• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ферма | 1984  Джордж Оруэл

    Ферма | 1984

    Джордж Оруэл

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 411с.
    Мінск 1992
    77.09 МБ
    — He выходзь далей. Нехта можа сачыць. Мы ў бяспецы, пакуль нас хавае лістота.
    Яны стаялі ў цяні зарасніку ляшчыны. На тварах яны адчувалі цёплы дотык сонечных промняў, што прабіваліся скрозь густую лістоту. Уінстан паглядзеў на поле, што распасцерлася за лесам, і раптам застыў, уражаны. Ен пазнаў поле. Ен яго ўжо бачыў. Гэта быў колішні выган, сям-там паточаны кратамі, пасярод яго ў траве гублялася сцяжынка. Насупраць, у здзічэлым жываплоце галінкі вязаў ледзь заўважна гайдаліся пад лёгкім ветрыкам, лісце калыхалася густымі хвалямі, нібы валасы жанчыны. Недзе зусім блізка, хоць і не было відаць, павінна была цячы ручаінка з зялёнымі плёсамі, дзе мітусяцца маленькія рыбкі.
    — Ці няма тут недзе побач ручаінкі? — спытаўся ён шэптам.
    — I праўда. Есць ручаінка. Якраз на краі суседняга поля. У ёй ёсць рыба. Вялікія, тоўстыя рыбіны. Можна нават убачыць, як яны плаваюць і варушаць хвастамі ў плёсах пад вербамі.
    — Амаль як у Залатой Краіне,— сказаў ён сам еабе.
    — У Залатой Краіне?
    — He, не, я проста так. Краявід, які я часам сню. — Глядзі,— шапнула Джулія.
    Проста перад імі, метраў за пяць, на галінку сеў
    дрозд. Напэўна, ён іх не бачыў. Ен быў на сонцы, яны — у засені. Ен выпрастаў крылы, акуратна склаў іх, нахіліў галоўку, быццам кланяючыся сонцу, і — звонкім патокам пацяклі чароўныя мелодыі. У перадвячорнай цішы моц яго голасу проста здзіўляла. Уінстан і Джулія ў захапленні прытуліліся адно да аднаго. Музыка гучала, яшчэ і яшчэ, хвіліну за хвілінай, з цудоўнымі варыяцыямі, якія ўжо болей не паўтараліся, быццам птушка хацела паказаць усё сваё ўмельства. Часам дрозд на хвілінку перапыняўся, раскрываў і складаў крылы, надзімаў рабенькае валлё і зноў рассыпаўся спевамі. Уінстан глядзеў на яго з павагай. Дзеля каго, дзеля чаго спявала гэтая птушка? Ніводнага таварыша, ніводнага суперніка побач не было. Што ж вымушала яго сядзець тут, на краі самотнага лесу, і разліваць чароўную музыку ў суцэльную пустоту? Уінстан падумаў, ці не схаваны тут недзе побач мікрафон. Ен і Джулія гаварылі толькі шэптам. Яны не запішуць іх размову, але яны маглі запісаць драздовыя спевы. Можа, недзе на другім канцы проваду маленькі жукападобны чалавечак напружана слухаў, слухаў вось гэта. Але цудоўная музыка паступова выцясняла ў яго з галавы трывожныя развагі. На яго быццам ліліся струменьчыкі нейкае вадкасці, яны мяшаліся з промнямі сонечнага святла, што сеялася праз лістоту. Думкі зніклі, засталіся толькі пачуцці. Пад сваёй далоняй ён адчуваў мяккую і цёплую талію дзяўчыны. Ен павярнуў яе да сябе і прытуліў да грудзей. Цела Джуліі быццам раставала ў ягоным целе. Яно было пяшчотнае і паслухмянае. Іх вусны злучыліся ў пацалунку. Гэта былі ўжо не тыя сцятыя пацалункі, якімі яны абмяняліся раней. Адарваўшы вусны, абое глыбока ўздыхнулі. Птушка спалохалася і паляцела, лопаючы крыламі.
    Уінстан шапнуў на вуха Джуліі:
    — Цяпер.
    — Толькі не тут,— адказала яна, таксама шэптам.— Хадзем у схованку. Гэтак будзе надзейней.
    Яны хуценька прабраліся на палянку, абламаўшы з трэскам некалькі сухіх галінак. Калі яны апынуліся на ўзгорачку, абкружаным маладымі дрэўцамі, яна павярнулася і паглядзела на яго. Абое дыхалі перарывіста, але ў куточках вуснаў Джуліі зноў прытаілася ўсмешка. Нейкі момант яна глядзела на яго, пасля намацала замок свайго камбінезона. I, так, усё было амаль як у ягоным сне. Амаль такім самым хуткім рухам, як ён сабе ўяўляў, яна сцягнула з сябе адзенне і адкінула яго ўбок — тым самым велічным рухам, які, здавалася, абвяргаў цэлую цывілізацыю. Яе белая скура зіхацела на сонцы, але нейкі момант ён не глядзеў на яе цела. Ен не мог адвесці позірку ад яе рабаціністага твару з задзірлівай усмешкай. Ен укленчыў перад ёй і ўзяў яе за рукі.
    — Ты ўжо рабіла гэта?
    — Вядома. Сто разоў... Ну, разоў дваццаць дакладна.
    — 3 членамі Партыі?
    — Ага. Заўсёды з членамі Партыі.
    — 3 членамі Унутранай Партыі?
    — 3 гэтымі свіннямі не. Але сярод іх ёсць безліч такіх, хто хацеў бы, каб меў хоць якую магчымасць. He такія яны ўжо і святыя, як прыкідваюцца.
    Уінстанава сэрца падскочыла. Яна рабіла гэта разоў дваццаць. Хай бы зрабіла гэта сотні, тысячы разоў. Усё, што хоць неяк паказвала на карупцыю ладу, заўсёды поўніла яго шалёнай надзеяй. Хто ведае, можа, Партыя знутры ўжо ўея прагніла? Можа, яе культ ахвярнасці і энергіі быў усяго толькі камедыяй, за якой хавалася беззаконне і несправядлівасць? Калі б ён мог усіх іх заразіць праказай або сіфілісам, з якой ахвотай ён зрабіў бы гэта! Усё, што можа раз’есці, аслабіць, падарваць. Ен пацягнуў яе да зямлі, і яны сталі на калені адно перад адным.
    — Слухай. Чым болей ты мела мужчын, тым болей я цябе кахаю. Разумееш?
    — Разумею. Выдатна.
    — Я ненавіджу цнатлівасць. Я ненавіджу дабрыню. Я не выношу нідзе ніякай дабрачыннасці. Я хачу, каб усе былі ўшчэнт сапсаваныя заганамі.
    — Ну дык я табе падыду, каханы. Я ўшчэнт сапсаваная.
    — Ці ты любіш гэта рабіць? Я кажу не пра мяне, а пра сам акт.
    — Вельмі люблю.
    Менавіта гэта ён больш за ўсё жадаў пачуць. He проста каханне, скіраванае на адну асобу, але жывёльны інстынкт, простае сляпое пахацімства — вось сіла, якая разарве Партыю на шматкі. Ен паклаў яе на траву, сярод рассыпаных пралесак. Гэтым разам ніякіх цяжкасцяў не было. Дыханне, што ўздымала і апускала іх грудзі, супакоілася і аднавіла свой нармальны рытм. Яны разлучыліся ў нейкай салодкай знямозе. Сонца, здавалася, пякло яшчэ мацней. Абое хацелі спаць. Ен пашукаў кінуты побач камбінезон і накрыў яе. Амаль адразу яны заснулі і праспалі каля паўгадзіны.
    Уінстан прачнуўся першы. Ен сеў і стаў глядзець на рабаціністы твар. Яна яшчэ спакойна спала, падклаўшы далонь сабе пад галаву. Калі б не вусны, дык і не сказаў бы, што яна прыгожая. Калі глядзець зблізу, вакол вачэй можна было ўбачыць адну-дзве зморшчынкі. Кароткія чорныя валасы былі незвычайна густыя і мяккія. Ен падумаў, што так і не ведае ні яе прозвішча, ні яе адрасу.
    Маладое моцнае цела, агорнутае сном, абудзіла ў ім апекавальную шкадобу. Але пачуццё той безразважлівай пяшчоты, якое ён адчуў пад кустом ляшчыны, калі спяваў дрозд, яшчэ не вярнулася. Ен адхінуў камбінезон і пачаў разглядаць яе белы і мяккі бок. Даўнейшымі часамі, падумаў ён, мужчына глядзеў на дзявочае цела,
    адчуваў жаданне, і на гэтым справа канчалася. Але сёння было немагчыма адчуваць чыстае каханне ці чыстую пажадлівасць. Ніводнае пачуццё не было чыстае, бо да яго дамешваліся страх і нянавісць. Іх абдымкі былі бітвай, іх зліццё было перамогай. Гэта быў удар, нанесены Партыі. Гэта быў палітычны акт.
    3
    — Калі-небудзь мы можам яшчэ раз сюды прыйсці,— сказала Джулія.— Увогуле, тую самую схованку можна выкарыстаць двойчы не баючыся. Але, вядома ж, не раней чым праз месяц-два.
    Прачнуўшыся, яна нібы перамянілася. Яна зноў зрабілася жвавая і заклапочаная, адзелася, падперазалася чырвоным поясам і ўзялася падрабязна выпрацоўваць план вяртання. Здавалася натуральным, што за гэта ўзялася яна. У яе быў практычны розум, чаго бракавала Уінстану, да таго ж, здавалася, яна дасканала ведала лонданскія ваколіцы дзякуючы незлічоным калектыўным паходам. Яна паказала яму зусім іншую дарогу, якая вяла ўжо да іншай чыгуначнай станцыі.
    — Ніколі нельга вяртацца дарогай, па якой ты прыйшоў,— сказала яна, быццам абвяшчаючы нейкі важны закон.
    Яна мусіла ісці першая, а Уінстан — счакаць паўгадзіны, перш чым выправіцца за ёй.
    Яна прызначыла яму месца, дзе яны маглі праз чатыры дні сустрэцца пасля працы. Гэта была вулка ў бедным квартале, там быў рынак, звычайна гаманлівы і поўны людзей. Яна будзе хадзіць сярод прылаўкаў і ўдаваць, што шукае матузкі да чаравікоў або цыравальныя ніткі. Калі ёй здасца, што ўсё спакойна, яна, убачыўшы яго, высмаркаецца. Калі не — ён павінен прайсці міма, не пазнаўшы яе. Але калі пашчасціць, сярод натоўпу яны змогуць без рызыкі пагаварыць
    чвэрць гадзіны і дамовіцца аб наступным спатканні.
    — А цяпер мне трэба ісці,— сказала яна, як толькі ён засвоіў усе інструкцыі.— У дзевятнаццаць трыццаць мне трэба вярнуцца. Я мушу прысвяціць дзве гадзіны Антысексуальнаму Саюзу Моладзі — разнесці нейкія ўлёткі ці нешта такое. Ну, ці не свінства? Прычашы мяне, калі ласка. У мяне няма былінак у валасах? Праўда? Тады да пабачэння, каханы, да пабачэння.
    Яна кінулася яму ў абдымкі і амаль гвалтам пацалавала. Праз хвіліну яна рассунула маладыя дрэўцы і амаль бясшумна знікла ў лесе. I нават цяпер ён так і не ведаў ні яе прозвішча, ні яе адрасу. Але не мела вялікага значэння, бо нельга было нават уявіць, каб яны некалі маглі сустрэцца ў памяшканні ці нейкім чынам знесціся пісьмова.
    Лёс наканаваў так, што ім болей не давялося спаткацца на той лясной палянцы. За ўвесь травень ім толькі аднаго разу ўдалося па-сапраўднаму сустрэцца. Гэта адбылося ў іншым таемным месцы, якое ведала Джулія, на званіцы зруйнаванай царквы ў амаль пустэльнай мясцовасці, дзе трыццаць гадоў таму ўпала атамная бомба. Гэта была добрая схованка, але дарога да яе была надта небяспечная. Апроч гэтага, яны сустракаліся толькі на вуліцы, кожнага вечара ў іншым месцы, і ніколі болей чым на паўгадзіны за раз. На вуліцы звычайна можна было сяк-так паразмаўляць. Пакуль натоўп нёс іх па тратуары, яны, ніколі не паварочваючыся тварам у твар і ніколі не гледзячы адно на аднаго, працягвалі дзіўную перарывістую размову, якая ўзнікала і затухала, як прамень маяка, яна раптам абрывалася маўчаннем, калі наперадзе паяўлялася уніформа члена Партыі або тэлегляд, пасля, праз некалькі хвілін, распачыналася зноў, з сярэдзіны сказа, пасля раптам спынялася, калі яны расставаліся ў прызначаным месцы, і працягвалася наступнага дня без папярэдняга ўступу. Джулія, здавалася, была звыклая да
    гэткае размовы, яна называла гэта «гаварыць порцыямі». I яшчэ яна з надзвычайным умельствам гаварыла, не варушачы вуснамі. I толькі адзін раз за гэты месяц штодзённых спатканняў ім удалося пацалавацца. Яны спускаліся зацішным завулкам (Джулія размаўляла толькі на вялікіх вуліцах), калі пачуўся аглушальны грукат. Зямля задрыжала, неба пацямнела, і Уінстан, збіты і напалоханы, апынуўся на зямлі. Недзе зусім побач упала ракетная бомба. Раптам ён заўважыў твар Джуліі побач са сваім, знежывела бледны, белы, як крэйда. Нават вусны былі белыя. Яна памерла! Ен прытуліў яе да сябе і, схамянуўшыся, заўважыў, што цалуе жывы і цёплы твар. Толькі вусны адчулі нейкі парашок. Іх твары былі ўкрыты тоўстым слоем тынку.