Ферма | 1984
Джордж Оруэл
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 411с.
Мінск 1992
— За гэтай карцінай, напэўна, шмат клапоў,— сказала Джулія.— Калі-небудзь я яе здыму і добра ўсё прыбяру. Здаецца, нам ужо пара ісці. Мне трэба прыбрацца і змыць з твару пудру. Як шкада! Пасля я адмыю твой твар ад памады.
Уінстан паляжаў яшчэ некалькі хвілін. У пакоі гусцелі прыцемкі. Ен павярнуўся да святла і ляжаў, не зводзячы вачэй з прэс-пап’е. Невычэрпна цікавы быў не кавалак каралу, а нутро самога шкла. У гэтым прадмеце была такая глыбіня! I разам з тым ён быў празрысты, амаль як паветра. Здавалася, што паверхня шкла была нябесным скляпеннем, пад якім хаваўся цэлы маленькі сусвет. Яму здавалася, што ён можа ўвайсці ў гэты су-
свет. Ен уяўляў сабе, што ён і папраўдзе там, у шкле, разам з гэтым ложкам з чырвонага дрэва, з раскладным столікам, з гадзіннікам, са старасвецкаю гравюрай і з самім прэс-пап’е. Прэс-пап’е было пакоем, дзе ён знаходзіўся, а карал быў жыццём Джуліі і ягоным уласным, і жыцці іхныя злучаліся ў вечнасці ў сэрцы крышталю.
5
Сайм знік. Аднойчы раніцай ён не прыйшоў на працу. Сёй-той растлумачыў яго адсутнасць легкадумна, без асаблівай трывогі. Назаўтра ніхто ўжо пра яго не памятаў. На трэці дзень Уінстан зайшоў у вестыбюль аддзела дакументацыі, каб паглядзець стэнд з аб’явамі. У адной аб’яве быў спіс членаў Шахматнага камітэта, куды ўваходзіў Сайм. Спіс быў амаль такі самы, як і раней, нічога не было выкраслена. Але ён быў на адно прозвішча карацейшы. Гэтага было дастаткова. Сайм болей не існаваў. Ен не існаваў ніколі.
Стаяла нясцерпная спёка. У міністэрскіх лабірынтах, у пакоях без вокнаў, з кандыцыянаваным паветрам, захоўвалася нармальная тэмпература. Але на вуліцы тратуары апякалі ногі, а ў метро ў час пік стаяў невыносны смурод. Падрыхтоўка да Тыдня Нянавісці ішла поўным ходам, і работнікі ўсіх міністэрстваў працавалі звыш нормы. Дэманстрацыі, сходы, ваенныя парады, лекцыі, выставы васковых фігур, кінафільмы, тэлепраграмы — усё гэта трэба было арганізаваць. Трэба было паставіць трыбуны, устанавіць партрэты, прыдумаць лозунгі, напісаць песні, пусціць чуткі, сфальшаваць фатаграфіі. Секцыю Джуліі ў аддзеле мастацкай літаратуры знялі з вытворчасці раманаў, і цяпер яны выпускалі серыю вострапамфлетных брашур. Уінстан, апрача сваёй звычайнай працы, кожнага дня гадзінамі сядзеў над старымі падшыўкамі «Таймз», перарабляючы і
прыхарошваючы матэрыялы, што меліся цытавацца ў прамовах. Позна ўвечары, калі пролы шумлівымі натоўпамі бадзяліся па вуліцах, горад меў нейкі дзіўны, хваравіты выгляд. Ракетныя бомбы падалі часцей, чым звычайна. Часам аднекуль здалёк чуліся жахлівыя выбухі, прычыну якіх ніхто не мог растлумачыць і пра якія хадзілі неверагодныя чуткі.
Ужо была напісана новая песня, што павінна была стаць галоўнай мелодыяй Тыдня Нянавісці (яна называлася «Песня Нянавісці»), і яна бясконца грымела з тэлеглядаў. Гэта быў рытмічны дзікі брэх, які нельга было назваць музыкай, ён нагадваў хутчэй барабанны грукат. Калі гэтую песню раўлі сотні глотак пад рытмічны тупат ног, рабілася страшна. Пролам яна вельмі спадабалася, і сярод ночы на вуліцах яна спаборнічала з усё яшчэ папулярнай «То была безнадзейная мара». Парсансавы дзеці дудукалі яе цэлы дзень і ноч на грабенчыку і шматку туалетнай паперы. Вечарамі Уінстан быў заняты болей, чым звычайна. Сабраныя Парсансам брыгады добраахвотнікаў рыхтавалі вуліцу да Тыдня Нянавісці. Яны шылі сцягі, малявалі плакаты, ставілі дзержакі для сцягоў на дахах, рызыкуючы жыццём, нацягвалі праз вуліцу дрот і вешалі на ім транспаранты. Парсанс хваліўся, што адзін толькі дамовы блок «Перамога» вывесіць чатырыста метраў транспарантаў. Ен быў у сваёй стыхіі і адчуваў сябе бяскрнца шчаслівым. Гарачыня і фізічная праца далі яму нагоду хадзіць вечарамі ў шортах і кашулі з кароткімі рукавамі. Ен паспяваў паўсюль — штурхаў, цягнуў, пілаваў, заганяў цвікі, імправізаваў, падбадзёрваў усіх сяброўскімі воклічамі і выдзяляў усімі складкамі цела невычэрпныя запасы смярдзючага поту.
На сценах паўсюль у Лондане нечакана з’явіўся новы плакат. На ім не было ніякіх надпісаў, была толькі пачварная постаць еўразійскага салдата трох-чатырох метраў вышынёй, з безуважным мангольскім
тварам, вялізнымі ботамі. Ен ступаў шырокім крокам з нацэленым наперад аўтаматам. Адкуль ні глядзець на плакат, здавалася, што аўтамат нацэлены проста ў цябе. Гэтыя плакаты былі наклееныя на ўсіх свабодных месцах, на кожнай сцяне, іх было нават болей, чым партрэтаў Вялікага Брата. Пролы, звычайна абыякавыя да вайны, былі ўзрушаныя, іх ахапіла чарговая хваля шалёнага патрыятызму. Нібы ладзячыся пад агульны настрой, ракетныя бомбы забівалі людзей болей, чым звычайна. Адна з іх упала ў запоўнены да краёў кінатэатр у Стэпні і пахавала пад руінамі сотні ахвяр. Усе навакольныя жыхары выйшлі на пахаванне. Яны наладзілі доўгае шэсце, якое цягнулася гадзінамі і было, па сутнасці, дэманстрацыяй абурэння. Другая бомба ўпала на вялікую пустку, дзе звычайна гулялі дзеці. Дзесяткі дзяцей былі забітыя і разарваныя на шматкі. Былі і іншыя праявы гневу. Было спалена чучала Гольдштэйна. Сотні плакатаў з еўразійскім салдатам былі сарваныя і кінутыя ў агонь, а тым часам у агульным замяшанні было абрабавана нямала магазінаў. Пасля разышлася чутка, што шпіёны скіроўваюць бомбы праз радыё, і натоўп падпаліў дом адной старой пары, якую западозрылі ў тым, што яны іншаземнага паходжання. Яны задыхнуліся ў агні.
У пакойчыку над крамай пана Чэрынгтана Джулія і Уінстан, калі ім выпадала туды прыйсці, клаліся побач на ложку без коўдры, голыя, пад расчыненым акном, каб уратавацца ад спёкі. Пацук болей не прыходзіў, але клапоў такім гарачым часам напладзілася процьма. Ды, як здавалася, гэта не мела значэння. Брудны або чысты, пакой гэты быў раем. Прыйшоўшы, Уінстан і Джулія звычайна насыпалі паўсюль купленага на чорным рынку перцу, раздзяваліся, кахаліся, заліваючыся потам, і засыналі. Прачнуўшыся, яны заўважалі, што клапы вярнуліся і рыхтаваліся на контратакі.
За ўвесь чэрвень яны сустрэліся чатыры, пяць, шэсць, сем разоў. Уінстан страціў звычку піць джын абы-калі. Здавалася, ён быў яму болей непатрэбны. Ен памажнеў, язва на назе загаілася, засталася толькі рудая плямка. Ранішні кашаль болей не мучыў яго. Жыццё перастала быць невыносным, яму ўжо болей не хацелася строіць грымасы тэлегляду і крычаць дзікім голасам брыдкія словы. Цяпер, калі ў іх быў патаемны і надзейны прытулак, амаль што дом, іх нават ужо не засмучала, што яны сустракаліся зрэдку і кожны раз толькі на некалькі гадзін. Важна, што гэты пакойчык над антыкварнай крамай увогуле існаваў. Ведаць, што ён там, некрануты, было амаль тое самае, што і быць там. Пакойчык быў сусветам, прыстаннем мінуўшчыны, дзе можна сустрэць даўно вымерлых жывёлін. Пан Чэрынгтан, думаў Уінстан, таксама вымерлая жывёліна. Перш чым падняцца ў пакойчык, ён звычайна затрымліваўся на колькі хвілін, каб з ім пагаварыць. Здавалася, што стары выходзіць з крамы вельмі рэдка ці нават увогуле не выходзіць, а з другога боку, як выглядала, да яго ніхто не заходзіў. Ен вёў прывіднае існаванне паміж маленькай цьмянай крамай і яшчэ меншай кухняй, дзе гатаваў сабе ежу. У гэтай кухні сярод іншага можна было ўбачыць неверагодна стары грамафон з вялізнай трубою. Пан Чэрынгтан, здавалася, быў вельмі рады пагаварыць. Калі ён хадзіў сярод сваіх нікому не патрэбных рэчаў, з доўгім носам, тоўстымі акулярамі, угнутымі плячыма, у аксамітнай куртцы, ён заўсёды нагадваў хутчэй калекцыянера, чым гандляра. 3 нейкім вялым захапленнем ён дакранаўся да тое ці іншае рэчы — фарфоравай затычкі, маляванага вечка зламанай табакеркі, таннага медальёна з пасмачкай валасоў даўно памерлага дзіцяці. Ен ніколі не прапаноўваў Уінстану купіць і задавальняўся тым, што выклікаў у яго захапленне. Гаварыць з ім было як слухаць старую музычную скрынку. Ен выцягнуў з глыбіняў памяці
іншыя ўрыўкі забытых вершыкаў. У адным з іх гаварылася пра дваццаць чатыры дразды, у другім — пра карову з адламаным рогам. У яшчэ адным было пра смерць беднага пеўня Робіна. «Мне здалося, што гэта можа вас зацікавіць»,— казаў ён, вінавата ўсміхаючыся, пасля кожнага новага ўрыўка. Але ён памятаў толькі некалькі радкоў з кожнага верша.
Уінстан і Джулія ведалі — так ці інакш яны заўсёды гэта ўсведамлялі — тое, што цяпер адбываецца, не можа працягвацца доўга. Былі хвіліны, калі думка пра непазбежную смерць была гэткая ж рэальная, як і ложак, на якім яны ляжалі, і тады яны абдымаліся з нейкай адчайдушнай пяшчотай, як засуджаныя на смерць, якія за пяць хвілін перад тым, як праб’е іх апошняя гадзіна, спрабуюць ухапіць апошнія глыткі шчасця. Але былі моманты, калі яны адчувалі сябе ў бяспецы, ім здавалася нават, што ўсё гэта можа цягнуцца доўга. Пакуль яны былі ў пакоі, абаім здавалася, што ім нічога не пагражае. Шлях туды быў цяжкі і небяспечны, але сам пакой быў недатыкальнай святыняй. Гэта было падобна на тое, як Уінстан, узіраючыся ў глыбіні прэспап’е, уяўляў сабе, што ён можа пранікнуць у той шкляны сусвет і, апынуўшыся там, спыніць ток часу. Часта яны марылі пра ўцёкі. Ім будзе шанцаваць вечна, і да канца наканаванага ім жыцця яны будуць кахаць адно аднаго, як і дагэтуль. Або Кэтрын памрэ, і праз хітрыя манеўры ім удасца ажаніцца. Або яны разам скончаць самагубствам. Або яны знікнуць, непазнавальна зменяць аблічча, навучацца гаварыць з пролаўскім акцэнтам, знойдуць працу на нейкім заводзе і пражывуць усё жыццё незаўважна ў нейкім далёкім завулку. Але ўсё гэта, як яны абое ведалі, было пустым глупствам. У сапраўднасці ніякага паратунку не было. Яны нават не збіраліся ажыццяўляць адзіна рэальны план — самагубства. Трымацца дзень у дзень, тыдзень за тыднем, каб працягнуць цяпершчыну, у якой не было
будучыні — гэта быў непераможны інстынкт, як, скажам, лёгкія чалавека працягваюць дыхаць, пакуль ёсць чым дыхаць.
Часам яны гаварылі таксама пра адкрытае паўстанне супраць Партыі, але не мелі ніякага ўяўлення аб тым, з чаго пачаць. Нават калі легендарнае Братэрства і існавала, выйсці на яго было надзвычай цяжка. Уінстан расказаў ёй пра дзіўную сувязь, што існавала, ці здавалася, што існавала, паміж ім і О’Браенам, пра тое, што часам яму хацелася проста пайсці да О’Браена, абвясціць яму, што ён, Уінстан,— вораг Партыі, і папрасіць у яго дапамогі. Як ні дзіўна, немагчымая дзёрзкасць гэткага ўчынку не ўразіла Джулію. Яна прызвычаілася меркаваць аб людзях па іх тварах, і ёй здавалася натуральным, што Уінстан паверыў О’Браену, толькі ўбачыўшы яго позірк. Да таго ж яна лічыла само сабой зразумелым, што ўсе ці амаль усе ў душы ненавідзяць Партыю і паўсталі б супраць яе законаў, калі б ведалі, што ім нічога не будзе пагражаць. Але яна адмаўлялася верыць, што існавала або магла існаваць шырока арганізаваная апазіцыя. Байкі пра Гольдштэйна і яго падпольную армію, казала яна, былі чыстай лухтой, якую Партыя прыдумала для сваіх мэтаў, і ўсе толькі прыкідваюцца, што гэтаму вераць. Незлічоную колькасць разоў на партыйных сходах, спантанных дэманстрацыях яна, крычучы на ўсё горла, патрабавала пакараць людзей, чыіх імёнаў яна дагэтуль ніколі не чула і ва ўяўныя злачынствы якіх ні на кроплю не верыла. Пад час паказальных працэсаў яна займала сваё месца ў атрадах Юнацкага Саюза, якія з раніцы да вечара стаялі перад будынкам суда і час ад часу крычалі: «Смерць здраднікам!» Пад час Двуххвілінак Нянавісці яна заўсёды гучней за іншых выкрыквала абразы Гольдштэйну. Нягледзячы на гэта, яна мела самае цьмянае ўяўленне пра тое, хто такі ўвогуле Гольдштэйн і з якімі ідэямі ён выступае. Яна вырасла пасля Рэвалюцыі і была занадта