Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
ваных на навамоўі стопзлачын, чорнабел і двухдумства, уплывае на яго так, што ён не хоча і не можа разважаць глыбока аб чым там ні было б.
Мяркуецца, што член партыі не можа мець ніякіх прыватных пачуццяў і што яго энтузіязм ніколі не згасае. Ен павінен жыць у няспынным шале нянавісці да знешніх ворагаў і ўнутраных здраднікаў, захапляцца перамогамі, пакорліва схіляцца перад сілаю і мудрасцю Партыі. Пачуццё незадаволенасці, што ўзнікае ад убогага, абмежаванага жыцця, свядома накіроўваецца вонкі і рассейваецца з дапамогаю мерапрыемстваў накшталт Двуххвілінкі Нянавісці. Думкі, якія маглі б прывесці да сфармавання скептычных або бунтаўнічых поглядаў, забіваюцца загадзя шляхам унутранае дысцыпліны, прышчэпленай з малых гадоў. Першая, найпрасцейшая ступень дысцыпліны, якой можна навучыць нават малых дзяцей, завецца на навамоўі стопзлачын. Стопзлачын — гэта здольнасць рэзка, нібы інстынктыўна, спыніцца на парозе небяспечнае думкі. Ен уключае ў сябе ўменне не адчуваць аналогій, не заўважаць лагічных памылак, не разумець нават найпрасцейшых аргументаў, калі яны пярэчаць Ангсоцу. Сюды ўваходзіць таксама здольнасць адчуваць нуду або агіду да любога ладу мыслення, які можа звесці на аблудны кірунак. Карацей кажучы, стопзлачын азначае ахоўную дурасць. Але адной дурасці мала. Наадварот, добранадзейнасць, у пэўным сэнсе, патрабуе ад усіх гэткага ж поўнага кантролю над сваімі думкамі, як у акрабата над целам. Акіянійскае грамадства трымаецца ўрэшце на веры, што Вялікі Брат усемагутны, а Партыя — бясхібная. Але з той прычыны, што ў сапраўднасці Вялікі Брат не ўсемагутны, а Партыя не бясхібная, існуе неабходнасць настойлівай, штохвіліннай гнуткасці ў падаванні фактаў. Ключавым паняццем тут з’яўляецца чорнабел. Гэтае слова, як і шмат іншых навамоўных слоў, мае два ўзаемна супярэчныя значэнні. Ужытае ў дачыненні
да ворага, яно азначае звычку бессаромна сцвярджаць насуперак відавочным фактам, што чорнае — гэта белае. Ужытае ў дачыненні да члена Партыі, яно азначае сумленную гатовасць назваць чорнае белым, калі гэтага запатрабуе партыйная дысцыпліна. Але яно азначае таксама здольнасць верыць, што чорнае — гэта белае, і нават ведаць, што чорнае — гэта белае, і забыцца, што некалі было інакш. Гэта патрабуе няспыннага зменьвання мінуўшчыны, магчымага дзякуючы сістэме мыслення, якая ахапляе ўсе іншыя і называецца ў навамоўі двухдумствам.
Зменьванне мінуўшчыны неабходнае з дзвюх прычын, адна з якіх з’яўляецца другараднаю і, так бы мовіць, прэвентыўнаю. Гэтая прычына палягае ў тым, что член Партыі, гэтак жа, як і пралетарый, церпіць цяперашнія жыццёвыя ўмовы часткова таму, што яму няма з чым іх параўнаць. Ен мусіць быць адрэзаны ад мінуўшчыны гэтак жа, як ён адрэзаны ад замежных краін, бо неабходна, каб ён верыў, што жыве лепш, чым яго продкі, і каб ён думаў, што сярэдні ўзровень матэрыяльных дабротаў няспынна павышаецца. Аднак значна важнейшаю прычынай для зменьвання мінуўшчыны ёсць неабходнасць забяспечыць бясхібнасць Партыі. Усе прамовы, лічбы, справаздачы мусяць прыводзіцца ў адпаведнасць з надзённымі партыйнымі патрабаваннямі не толькі на тое, каб давесці дакладнасць усіх прадказанняў Партыі ва ўсіх выпадках. Справа ў тым, што Партыя не можа дапусціць змены ў дактрыне або ў палітычнай лініі. Перамяніць сваё рашэнне ці нават сваю палітыку значыла б прызнацца ў сваёй слабасці. Калі, напрыклад, Еўразія ці Усходазія (няважна, каторая з іх) на сённяшні дзень з’яўляецца ворагам, трэба, каб гэтая краіна была ворагам і ва ўсе ранейшыя часы, і калі факты сведчаць пра іншае, дык гэтыя факты трэба падправіць. Такім чынам, гісторыя няспынна перапісваецца. Гэтае штодзённае фальшаван-
не мінуўшчыны, выконванае Міністэрствам Праўды, гэтак жа неабходнае для моцы рэжыму, як і рэпрэсіўнашпіёнская дзейнасць Міністэрства Любові.
Зменлівасць мінуўшчыны — асноўны прынцып Ангсоцу. Мінулыя падзеі, як лічыцца, не існуюць аб’ектыўна, а захоўваюцца толькі ў пісьмовых дакументах і ў чалавечай памяці. Мінуўшчына выглядае так, як падаюць яе дакументы і ўспаміны. Калі ж Партыя поўнасцю кантралюе ўсе дакументы, а таксама думкі сваіх членаў, дык з гэтага вынікае, што мінуўшчына выглядае так, як хоча Партыя. 3 гэтага таксама вынікае, што хоць мінуўшчына і зменлівая, яна ніколі не была змененая ў нейкім канкрэтным выпадку. Бо калі яна пераствораная ў форме, патрабаванай у дадзены момант, дык гэтая новая версія і ёсць мінуўшчына, і ніякае іншае мінуўшчыны няма і не магло быць. Гэта застаецца слушным нават тады, калі, як гэта часта здараецца, тую самую падзею неабходна змяніць да непазнавальнасці некалькі разоў на працягу аднаго года. Ва ўсе часы Партыя валодае абсалютнаю ісцінай, a абсалютнае, зразумела, ніколі не можа быць інакшае, чым цяпер. Мы яшчэ ўбачым, што кантроль над мінуўшчынай залежыць перш за ўсё ад працы над памяццю. Пераканацца, што ўсе пісьмовыя запісы адпавядаюць палітычным устаноўкам бягучага моманту, зусім няцяжка, гэта чыста механічны акт. Але неабходна таксама памятаць, што мінулыя падзеі адбываліся менавіта так, як сцвярджаецца цяпер. Калі ж пры гэтым даводзіцца падпраўляць сваю памяць або фальшаваць пісьмовыя запісы, дык неабходна адразу ж пра гэта забыцца, як толькі справа зроблена. Гэтаму можна навучыцца, як і кожнаму іншаму разумоваму прыёму. I гэтаму навучаецца большасць членаў Партыі, усе, каго можна лічыць разумным і добранадзейным. На старамоўі гэта звалася зусім шчыра: «Кантроль рэчаіснасці».
На навамоўі гэта завецца двухдумства, хоць паняцце двухдумства значна шырэйшае.
Двухдумства азначае здольнасць трымаць у свядомасці два супярэчныя меркаванні адначасова і пагаджацца з абодвума. Партыйны інтэлектуал ведае, у якім кірунку трэба трансфармаваць сваю памяць; такім чынам, ён ведае, што маніпулюе рэчаіснасцю; але, ужываючы двухдумства, ён пераконвае сябе, што рэчаіснасць застаецца непарушаная. Гэты працэс мусіць быць свядомы, бо інакш ён не будзе выкананы з дастатковай дакладнасцю, але ён мусіць быць таксама і несвядомы, бо інакш ён выклікае пачуццё несапраўднасці, а значыць, і віны. Двухдумства спачывае ў самім сэрцы Ангсоцу, бо асноўны метад Партыі палягае ў тым, каб свядома чыніць махлярства, захоўваючы пры гэтым цвёрдасць намераў, заснаваных на поўнай шчырасці. Наўмысна казаць хлусню, шчыра верачы ў яе, забыцца на факты, што сталіся неадпаведнымі бягучаму моманту, а калі зноў будзе неабходна, вярнуць іх з забыцця якраз настолькі, наколькі трэба, адмаўляць існаванне аб’ектыўнае рэчаіснасці, але ўвесь час лічыцца з гэтай адмоўленай рэчаіснасцю — усё гэта абсалютна неабходна. Нават ужываючы слова «двухдумства», трэба праявіць двухдумства, бо той, хто ўжывае гэтае слова, разумее, што тым самым фальшуе рэчаіснасць, і каб • сцерці са свядомасці гэтае разуменне, неабходны новы акт двухдумства — і так да бясконцасці, прычым мана заўсёды будзе на адзін крок апераджаць праўду. Партыя здолела — і, як усе мы ведаем, яшчэ тысячы гадоў будзе здольная — спыняць хаду гісторыі.
Усе былыя алігархіі страцілі ўладу або праз тое, што яны закасцянелі, або праз тое, што змякчэлі і адрузлі. Яны або сталіся напышлівымі і фанабэрнымі, няздольнымі прыстасавацца да зменлівых абставін, і былі зрынутыя; або, стаўшы ліберальнымі і баязлівымі, саступалі там, дзе мусілі ўжыць сілу, і таксама
былі зрынутыя. Гэта значыць яны загінулі або праз свядомасць, або праз несвядомасць. Дасягненнем Партыі было тое, што яна выпрацавала сістэму думак, у якой абедзве ўмовы могуць існаваць адначасова. I толькі на гэтай інтэлектуальнай падставе панаванне Партыі магло ўсталявацца навечна. Той, хто пануе і хоча працягнуць сваё панаванне, мусіць умець дэфармаваць пачуццё рэчаіснасці. Бо сакрэт панавання палягае ў тым, каб спалучаць веру ў сваю бясхібнасць з уменнем вучыцца на сваіх памылках.
Наўрад ці трэба казаць, што найбольш спрактыкаваныя ў двухдумстве тыя, хто вынайшаў двухдумства і ведае, што гэта — шырокая сістэма разумовага махлярства. У нашым грамадстве тыя, хто найлепш ведае, што адбываецца навокал, якраз найменш за ўсіх здольныя ўспрымаць свет, якім ён ёсць. Увогуле: чым болей разумення, тым болей аблуды, чым чалавек больш інтэлігентны, тым менш у яго здаровага розуму. Яскравы прыклад гэтаму — факт, што ваенная істэрыя павышаецца разам з падняццем угору па сацыяльнай лесвіцы. Найбольш набліжаецца да разумнага ўспрымання вайны жыхарства спрэчных тэрыторый. Для гэтых людзей вайна — гэта проста бясконцае бедства, што пракочваецца па іх зямлі, як прыліў і адліў. Які з бакоў перамагае — ім абсалютна ўсё адно. Яны ведаюць, што змена ўладара значыць толькі, што яны будуць рабіць тую самую працу, што і раней, на новых гаспадароў, якія будуць ставіцца да іх гэтаксама, як і старыя. Трошкі меней заняволеныя рабочыя, якіх мы называем «проламі», усведамляюць сутнасць вайны толькі часткова. Калі неабходна, у іх можна распаліць шал страху і нянавісці, але калі іх не чапаць, яны могуць надоўга забыцца, што ідзе вайна. Сапраўдны ж ваенны запал можна сустрэць у шэрагах Партыі, і асабліва Унутранай Партыі. Найбольш непахісна ў заваёву свету вераць тыя, хто ведае, што гэта немагчыма. Гэтае
адмысловае злучэнне процілегласцяў — ведаў з невуцтвам, цынізму з фанатызмам — адна з галоўных характэрных рысаў акіянійскага грамадства. Афіцыйная ідэалогія перапоўнена супярэчнасцямі, хоць у гэтым няма ніякае практычнае патрэбы. Так, Партыя адкідае і зневажае ўсе тыя прынцыпы, на якіх першапачаткова грунтаваўся сацыялістычны рух, сцвярджаючы, што робіць гэта ў імя сацыялізму. Яна заклікае да нечуванай у былыя стагоддзі пагарды да рабочага класа, а тым часам апранае сваіх членаў ва уніформу, што калісьці насілі рабочыя, і якраз таму выбраную. Яна сістэматычна разбурае сямейныя сувязі, але называе свайго лідэра імем, якое непасрэдна звязана з пачуццём сямейнае лучнасці. Нават назвы чатырох Міністэрстваў, якія намі кіруюць, выдаюць бессаромнае і адкрытае перакручванне фактаў. Міністэрства Міру займаецца вайною, Міністэрства Праўды — хлуснёй, Міністэрства Любові — катаваннямі, а Міністэрства Дастатку морыць людзей голадам. Супярэчнасці гэтыя невыпадковыя, яны выкліканы не звычайнай крывадушнасцю — гэта свядомае ўжыванне двухдумства. Бо толькі прымірыўшы супярэчнасці, можна захаваць уладу навечна. Ніяк іначай стары лад гісторыі не можа быць разбіты. Калі неабходна пазбегнуць роўнасці ўсіх людзей — калі Вышэйшыя, як мы іх назвалі, збіраюцца захаваць свае пазіцыі навечна,— дык тады пераважным ладам мыслення мусіць стацца кантраляванае вар’яцтва.