Ферма | 1984  Джордж Оруэл

Ферма | 1984

Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
77.09 МБ
Ен ведаў, што раней ці пазней яму прыйдзецца падпарадкоўвацца загадам О’Браена. Можа, заўтра, a можа, яшчэ не так хутка — ён не ведаў. Ва ўсялякім разе, тое, што цяпер адбывалася, было працягам працэсу, які пачаўся шмат гадоў таму. Першым крокам была патаемная, міжвольная думка. Другім крокам быў дзённік. Ен перайшоў ад думак да слоў, а цяпер пераходзіў ад слоў да спраў. Апошнім крокам будзе нешта, што адбудзецца ў Міністэрстве Любові. I ён загадзя пагадзіўся з гэтым. Канец можна было прадбачыць ужо напачатку. Але было ў гэтым нешта жахлівае, ці, дакладней кажучы, гэта было нібы прадчуванне смерці, гэта было як быць трошкі меней жывым. Нават калі ён гаварыў з О’Браенам, яго працінаў ледзяны холад, калі да яго свядомасці даходзіў сэнс слоў. Яму здавалася, што ён сыходзіць у глыбокую магілу, і яму не было лягчэй ад таго, што ён ведаў заўсёды: магіла тут, яна яго чакае.
7
Уінстан прачнуўся з мокрымі ад слёз вачыма. Заспаная Джулія прытулілася да яго і прамармытала штось накшталт «Што з табой?».
— Я прысніў...— пачаў ён і замаўчаў. Было вельмі
складана выказаць гэта словамі. Быў сон, і былі звязаныя з гэтым сном успаміны, якія ў гэтыя першыя хвіліны абуджэння не ішлі яму з галавы.
Ен зноў лёг, заплюшчыў вочы і зноў акунуўся ў мроі. Гэта быў прасторны і светлы сон, у якім усё ягонае жыццё паўстала перад ім, як краявід летнім вечарам пасля дажджу. Усё адбывалася ўнутры шклянога прэспап’е, але паверхня шкла была нябесным скляпеннем, і пад скляпеннем гэтым усё было прасякнута ясным мяккім святлом, так што можна было бачыць бязмежныя далячыні. У гэтым сне быў таксама рух рукой — у пэўным сэнсе ён і адыгрываў галоўную ролю,— рух ягонае маці, паўтораны праз трыццаць гадоў яўрэйскай жанчынай у кінахроніцы, рух, якім яна спрабавала схаваць ад куль малога хлопчыка, пакуль верталёты не разнеслі іх на шматкі.
— Ты ведаеш, я дагэтуль думаў, што забіў сваю маці,— сказаў Уінстан.
— Чаму ты яе забіў? — перапытала Джулія праз сон.
— Ну як забіў, не фізічна.
У сне перад ім паўстаў вобраз маці, якою ён бачыў яе апошні раз, і ў першыя хвіліны пасля абуджэння яму прыгадаліся дробныя ўрыўкі падзеяў, звязаных з тым вобразам. Гэта быў успамін, які ён гадамі свядома выцясняў са сваёй памяці. Ен не памятаў дакладна, калі гэта адбылося, але яму было не менш як дзесяць гадоў, можа, нават і дванаццаць, калі гэта здарылася.
Яго бацька знік незадоўга да таго. Калі дакладна — ён ужо не мог прыгадаць. Ен лепей памятаў замяшанне і трывогу, якімі былі пазначаны тыя чаеы. Перыядычная паніка пад час авіяналётаў, пошукі сховішча ў станцыях метро, паўсюль крушні камення з бруку, нечытэльныя пракламацыі, развешаныя на ўсіх скрыжаваннях, атрады моладзі ў аднолькавых кашулях, бясконцыя чэргі каля булачных, перарывісты грукат кулямётаў
удалечыні і асабліва — заўсёдны недахоп ежы. Ен памятаў, як доўгімі вечарамі яны з іншымі хлопчыкамі корпаліся ў сметніках і кучах адкідаў, знаходзілі жылкі капусных лістоў, бульбяныя лупіны, а часам нават засохлыя хлебныя скарынкі, якія яны старанна адціралі ад попелу. Яны таксама чакалі, як па вуліцы будуць праязджаць грузавікі з кормам для жывёлы. Часам іх трэсла на выбоінах, і на дарогу высыпалася макуха.
Калі знік бацька, маці не выказала ні здзіўлення, ні смутку, але ў ёй адбылася раптоўная перамена. Здавалася, яна страціла ўсю сваю сілу. Нават Уінстану было зразумела, што яна чакала падзеі, якая павінна была неўзабаве адбыцца. Яна рабіла ўсё, што трэба, гатавала, мыла, цыравала, засцілала ложак, мяла падлогу, выцірала пыл, заўсёды вельмі павольна, без лішніх рухаў, як манекен, які ажыў сам па сабе. Яе мажнае, ладнае цела, здавалася, само сабой знерухомела. Цэлымі гадзінамі яна сядзела на ложку, амаль без руху, і карміла малодшую Уінстанаву сястрычку — маленькую, хворую і ціхмяную дзяўчынку двух ці трох гадоў, падобную худзенькім тварам да малпачкі. Зрэдку яна абдымала Уінстана і моўчкі туліла яго да сябе. Ен разумеў, нягледзячы на свой узрост і эгаізм, што рух гэты быў нейкім чынам звязаны з невядомай падзеяй, што павінна была адбыцца.
Ен прыгадаў пакойчык, у якім яны жылі, цьмяны пакойчык з цяжкім духам, палову якога, здавалася, займаў ложак, накрыты белай падшыванай коўдрай. У каміннай кратцы была газавая фаерка, там была яшчэ палічка, дзе ляжалі прадукты, а звонку, у калідоры, была бурая фаянсавая ўмывальня, адна на некалькі пакояў. Ен успамінаў застылую постаць маці, калі яна схілялася над фаеркай і мяшала нешта ў каструлі. Асабліва добра ён памятаў свой заўсёдны голад і брыдкія злосныя сваркі за сталом. Ен безупыну папракаў
маці і пытаўся ў яе, чаму ў іх так мала ежы. Ен крычаў і сварыўся на яе. (Ен памятаў нават розныя адценні свайго голасу, што ўжо пачынаў заўчасна ламацца і часам неяк асабліва выбухаў.) Ці яшчэ ён крывадушна падлізваўся, каб атрымаць болей. Маці і рада была б даць яму болей. Яна пагаджалася, што ён, «хлопец», мусіць мець большую порцыю. Але колькі б яна яму ні клала, ён заўсёды патрабаваў болей. Кожны раз яна маліла яго не быць эгаістам, памятаць, што яго сястрычка хворая і таксама хоча есці. Усё было марна. Ен злосна крычаў, калі яна канчала яму накладаць, спрабаваў вырваць у яе з рук каструлю і лыжку, хапаў кавалкі з сястрыччынай талеркі. Ен ведаў, што пакідае галоднымі маці і сястру, але нічога не мог зрабіць. Ен нават адчуваў, што мае права так рабіць. Голад, ад якога крычала ўсё ягонае нутро, здавалася, апраўдваў яго. Паміж ядзеннем, калі маці не вартавала, ён увесь час краў убогія запасы ежы ў буфеце.
Аднойчы давалі шакаладную пайку. Шакаладу не было ўжо некалькі тыдняў ці нават месяцаў. Уінстан выразна памятаў той каштоўны кавалачак шакаладу. Гэта была плітка на дзве унцыі (тады яшчэ лічылі на унцыі), якую трэба было падзяліць на траіх. Было зразумела, што падзяліць трэба на тры роўныя часткі. Чужым, незнаёмым голасам, быццам гаварыў нехта іншы, Уінстан запатрабаваў сабе ўсю плітку. «Не будзь скнарай»,— сказала яму маці. Пачалася доўгая спрэчка з папрокамі, крыкамі, стогнам, плачам, упіканнямі, торгам. Яго малая сястрычка, што ўчапілася аберуч за маці, як малпянятка, сядзела і вялікімі сумнымі вачыма глядзела на яго з-за матчынага пляча. Урэшце маці адламала тры чвэрткі пліткі і дала Уінстану. Чвэрць засталася сястрычцы. Дзяўчынка ўзяла свой кавалак і пачала няўцямна на яго глядзець. Яна мо і не ведала, што гэта такое. Уінстан глядзеў на яе хвіліну, пасля нечакана скокнуў, вырваў шакалад у яе з рук і пабег да дзвярэй.
«Уінстан! Уінстан! — клікала маці.— Вярніся, аддай сястрычцы шакалад!»
Ен спыніўся, але не вярнуўся. Маці трывожна глядзела на яго. I цяпер ён думаў пра тую падзею — ён не ведаў якую,— што неўзабаве павінна была адбыцца. Сястра, зразумеўшы, што ў яе нешта адабралі, ціхенька заплакала. Маці абхапіла яе рукамі і прыціснула тварыкам да грудзей. Нешта ў гэтым руху казала яму, што сястра хутка памрэ. Ен павярнуўся і выбег на сходы з шакаладам, што раставаў у яго ў руцэ.
Ен ніколі болып не бачыў сваёй маці. Калі ён праглынуў шакалад, яму зрабілася трошкі сорамна, і ён некалькі гадзін бадзяўся па вуліцы, пакуль голад не прыгнаў яго дадому. Калі ён вярнуўся, маці ўжо знікла. У тыя часы такія знікненні сталі ўжо звычайнай падзеяй. У пакоі ўсё засталося, як было, зніклі толькі маці і сястра. Яны не ўзялі з сабой ніякай вопраткі, нават матчынага паліта. Да сённяшняга дня ён так і не быў упэўнены, памерла яго маці або не. Цалкам магчыма, што яе проста выслалі ў лагер прымусовай працы. Што да сястрычкі, дык яе маглі аддаць, як і самога Уінстана, у калонію для бяздомных дзяцей (іх называлі Перавыхаваўчымі цэнтрамі), якія паадчыняліся ў выніку грамадзянскай вайны. Можа, яе паслалі разам з маці ў лагер ці проста пакінулі паміраць абы-дзе.
Сон яшчэ выразна стаяў у вачах Уінстана, асабліва той ахоўны, утульны рух маці, у якім, як здавалася, палягаў увесь сэнс гэтага сну. I яму прыпомніўся другі сон, які прымроіўся яму два месяцы раней. Дакладна гэтаксама, як яна сядзела з сястрычкай, што ўчапілася за яе, на ўбогім ложку з белай падшыванай коўдрай, у тым сне маці сядзела на караблі, што ішоў на дно, глыбока ўнізе. 3 кожнай хвілінай ён апускаўся ўсё глыбей, а яна, не зводзячы вачэй, глядзела ўгору на Уінстана скрозь ваду, што ўсё болей і болей цямнела.
Ен расказаў Джуліі гісторыю знікнення маці. He
расплюшчваючы вачэй, яна павярнулася, каб легчы ўтульней.
— Напэўна, ты быў тады малым паскуднікам,— прамармытала яна праз сон.— Усе дзеці паскуднікі.
— Так, але галоўнае ў гэтай гісторыі...
3 яе роўнага дыхання ён зразумеў, што яна зноў засынае. Яму хацелася яшчэ пагаварыць пра маці. Наколькі ён мог памятаць, яна не была незвычайная жанчына, а тым болей інтэлігентная. Аднак было ў ёй нешта шляхетнае, нешта чыстае, проста таму, што яна заўсёды заставалася верная сваім прыватным жыццёвым правілам. Яе пачуцці належалі ёй адной, і ніхто не мог іх змяніць. Ей ніколі ў галаву не прыйшло б палічыць нейкае дзеянне бессэнсоўным толькі таму, што яно не мае ніякай практычнай мэты. Калі ты любіш некага, дык любіш, і калі няма болей чаго яму аддаць, аддаеш сваю любоў. Калі знік апошні кавалак шакаладу, маці абняла сваё дзіця. Гэта быў марны, непатрэбны рух, які нічога не мяняў, ад яго не стала болей шакаладу, ён не мог засланіць ад смерці ні дзіця, ні яе саму. I, аднак, яна лічыла гэты рух натуральным. Жанчына-ўцякачка на караблі таксама закрыла свайго хлопчыка рукамі, хоць гэта ратавала ад куль не болей, чым аркуш паперы. Партыя ўчыніла страшэннае злачынства, пераканаўшы людзей, што натуральныя памкненні і пачуцці не маюць ніякай карысці, і адначасова пазбавіўшы іх усялякай улады над матэрыяльным светам. Калі чалавек трапляў у кіпцюры Партыі, не было ўжо ніякай розніцы, адчувае ён нешта або не, робіць нешта або ўхіляецца рабіць. Што б там ні было, чалавек знікаў, а з ім знікалі і яго справы, і ні пра справы гэтыя, ні пра яго самога ніхто больш ніколі не чуў. Яго проста выкрэслівалі з гісторыі. Двума пакаленнямі раней гэта не здавалася людзям надта ўжо важным, бо тады яны не спрабавалі змяніць гісторыю. Імі кіравала вернасць сваім правілам, якіх яны
ніколі не ставілі пад сумненне. Важнымі лічыліся толькі чалавечыя адносіны: зусім бескарысныя ўчынкі, пацалункі, слёзы, словы суцяшэння, сказаныя чалавеку, што памірае, маглі быць каштоўнымі самі па сабе. Раптам ён зразумеў, што гэтыя якасці захавалі пролы. Яны не былі верныя Партыі, краіне або ідэі, яны былі верныя адзін аднаму. Першы раз у жыцці ён падумаў аб пролах без пагарды, падумаў не толькі як аб інертнай цёмнай сіле, якая аднойчы абудзіцца і адновіць свет. Пролы засталіся чалавечнымі. Яны не счарсцвелі душой. Яны захавалі простыя пачуцці, якім яму даводзілася вучыцца нанава са свядомым намаганнем. Пры гэтай думцы ён згадаў, без відавочнай сувязі, пра тое, як некалькі тыдняў таму, убачыўшы на бруку адарваную руку, ён скінуў яе нагой у канаву, нібы капусную храпку.