• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ферма | 1984  Джордж Оруэл

    Ферма | 1984

    Джордж Оруэл

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 411с.
    Мінск 1992
    77.09 МБ
    — Глядзі, Кэтрын! Паглядзі на гэтыя кветкі. Вунь той кусток унізе, каля падножжа скалы. Бачыш, яны розных колераў.
    Яна ўжо была павярнулася, каб пайсці, але ўсё ж з раздражненнем падышла. Яна нават схілілася над урвішчам, каб убачыць мясціну, якую ён паказваў. Ен стаяў ззаду і трымаў яе за талію. Раптам ён адчуў, якія яны самотныя. Нідзе не было ніводнае чалавечае істоты, ніводны лісток не варушыўся, ніводная птушка не абудзілася. У такім месцы можна было амаль не баяцца, што недзе схаваны мікрафон, а нават калі б ён і быў, ён запісаў бы толькі лёгкі шоргат. Была самая спякотная, самая сонная гадзіна. Сонца паліла, пот цёк па Уінстанавым лобе. I тады яму прыйшла ў галаву думка...
    — Што ж ты яе не штурхануў? — спыталася Джулія.— Я абавязкова яе скінула б.
    — Так, каханая, ты б скінула. I я таксама, калі б я быў тады такі, як цяпер. А можа... нават не ведаю.
    — Ты шкадуеш, што не зрабіў гэтага?
    — Так, увогуле шкадую.
    Яны сядзелі побач на пыльнай падлозе. Ен прытуліў яе да сябе. Галава Джуліі ляжала ў яго на плячы, і прыемны водар яе валасоў перабіваў пах галубінага памёту. «Яна маладая,— падумаў ён,— яна яшчэ не-
    чага чакае ад жыцця. Яна не разумее, што, калі скінеш са скалы таго, хто табе не даспадобы, гэта яшчэ нічога не вырашыць».
    •— Па праўдзе кажучы, гэта нічога б не змяніла,— сказаў ён.
    — Дык чаму ж ты шкадуеш?
    — Таму што я прыхільнік пазітыўных рашэнняў, вось і ўсё. У гульні, у якую мы гуляем, мы не можам выйграць. Ёсць толькі паражэнні, менш балючыя за іншыя паражэнні, і болей нічога.
    Ен адчуў, як плячо Джуліі варухнулася на знак пярэчання. Яна заўсёды пярэчыла яму, калі ён казаў штосьці падобнае. Яна не згаджалася з тым, што існуе нейкі прыродны закон, згодна з якім паасобны чалавек заўсёды прайграе. Яна таксама неяк усведамляла, што яна асуджаная, што раней ці пазней Паліцыя Думак схопіць яе і заб’е. Але, з другога боку, яна спадзявалася, што можна пабудаваць свой патаемны сусвет, дзе можна жыць, як хочаш. На гэта былі патрэбныя толькі ўдача, хітрасць і адвага. Яна не разумела, што шчасця не існуе ўвогуле, што адзіная перамога чакае ў будучыні, ужо пасля смерці, і што з таго моманту, як ты абвясціў вайну Партыі, лепш адразу лічыць сябе мёртвым.
    — Мы мёртвыя,— сказаў ён.
    — Мы яшчэ не мёртвыя,— празаічна адказала Джулія.
    — He, не фізічна, вядома. Можна дапусціць, што мы пратрымаемся яшчэ шэсць месяцаў, год, пяць гадоў. Я баюся смерці. А ты маладая, ты, напэўна, баішся яшчэ болей за мяне. Вядома ж, мы будзем адсоўваць канец, колькі здолеем. Але гэта мала дапаможа. Пакуль людзі застаюцца людзьмі, паміж жыццём і смерцю розніцы няма.
    — Усё гэта лухта! 3 кім ты хочаш спаць? Са мною ці са шкілетам? Ці ты не задаволены, што жывы? Ці табе не падабаецца адчуваць, што гэта ты, гэта твая
    рука, гэта твая нага, што ты сапраўдны, трывалы, жывы? А вось гэта, скажы, хіба гэта табе не падабаецца?
    Яна павярнулася і прытулілася. Ен адчуў праз камбінезон яе спелыя, пругкія грудзі. Здавалася, ад цела Джуліі яму перадаліся яе маладосць і сіла.
    — Гэта мне падабаецца,— адказаў ён.
    — Дык перастань тады гаварыць пра смерць. А цяпер слухай, каханы, нам трэба дамовіцца аб наступнай сустрэчы. Мы зноў можам прыйсці на палянку ў лесе. Ужо мінула дастаткова часу. Але гэты раз мы пойдзем туды другой дарогай. Я ўсё прадумала. Ты сядзеш на цягнік... Глядзі, я табе намалюю.
    I, са сваёй заўсёднай практычнасцю, яна зграбла грудок пяску, разраўняла яго і, выцягнуўшы з галубінага гнязда галінку, пачала маляваць карту.
    4
    Уінстан акінуў позіркам убогі пакойчык на другім паверсе крамы пана Чэрынгтана. Вялікі ложак каля акна быў засланы падранай коўдрай, на ім ляжала падушка без навалачкі. На каміннай палічцы цікаў старасвецкі гадзіннік з дванаццацігадзінным цыферблатам. У куце на складным століку лагодна свяцілася ў прыцемку шкляное прэс-пап’е, якое ён купіў, калі апошні раз быў тут.
    На каміннай кратцы стаялі керагаз, каструля і два кубачкі, пазычаныя ў пана Чэрынгтана. Уінстан запаліў керагаз і пачаў гатаваць ваду. Ен прынёс з сабою пакецік кавы «Перамога» і некалькі кавалачкаў сахарыну. Стрэлкі гадзінніка паказвалі сем дваццаць. А было дзевятнаццаць дваццаць. Яна мелася прыйсці ў дзевятнаццаць трыццаць.
    Вар’яцтва, вар’яцтва, гучала ў яго ў галаве. Свядомае, беспрычыннае, згубнае вар'яцтва. 3 усіх злачынстваў, якія мог зрабіць член Партыі, гэтае была найцяжэй
    схаваць. Па праўдзе кажучы, гэтая думка спачатку прамільгнула ў яго ў галаве, як нейкае відмо: шкляное прэс-пап’е, адлюстраванае на гладкай паверхні стала. Як ён і прадбачыў, пан Чэрынгтан без ніякіх ваганняў здаў яму пакой. Ен быў відавочна задаволены, што мог зарабіць некалькі долараў. Пры гэтым ён не надта здзівіўся і не выказаў навязлівага разумення, калі даведаўся, што пакой быў патрэбны Уінстану для спаткання з жанчынай. Наадварот, позірк яго зрабіўся адсутны, ён пачаў гаварыць агульнымі словамі, з такім далікатным выглядам, што, здавалася, ён зрабіўся часткова нябачны. Вельмі важна мець магчымасць адасобіцца, сказаў ён. Кожны хацеў бы мець месца, дзе можна час ад часу пабыць аднаму, пры зручнай нагодзе. I калі такое месца знойдзецца, дык найбольшай пачцівасцю з боку таго, хто пра гэта ведае, было б захоўваць маўчанне. Ен нават дадаў, ужо амаль цалкам растаўшы ў паветры і перастаўшы існаваць, што ў доме ёсць два ўваходы, другі вядзе праз задні двор у бакавы завулак.
    Пад акном нехта спяваў. Уінстан, схаваны за муслінавай фіранкай, выглянуў на вуліцу. Чэрвеньскае сонца стаяла яшчэ высока ў небе, а ўнізе, у залітым сонечным святлом дворыку жанчына з грубымі чырвонымі рукамі, з зрэбным фартухом, падвязаным за пояс, хадзіла, кульгаючы, ад вялікай балеі да вяроўкі з бялізнай. Пачварная і магутная, як рымская калона, яна вешала на вяроўку белыя чатырохкутнікі, у якіх Уінстан пазнаў дзіцячыя пялюшкі. Як толькі яе рот вызваляўся ад зашчапак, яна спявала магутным кантральта:
    To была безнадзейная мара, Што сплыла, як вясною вада. Ды ад позіркаў тых і ад слоў дарагіх Назаўжды ў маім сэрцы нуда.
    Мелодыя была папулярная ў Лондане апошнімі тыднямі. Гэта была адна з шматлікіх, падобных адна да
    адной песенек, якія падеекцыя музычнага аддзялення выпускала для пролаў. Словы іх складалі без ніякага ўдзелу чалавека прылады, што называліся версіфікатарамі. Але жанчына спявала так мілагучна, што нават самая спрашная лухта ператваралася ў амаль што прыемную песню. Уінстан чуў, як спявае жанчына, як стукаюць па бруку яе абцасы, як крычаць на двары дзеці і як недзе далёка, глуха гудзе транспарт. Але пакой дзякуючы адсутнасці тэлегляда здаваўся надзіва ціхім.
    «Вар’яцтва! вар’яцтва! вар’яцтва!» — зноў думалася яму. Было немагчыма ўявіць сабе, што яны маглі б спакойна наведваць гэтае месца больш чым некалькі тыдняў. Але спакуса мець патаемны прытулак, які б належау толькі ім, у памяшканні, даступны, зусім побач, была занадта вялікая для абаіх. Пасля сустрэчы на званіцы нейкі час яны не маглі сустрэцца зноў. Напярэдадні Тыдня Нянавісці працоўны дзень рэзка падоўжыўся. Тыдзень меўся пачацца болей чым праз месяц, але ён вымагаў грандыёзных і складаных падрыхтоўчых мерапрыемстваў, у выніку чаго ўсіх перагружалі працай. Урэшце ім абаім удалося выкраіць сабе ў адзін дзень вольны вечар. Яны дамовіліся сустрэцца зноў на лясной палянцы. За дзень перад тым яны на хвілінку спаткаліся на вуліцы. Як звычайна, Уінстан амаль не глядзеў на Джулію, пакуль іх нёс натоўп. Але аднаго кароткага позірку хапіла, каб заўважыць, што яна была бялейшая, чым звычайна.
    — Нічога не зробіш,— шапнула яна, як толькі адчула, што можна гаварыць не баючыся.— Я маю на ўвазе заўтра.
    — Што?
    — Заўтра ўвечары я не змагу прыйсці.
    — Чаму?
    — А, звычайная прычына. Гэты раз пачалося раней. На нейкі момант яго ахапіла шалёная злосць. За
    гэты месяц, што яны сустракаліся, яго пачуццё да яе змянілася. Спачатку ў ім было мала сапраўднага жадання. Іх першы палавы кантакт быў проста валявым учынкам. Але пасля другога разу ўсё змянілася. Пах яе валасоў, смак яе вуснаў, дотык яе скуры, здавалася, напоўнілі яго самога і паветра вакол яго. Яна стала фізічнай неабходнасцю, нечым, чаго ён не проста хацеў, а адчуваў, што мае на гэта права. Калі яна сказала, што не зможа прыйсці, яму здалося, быццам яна яму здраджвае. Але якраз у гэты момант натоўп прыціснуў іх адно да аднаго і іх рукі выпадкова сустрэліся. Яна хуценька паціснула кончыкі яго пальцаў, каб абудзіць у ім не жаданне, а пяшчотную прыязнасць. Уінстану прыйшла думка, што, калі жывеш з жанчынай, гэтыя перыядычныя расчараванні — звычайная рэч. Глыбокая пяшчота, якую ён яшчэ ніколі да яе не адчуваў, апанавала яго. Яму хацелася б, каб яны былі жанатыя ўжо дзесяць гадоў. Яму хацелася б, каб яны маглі гуляць па вуліцы, так як цяпер, але адкрыта, не баючыся, і гаварыць пра звычайныя рэчы, купляючы нейкую дробязь для гаспадаркі. А больш за ўсё хацеў, каб у іх было месца, дзе яны маглі б заставацца адны, не мусячы пры кожнай сустрэчы займацца каханнем. Але ідэя наняць пакой у пана Чэрынгтана прыйшла яму не тады, а праз дзень. Калі ён сказаў пра гэта Джуліі. яна згадзілася з нечаканай гатовасцю. Абое ведалі, што гэта вар’яцтва. Яны нібы самахоць наблізіліся да магілы. I пакуль ён сядзеў на краі ложка і чакаў, яму зноў падумалася пра сутарэнні Міністэрства Любові. Было дзіўна, як гэты непазбежны наканаваны жах то з’яўляўся, то знікаў са свядомасці. Ен быў тут, у найбліжэйшай будучыні, ён непазбежна папярэднічаў смерці, як дзевяноста дзевяць папярэднічае сотні. Пазбегнуць гэтага было немагчыма, можа, толькі адкласці; аднак жа час ад часу людзі свядома, наўмысна скарачалі час, што ім заставаўся да жахлівага наканавання.
    Са сходаў пачуліея хуткія крокі. Джулія ўварвалася ў пакой. Яна трымала ў руцэ торбу з грубага бурага палатна, ён часта бачыў яе з гэтай торбай у міністэрстве. Ен кінуўся, каб абняць яе, але яна хуценька вырвалася з абдымкаў, усё яшчэ трымаючы торбу.
    — Хвілінку,— сказала яна.— Я толькі пакажу табе, што я прынесла. Ты прынёс гэтую паскудную каву «Перамога»? Я так і думала. Можаш выкінуць яе. Яна нам не спатрэбіцца. Глядзі.
    Яна ўпала на калені, адкрыла торбу і выкінула адтуль ключы і шрубакрут, што ляжалі зверху. Пад імі было некалькі чыстых папяровых пакецікаў. Першы пакецік, які яна падала Уінстану, выклікаў дзіўнае, але неяк няясна знаёмае пачуццё. У ім было цяжкае сыпкае рэчыва, мяккае навобмацак.