Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
— Пролы — гэта людзі,— гучна прамовіў ён.— А мы — не людзі.
— Чаму? — спыталася Джулія, прачнуўшыся зноў. Ен падумаў хвілінку.
— Ці прыходзіла табе калі ў галаву,— сказаў ён,— што найлепш нам было б проста пайсці адсюль, пакуль не позна, і ніколі болей не сустракацца?
— Так, мой любы. Я не раз пра гэта думала. I ўсё ж я ніколі гэтага не зраблю.
— Дагэтуль нам шанцавала,— сказаў ён,— але доўга гэтак цягнуцца не можа. Ты маладая, выглядаеш нармальнай і бязвіннай. Калі ты будзеш трымацца далей ад такіх, як я, дык пражывеш яшчэ гадоў пяцьдзесят.
— He. Я пра ўсё гэта думала. Я буду рабіць тое, што і ты. I не глядзі так змрочна на свет. Я так проста паміраць не збіраюся.
— Магчыма, мы будзем разам яшчэ паўгода, можа, год, але ўрэшце мы, напэўна, расстанемся. Ці ты сабе ўяўляеш, якія мы будзем самотныя? Калі мы трапім ім
ў рукі, мы нічога, абсалютна нічога не зможам зрабіць адно аднаму. Калі я прызнаюся, яны цябе расстраляюць, і калі я не прызнаюся, яны ўсё роўна цябе расстраляюць. Што б я ні сказаў, што б я ні зрабіў, нават калі б я адмовіўся гаварыць,— я не здолею адкласці тваю смерць хоць на пяць хвілін. Ніводзін з нас не будзе ведаць, жывы другі ці ўжо мёртвы. Мы будзем абсалютна бяссільныя. Адзінае, што будзе важна, гэта не здрадзіць адно аднаму, хоць, урэшце, гэта нічога не зменіць.
— Што да прызнанняў,— сказала яна,— дык мы прызнаемся так ці так. Усе прызнаюцца. Нічога не зробіш. Там катуюць.
— Я маю на ўвазе не прызнанне. Прызнацца — не значыць здрадзіць. Важна не тое, што ты скажаш ці зробіш. Важна тое, што ты будзеш адчуваць. Калі яны прымусяць мяне перастаць цябе кахаць — вось тады будзе сапраўдная здрада.
Яна задумалася.
— Яны не здолеюць гэтага зрабіць,— сказала яна ўрэшце.— Гэта адзінае, што ім не пад сілу. Яны могуць прымусіць нас сказаць усё, што захочуць, але яны не могуць змусіць нас у гэта паверыць. Яны не могуць залезці нам у душу.
— I праўда,— сказаў ён, трохі акрыяўшы духам.— Праўда, яны не могуць залезці ў душу. Калі адчуваеш, што варта заставацца чалавекам, значыць, ты перамог.
Ен падумаў пра тэлегляд з заўсёды настаўленым вухам. Яны могуць сачыць удзень і ўначы, але, калі не губляеш развагі, можна іх абдурыць. Нягледзячы на ўсю іх хітрасць, яны так і не знайшлі сакрэту, які б дазволіў ім даведацца, пра што' людзі думаюць. Інакш бывае, напэўна, калі трапіш ім у рукі. Ніхто не ведае, што адбываецца ў Міністэрстве Любові, але можна было здагадацца: катаванні, наркотыкі, адчувальныя прыборы, што вымяраюць нервовыя рэакцыі.
паступовае знясільванне волі бяссоннем, адзінотай і няспыннымі допытамі. У любым выпадку, фактаў ад іх не схаваеш. Яны высвятляліся пад час следстваў, кат выцягваў любыя прызнанні. Але калі важна не застацца жывым, а застацца чалавекам, дык ці не ўсё роўна, дазнаюцца яны пра што ці не. Яны не маглі змяніць пачуццяў. Нават самому іх было не змяніць, нават і захацеўшы. Яны маглі да апошняй дробязі дазнацца пра тое, што ты сказаў, зрабіў або падумаў. Але самыя глубіні душы, схаваныя нават ад самога чалавека, былі ім недасяжныя.
8
Нарэшце яны зрабілі гэта!
Яны стаялі ў доўгім мякка асветленым пакоі. Гук у тэлеглядзе быў прыглушаны да ціхага шэпту. Раскошяы сіні дыван быў пяшчотны, як аксаміт. У другім канцы пакоя за сталом пад лямпай з зялёным каптуром сядзеў О’Браен. Абапал яго на стале ляжалі стосы паперы. Ен нават не падняў вачэй, калі слуга ўвёў Джулію і Уінстана.
Сэрца Уінстана калацілася так моцна, што ён баяўся, ці здолее гаварыць. Яны зрабілі гэта — была яго адзіная думка. Было неабачлівым глупствам увогуле прыйсці сюды, і ўжо сапраўдным вар’яцтвам — з’явіцца ўдваіх; хоць яны і прыйшлі рознымі дарогамі і сустрэліся толькі каля самых дзвярэй О’Браена. Нават каб проста хадзіць у гэтых мясцінах, патрабавалася адчайная адвага. Толькі ў рэдкіх выпадках можна было пабачыць, як жывуць члены Унутранай Партыі, ці хоць трапіць у квартал, дзе яны жывуць. Уся атмасфера вялізнага дамовага блока, пышнасць і раскоша ўсяго, што было навокал, нязвычныя пахі добрай ежы і добрага тытуню, бясшумныя і неверагодна хуткія ліфты, што паднімаліся і апускаліся без штуршкоў.
слугі ў белых марынарках, што сноўдалі сюды-туды — усё гэта наводзіла на страх. Хоць Уінстан і меў важкую прычыну сюды прыйсці, усё ж на кожным кроку яго мучыў страх, што з-за рага з’явіцца патрульны ў чорнай уніформе, запатрабуе ў яго дакументы і загадае выйсці. Аднак слуга О’Браена сустрэў іх абаіх без пярэчанняў. Гэта быў нізенькі чарнявы чалавечак, падобны да кітайца, апрануты ў белую марынарку, з ромбападобным безуважным тварам.
Калідор, па якім ён іх вёў, быў засланы пышным дываном, на сценах былі крэмавыя шпалеры і белая шалёўка, усё блішчала ад чысціні. I гэта таксама дадавала страху. Уінстан не памятаў, ці бачыў ён калі ў жыцці калідор са сценамі, не запэцканымі плямамі ад дотыкаў чалавечых цел.
О’Браен трымаў у руках кавалачак паперы і, здавалася, уважліва яго вывучаў. Яго важкі твар, нахілены так, што былі відны абрысы носа, здаваўся адначасова страшным і інтэлігентным. Секунд дваццаць ён сядзеў нерухома. Пасля падсунуў да сябе мовапіс і прадыктаваў распараджэнне на гібрыдным міністэрскім жаргоне:
— «Пункт адзін коска пяць коска сем цалкам прыняты кропка прапанова пункт шэсць звышплюссмешны блізка думзлачын скасаваць кропка спыніць будаўніцтва перадмець плюс поўны разлік тэхніка кропка канец распарад».
Ен паспешна падняўся з крэсла і выйшаў ім насустрач па дыване, што мякка заглушаў яго крокі. Нешта афіцыйнае, здавалася, адляцела ад яго разам з навамоўнымі словамі, але твар у яго быў змрачнейшы, чым звычайна, быццам ён быў незадаволены, што яго патурбавалі. Да страху, якім быў ахоплены Уінстан, цяпер дадалося і нейкае звычайнае замяшанне. Яму здалося цалкам магчымым, што ён зрабіў недарэчную памылку. Бо і сапраўды, які ён меў рэальны доказ,
што О’Браен — нейкі палітычны змоўшчык? Адзін толькі абмен позіркамі і нязначная двухсэнсоўная заўвага. Ну і яшчэ яго ўласныя патаемныя меркаванні, заснаваныя на даўнім сне. Ен не мог нават спаслацца на тое, што прыйшоў толькі каб узяць слоўнік, бо тады немагчыма было б растлумачыць прысутнасць Джуліі. Калі О’Браен праходзіў міма тэлегляда, яму ў галаву прыйшла нейкая ідэя. Ен спыніўся, павярнуўся і націснуў кнопку на сцяне. Штосьці рэзка пстрыкнула. Голас змоўк.
Джулія крыкнула ад здзіўлення. Нягледзячы на свой страх, Уінстан быў так уражаны, што не змаўчаў.
— Вы можаце яго выключыць! — сказаў ён.
— Так,— адказаў О’Браен.— Мы можам яго выключыць. Мы маем такую прывілею.
Цяпер ён стаяў перад імі. Яго магутная постаць узвышалася над імі, выраз твару ўсё яшчэ быў непранікальны. Ен чакаў, нават з нейкай непрыязнасцю, пакуль Уінстан пачне гаварыць. Але што яму было сказаць? Нават і цяпер цалкам можна было дапусціць, што О’Браен проста вельмі заняты чалавек, які раздражнёна пытаўся, нашто яго патурбавалі. Усе маўчалі. Пасля таго як быў выключаны тэлегляд, у пакоі запанавала мёртвая ціша. Пакутліва цягнуліся секунды. Уінстан працягваў напружана глядзець у вочы О’Браену. Раптам змрочны твар памякчэў, на ім прамільгнуў лёгкі цень усмешкі. Сваім характэрным рухам О’Браен падправіў на носе акуляры.
— Ну што, сказаць мне ці вы самі скажаце? — запытаўся ён.
— Скажу я,— паспешліва прамовіў Уінстан.— Гэтая штука сапраўды выключаная?
— Так, усё выключана. Мы адны.
— Мы прыйшлі, каб...
Ен спыніўся, упершыню адчуўшы цьмянасць і невыразнасць сваіх памкненняў. Ен папраўдзе і не ве-
даў, якое дапамогі чакае ад О’Браена, і таму яму было цяжка сказаць, чаму ён прыйшоў. Ен працягваў, адчуваючы, што словы яго гучаць напышліва і непераканаўча.
— Мы думаем, што існуе нейкая таямнічая падпольная арганізацыя, якая дзейнічае супраць Партыі, і што вы да яе належыце. Мы хочам далучыцца да гэтай арганізацыі і працаваць на яе. Мы — ворагі Партыі. Мы не верым у прынцыпы Ангсоцу. Мы — думзлачынцы. I яшчэ мы чужаложнікі. Я кажу гэта вам, бо мы хочам аддацца на вашу літасць. Калі вы хочаце, каб мы абвінавацілі сябе іншым чынам, дык мы гатовыя.
Уінстан спыніўся і паглядзеў цераз плячо, адчуўшы, што дзверы расчыніліся. I праўда, у пакой не пастукаўшы ўвайшоў жаўтатвары слуга. Уінстан убачыў, што ён нясе паднос з графінам і чаркамі на ім.
— Марцін — адзін з нашых,— сказаў безуважна О’Браен.— Сюды чаркі, Марцін. Пастаў іх на круглы столік. Крэслаў хапае? Тады мы можам сесці і гаварыць. Прынясі сабе крэсла, Марцін. Мы будзем гаварыць пра справы. Можаш хвілін на дзесяць перастаць быць слугой.
Чалавечак сеў, уладкаваўся ямчэй у крэсле, але ўсё ж неяк па-прыслужніцку, як упрывілеяваны лёкай. Уінстан разглядаў яго краем вока. Ен зразумеў, што ўсё жыццё гэтага чалавека было тэатрам і ён баяўся хоць на імгненне выйсці са сваёй ролі.
О'Браен узяў графін за рыльца і наліў у чаркі цёмна-чырвонай вадкасці. Гэты яго рух абудзіў у Уінстане цьмяны ўспамін аб нечым, што ён бачыў даўнымдаўно на нейкім муры ці рэкламным шчыце: вялізная бутэлька з неонавых трубак, якая нібыта паднімалася і нахілялася і вылівала змесціва ў шклянку. Калі глядзець зверху, вадкасць здавалася амаль чорнай, але ў графіне яна свяцілася, як рубін. Пахла яна кісла-
салодка. Ен убачыў, як Джулія ўзяла сваю чарку і са шчырай цікаўнасцю панюхала.
— Гэта завецца віном,— сказаў О'Браен з лёгкай усмешкай.— Вы павінны ведаць пра яго з кніжак. На жаль, знешняй Партыі яго дастаецца няшмат.— Яго твар зноў зрабіўся паважны, і ён падняў чарку.— Я думаю, цяпер самая пара за нешта выпіць. За нашага Правадыра — Эмануіла Гольдштэйна!
Уінстан нецярпліва схапіў чарку. Пра віно ён чытаў і даўно пра яго марыў. Як і прэс-пап’е, і напалову прыгаданыя панам Чэрынгтанам вершыкі, віно належала да зніклай рамантычнай мінуўшчыны, да даўніны, як ён патаемна яе называў. Чамусьці ён заўсёды думаў, што віно вельмі салодкае, як парэчкавае варэнне, і адразу п'яніць. Цяпер жа, глынуўшы, ён зусім расчараваўся. Пасля ўсіх тых гадоў, калі ён піў толькі джын, ён ужо быў няздатны адчуць смак віна. Ен апусціў на стол пустую чарку.
— Дык, значыць, чалавек, які завецца Гольдштэйн, сапраўды існуе? — спытаўся ён.
— Так. Ён існуе, і ён жывы. Дзе — не ведаю.
— А падполле? Арганізацыя? Яна сапраўдная? Ці гэта проста выдумка Паліцыі Думак?