Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
хавалася ў машынах, усё яшчэ існавала. Калі з’явілася першая машына, усім здольным да развагі людзям сталася відавочным, што неабходнасць у цяжкай чалавечай працы, а значыць, у пэўнай меры, і ў чалавечай няроўнасці, знікла. Калі б машыны свядома выкарыстоўвалі з гэтаю мэтай, дык голад, знясільную працу, бруд, непісьменнасць і хваробы можна было б выкараніць на працягу некалькіх пакаленняў. I сапраўды, нават калі яны яшчэ не выкарыстоўваліся з гэтаю мэтай, машыны — вырабляючы столькі прадукту, што яго часам немагчыма было размеркаваць — ўзнялі ўзровень жыцця людзей за нейкія пяцьдзесят гадоў у канцы XIX і на пачатку XX стагоддзя.
Але было таксама відавочным, што павелічэнне агульнага багацця пагражала далейшаму існаванню іерархізаванага грамадства, а ў нейкім сэнсе ўжо нават значыла і знішчэнне гэтага грамадства. У свеце, дзе працоўны дзень будзе кароткі, дзе ў кожнага будзе дастаткова ежы, кожны будзе жыць у доме з ваннай і халадзільнікам, будзе мець аўтамабіль ці нават самалёт, найбольш відавочная і найбольш істотная форма няроўнасці знікне. Стаўшы ўсеагульным, багацце перастане быць падставай для няроўнасці. Можна было, без сумнення, уявіць сабе грамадства, у якім багацце ў значэнні прыватнай уласнасці і раскошы будзе падзелена пароўну, тым часам як улада застанецца ў руках малой упрывілеяванай касты. Але ў сапраўднасці такое грамадства не магло б доўга заставацца стабільным. I сапраўды, калі б усе аднолькава жылі ў раскошы і бяспецы, дык вялікая маса людзей, звычайна здзічэлых ад беднасці, магла б атрымаць адукацыю і навучыцца думаць самастойна, і тады б яна раней ці пазней заўважыла, што ўпрывілеяваная меншасць не мае ніякае рацыі існавання, і зрынула б яе. Карацей кажучы, іерархізаванае грамадства магло грунтавацца толькі на беднасці і невуцтве.
Зварот да аграрнае мінуўшчыны, як пра гэта марылі некаторыя мысляры на пачатку дваццатага стагоддзя, не быў бы практычным выйсцем. Ен пярэчыў тэндэнцыі да механізацыі, якая зрабілася ва ўсім свеце амаль інстынктыўнай. Да таго ж індустрыяльна адсталая краіна была б бездапаможная ў ваенных адносінах і хутка падпала б пад панаванне, ускоснае або непасрэднае, сваіх больш індустрыяльна развітых супраціўнікаў.
Трымаць масы ў галечы, скарачаючы вытворчасць — і гэта было б не найлепшае выйсце. Гэты сродак быў ужыты ў шырокім маштабе ў фінальнай фазе капіталізму, прыблізна паміж 1920 і 1940 гадамі. У эканоміцы шмат якіх краін панаваў застой, палі не ўрабляліся, абсталяванне не абнаўлялася і вялікія масы насельніцтва былі пазбаўленыя працы. Дзяржаўныя дабрачынныя арганізацыі не давалі ім памерці з голаду. Але і гэткае вырашэнне цягнула за сабою ваенную слабасць. Усе нягоды і беды былі відавочна неапраўданыя, што непазбежна спараджала апазіцыю. Праблема была ў тым, каб круціць колы прамысловасці, не павышаючы рэальнага багацця свету. Тавары павінны былі вырабляцца, але не размяркоўвацца. На практыцы адзіным сродкам дасягнення гэтае мэты была няспынная, перманентная вайна.
Галоўнае дзеянне ў вайне — гэта знішчэнне, не абавязкова людзей, але прадуктаў чалавечае працы. Вайна — гэта сродак знішчыць, распыліць у стратасферы, патапіць на дне мора матэрыяльныя багацці, якія ў іншым выпадку маглі б быць выкарыстаныя на тое, каб зрабіць масы занадта заможнымі, а значыць, урэшце, занадта разумнымі. Нават калі зброя і не знішчаецца ў вайне, яе вытворчасць ужо сама па сабе з'яўляецца лёгкім сродкам такога выкарыстання працоўнае сілы, каб не выраблялася нічога, што можна было б спажыць. Напрыклад, працоўнае сілы, выкарыстанае на пабудову
адной Плывучай Крэпасці, хапіла б на тое, каб вырабіць некалькі сотняў грузавых суднаў. Пасля, не прынёсшы нікому ніякай матэрыяльнай карысці, яна спісвалася на пераплаўку. I тады, з яшчэ большымі працоўнымі выдаткамі, будавалася новая Плывучая Крэпасць. У прынцыпе ўсе ваенныя дзеянні скіроўваліся на тое, каб знішчыць дадатковы прадукт, які мог застацца пасля таго, як самыя пільныя патрэбы насельніцтва былі задаволеныя. На практыцы пільныя жыццёвыя патрэбы насельніцтва заўсёды недаацэньваюцца. У выніку адбываецца так, што хранічна не стае нават паловы таго, што неабходна для жыцця. Але гэта разглядаецца як дадатны факт. Шляхам свядомае палітыкі ўсё насельніцтва, у тым ліку і ўпрывілеяваныя яго групы, трымаецца на мяжы галечы. Усеагульная нястача сапраўды павышае важнасць дробных прывілеяў і тым самым павялічвае розніцу паміж адной групай і другой. Паводле стандартаў пачатку дваццатага стагоддзя, нават члены Унутранай Партыі цяпер працуюць цяжка 1 жывуць, абмяжоўваючы сябе ва ўсім. Тым не меней тая кропля камфорту, што яны маюць, іх вялікія і добра мэбляваныя кватэры, іх адзенне з лепшае тканіны, добрая якасць іх ежы, пітва, тытуню, іх двое ці трое слугаў, іх ’прыватныя аўтамабілі і верталёты даюць ім магчымасць узвысіцца над светам членаў Знешняе Партыі. А члены Знешняе Партыі маюць падобныя перавагі ў параўнанні са знядоленымі масамі, якія мы называем «проламі». Сацыяльная атмасфера нагадвае абложаны горад, дзе валоданне кавалкам каніны пазначае розніцу паміж багаццем і беднасцю. Разам з тым усведамленне таго, што ідзе вайна, а значыць, адусюль пагражае небяспека, робіць натуральнай і непазбежнай умовай для выжывання перадачу ўлады ў рукі невялікае касты.
Вайна, як мы далей пабачым, не толькі прыносіць неабходныя разбурэнні, але і робіць гэтыя разбурэнні
псіхалагічна прымальнымі. У прынцыпе было б вельмі проста затраціць збыткоўную працу на пабудову святыняў і пірамід, на раскопванне і законванне ямаў ці нават на вытворчасць вялізнае колькасці тавараў, якія пасля б спальваліся. Але гэта прыдалося б для стварэння эканамічных, а не псіхалагічных падстаў іерархічнага грамадства. Тут маецца на ўвазе не мараль масаў, думка якіх не мае ніякага значэння, пакуль яны будуць моцна прыкутыя да сваёй працы, а мараль самой Партыі. Нават ад самага простага члена Партыі патрабуецца, каб ён быў у пэўных вузкіх межах здольны, старанны і нават разумны. Разам з тым неабходна, каб ён быў даверлівым фанатыкам, галоўнымі пачуццямі якога былі б страх, нянавісць, ліслівасць і злараднасць. Інакш кажучы, ён мусіць мець лад думак, характэрны для стану вайны. Зусім няважна, была сапраўды абвешчана вайна або не, няважна, ідзе яна паспяхова або не, бо ніякая канчатковая перамога немагчымая. Важна толькі, каб існавала ваеннае становішча. Спецыялізацыя разумовае скіраванасці, якой патрабуе Партыя ад сваіх членаў і якая найлягчэй дасягаецца ў атмасферы вайны, цяпер сталася амаль усеагульнаю, але чым вышэйшы ранг, тым адметнейшая гэтая спецыялізацыя. Якраз ва Унутранай Партыі ваенная істэрыя і нянавісць да ворага выяўляюцца найбольш яскрава. Пры выкананні сваёй кіраўнічай ролі члену Унутранае Партыі часам неабходна ведаць, што той або іншы пункт ваенных навінаў сфальшаваны, часам яму выпадае даведацца, што ўся вайна — фальшыўка і яе або ўвогуле няма, або прычыны яе абвешчання зусім не тыя, што паведамляліся раней. Але гэтае веданне нейтралізуецца прыёмамі двухдумства. Тым часам ніводзін член Унутранае Партыі ні хвіліны не вагаецца ў сваім містычным перакананні, што вайна ідзе, што яна мусіць скончыцца перамогаю Акіяніі і што Акіянія стане неаспрэчнай уладаркаю ўсяго свету.
Усе члены Унутранае Партыі вераць у непазбежнасць гэтае заваёвы, як у рэлігійны догмат. Яна адбудзецца або праз паступовы захоп новых тэрыторый, што дазволіць пабудаваць магутную неадольную супердзяржаву, або праз вынаходку новае зброі, супраць якой не знойдзецца абарончых сродкаў. Пошук новых відаў зброі працягваецца няспынна. Гэта адна з апошніх ацалелых галін разумовае дзейнасці, дзе дух вынаходніцтва і даследніцтва мае нейкі ўжытак. Сёння ў Акіяніі навука, у старым сэнсе гэтага слова, амаль перастала існаваць. У навамоўі нават няма слова для паняцця «навука». Эмпірычны метад мыслення, на якім грунтаваліся ўсе навуковыя дасягненні мінуўшчыны, пярэчыць найгалоўнейшым прынцыпам Ангсоцу. I нават тэхнічны прагрэс адбываецца толькі там, дзе ён можа нейкім чынам паспрыяць абмежаванню чалавечае свабоды. Ва ўсіх відах рамёстваў свет стаіць на месцы або адступае назад. Палі ўрабляюцца конным плугам, а кніжкі друкуюцца на машынцы. Але ў жыццёва важных галінах — гэта значыць у ваеннай справе і ў паліцэйскім наглядзе — эмпірычны падыход заахвочваецца або, прынамсі, церпіцца. Партыя ставіць перад сабою дзве мэты — заваяваць усю зямную паверхню і знішчыць раз і назаўсёды ўсялякую незалежную думку. 3 гэтага вынікаюць дзве задачы, якія Партыя мусіць вырашыць: як выявіць, супраць волі чалавека, пра што ён думае, і як за некалькі секундаў знішчыць без папярэджання сотні мільёнаў чалавек. Вось галоўныя мэты Партыі, у меру таго як працягваюцца навуковыя даследаванні. Сённяшні навуковец — гэта або гібрыд псіхолага з інквізітарам, які з незвычайнай стараннасцю вывучае значэнні выразу твару, рухаў, інтанацый голасу і даследуе вынікі ўздзеяння на чалавека наркотыкаў, тэрапеўтычнага шоку, гіпнозу, фізічных катаванняў з мэтаю дамагчыся паказанняў; або гэта фізік, хімік ці біёлаг, зацікаўлены толькі тымі
галінамі сваёй спецыяльнасці, якія маюць дачыненне да адабрання жыцця. У вялізных лабараторыях Міністэрства Міру і ў даследчых цэнтрах, схаваных у бразільскіх лясах, ці ў аўстралійскай пустыні, ці на выспах, што губляюцца ў Антарктыцы, нястомна працуюць групы экспертаў. Адны займаюцца распрацоўкаю планаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння будучых войнаў, другія вынаходзяць усё большыя ракетныя бомбы, усё магутнейшыя выбуховыя рэчывы, усё больш непрабівальную браню; іншыя вышукваюць новыя, больш смяротныя газы або растваральныя атруты, якія можна было б вырабіць у колькасці, дастатковай, каб знішчыць расліннасць цэлых кантынентаў, або віды вірусаў, адпорных на любыя вакцыны; іншыя працуюць над стварэннем механізму, які б мог перасоўвацца пад зямлёю, як падводная лодка пад вадой, або над пабудоваю самалёта, гэтак жа незалежнага ад сваёй базы, як парусны карабель; іншыя ж даследуюць нават самыя далёкія магчымасці, як, напрыклад, канцэнтраванне сонечных промняў лінзамі, падвешанымі за тысячы кіламетраў над зямлёю, або выкліканне штучных землятрусаў ці прыліваў і адліваў праз уздзеянне на тэмпературу ў цэнтры зямлі.