёкім небе за чорнаю спячаю аграмадзінаю Бештаў. Апавядаў некалькі падзей з свайго жыцця; намаляваў ёй абраз свайго дзяцінства і маленства; развіваў планы на будучыню.
    Яна, далікатненькая і кволая, са збялелым у цямноце тварыкам, з любасцю слухала яго, паклаўшы яму на плечы свае рукі.
    Спачатку матка прыслала сястру з хвусткаю, а потым — каб гукнуць іх у пакоі, каб не застудзіліся.
    VI
    I пачаліся дні балючай рэўнасці, адчаю і смяротнай тугі.
    Аля як быццам зусім забылася на яго. Яна бавіла ўвесь час у паездках с маткаю і князем то ў Кіславодск, то ў горы, то ў італьянскую калонію.
    Яго месца каля Алі забраў сабе князь — гэта было ясна.
    I навет няня Макасеяў у парку, калі дзеці хацелі гуляць каля лавачкі, дзе сядзеў Абдзіраловіч, вінаватая вяла іх ад яго.
    На другую за той вечарынку ён не быў запрошаны.
    I бесклапотныя прапаршчыкі, што хадзілі туды наядацца і піць віно, ласкава і па-прасцецку казалі яму:
    — Эй, кіньце, прапаршчык Абдзіраловіч! Ці ж вы гэта запраўды? Бо яна ж яшчэ зялёная дзяўчынка, ветрык... I ведаеце, надта спатвораная. Як яна выказуецца! Курыць, п’ець віно, троху чаго ні пры ўсіх цалуецца з князем і з кім пападзя. Навет князю сорамна.
    Абдзіраловіч хацеў бы забіць іх за гэткія прыкрыя гутаркі аб яго ідэалу, але толькі наўмысля ўсміхаўся і пільнаваў, каб як уцячы ад ўсіх і быць аднаму. I буркаў толькі ў адказ ім:
    — Ну, вось яшчэ, любіце плесці нет ведама што,— не варта слухаць.
    Аднак яны ведалі, што ён мучаецца, вельмі тым уражаліся і ніякай рады даць не маглі.
    Аднойчы ўранні і надта рана, калі ён, змучаны бяссоннаю начою, туляўся ў пустым парку і бязмэтна трапіў на вакзал якраз к адходу першага ранняга
    поезда, яго вочы стыкнуліся там ля касы з няняю Макасеяў з кошыкам у руках.
    Дзяўчына кінула спуджаным вокам убок і прамовіла:
    — Аля тут... Мы паедзем на станцыю Бештаў па пірог: Валя сянні імяніннік.
    Ен нічога не адказаў і паспяшыў да вагона, дзе стаяла Аля і махала новенькім гнуткім стэкам.
    3 весялосцю, як быццам нічога не здарылася, усё добра, прывіталася яна з Абдзіраловічам і пачала апавядаць, як цікаўна з’ездзілі яны ўчора.
    — Аля! — у трывозе, і запыхаўся, і хапаўся скарэй сказаць ўсё, і дрыжачым голасам прамовіў ён.— Скажыце мне, Аля, што гэта ёсць? Няўжо ўсё скончана?
    — Вы задаліся метаю папсаваць мне настрой, хоць некалькі дзён не бачылі мяне. Слухайце, Ігналік, мне ж не выпадае бегаць за вамі... Што могуць усе падумаць! Ці я вінавата, што вы нейкі, нейкі...— яна памаўчала,— самотны нейкі і ўважаеце ўхіляцца ад паязджання з намі.
    Сэрца яго балюча зазнібела.
    — Чаму ж вы не адказвалі на мае пісьмы?
    — Ай, ну вось... Вы ўсім вінаваціце толькі мяне. Я не пісала таму, што спадзявалася сустрэцца з вамі. Спадзявалася кождага дня, і дні беглі адзін за адным.
    — Падумайце,— без абы-якога звязку перапыхнула яна з радасным смехам,— падумайце: князь рыхтуецца прыйсці да мяне ў сваты! Чакаець толькі татусю. Ах, што за дурны чалавек, як усе мужчыны. Хоць, ведаеце, запраўды, ён паважна гэта робіць. Гэткі знялюбелы! Ну, што я адкажу яму? Падараваў мне стэк. Ляньце: срэбраная мышачка і якая прынадная манаграмка!
    — Бывайце здаровы, Аля... так? — апаўшым голасам, абезнадзеіўшы, спытаўся ён.
    — Слухайце, Ігналік, калі не хочаце пасварыцца канец з канцом, дык пакіньце сваю драматычнасць і злуванне, чуеце?
    Паравоз запыхкаў і дзьмухнуў белаю параю. Сірэна чыстым, звонкім і зычным голасам прапела ў свежым горным паветры.
    Яны рассталіся.
    Доўга стаяў Абдзіраловіч і глядзеў туды, гдзе у лесе хаваўся за дрэвы і кусты, уцякаючы, поезд.
    Яна некалькі разоў, жадаючы пацешыць яго, Max-
    нула ручкаю, але скарэй, чымсі ён усё яшчэ спадзяваўся, схавалася за дзвярмі.
    «Міласлівы пане гаспадару! Прашу адкінуць усякія думкі аб маей дачцэ. I гэтае маё жаданне зусім натуральнае пры поўным з майго боку няведанні аб тым, хто Вы і што Вы ў Вашам грамадскім стане па-за вайсковаю службаю, маю надзею, будзе Вамі, як афіцэрам, добра споўнена. Макасеева» — прачытаў ён у прынесеным пасля снедання пісьме і зняможна лёг на канапку.
    — Князь прадыктаваў! Аб яго залатой торбе яна добра ведае,— скрыгнуў ён зубамі.— А ты, Аля, Аля! Ах, навошта, навошта ўсё гэта было?
    I цяжкі гнёт наваліўся на яго, апанаваў яго.
    Белы тварык з чорнымі бліскучымі вачмі і курчавымі пасмачкамі, дзявоцкі смех і жарты — гэта быў боль і мука без паратунку.
    Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. I калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы, уцячы...»
    VII
    Тая смутна-ціхая пара, каторую так любіў і каторая стаяла ўваччу, калі думкі ляцелі да хатак Белару .1, яна ўжо даўно мінулася, калі ён прыехаў.
    Ужо даўным-даўно перайшлі тыя дні, калі слабнучае сонейка яшчэ прыпякала, а селянін першы раз сёлета паліў пад асеццю. Дым шэра-палавою стружкаю віўся па-над вільчыкам страхі і плыў угару чуць віднымі фарботамі. Цягнулася белая ніцявінка павучыння... Вераб’іная стая дружна хуркала з-за плота на канаплянішча, і хлопчык бег па высокай і вузкай, нязручнай мяжы, сярод зялёных густых канапель, зганяць іх, а яны: хуррр! — паляцелі ў поле на снапы жоўтай пшанічкі ці ў лес. Емка кідаў ён шубнём і думаў з прыкрасцю, што — ах, колькі канапелек збіта, і з уцехаю, што — нічога: заўтра яго возьмуць ляшыць жыта і паднасіць сяўню.
    Перайшлі тыя дні.
    Перайшлі ў яго там, дзе было прыгожае сонечнае ранне, курортны поезд бег ад Мінеральных Водаў пад Пяцігорскам. Надта рана. Морыць сон. Пасажары
    дрэмлюць. Усходзіць сонца. Далякосці абгорнуты посіня-залатою імглою; яна пачынае таяць, і там а тут касулькі бліскуча-радаснага святла граюць ужо на кізілавых кустох, і на тэлеграфным дроце, і на полі. Дзе ж горы? Мясціна то ўжо гарыстая; то скідаецца тэрасамі ў шырокі і бясконцы дол, то карагодзіцца круглымі ад кустоўя курганкамі ўперамешку з роўнымі, кароткімі шнурочкамі чорнай, як сажа, раллі. 3 левага боку, у другое вакно, сунецца з туману якаясь цёмная грамада. Крутая паваротка дарогі, загрукатаў паравоз у правы бок — і горы блізка, блізка... як на далоні, як на карцінцы або ў біноклю. Там голая скаліна, там зялёныя грудочкі кустоўя. Здаецца, не надта вялікая гара, стаіць на самоце, адна, як курган. Адылі бягуць мінуты, далёка забег поезд,— яна ўсё такая ж блізкая, блізкая. А вёрстаў дваццаць будзе да яе адгэтуль, а можа, і болей. I горны лес, што ўкрыў яе, рысуецца зялёнымі плямамі кустоў ці травы і моху. Гэта гара-волат Бештаў.
    Як сон прайшла тая пара. I светлы, залаты, і чорны, цяжкі сон.
    Сядзіць ля вакна. Адзін. Мікола пайшоў у другую палову, дзе кляс.
    Па небе шпарка ляцяць цёмныя воблакі. Распаўзаюцца, чапаюцца, збіраюцца ў адзін груд і засцяць неба. Смоўжам звілася над зямелькаю брудна-шэрая аграмадная пялёнка; яна хавае сонца. Пачырванелі дробньія ручачкі ў хлопчыкаў і дзяўчынак, што з кніжкавымі торбачкамі цераз плячо бягуць па апусцеламу шляху, абсаджанаму з двух бакоў чарадою смутных бяроз. Сцюдзёна. 3 неба белым курам пыляцца снежынкі, сіроткамі сыплюцца знеткуль згары, з няяснасці; выплываюць і мякка кладуцца на зямлю, на суччо бяроз, на ўбогую вопратачку дзяцей, на зімовыя шапачкі і хвустачкі.
    Няможна трываць! Як цяжка. Газет няма трэці дзень. У сяле ходзяць нейкія дурныя чуткі. Быццам у Расеі будуць забіваць усіх чыста паноў. Быццам панскія двары сахою ўзаруць.
    I выплываюць абразы...
    Князь, белы, як крэйда, кажа з трыбуны, што на Беларусі няма клясавага змагання, Вялікі груд бежанцаў — старыя, дзеці, бабы — раптам шалёна кідаецца на яго.