Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
Пасля рэвалюцыйнага перыяду пяцідзесятых-шасці-
дзесятых гадоў грамадства зноў, як і раней, перагрупавалася на Вышэйшых, Сярэдніх і Ніжэйшых. Але новыя Вышэйшыя, у адрозненне ад папярэднікаў, дзейнічалі ўжо не інстынктыўна. Яны ведалі, штб трэба рабіць, каб захаваць свае пазіцыі. Ужо даўно было заўважана, што адзіная надзейная падстава алігархіі — калектывізм. Багацце і прывілеі абараняць лягчэй, калі валодаеш імі супольна з іншымі. Гэтак званая «ліквідацыя прыватнае ўласнасці», што адбывалася ў сярэдзіне стагоддзя, значыла на справе канцэнтрацыю ўласнасці ў значна меншай, чым дагэтуль, колькасці рук, ды яшчэ з тым адрозненнем, што новыя ўласнікі не былі ўжо масаю індывідаў, а ўтваралі групу. Ніводзін асобна ўзяты член Партыі не валодае нічым, апроч нязначных асабістых рэчаў. Супольна Партыя валодае ўсім у Акіяніі, бо яна кантралюе ўсё і распараджаецца прадукцыяй, як толькі хоча. У першыя паслярэвалюцыйныя гады яна здолела заняць пануючае становішча, амаль не сустрэўшы супраціву, бо ўвесь працэс адбываўся як акт калектывізацыі. Заўсёды лічылася, што пасля экспрапрыяцыі капіталістаў настане сацыялізм, і капіталістаў без лішніх пытанняў экспрапрыявалі. У іх забралі ўсё — фабрыкі, шахты, зямлю, дамы, транспарт — а як усё гэта перастала быць прыватнай уласнасцю, дык яно мусіла стацца ўласнасцю грамадскай. Ангсоц, які нарадзіўся на глебе ранейшага сацыялістычнага руху і пераняў яго фразеалогію, сапраўды выканаў галоўны пункт сацыялістычнае праграмы, з тым загадзя прадбачаным і жаданым вынікам, іпто эканамічная няроўнасць сталася вечнаю.
Але праблемы ўсталявання вечнага іерархічнага грамадства на гэтым не канчаюцца. Кіраўнічыя колы могуць страціць уладу ў чатырох выпадках. Яны могуць або быць пераможаныя звонку, або кіраваць так блага, што паўстануць масы, або дазволіць сфармавацца моцнай і незадаволенай сярэдняй групе, або страціць давер
да саміх сябе і жаданне кіраваць. Гэтыя прычыны не дзейнічаюць паасобку і звычайна выступаюць у нейкай ступені ўсе чатыры разам. Кіраўнічы клас, які здолеў бы супрацьстаяць усім гэтым небяспекам, заставаўся б пры ўладзе вечна. Урэшце, вырашальным фактарам з'яўляецца духовы стан самога кіраўнічага класа.
3 паловы гэтага стагоддзя першая небяспека, па сутнасці, знікла. Кожная з трох дзяржаваў, што цяпер падзяляюць свет, сапраўды непераможная і магла б перастаць быць такою толькі праз паступовыя дэмаграфічныя змены, якіх урад з шырокаю ўладай можа лёгка пазбегнуць. Другая небяспека таксама застаецца толькі тэарэтычнаю. Масы ніколі не паўстаюць самі па сабе, і яны ніколі не паўстануць толькі з-за таго, што іх прыгнятаюць. Пакуль ім няма з чым параўнаць сваё становішча, яны ніколі не ўсведамяць, што іх прыгнятаюць. Частыя эканамічныя крызісы мінулага былі зусім непатрэбныя, не дапускаюцца яны і цяпер, але іншыя гэткія ж важныя перабоі могуць адбывацца і адбываюцца, не даючы палітычных вынікаў, бо няма ніякае магчымасці адкрыта выказаць незадаволенасць. Што да праблемы перавытворчасці, якая прыхавана існуе ў нашым грамадстве з часоў узнікнення машыннае тэхнікі, дык яна вырашаецца шляхам вядзення перманентнае вайны (гл. Раздзел III), якая служыць таксама для дасягнення ў грамадстве неабходнага маральнага духу. Такім чынам, з пункту погляду нашых цяперашніх кіраўнікоў застаюцца наступныя рэальныя пагрозы: вылучэнне новае групы здольных людзей, якія займаюць пасады ніжэйшыя за іх здольнасці, людзей, прагных улады; развіццё лібералізму і скептыцызму ў іх уласных шэрагах. Такім чынам, праблема мае, так бы мовіць, адукацыйны характар. Яна палягае ў тым, каб няспынна фармаваць свядомасць і кіраўнічае групы, і больш шматлікае выканаўчае групы, што ідзе непасрэд-
на за першаю. Што да свядомасці масаў, дык яна патрабуе ўплыву толькі ў негатыўным сэнсе.
Грунтуючыся на гэтых дадзеных, можна ўявіць сабе, калі яна яшчэ не вядомая, агульную структуру акіянійскага грамадства. На вяршыні піраміды стаіць Вялікі Брат. Вялікі Брат бясхібны і ўсемагутны. Кожны поспех, кожнае дасягненне, кожная перамога, кожнае навуковае адкрыццё, усе веды, уся мудрасць, усё шчасце, уся цнота непасрэдна прыпісваюцца яго кіраўнічай і натхняльнай ролі. Ніхто ніколі не бачыў Вялікага Брата. Ен — твар на плакатах, голас у тэлеглядзе. Мы можам быць пэўныя, што ён ніколі не памрэ, а наконт даты яго нараджэння ўжо і цяпер існуе вялікая няпэўнасць. Вялікі Брат — маска, пад якою Партыя вырашыла выступаць перад светам. Яго функцыя — быць зборным аб’ектам любові, страху і павагі — пачуццяў, якія лягчэй прысвяціць аднаму чалавеку, чым цэлай арганізацыі. За Вялікім Братам ідзе Унутраная Партыя, якая налічвае шэсць мільёнаў чалавек, або трохі меней за два працэнты насельніцтва Акіяніі. За Унутранай Партыяй ідзе Знешняя Партыя. Калі Унутраная Партыя разглядаецца як мозг дзяржавы, дык Знешнюю Партыю было б справядліва параўнаць з рукамі дзяржавы. Далей ідуць безаблічныя глухія масы, звычайна называныя «проламі», якія складаюць каля васьмідзесяці пяці працэнтаў насельніцтва. Паводле нашай папярэдняй тэрміналогіі, пролы — гэта Ніжэйшыя. Што да рабскага насельніцтва экватарыяльных раёнаў, якое ўвесь час пераходзіць ад аднаго заваёўніка да другога, дык яно не складае сталай групы ў агульнай структуры.
У прынцыпе, прыналежнасць да гэтых трох груп не перадаецца ў спадчыну. Дзіця члена Унутранай Партыі з тэарэтычнага пункту погляду не нараджаецца членам Унутранае Партыі. Прыём у адну або другую галіну Партыі праводзіцца праз экзамен ва ўзросце шаснаццаці гадоў. He існуе таксама ніякай расавай дыскрымі-
нацыі, ні істотных пераваг адной правінцыі над другой. На найвышэйшых партыйных пасадах можна сустрэць яўрэяў, неграў, паўднёваамерыканцаў чыста індзейскае крыві, а мясцовыя кіраўнікі заўсёды выбіраюцца сярод жыхароў дадзенае тэрыторыі. Нідзе ў Акіяніі людзі не адчуваюць сябе каланіяльным насельніцтвам, кіраваным з далёкае сталіцы. У Акіяніі няма сталіцы, а яе намінальны кіраўнік — чалавек, чыё месца жыхарства нікому не вядомае. За выключэннем таго, што англійская мова з’яўляецца галоўнай размоўнай, а навамоўе — афіцыйнай моваю Акіяніі, у краіне няма ніякае цэнтралізацыі. Яе кіраўнікі злучаны між сабою не кроўнымі сувязямі, а прыналежнасцю да агульнага вучэння. Нашае грамадства і напраўду распластавана, і вельмі строга распластавана, паводле парадку, які на першы погляд нагадвае спадчынныя лініі. Цяпер значна радзей назіраюцца пераходы з адной групы ў другую, чым у эпоху капіталізму або нават у даіндустрыяльны перыяд. Паміж дзвюма галінамі Партыі адбываецца пэўны абмен, але толькі тады, калі трэба выключыць з Унутранай Партыі слабых або абясшкодзіць занадта амбітных членаў Знешняй Партыі, узняўшы іх угору. Пролам практычна не даюць дасягнуць узроўню, які б дазволіў ім уступіць у Партыю. Найбольш здольныя з іх, якія маглі б сфармаваць асяродкі незадавальнення, проста высочваюцца Паліцыяй Думак і ліквідуюцца. Але гэты стан рэчаў неабавязкова мусіць быць нязменны, ён не ўяўляе сабою прынцыповага пытання. Партыя не з’яўляецца класам у старым сэнсе слова. Яна не імкнецца перадаць уладу сваім дзецям толькі таму, што гэта яе дзеці; і калі б не існавала іншае магчымасці ўтрымліваць пры ўладзе найбольш здольных людзей, яна з лёгкасцю была б гатовая рэкрутаваць зусім новае пакаленне з шэрагаў пралетарыяту. У крытычныя часы той факт, што Партыя не з’яўляецца спадчынным саслоўем, вельмі спрыяў нейтралізаванню апазіцыі. Сацыяліст
старога гарту, спрактыкаваны ў змаганні супраць «класавых прывілеяў», меркаваў, што тое, што не перадаецца ў спадчыну, не можа быць вечным. Ен не разумеў, што пераемнасць алігархіі неабавязкова павінна быць фізічнаю, ён не задумваўся над тым, што спадчынныя арыстакратыі ніколі не жылі доўга, тым часам як арганізацыі, даступныя ўсім людзям, як, прыкладам, каталіцкая царква, існавалі часам сотні і нават тысячы гадоў. Сутнасць алігархічнага панавання не ў спадкаванні ад бацькі сыну, а ў захаванні пэўнага светапогляду і пэўнага ладу жыцця, навязанага мёртвымі жывым людзям. Кіраўнічыя колы датуль застаюцца кіраўнічымі коламі, пакуль яны могуць прызначаць сабе наступнікаў. Партыі важна захаваць не сваю кроў, а самую сябе. Зусім няважна, хто трымае ўладу, істотна, каб іерархічная структура заставалася заўсёды тая самая.
Усе погляды, звычкі, густы, пачуцці і лад думак, уласцівыя нашым часам, у сапраўднасці прызначаюцца на тое, каб захаваць містычнасць Партыі і не даць зразумець сапраўдную сутнасць сучаснага грамадства. Практычнае паўстанне ці хоць бы падрыхтоўчыя захады да яго сёння немагчымыя. Пролаў няма чаго баяцца. Пакінутыя самі сабе, яны і далей будуць з пакалення ў пакаленне, са стагоддзя ў стагоддзе працаваць, працягваць род і паміраць не толькі без ніякага памкнення паўстаць, але і не маючы нават магчымасці зразумець, што свет мог бы быць інакшы, чым ён ёсць цяпер. Яны сталі б небяспечнымі толькі тады, калі б тэхнічны прагрэс запатрабаваў для іх вышэйшае адукацыі. Але як ваенная і эканамічная канкурэнцыя не маюць болей ніякага значэння, дык узровень народнае адукацыі падае. Лічыцца неістотным ведаць, аб чым масы думаюць і аб чым не думаюць. Ім можна спакойна дазволіць інтэлектуальную свабоду, бо інтэлекту ў іх няма. Але найменшае адхіленне ў поглядах члена Партыі, нават у самым дробным пытанні, лічыцца недапушчальным.
Ад нараджэння да смерці член Партыі жыве пад пільным вокам Паліцыі Думак. Нават калі ён адзін, ён ніколі не можа быць пэўны, што ён сапраўды адзін. Дзе б ён ні быў, удзень ці ўначы, на працы ці на адпачынку, у ванне ці ў ложку, за ім могуць назіраць без папярэджання, так, што ён і не будзе пра гэта ведаць. Нічога з таго, што ён робіць, не можа заставацца незаўважаным. 3 кім ён сябруе, як бавіць час, як ставіцца да жонкі і дзяцей, які ў яго твар, калі ён адзін, што ён мармыча праз сон, нават яго характэрныя рухі — усё назіраецца з назольнай дакладнасцю. He толькі кожная сапраўдная правіна, але любы, нават самы нязначны выбрык, любая змена звычкі, любае нервовае дзівацтва, якое можа быць сімптомам унутранае барацьбы, без ніякага сумнення заўважаюцца наглядчыкамі. У члена Партыі няма ніякае свабоды выбару. 3 другога боку, ягоныя ўчынкі не рэгулююцца законамі ці нейкім ясна сфармуляваным кодэксам паводзін. У Акіяніі законаў няма. Думкі і дзеянні, якія, калі будуць заўважаныя, вядуць да непазбежнае смерці, фармальна не забароненыя, і вечныя чысткі, арышты, катаванні, зняволенні і выпарэнні прызначаюцца не ў якасці кары за нейкія сапраўды ўчыненыя злачынствы. Яны ўжываюцца, каб знішчыць людзей, якія маглі б учыніць злачынствы калі-небудзь у будучыні. Ад члена Партыі патрабуюць не толькі правільных поглядаў, але і правільных інстынктаў. Шматлікія перакананні і погляды, што патрабуюцца ад яго, нідзе дакладна не вызначаныя і не маглі б быць дакладна вызначаныя без таго, каб не выкрыліся ўнутраныя супярэчнасці Ангсоцу. Калі член Партыі ад натуры добранадзейны (на навамоўі — дабрадум), ён у любых абставінах не задумваючыся вызначыць, якое меркаванне правільнае або якое пачуццё пажадана выявіць на твары. Аднак у любым выпадку праведзенае ў дзяцінстве стараннае разумовае вышкаленне, якое грунтуецца на трох паняццях, назы-