Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
Але ніводзін з гэтых праектаў ніколі не набліжаецца да ажыццяўлення, і ніводная з трох звышдзяржаваў не можа істотна апярэдзіць астатнія. Самае важнае тое, што ўсе тры дзяржавы ўжо маюць атамную бомбу — зброю значна магутнейшую за ўсё, што можна вынайсці ў выніку цяперашніх даследаванняў. I хоць Партыя, як звычайна, запісвае гэтую вынаходку на свой рахунак, атамныя бомбы з’явіліся яшчэ ў 40-я гады і былі першы раз шырока ўжытыя праз дзесяць гадоў. Каля сотні бомбаў было тады скінута на прамысловыя цэнтры, асабліва ў Еўрапейскай частцы Расіі, Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Гэтыя акцыі мелі на мэце пераканаць кіраўнічыя колы ўсіх краінаў, што
яшчэ некалькі бомбаў паставілі б крэс існаванню чалавецтва, а разам з тым і іх уладзе. У выніку, хоць і не было ніякіх спецыяльных пагадненняў ці нават прапановаў, болей бомбы не ўжываліся. Усе тры дзяржавы проста працягваюць вырабляць атамныя бомбы і назапашваць іх, чакаючы вырашальнага моманту, які, як думаюць усе яны, надарыцца рана ці позна. Тым часам ваенная тэорыя на працягу трыццаці або сарака гадоў не развівалася. Верталёты ўжываюцца больш, чым раней, бамбавікі ў большасці заменены на самарушныя снарады, а рухомыя і нетрывалыя крэйсеры саступілі месца амаль непатопным Плывучым Крэпасцям. Апроч гэтага, ніякіх удасканаленняў не адбылося. Танкі, падводныя лодкі, тарпеды, кулямёты і нават вінтоўкі і ручныя гранаты ўсё яшчэ ўжываюцца. I нягледзячы на бясконцыя паведамленні прэсы і тэлеглядаў аб жорсткіх баях, зацятыя бітвы мінулых войнаў, пад час якіх за пару тыдняў гінулі сотні тысяч ці нават мільёны людзей, ніколі ўжо не паўтараліся.
Ніводная з трох звышдзяржаў не рызыкуе рабіць такіх крокаў, якія маглі б прывесці да сур’ёзных стратаў. Калі і праводзяцца шырокамаштабныя аперацыі, дык часцей за ўсё гэта нечаканыя напады на саюзніка. Усе тры дзяржавы прытрымліваюцца ці ўдаюць, што прытрымліваюцца, аднолькавае стратэгіі. План палягае ў тым, каб, спалучаючы баявыя аперацыі, маршы і добра запланаваныя здрады, замкнуць кола сваіх баз вакол адной ці другой дзяржавы-суперніцы, a пасля заключыць з ёю пакт аб дружбе і захоўваць з ёю мір даволі доўга, каб падмануць пільнасць. За гэты час ракеты з атамнымі зарадамі размесцяцца ва ўсіх стратэгічных пунктах. Калі ўсе іх адначасова запусцяць, разбуральны эфект будзе такі моцны, што адпор будзе немагчымы. Тады настане час заключыць пакт аб дружбе з другой сусветнай дзяржаваю для падрыхтоўкі другога нападу. He трэба, бадай, і казаць, што план
гэты — нездзяйсняльная мара. Да таго ж баі вядуцца выключна на спрэчных тэрыторыях вакол экватара і полюса. Ніякія ўварванні на тэрыторыю супраціўніка не прадпрымаюцца. Гэтым тлумачыцца факт, што на некаторых адцінках межы паміж звышдзяржавамі праведзены адвольна. Еўразія, напрыклад, магла б з лёгкасцю заваяваць Брытанскія астравы, якія геаграфічна ўваходзяць у Еўропу. 3 другога боку, Акіянія магла б пасунуць мяжу да Рэйна або нават да Віслы. Але гэта было б парушэннем шанаванага ўсімі няпісанага прынцыпу культурнае недатыкальнасці. Калі б Акіянія захапіла тэрыторыі, некалі вядомыя пад назвамі Францыя і Германія, ёй давялося б або знішчыць усё насельніцтва, што было б звязана з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі, або асіміляваць каля ста мільёнаў жыхароў, якія ўзроўнем прамысловага развіцця набліжаюцца да Акіяніі. Праблема гэтая стаіць перад усімі трыма звышдзяржавамі. Для захавання іх структуры абсалютна неабходна выключыць любыя кантакты з іншаземцамі, дапускаючы іх хіба толькі, у абмежаванай ступені, з ваеннапалоннымі і каляровымі рабамі. Нават да афіцыйнага саюзніка прынята ставіцца са змрочным падазрэннем. Калі не ўлічваць ваеннапалонных, звычайны грамадзянін Акіяніі ніколі не бачыць грамадзян Еўразіі або Усходазіі, і яму забаронена ведаць замежныя мовы. Калі б яму былі дазволеныя кантакты з іншаземцамі, ён заўважыў бы, што гэта такія самыя людзі, як і ён, і што большая частка таго, што пра іх гавораць — няпраўда. Герметычныя муры свету, у якім ён жыве, разбурыліся б, і страх, нянавісць, упэўненасць у сваёй рацыі, ад якіх залежыць яго мараль, маглі б знікнуць. У выніку гэтага ўсе бакі пагадзіліся, што тым часам, як Персія, Егіпет, Ява ці Цэйлон пераходзяць з рук у рукі, галоўныя межы могуць парушацца толькі бомбамі.
За ўсім гэтым хаваецца факт, ніколі не выказаны ўголас, але зразумелы ўсім, які абумоўлівае паводзіны
кожнага,— умовы жыцця ва ўсіх трох звышдзяржавах прыблізна аднолькавыя. У Акіяніі пануючая філасофія называецца Ангсоц, у Еўразіі — неабальшавізм, ва Усходазіі яна азначаецца кітайскім словам, якое звычайна перакладаецца як Культ смерці, але дакладней было б перадаць яго як «забыццё самога сябе». Грамадзяніну Акіяніі не дазваляецца ведаць што б там ні было пра два іншыя філасофскія вучэнні, але яго вучаць ненавідзець іх і лічыць іх дзікунскай абразаю маралі і здаровага сэнсу. Папраўдзе, усе тры філасофіі мала адрозніваюцца адна ад адной, а грамадскія сістэмы, на іх пабудаваныя, не адрозніваюцца ўвогуле. Паўсюль — тая самая пірамідальная структура, той самы культ кіраўніка-паўбога, тая самая эканамічная сістэма, што існуе праз пастаянную вайну і дзеля яе. 3 гэтага вынікае, што ўсе тры звышдзяржавы не толькі не могуць заваяваць адна адну, але і не мелі б з гэтае заваёвы ніякае карысці. Наадварот, варагуючы паміж сабою, яны падтрымліваюць адна адну, як тры пшанічныя снапы. Звычайна кіраўнічыя групоўкі трох дзяржаў усведамляюць і адначасова не ўсведамляюць тое, што яны робяць. Яны прысвячаюць свае жыцці заваёве свету, але разам з тым яны ведаюць, што неабходна, каб вайна працягвалася без канца і без перамогі. Тым часам адсутнасць небяспекі заваявання робіць магчымым адмаўленне рэальнасці — адмысловую рысу Ангсоцу і дзвюх астатніх філасофскіх сістэм. Тут неабходна паўтарыць сказанае вышэй — з-за таго, што вайна стала перманентнаю, істотна змяніўся сам яе характар.
Ранейшымі часамі вайна, амаль паводле самой дэфініцыі, была нечым, што рана ці позна канчалася, звычайна бясспрэчнаю перамогай або паражэннем. Ранейшымі часамі вайна была таксама адным з асноўных сродкаў, праз які чалавечае грамадства трымалася ў кантакце з матэрыяльнай рэчаіснасцю. Усе кіраўнікі ва ўсе часы спрабавалі навязаць сваім падначаленым
фальшывы светапогляд, але не маглі сабе дазволіць заахвочваць ілюзіі, якія маглі б знізіць баяздольнасць. Калі паражэнне значыла страту незалежнасці ці нейкі іншы непажаданы вынік, трэба было сур’ёзна супрацьставіцца паражэнню. Тут ужо нельга было абысці матэрыяльныя факты. Двойчы два можа значыць пяць у філасофіі, рэлігіі, этыцы або палітыцы, але калі справа ідзе пра гармату або самалёт, двойчы два мусіць раўняцца чатыром. Недзеяздольныя нацыі рана ці позна асуджаны на заваяванне, і барацьба за дзеяздольнасць заўсёды была ворагам усіх ілюзій. Да таго ж, каб быць дзеяздольным, трэба ўмець вучыцца з мінуўшчыны, гэта значыць дакладна ўяўляць сабе тое, што адбывалася раней. У газетах і гістарычных кнігах усё заўсёды прыхарошвалася і падганялася, але фальшаванні накшталт цяперашніх былі немагчымыя. Вайна была гарантам здаровага розуму, а што датычыла кіраўнічых колаў, дык нават самым надзейным гарантам. Пакуль войны можна было выйграваць або прайграваць, ніводзін кіраўнічы клас не мог быць абсалютна безадказны.
Але калі вайна робіцца працяглай, яна перастае быць небяспечнай. Калі вайна перманентная, нічога накшталт ваеннай неабходнасці болей не існуе. Тэхнічны прагрэс можа сп^ініцца, а самыя відавочныя факты могуць адмаўляцца або ігнаравацца. Як мы ўжо бачылі, даследаванні, якія можна было б назваць навуковымі, усё яшчэ вядуцца ў ваенных мэтах, але па сутнасці ўсё гэта пустыя фантазіі, і тое, што яны не даюць ніякіх вынікаў, нікога не хвалюе. Дзеяздольнасць, нават ваенная, болей нікому не патрэбная. У Акіяніі болей не засталося нічога дзеяздольнага, апроч Паліцыі Думак. 3 таго часу, як усе тры звышдзяржавы сталіся неадольнымі, кожная з іх існуе як асобны сусвет, унутры якога могуць спакойна адбывацца любыя дэфармацыі думкі. Уплыў рэальнасці выяўляецца толькі ў вымогах штодзённага жыцця — неабходна есці і піць, мець жыт-
ло і адзенне, старацца не глытаць атруты і не выходзіць праз акно з апошняга паверха і гэтак далей. Паміж жыццём і смерцю, паміж асалодаю і пакутай яшчэ ёсць адрозненне, але не надта вялікае. Ізаляваны ад знешняга свету і ад мінуўшчыны, грамадзянін Акіяніі падобны да чалавека ў міжзорнай прасторы, які не мае ніякіх пунктаў адліку і не ведае, дзе верх, дзе ніз. Кіраўнікі такой дзяржавы маюць абсалютную ўладу, якой не мелі ні фараоны, ні імператары. Яны мусяць дбаць пра тое, каб не надта шмат іх падуладных памірала з .голаду, бо гэта можа быць нязручным, яны мусяць падтрымліваць гэткі самы нізкі ваенна-тэхнічны ўзровень, што і іх супернікі, але як толькі гэты мінімум дасягнуты, яны могуць дэфармаваць рэчаіснасць і надаваць ёй любую форму.
Такім чынам, вайна, калі падыходзіць да яе з меркамі, стасаванымі да мінулых войнаў,— гэта проста падман. Яна нагадвае баі паміж прадстаўнікамі некаторых відаў жвачнай жывёлы, у якіх рогі растуць пад такім вуглом, што яны не могуць пашкодзіць адно аднаму. Але нават будучы нерэальнай, яна ўсё ж мае пэўнае значэнне. Яна знішчае лішкі прадуктаў спажывання і дапамагае захаваць адмысловую духоўную атмасферу, неабходную для існавання іерархічнага грамадства. Такім чынам, як бачым, вайна ёсць справа чыста ўнутрыпалітычная. Раней кіраўнічыя групы ўсіх краін, хоць і яны маглі прызнаць наяўнасць некаторых супольных інтарэсаў і, такім чынам, абмежаваць знішчальныя вынікі вайны, сапраўды ваявалі адна супраць адных, і той, хто перамагаў, заўсёды рабаваў пераможанага. Цяпер яны ўжо не ваююць адны супраць адных. Кожная кіраўнічая група ваюе супраць сваіх падуладных, а мэта вайны — не заваяваць або перашкодзіць заваяванню тэрыторыі, а захаваць некранутай структуру грамадства. Само слова «вайна» перастала адпавядаць свайму зместу. Відаць, дакладней было б сказаць, што, зрабіў-
шыся перманентнай, вайна перастала існаваць. Тое асаблівае прыгнечанне чалавечых істот, якое было характэрнае ўсім войнам ад неаліту да пачатку дваццатага стагоддзя, замянілася на нешта зусім іншае. Вынік быў бы той самы, калі б усе тры звышдзяржавы замест таго, каб біцца адна з адной, пагадзіліся і жылі ў вечным міры, застаючыся кожная недатыкальнай у сваіх межах. Сапраўды, і ў гэтым выпадку кожная з іх заставалася б замкнёным сусветам, навекі вызваленым ад аблудных уплываў знешняе пагрозы. Сапраўдны перманентны мір быў бы тым самым, што і перманентная вайна. I хоць большасць членаў Партыі разумее гэта толькі ў павярхоўным сэнсе, у гэтым і хаваецца глыбокае значэнне партыйнага лозунга: ВАЙНА — ГЭТА МІР.