• Часопісы
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    Абдаўся вакзальным клумам і сумятлівасцю.
    Беглі нашэльнікі, важка пхнулі вялізазны воз скрынак, вузлоў і кошыкаў. Дробненька стукалі ножкамі даўно не бачаныя гарадзянкі.
    Ціхамірны і здаволены сабою, пазіраў на іх, уцяшаўся, што не чуе таго даўнейшага, што пачынаецца так салодка і прыгожа, а мае па сабе нуду і пусткі.
    У буфеце праштурхаўся, сярод падарожнікаў і груду рэчаў, да стала і прасіў чорнай, крэпкай кавы.
    Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі заўважыў наўпроці сябе і спакойна і лёгка адхіліў вочы, збялелы, лёгкі і шчыры пасля хваробы. I пачуваў яшчэ на сабе той радасна-вясёлы, ціхі смех бліскучых дзявоцкіх вачэй. А не глядзеў і ўцяшаўся, што зрабіўся новым, другім.
    На галоснай, макраватай, клумнай і сумятлівай вуліцы доўга, доўга дарма чакаў сярод сярдуючых і раздражнёных людзей, прапусціў некалькі паўнюхтанькіх вагонаў трамвая, быў, аднак, цярпліва-спакойны і з цікавасцю прыглядаўся, ці няма чаго новага цяпер, у часе волі, на гарадской вуліцы.
    I нічога, заміляўся з усім, хаця ж вознік быў не па кішані, хаця ж грошы было надта мала, і яго, зведаўшага ўсю салодкасць пралетарскага быцця (калі пагневаўся з бацькам), цяпер, у шынэлі афіцэра, хаця і не лічаць, можа быць, за ворага, але не прыймаюць і за свайго брата.
    III
    Блізка два месяцы прайшло ў Маскве, у лазарэце, у прыкрым чаканні, калі пашлюць лячыцца на Каўказ.
    Афіцэры безмальна ўсе мелі радню ў горадзе, безмальна ўсе былі болей-меней здаровыя (яго такога, як быў вольнаапрадзяляючымся, зараз пагналі на фронт), блізка што не жылі ў лазарэце, прыходзілі толькі абе-
    даць, вячэраць і зрэдку пад ранне на начлег, калі ён, устаўшы, пазіраў у вакно на пустую вуліцу, на дворніка ў белым хвартуку з мятлою ў руках і на рэдкіх, марудна паўзучых дамоў, змораных начавых вознікаў.
    I гэтая адзінота была яму даспадобы.
    Толькі дужа не давалі спакою мухі, і Абдзіраловіч выходзіў у садок у будачку, абвітую дзікім вінаградам,— ці чытаў кніжку, ці проста сядзеў на сонейку. Хворае цела перашкаджала думаць, і было толькі адно троху-многа рэльефнае чуццё: бурлячая рэвалюцыя праходзе, вось, міма...
    А ўжо значна ачуняў, ужо не мучыўся на жывот, не млеў, і было досіць добра. Ужо іншы раз увечары ішоў слухаць музыку ці сядзеў у сквэру, хадзіў сярод людзей — і ўсё ўцяшаўся з свае вольнасці і незалежнасці.
    А час ішоў, і робілась не дужа цёпла, навет у горад убіваліся гукі і фарбы недалёчкай восені. Паменшала мух, але ж кусаліся яны вельмі балюча і ліплі, як смала.
    Чарод адпраўкі не падхадзіў, і тонкая, маўляў, джгала вужакі, нуда на незлавімае мгненне датыкалася да сэрца і надта пужала.
    За сталом афіцэры гаманілі аб хамстве народа; пад маскаю прылікі, але са злосцю ў душы, як быццам жартліва, спіраліся аб палітыцы з таварышам няняю, што насіла стравы на стол, ці вылічалі волю пакарнейшаму і найцішэйшаму бежанцу, таварышу санітару, каторы не разумеў, аднак, за якую волю ён знялюбіў ім.
    Можна было йзноў распусціцца з нэрвамі. «Трэба барджэй, барджэй выязджаць»,— думаў Абдзіраловіч, седзячы ў сквэру і гледзячы на гуляннікаў.
    Нейкі работнік, у сіняй замасленай блюзе, пад выпетранай шынэлькаю без пагонаў, ішоў, хапаўся; ён пацягнуў за сабою пагляд сваім, здаецца, надта знаёмым абліччам.
    — Васіль! — гукнуў зняцейку для сябе Абдзіраловіч, і работнік прыстояў, пазнаючы яго.
    — Ігнат Восіпавіч?! — з нясмелаю радасцяй прамовіў ён; не ведаў, парукацца яму ці не.
    — А я, а я, любы Васілёк, я самы! А як жа рад нечаканай сустрэчы з табою ў чужой Маскве! — і абшчапіў яго шчыра і проста. Пацалаваліся.
    — Васілёк, як быццам мяне чаго саромішся,—
    казаў Абдзіраловіч,— што ты, галубец? Прысядзь, родненькі. Пагамонім. Цяпер, аджа, не тая пара — памятаеш, як цябе, ніжняга чына, не пусцілі са мною ў залю першае клясы ў Смаленску?
    — Так,— ухільна адказаў Васіль, марудна трапляючы на патрэбны тон. А быў і ён здаволены.
    Ці ж ты не салдат ужо? — спытаўся Абдзіраловіч.
    — He, мяне выпісалі з часці, і я працую на фабрыцы. Жыву з маткаю.
    — Што? I мамка тут! — крыкнуў той, не ведаў, як сказаць аб ёй, а казаць, як калісь, Маланка — сароміўся.— Ай, як ба добра з ёю пабачыцца. А што, здарова, тупаець, як тады?
    — Ат, якое там здароўе, Ігнат Восіпавіч,— а злашчы пры гэткай дарагоўлі. Каб хаця страваванне лепшае.
    Яны троху памаўчалі.
    — Калі не пагрэбуеце...— невясёла і нясмела ўсміхаўшыся, казаў Васіль,— пойдзем, старая будзе надта ж рада. Успамінае вас штодзенна. Адрас вельмі старалася даведацца. Клапаціла, ці не забіты вы?
    — А я, няўстыдны, і не пісаў ніколі сваёй мамцы. Пойдзем, пойдзем... Ай, як добра. Дай веры, Васіль, рад табе, як роднаму брату. 3 бацькам я блізка што нічога супольнага не маю. Ты, напэўна, ведаеш. I нікагенька ж няма ў мяне. Сустрачаўся, праўда, з рознымі людзьмі. Ат, успамінаць не хочацца. Вось ізноў адзін...
    Яны ўсталі і пайшлі на трамвай. Былі абодва радыя. У непарадку казалі адзін аднаму аб сваіх падзеях апошніх гадоў. I прапаршчык не пазнаваў даўнейшага Васіля, неклапатлівага, вясёла-няўважнага пастуха, потым работніка ў прудзе (млыну). У яго на вачох быў сур’ёзны, удумлівы, крыхачку хмарны работнік, каторы найлепі разважаў аб значэнні падзей і быў гарачы паклоннік недалёчкай сацыяльнай рэвалюцыі. Той, афіцэр, навет некалькі разоў зчырванеў за сваё няведанне і збочнае сугляданне крывавага змагання.
    Ехалі амаль не цэлую газіну ў незнаёмы край горада. Яшчэ доўга ішлі па нячыстых вуліцах, загароджаных вялізарнымі, непрыгожымі дамамі, сярод фабрычных комінаў і каля высачэннага плота.
    — Мне добра: блізка да фабрыкі,— хваліўся Васіль.
    Збочылі ў вузенькі завулак, узышлі на аграмадны
    панадворак з некалькімі павароткамі, са смуродам ад дзёгцю і вапны з-пад абы-як збітых дашчаных патрэбных каморак і ўрэшце ачынуліся каля нізенькага ўвойсця ў падвал.
    Васіль пастукаў.
    — Наш палац,— сказаў ён.
    — Хто там? Ты, Васілька? — пачуўся Абдзіраловічу знаёмы, знаёмы голас нянькі.
    — Я, мама, я... з госцем. Адчыні.
    Аббітыя калматаю рагожаю дзверы скрыгнулі, і тады на парозе паказалася яна, без пары вельмі старая, з абгаркам свечачкі ў руцэ.
    — Зробце ласку! — пусціў Васіль гасця наперад.
    — Нічога, нічога, смеленька, панок,— з пытаннем ў вачох запрашала і яна, устаўляла абгарак у адбітае дно бутэлечкі з папераю.
    — He прызнаешся, мамка? — працягнуў Абдзіраловіч рукі.
    — А хто ж вы, панок? — I трошку памаўчала і паўзіралася.— А!! — раптам неяк пісклява айкнула яна і кінулася да яго.— Панічочак наш! Ігналік! Ах, Ігналік...— і схапіла за рукаў.
    Слёзы папаўзлі ў яе па зморшчынах; яна згубілася ў парадку.
    — Здароў табе, мамка,— паспеў ён прытуліць яе з прыкрай, аднак, трывогай, каб яна цмокнула ў руку, як гэта было зазвычаена ў іх у дварэ, і пацалаваўся з ёю.
    — Ах, панічок! Ігналік... Даруйце ўжо мне, буду гукаць Ігналікам, як маленькага. Воля цяпер,— сарамліва дадала яна і зусім згубілася ў парадку, не ведала, як прыняць, куды пасадзіць яго.
    — А як жа, а як жа. Можаш, мамка, навет за вуха падраць і сказаць: «А-а, ты, нягодны Ігналік, не пісаў». Але дай веры, мамка, жыццё так выпадала. I адрасу не ведаў.
    Васіль маўкліва барабаніў трубою самавара і з чорным ад вугалля кошыкам у руцэ шмыкнуў некуды за дзверы.
    — А я во гарую тутака. На крылліку, здаецца, вылецела б. Адылі ўсё мадзею з Васільком.
    Яна агледзелася.
    — Ай, божухна, як жа гэта я? На самавар дык і забылася. He паставіла, думала, Васіль у камітэтах сваіх заначуе. Бальшавік жа ён у мяне, ай, бальшавік.
    I бог святы ведае, да чаго яно дойдзець, усё гэта... Пэўне, да Карпавіча па вугалле пайшоў. Той таксама за бальшавікоў цягнець, яшчэ злей. Збівае з розуму і нашага мальца; заўсёды гамоняць а гомоняць ды шашакаюцца.
    Пакой быў досіць вялікі, але гнёў сваймі гмурымі сцюдзёнымі сценамі і нізка навіслаю, аблупленаю каменнаю столлю. За паркалёваю фіранкаю стаяў адзін ложак, ля печы — другі. На стале ў сіняй паперцы ляжаў селядзец. На паліцы, каля высокага, за кратаю, вакна ляжала некалькі нумароў газеты, брашур і тоўстая кніжка ў добрай вокладцы. Нахіліўшы галаву, Абдзіраловіч прачытаў цісненне: «Капітал».
    «Няўжо Васіль чытае Маркса?» — падумаў ён пра сябе.
    Тым часам прыйшоў і ён з вугаллем. Старая забегала з селядцом і ўсё пыталася.
    — Авохці, божачка наш, бацюхна,— казала яна,— каторы год свет увесь круціцца. Воля прыйшла, а ўсё канца няма. Карпавіч наш яшчэ злейшы цяперацька. Толькі й ведае хлопца баламуціць. Ай, каб не дарагоўля — памякчэў ба народ.
    Калі елі селядца і пілі гарбату з брушнічным экстрактам, у дзверы нехта пастукаўся.
    — Васілёк! А, Васілёк,— пачуўся грубы, але прыемны мужчынскі голас,— адчыні, браток, іду на гасця вашага падзівіцца.
    — А каб яго качкі.. знайшоў калі час,— нездаволена шапарнула старая.— Завядзець цяпер сваю дуду.
    Увайшоў нізенькі, з сівымі кучаравымі валасамі дзядок у шырокім пілвчаку зверху палатнянай вышыванай кашулі, у апорках; царамонна пакланіўся і працягнуў Абдзіраловічу руку.
    — Іван Карпавіч Гаршчок,— сказаў ён,— Васілёў таварыш, работнік на мэталу.
    — Прапаршчык Абдзіраловіч,— адказаў той.
    Дзядок чуў сябе вольна і гаварыў з пэўнасцю і плаўнасцю. Падзякаваў гаспадыні за гарбату і зараз запытаўся ў афіцэра, разглядаючы на грудзёх значок з вучылішча:
    — А якіх вы, так сказаць, паглядаў на палітыку ўжываеце?
    — А вось пакуль што яшчэ самаазначаюся, а на фронце гэта мала карцела,— жартліва адказаў Абдзіраловіч.
    — Ігнат Восіпавіч бліжэй за ўсяго падходзіць, пэўне, да сацыялістаў-рэвалюцыянераў,— дзялова заўважыў Васіль.
    — Ці мала яму, галубчыку, і без таго клопату было,— быццам заступалася старая,— зазнаў гора даволі. Можа, бачыў троху дабра, як дзіцёнкам у дварэ жыў. У навуку рана пайшоў, потым з татулькам нешта пасварыўся, потым вайна. Як выхвараў, збялеў...
    — Усе гэта недарэчы,— сербануў гарбаты, перабунтаваў яе гутарку Карпавіч і дастаў пушачку з махоркаю.— Дазваляе, цётка? — звярнуўся да яе і потым ветліва падставіў афіцэру: — He пагрэбуйце: што душа мае, тым і прымае. Яно добра,— казаў ён далей,— значыцца, калі чалавек гора зазнаў, баржджэй працоўнага чалавека абстоіць. Толькі з самаазначэннем бавіцца не выпадае, каб нойды не спазніцца,— зірнуў ён на Васіля.— Мне малец казаў троху чаго аб вас. Аб бацьку вашым казаў... Значыцца, вы за народ, калі з ім за нашага брата пасварыліся. Ну, скажыце мне па шчырасці: каб давялося нам з панамі падужацца, на чый бок станеце вы?