Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
Часам ён спрабаваў падлічыць колькасць кафляных плітак у сцяне камеры. Гэта нібыта было і няцяжка, але ён заўсёды збіваўся на тым або іншым месцы. Часцей яго хвалявала, дзе ён і каторая цяпер гадзіна. Нейкі момант ён адчуваў напэўна, што звонку быў дзень, у наступны ж момант яму з гэткай жа пэўнасцю здавалася, што там апраметная цемра. Тут жа, як ён здагадваўся, святло не выключалася ніколі. Гэта было месца, дзе няма цемры: цяпер ён зразумеў, чаму О’Браен разгадаў яго намёк. У Міністэрстве Любові не было вокнаў. Яго камера магла знаходзіцца ў самай сярэдзіне будынка або пры яго вонкавай сцяне, на дзесятым паверсе пад зямлёй або на трыццатым над ёю. Ен у думках пераносіў сябе з месца на месца і спрабаваў вызначыць з цялесных адчуванняў, вісеў ён высока ў паветры ці быў пахаваны глыбока пад зямлёй.
Пачуўся тупат ботаў. Сталёвыя дзверы з бразгатам расчыніліся. Малады афіцэр, спраўная постаць у чорнай уніформе, на якім, здавалася, усё блішчала з ног да галавы і чый бледны, з правільнымі рысамі, твар быў падобны да васковае маскі, порстка ўвайшоў у камеру. Ен даў знак ахоўнікам увесці вязня, якога яны пры-
вялі. У камеру, ледзь цягнучы ногі, зайшоў паэт Эмплфорт. Дзверы з бразгатам зачыніліся.
Эмплфорт зрабіў пару няпэўных рухаў у адзін і ў другі бок, быццам думаў, што недзе тут былі другія дзверы, праз якія можна выйсці, а пасля пачаў хадзіць сюды-туды па камеры. Пакуль што ён не заўважаў Уінстана. Трывожным позіркам ён вадзіў па сцяне на метр вышэй за Уінстанаву галаву. Ен быў босы; вялікія брудныя пальцы тырчалі з яго дзіравых шкарпэтак. Ен некалькі дзён не галіўся. Густая шчэць укрывала яго твар, надаючы яму хуліганскі выгляд, што неяк дзіўна спалучаўся з яго нязграбнай кволай постаццю і нервовымі рухамі.
Уінстан трохі схамянуўся. Ен мусіў загаварыць з Эмплфортам, рызыкуючы раззлаваць тэлегляд. Магчыма нават, што Эмплфорт якраз і прынёс лязо.
— Эмплфорт,— сказаў ён.
Тэлегляд маўчаў. Эмплфорт спыніўся, трошкі здзіўлены. Яго вочы павольна засяродзіліся на Уінстане.
— А, Сміт! — сказаў ён.— I вы тут!
— Вас за што?
— Праўду сказаць...— ён нязграбна апусціўся на лаву насупраць Уінстана.— Існуе толькі адно злачынства, ці не гэтак?
— I вы яго ўчынілі?
— Відаць, так.
Ен паднёс руку да лоба і націснуў на скроні, нібы спрабуючы нешта прыгадаць.
— Такое часам здараецца,— пачаў ён няпэўна.— Я магу прыгадаць адзін выпадак — магчымую прычыну. Усё, вядома ж, праз неразважнасць. Мы рыхтавалі канчатковае выданне вершаў Кіплінга. Я пакінуў у канцы радка слова «God». Я нічога не мог зрабіць! — дадаў ён амаль з абурэннем і паглядзеў на Уінстана.— Змяніць радок было немагчыма. Рыфма была «rod». Уяўляеце сабе, ва ўсёй мове ёсць толькі дванаццаць
рыфмаў да слова «rod»? Цэлымі днямі я тлуміў сабе галаву. Іншае рыфмы не было.
Выраз яго твару змяніўся. 3 яго знікла прыкрасць, і на нейкі момант ён здаўся амаль што задаволеным. Нейкая інтэлектуальная цеплыня, радасць навукоўцапеданта, які адкрыў нікому не патрэбны факт, бліснула на яго брудным няголеным абліччы.
— Ці прыходзіла вам калі ў галаву,— сказаў ён,— што ўся гісторыя англійскай паэзіі вызначалася тым, што ў англійскай мове не стае рыфмаў?
He, якраз гэтая думка ніколі не прыходзіла Уінстану ў галаву. А ў тых абставінах яна не здалася яму надта важнай або цікавай.
— Ці ведаеце вы, што цяпер — дзень ці ноч? — спытаўся ён.
Эмплфорт зноў паглядзеў здзіўлена.
— Я неяк не думаў пра гэта. Яны арыштавалі мяне дні два таму, а можа, тры,— яго позірк гойсаў па сценах, нібы ён спадзяваўся адшукаць акно.— Тут няма розніцы паміж днём і ноччу. He ведаю, ці можна тут увогуле сачыць за часам.
Яны гаварылі ўрыўкамі некалькі хвілін, і тады, без відавочнае прычыны, крык з тэлегляда загадаў ім замаўчаць. Уінстан ціхенька сеў і склаў рукі. Цыбаты і няўклюдны Эмплфорт не мог зручна ўсесціся на вузкай лаве і шморгаў сюды-туды, абдымаючы худымі рукамі то адно калена, то другое, то абодва разам. Тэлегляд гыркнуў на яго, каб сядзеў спакойна. Час ішоў. Дваццаць хвілін, гадзіна — вызначыць было цяжка. 3 калідора зноў пачуўся тупат ботаў. У Уінстана ўсё сціснулася ўсярэдзіне. Хутка, вельмі хутка, можа, праз пяць хвілін, можа, зараз, гэты тупат будзе значыць, што прыйшла ягоная чарга.
Дзверы адчыніліся. У камеру зайшоў малады афіцэр з ледзяным тварам. Адрывістым рухам рукі ён паказаў на Эмплфорта.
— Пакой 101,— сказаў ён.
Эмплфорт няўклюдна патэпаў між двух ахоўнікаў. На твары ў яго адбівалася трывога і няўцямнасць.
Прайшло, як здалося, даволі шмат часу. Жывот забалеў яшчэ мацней. Уінтанавы думкі круціліся на адным месцы, як шар, што зноў і зноў трапляе ў тую самую лузу. Ен думаў толькі пра шэсць рэчаў: боль у жываце; кавалак хлеба; кроў і крыкі; О’Браен; Джулія; лязо. Зноў у яго ўсярэдзіне ўсё сціснулася: набліжаўся тупат ботаў. Калі расчыніліся дзверы, хваля паветра прынесла з сабой моцны пах халоднага поту. У камеру ўвайшоў Парсанс. На ім былі шорты ахоўнага колеру і спартыўная кашуля.
Гэтым разам Уінстан здзівіўся, не паверыўшы вачам.
— Вы тут! — вымавіў ён.
Парсанс паглядзеў на яго. У позірку не было ні цікаўнасці, ні здзіўлення, толькі пакута. Ен пачаў узрушана хадзіць па камеры, відавочна няздольны супакоіцца. Кожнага разу, як ён выпростваў свае пульхныя калені, было відаць, як яны дрыжаць. Ен глядзеў, вытрашчыўшы вочы, нібы разглядаў штосьці недалёка ад яго, не могучы адарваць позірку.
— А вас за што? — спытаўся Уінстан.
— Думзлачынства! — адказаў Парсанс, ледзь не плачучы.
У голасе ягоным чуліся адначасова і поўнае прызнанне сваёй віны, і нейкі недаверлівы жах, што гэткае слова магло стасавацца да яго. Ен спыніўся насупраць Уінстана і пачаў нецярпліва дапытвацца ў яго.
— Вы думаеце, яны заб'юць мяне? Як вы думаеце, га, стары? Яны ж не заб’юць, калі нічога не зрабіў, a толькі падумаў незнарок? Я ведаю, яны ўважліва мяне выслухаюць. О, тут я ім веру! Яны пабачаць, якая ў мяне рэпутацыя, праўда? Вы ж ведаеце, што я за чалавек. Па-свойму неблагі. He вучоны, вядома ж, але за-
ўзяты. Я стараўся аддаць усе свае сілы Партыі, праўда ж? Я атрымаю гадоў пяць, як вы думаеце? Ці, можа, нават дзесяць? Такі, як я, можа вельмі прыдацца ў працоўным лагеры. Яны ж не заб’юць мяне толькі за тое, што я аднойчы сышоў з рэек?
— Вы вінаваты? — спытаўся Уінстан.
— Вядома ж вінаваты! — закрычаў Парсанс, дагодліва зірнуўшы на тэлегляд.— Вы ж не думаеце, што Партыя будзе арыштоўваць бязвінных людзей, праўда? — Яго жабіны твар паспакайнеў, на ім з’явілася адценне крывадушнасці.— Думзлачынства — страшная рэч, стары,— сказаў ён павучальна.— Яно падступнае, яно можа зваліцца на цябе, што ты і ведаць не будзеш. Вы ведаеце, як я папаўся? Калі спаў! Так, праўда. Вось так я працаваў, аддаваў усяго сябе, выконваў свой абавязак — і ніколі не думаў, што нешта благое хаваецца ў маіх думках. I тады я пачаў гаварыць праз сон. I ведаеце, што я казаў?
Ен прыцішыў голас, быццам быў змушаны дзеля медыцынскіх прычын сказаць нешта непрыстойнае.
— «Далоў Вялікага Брата!» Так, я казаў гэта! Паўтараў зноў і зноў. Між намі кажучы, стары, я рады, што мяне ўзялі, пакуль справа не зайшла далей. Ведаеце, што я скажу ім, калі буду гаварыць перад трыбуналам? Я скажу: «Дзякуй. Дзякуй, што выратавалі мяне, пакуль не было занадта позна».
— Хто выдаў вас? — спытаўся Уінстан.
— Мая маленькая дачка,— адказаў Парсанс з нейкім тужлівым гонарам.— Яна слухала праз замочную шчыліну. Чула, што я сказаў, і данесла патрулю ў той самы дзень. Спрытна, як на сямігадовую смаркачку, га? Я зусім не сярдую на яе. Папраўдзе, я нават ганаруся ёю. Выходзіць, я выхаваў яе ў правільным духу.
Ен яшчэ пахадзіў сюды-туды, кінуўшы пару разоў прагны позірк на унітаз. Пасля раптам рэзкім рухам сцягнуў шорты.
— Прабач мне, стары,— сказаў ён,— болей не магу. Столькі чакаў.
Ен плюхнуўся вялізным азадкам на унітаз. Уінстан закрыў твар рукамі.
— Сміт!—завішчаў голас з тэлегляда.— 6079 Сміт У.! Адкрыць твар! Забараняецца закрываць твар у камеры!
Уінстан адкрыў твар. Парсанс пакарыстаўся унітазам гучна і шчодра. Пасля выявілася, што зліў не працуе, і яшчэ цэлыя гадзіны пасля таго ў камеры невыносна смярдзела.
Парсанса перавялі. Іншыя вязні таямніча з’яўляліся і знікалі. Аднаму з іх, жанчыне, прызначылі: «Пакой 101», і, як заўважыў Уінстан, яна сцялася і змянілася з твару, пачуўшы гэтыя словы. Настаў час — калі яго прывезлі раніцай, дык гэта быў бы вечар; калі яго прывезлі ўвечары, дык гэта была б поўнач. У камеры было шэсць вязняў, мужчын і жанчын. Усе сядзелі вельмі ціха. Насупраць Уінстана сядзеў чалавек з тварам без падбародка, з ашчэранымі зубамі, падобны да нейкага вялікага і бяскрыўднага грызуна. Яго тоўстыя рабыя шчокі былі такія абвіслыя, што цяжка было паверыць, што за імі не хаваюцца прыпасы ежы. Яго шэрыя вочы пужліва зіркалі то на адзін твар, то на другі, і адразу адварочваліся, як толькі сустракаліся з нечым позіркам.
Дзверы расчыніліся, і ў камеру ўвялі яшчэ аднаго вязня, убачыўшы якога Уінстан здрыгануўся. Гэта быў звычайны, нічым не выдатны чалавек, які мог быць якім-небудзь інжынерам або іншым тэхнічным работнікам. Дзіўнай, аднак, была змізарнеласць яго твару. Ен нагадваў чэрап. 3-за яго хударлявасці вочы і рот выглядалі надмерна вялікімі, вочы, здавалася, былі поўныя забойчай, нязгаснай нянавісці да некага або нечага.
Чалавёк сеў на лаве недалёка ад Уінстана. Уінстан болей на яго не глядзеў, але змардаваны, падобны да
чэрапа твар гэтак жыва паўставаў у ягоным уяўленні, быццам быў проста перад вачыма. Раптам ён зразумеў, у чым справа. Чалавек паміраў ад голаду. Тая самая думка, здавалася, адначасова прыйшла ў галаву ўсім прысутным у камеры. Уздоўж усёй лавы прабегла лёгкая ўзрушанасць. Чалавек без падбародка спыніў позірк на чалавеку з тварам-чэрапам, пасля вінавата адвёў вочы, пасля зноў паглядзеў на яго, не могучы асіліць неадольнага прыцягнення. Цяпер ён ужо не мог уседзець, устаў, няўклюдна праклыпаў праз камеру, пакорпаўся ў кішэні камбінезона і, засаромеўшыся, працягнуў чалавеку з тварам-чэрапам зачуханы кавалачак хлеба.
3 тэлегляда пачуўся шалёны, аглушальны рык. Чалавек без падбародка падскочыў на месцы. Чалавек з тварам-чэрапам хуценька схаваў рукі за спінай, нібы паказваючы ўсім, што ён адмовіўся ад пачастунку.