Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
Уінстан на хвілінку перапыніў чытанне. Недзе далёка выбухнула ракетная бомба. Шчаслівае адчуванне таго, што ён сядзіць сам-насам з забароненай кнігай у пакоі, дзе няма тэлегляда, яшчэ не прайшло. Самотнасць і бяспека былі фізічнымі пачуццямі, якія мяшаліся са стомаю яго цела, з утульнасцю фатэля, з пяшчотным дотыкам ветрыку, які далятаў з акна і лашчыў яму твар. Кніга яго захапляла ці, дакладней кажучы, абнадзейвала. 3 другога боку, яна не паведамляла нічога новага, але ад гэтага яна была яшчэ больш прывабная. У ёй гаварылася тое, што б сказаў і Уінстан, калі б здолеў упарадкаваць свае раскіданыя думкі. Кніга была плёнам розуму, падобнага да ягонага, але магутнейшага, больш сістэматычнага, менш апанаванага страхам. «Найлепшыя кнігі,— сказаў ён сам сабе,— гэта тыя, якія гавораць табе пра тое, што ты ўжо сам ведаеш». Ен вярнуўся да раздзела першага, калі пачуў крокі Джуліі па сходах. Ен устаў з фатэля, каб сустрэць яе. Яна паставіла сваю торбу на падлогу і кінулася ў абдымкі Уінстану. Яны не бачыліся больш за тыдзень.
— У мяне Кніга,— сказаў ён, калі яны скончылі абдымацца.
— О, праўда? Добра,— сказала яна без лішняе цікаўнасці і амаль адразу схілілася над керагазам, каб зварыць кавы.
Яны вярнуліся да гэтай тэмы толькі праз паўгадзіны пасля таго, як леглі ў ложак. Вечар ужо дыхаў прахалодаю, і ім давялося прыкрыцца коўдрай. Знізу даляталі знаёмыя гукі песні і стукату чаравікаў па бруку. Жанчына з чырвонымі, як цэгла, рукамі, якую Уінстан бачыў, як быў тут першы раз, была, здавалася, неадлучнаю часткай двара. Яна, пэўна, так і хадзіла праз цэлыя дні паміж балеяй і вяроўкай і, калі рот у яе не быў заняты зашчэпкамі, спявала свае чуллівыя песні. Джулія прылегла на бок і ўжо была гатовая заснуць. Уінстан выцягнуў руку, каб узяць кнігу з падлогі, і сеў, прыхіліўшыся да більца ложка.
— Нам трэба гэта прачытаць,— сказаў ён,— і табе таксама. Усім членам Братэрства трэба гэта прачытаць.
— Чытай,— сказала яна, не расплюшчыўшы вачэй.— Чытай уголас. Так будзе найлепей. Так ты будзеш адразу мне тлумачыць.
Стрэлка гадзінніка была на шасцёрцы, што значыла васемнаццаць гадзін. У іх заставалася яшчэ тры-чатыры гадзіны. Уінстан паклаў кнігу на калені і пачаў чытаць:
Раздзел першы
Няведанне — гэта сіла
На працягу ўсіх гістарычных эпох, па ўсёй верагоднасці, з канца неаліту, у свеце існавала тры катэгорыі людзей: Вышэйшыя, Сярэднія і Ніжэйшыя. Яны ў сваю чаргу дзяліліся на розныя драбнейшыя групы, насілі незлічоную колькасць розных найменняў, іх лічбавыя прапорцыі, а таксама ўзаемныя дачыненні мяняліся ад стагоддзя да стагоддзя. Аднак асноўная будова чалавечага грамадства не мянялася ніколі. Нават пасля вялізных зрухаў і ўяўна кезваротных перамен заўсёды сама
па сабе ўсталёўвалася тая самая структура, гэтаксама як гіраскоп заўсёды імкнецца да раўнавагі, у які бок яго б ні схілялі.
— Джулія, ты не спіш? — спытаўся Уінстан.
— He, каханы. Я слухаю. Чытай далей. Гэта проста цудоўна.
I ён чытаў далей:
Мэты гэтых трох груп абсалютна несумяшчальныя паміж сабою. Мэта Вышэйшых — застацца там, дзе яны ёсць, Сярэдніх — памяняцца месцамі з Вышэйшымі. Мэта Ніжэйшых, калі яна ў іх увогуле ёсць — бо неадменнай уласцівасцю Ніжэйшых ёсць тое, што яны занадта прыгнечаныя працай, каб усведамляць трывала, не ўрыўкамі, нешта апроч іх штодзённага жыцця — мэта гэтае групы — зліквідаваць усе адрозненні і стварыць грамадства, у якім усе людзі былі б роўныя. I гэтак, праз усю Гісторыю, змаганне, асноўныя рысы якога застаюцца тыя самыя, паўтараецца бясконца. Часам, на працягу доўгіх перыядаў, здаецца, што Вышэйшыя трывала трымаюць уладу. Але рана ці позна заўсёды надыходзіць момант, калі яны страчваюць або веру ў сябе, або здольнасць да эфектыўнага кіравання, або і тое і тое разам. I тады іх скідаюць Сярэднія, якія схіляюць на свой бок Ніжэйшых, запэўніваючы іх, што яны змагаюцца за свабоду і справядлівасць. Дасягнуўшы сваёй мэты, Сярэднія зноў заганяюць Ніжэйшых у былое рабства і самі робяцца Вышэйшымі. Новая сярэдняя група вылучаецца тады з адной з ацалелых груп або з абедзвюх, і барацьба пачынаецца зноў. 3 трох груп толькі Ніжэйшым ніколі, нават часова, не ўдаецца дасягнуць сваёй мэты. Было б перабольшаннем сказаць, што за ўсю гісторыю не было дасягнута ніякага матэрыяльнага прагрэсу. Нават сёння, у перыяд заняпаду, сярэдні чалавек мае лепшыя жыццёвыя ўмовы, чым
колькі стагоддзяў таму. Але ніякі рост багацця, ніякае палагодненне нораваў, ніякія рэформы або рэвалюцыі ні на міліметр не наблізілі роўнасці людзей. 3 пункту погляду Ніжэйшых гістарычныя перамены ніколі не значылі болей, чым проста змену імя іх гаспадароў.
Пад канец XIX стагоддзя шматлікія наглядальнікі заўважылі пастаяннае паўтарэнне гэтае мадэлі грамадства. Тады з’явіліся школы мысляроў, якія разглядалі гісторыю як цыклічны працэс і маніліся давесці, што няроўнасць — нязменны закон чалавечага жыцця. Гэтае вучэнне, вядома ж, і раней заўсёды мела сваіх прыхільнікаў, але ў тым, як яно падавалася, адбылася істотная змена. У мінулым неабходнасць іерархічнае формы грамадства баранілася вучэннем, уласцівым вышэйшаму класу. Вучэнне гэтае прапагандавалася каралямі і арыстакратамі, святарамі, законнікамі і іншымі, што паразітавалі на іх, і змякчалася яно абяцаннямі адплаты ва ўяўным свеце, па той бок магілы. Сярэднія, змагаючыся за ўладу, заўсёды ўжывалі словы накшталт «свабода», «справядлівасць», «братэрства». Аднак на паняцце «братэрства людзей» пачалі нападаць людзі, якія яшчэ не займалі кіраўнічых пастоў, але неўзабаве спадзяваліся іх заняць. Раней Сярэднія рабілі рэвалюцыі пад сцягам роўнасці, а пасля ўсталёўвалі новую тыранію, як толькі старая была знішчана. Новыя Сярэднія абвяшчалі цяпер сваю тыранію загадзя. Сацыялізм — тэорыя, якая з’явілася на пачатку XIX стагоддзя і ўяўляла сабою апошняе звяно ланцуга думкі, што брала пачатак у антычных паўстаннях рабоў,— быў яшчэ глыбока прасякнуты утапічнымі ідэямі мінулых стагоддзяў. Але ва ўсіх варыянтах сацыялізму, якія з’явіліся прыблізна пасля 1900 года, мэта ўсталявання свабоды і роўнасці стала ўсё больш і больш адкрыта адкідацца. Новыя рухі, што ўзніклі ў сярэдзіне стагоддзя — Ангсоц у Акіяніі, Неабальшавізм у Еўразіі, Культ смерці, як яго звычайна называюць, ва Усхода-
зіі — свядома паставілі сабе за мэту ўвечніць несвабоду і няроўнасць. Гэтыя новыя рухі, вядома ж, бралі пачатак са старэйшых вучэнняў, імкнуліся захаваць іх назвы і ўславіць на словах іх ідэалогію. Але мэтаю ва ўсіх іх было стрымаць прагрэс і ў пэўны момант назаўсёды спыніць гісторыю. Маятнік мусіць зрабіць яшчэ адно ваганне і замерці. Як звычайна, Вышэйшыя павінны быць скінутыя Сярэднімі, якія тады зрабіліся б Вышэйшымі. Але гэтым разам, паводле свядомае стратэгіі, новыя Вышэйшыя былі б здольныя вечна ўтрымліваць свае пазіцыі.
Новыя вучэнні ўзніклі дзякуючы назапашаным гістарычным ведам, а таксама дзякуючы глыбейшаму разуменню гісторыі, якога амаль не было да дзевятнаццатага стагоддзя. Цыклічны рух гісторыі цяпер быў заўважны, ці, прынамсі, так магло здавацца. Але калі ён быў заўважны, значыць, яго можна было змяніць. Аднак галоўная глыбокая прычыны ўзнікнення гэтых вучэнняў палягала ў тым, што з пачатку дваццатага стагоддзя роўнасць людзей зрабілася тэхнічна дасягальнай. Праўда, людзі ўсё яшчэ былі няроўныя паводле прыродных здольнасцяў, і для размеркавання функцый між людзьмі ўсё яшчэ павінен быў існаваць выбар, які аддаваў бы перавагу адным за кошт другіх. Але не існавала ўжо ніякай рэальнай неабходнасці для размежавання паводле класаў або розніцы маёмаснага стану. Ранейшымі часамі класавыя адрозненні былі не толькі непазбежныя, але і пажаданыя. Няроўнасць была платаю за цывілізацыю. Становішча, аднак, змянілася з развіццём машыннае вытворчасці. Нават калі яшчэ і заставалася неабходнасць таго, каб людзі выконвалі розную працу, дык было ўжо зусім неабвязкова, каб яны жылі на розным сацыяльным або эканамічным узроўні. Вось чаму з пункту погляду новых груп, якія рыхтаваліся да захопу ўлады, чалавечая роўнасць была ўжо не ідэалам, да якога трэба імкнуцца, а небяспекаю.
якой трэба было пазбегнуць. Раней, калі справядлівае і мірнае грамадства было сапраўды немагчымае, было вельмі лёгка ў яго верыць. Ідэя аб зямным раі, дзе людзі будуць разам у братняй згодзе, без законаў і без знясільнае працы, тысячагоддзямі вабіла чалавечую фантазію. Гэтае ўяўленне зрабіла пэўны ўплыў нават на тыя групы людзей, якія мелі рэальную карысць ад кожнай гістарычнай перамены. Спадкаемцы французскай, англійскай і амерыканскай рэвалюцый часткова і самі верылі сваім словам аб правах чалавека, свабодзе слова, роўнасці перад законам, словы гэтыя ўплывалі ў пэўнай ступені нават на іх паводзіны. Але ўжо ў чацвёртым дзесяцігоддзі XX стагоддзя ўсе асноўныя плыні палітычнае думкі былі аўтарытарныя. Рай зямны быў развянчаны якраз тады, як ён стаўся дасягальным. Любая новая палітычная тэорыя, як бы яна ні называлася, вяртала назад да іерархізаванага і строга рэгламентаванага грамадства. А ў 30-я гады, з агульным пагаршэннем палітычнае атмасферы, метады, ад якіх даўно ўжо, часам сотні гадоў назад, адмовіліся — зняволенне без суду, выкарыстанне ваеннапалонных у якасці рабоў, публічныя пакаранні, катаванні дзеля здабычы паказанняў, узяцце заложнікаў і дэпартацыя цэлых народаў,— не толькі зноў сталіся звычайнымі, але не выклікалі пратэсту і нават бараніліся людзьмі, што лічылі сябе адукаванымі і прагрэсіўнымі.
Толькі пасля дзесяці гадоў сусветных і грамадзянскіх войнаў, рэвалюцый і контррэвалюцый ва ўсіх частках свету Ангсоц і яго канкурэнты склаліся ў дакладна акрэсленыя палітычныя тэорыі. Але ім папярэднічалі розныя сістэмы, звычайна званыя таталітарнымі, якія з’явіліся раней у гэтым стагоддзі, і галоўныя абрысы свету, які павінен быў нарадзіцца з пануючага бязладдзя, былі ўжо даўно відавочныя. Што за тып чалавека мусіў уладарыць у гэтым свеце — таксама было відавочна. Новая арыстакратыя складалася пераважна з
бюракратаў, навукоўцаў, тэхнікаў, прафсаюзных дзеячаў, прапагандыстаў, сацыёлагаў, выкладчыкаў, журналістаў і прафесійных палітыкаў. Гэтыя людзі, якія паходзілі з аплочваных прадстаўнікоў сярэдняга класа і вышэйшых пластоў рабочых, былі сфармаваныя і аб’яднаныя бясплодным светам манапалізаванай прамысловасці і цэнтралізаванага кіраўніцтва. У параўнанні з адпаведнымі сіламі мінулых часоў яны былі менш хцівыя, менш прывабленыя раскошаю, затое болей прагныя чыстай улады і, што характэрна, болын свядомыя ў сваіх дзеяннях і больш рашучыя ў знішчэнні апазіцыі. Гэтае апошняе адрозненне было самае істотнае. У параўнанні з сённяшнімі, усе тыраніі мінуўшчыны былі млявыя і недзеяздольныя. Кіраўнічыя колы заўсёды былі ў пэўнай ступені заражаныя ліберальнымі ідэямі, былі радыя паўсюль папускаць лейцы, паважна ўспрымалі толькі відавочныя факты і не цікавіліся, пра што думаюць іх падуладныя. Нават сярэднявечная каталіцкая царква здавалася талерантнаю ў параўнанні з сучаснымі стандартамі. Прычына часткова палягае ў тым, што ў мінулым ніводзін урад не мог трымаць сваіх грамадзянаў пад сталым наглядам. Аднак ужо вынаходка кнігадрукавання дазволіла лягчэй маніпуляваць грамадскай думкай. Кіно і радыё дапамаглі тут яшчэ болей. 3 развіццём тэлевізіі і з тэхнічным прагрэсам, які дазволіў стварыць апарат, што працуе і на перадачу і на прыём, прыватнаму жыццю людзей настаў канец. Кожнага грамадзяніна ці, прынамсі, кожнага вартага таго, каб за ім сачылі, можна было трымаць дваццаць чатыры гадзіны ў суткі пад вачамі паліцыі, у трэскаце афіцыйнае прапаганды, тым часам як усе іншыя каналы камунікацыі перакрытыя. Упершыню ўзнікла магчымасць навязаць падуладным не толькі поўную паслухмянасць дзяржаўнай волі, але і поўную аднастайнасць думак.