• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ферма | 1984  Джордж Оруэл

    Ферма | 1984

    Джордж Оруэл

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 411с.
    Мінск 1992
    77.09 МБ
    Былі вечары, калі яны, прыйшоўшы на спатканне, мусілі разысціся, не падаўшы знаку, бо з-за рага паказваўся патруль або над імі вісеў верталёт. Нават калі гэта было не так небяспечна, ім было вельмі цяжка знайсці час, каб сустрэцца. Уінстанаў працоўны тыдзень складаў шэсцьдзесят гадзін, тыдзень Джуліі быў яшчэ даўжэйшы, дні адпачынку мяняліся залежна ад напружанасці працы і не заўсёды супадалі. Ва ўсялякім разе ў Джуліі рэдка надараліся цалкам свабодныя вечары. Яна траціла процьму часу на слуханне лекцый, на ўдзел у дэманстрацыях, на распаўсюджванне літаратуры Антысексуальнага Саюза Моладзі, на падрыхтоўку транспарантаў да Тыдня Нянавісці, на збіранне складак у рамках кампаніі ашчаднасці і на іншыя мерапрыемствы падобнага тыпу. Гэта апраўдвала сябе, казала яна. Гэта быў камуфляж. Выконваючы дробныя правілы, можна парушаць буйныя. Яна нават прыцягнула Уінстана да ўдзелу ў адным з такіх мерапрыемстваў. Ен падключыўся да працы ў вытворчасці боепрыпасаў, якую па чарзе рабілі ахвотнікі з ліку заўзятых партыйцаў. I цяпер адзін раз на тыдзень, вечарамі, Уінстан гарбеў па чатыры гадзіны, дранцвеючы ад нудо-
    ты, над нейкімі кавалачкамі металу, што былі, магчыма, часткамі ракетнае бомбы. Працаваць даводзілася ў цьмянай майстэрні, дзе дзьмула з усіх дзірак, а грукат малаткоў сумна перагукваўся з музыкай тэлегляда.
    Сустрэўшыся ў званіцы, яны запоўнілі ўсе прагалы сваіх папярэдніх урывістых размоў. Быў спякотны сонечны дзень, у маленькім квадратным пакойчыку над званамі стаяла цяжкае гарачае паветра, у якім панаваў пах галубінага памёту, Яны гаварылі некалькі гадзін, седзячы на пыльнай падлозе, засланай галлём. Час ад часу адзін з іх уставаў і глядзеў праз акно, ці не ідзе хто.
    Джуліі было дваццаць шэсць гадоў. Яна жыла ў інтэрнаце з трыццаццю іншымі дзяўчатамі. («Заўсёды смярдзіць жанчынамі! Як я ненавіджу жанчын!» — прызналася яна між іншым.) Як ён і меркаваў, яна працавала ў аддзяленні мастацкай літаратуры на раманапісных варштатах. Яна любіла сваю працу, якая палягала з большага ў наглядзе за магутным, але чуйным электрычным маторам. Яна не была надта разумная, любіла працаваць рукамі і вольна адчувала сябе з машынамі. Яна магла дэталёва апісаць працэс складання рамана, пачынаючы ад асноўных дырэктываў, выдаваных планавым камітэтам, і аж да апошніх штрыхоў, што дадавала перапісная група. Але гатовая кніга яе не цікавіла. Яна не надта любіла чытаць. Кнігі былі ўсяго толькі прадуктам, які трэба было вырабляць, як джэм або матузкі да чаравікаў.
    Яна нічога не памятала пра час да пачатку шасцідзесятых. Адзіным чалавекам, з тых, каго яна ведала, які часта гаварыў пра дарэвалюцыйны час, быў дзед, які знік, калі ёй было восем гадоў. У школе яна была капітанам хакейнай каманды і выйгравала два гады запар гімнастычныя спаборніцтвы. Яна была важатай атрада Шпіёнаў і намесніцай сакратара ў Юнацкім Саюзе, перш чым уступіць у Антысексуальны Саюз Моладзі. Яна заўсёды мела бездакорную рэпутацыю.
    Яе выбралі нават (што было бясспрэчным знакам добрае рэпутацыі) на працу ў Парнасеку, падсекцыі ў аддзяленні мастацкай літаратуры, дзе выраблялася танная парнаграфія для пролаў. Людзі, што там працавалі, называлі гэты аддзел «Гнойная кантора», заўважыла яна. Яна працавала там адзін год, удзельнічала ў выпуску брашурак у запячатаных пакетах з назвамі накшталт: «Неверагодныя гісторыі» ці «Ноч у школе для дзяўчат». Гэтыя брашуркі патаемна куплялі маладыя пролы, думаючы, што купляюць нешта нелегальнае.
    — Што гэта былі за кнігі? — пацікавіўся Уінстан.
    — Ат, страшэнна тупыя і нудныя. Уяві сабе, усяго шэсць тыпавых сюжэтаў, у якіх час ад часу мяняюцца паасобныя дэталі. Але я працавала толькі на калейдаскопах і ніколі не прымала ўдзелу ў перапісванні. Я не маю літаратурных здольнасцяў, каханы, нават на такое.
    Уінстан вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што апроч кіраўнікоў аддзяленняў усе працаўнікі Парнасеку былі дзяўчаты. Лічылася, што палавы інстынкт у мужчын утаймаваць цяжэй, чым у жанчын, мужчын значна лягчэй магло сапсаваць тое, з чым яны мелі справу.
    — Яны неахвотна бяруць туды нават замужніх жанчын,— дадала яна.— Яны ўсё яшчэ думаюць, што дзяўчаты такія нявінныя! Ва ўсялякім разе адна з іх, што сядзіць тут, зусім не такая.
    Першы раз яна ўступіла ў палавую сувязь у шаснаццаць гадоў з шасцідзесяцігадовым членам Партыі, які пазней скончыў самагубствам, каб пазбегнуць арышту.
    — Мне пашанцавала, бо інакш ён выдаў бы мяне,— дадала яна.
    Пасля былі іншыя. Жыццё, у яе ўспрыманні, было вельмі простае. Ты хочаш жыць весела. «Яны», гэта значыць Партыя, не даюць табе жыць весела, і ты абыходзіш законы, як толькі можаш. Ей здавалася натуральным, што «яны» хочуць пазбавіць людзей асало-
    даў жыцця, а людзі спрабуюць супрацьстаяць гэтаму. Яна ненавідзела Партыю і выказвала сваю нянавісць самымі бруднымі словамі. Аднак яе крытыка не закранала агульных прынцыпаў. Партыйнае вучэнне цікавіла яе настолькі, наколькі непасрэдна закранала яе жыццё. Ен заўважыў, што яна ніколі не ўжывала навамоўных слоў, апроч тых, што ўвайшлі ў штодзённую мову. Яна ніколі не чула пра Братэрства і адмаўлялася верыць у яго існаванне. Усялякае арганізаванае змаганне супраць Партыі здавалася ёй глупствам, бо загадзя было асуджанае на паражэнне. Адзіна разумным, на яе думку, было парушаць законы і, нягледзячы на гэта, заставацца жывым. Уінстан задумаўся, колькі магло быць такіх, як яна, сярод маладога пакалення, якое вырасла ў атмасферы рэвалюцыйнай рамантыкі, якое болей нічога не ведала і ўспрымала Партыю як нешта непарушнае, як неба. Яны не паўставалі супраць яе панавання, а проста ўцякалі ад яе, як заяц ад сабакі.
    Яны не абмяркоўвалі магчымасці пажаніцца. Гэта было зусім нерэальна. Ніякі ў свеце камітэт не зацвердзіў бы гэты шлюб, нават калі б Уінстан здолеў вызваліцца ад Кэтрын, сваёй жонкі. Нават у марах не было надзеі.
    — Якая яна была, твая жонка? — спыталася Джулія.
    — Яна была... Ці ты ведаеш навамоўнае слова дабрадум, гэта значыць добранадзейны, той, хто думае правільна, хто няздатны на благія думкі?
    — He. Слова я не ведаю, але я ведаю даволі шмат такіх людзей.
    Ен пачаў апавядаць ёй гісторыю свайго сужонства, але, на яго здзіўленне, яна ўжо ведала асноўныя моманты. Яна апісала яму, быццам сама бачыла ці адчувала, як дранцвела цела Кэтрын, калі ён да яе дакранаўся, і як яна адпіхвала яго з усяе моцы, нават калі яго абдымала. Ен не адчуваў ніякай няёмкасці, гаво-
    рачы з Джуліяй пра такое. Ва ўсялякім разе Кэтрын даўно ўжо перастала быць пакутлівым успамінам. Яна стала проста непрыемным успамінам.
    — Я б вытрымаў, калі б не адна рэч,— сказаў ён.
    Ен расказаў Джуліі пра маленькую халодную цырымонію, да якой Кэтрын змушала яго адзін вечар на тыдзень.
    — Яна ненавідзела гэта, але нішто не магло прымусіць яе ад гэтага адмовіцца. Звычайна яна называла гэта... ты ніколі не ўгадаеш як.
    — Наш абавязак перад Партыяй,— дагаварыла за Уінстана Джулія.
    — Адкуль ты ведаеш?
    — Я таксама вучылася ў школе, каханы. Для тых, каму споўнілася шаснаццаць, раз на месяц былі гутаркі пра палавое жыццё. Пасля тое самае было ў Юнацкім Саюзе. Гадамі камячыць тое самае. Здаецца, у большасці выпадкаў гэта дае вынікі. Але хто яго ведае. Людзі такія крывадушныя!
    Яна пачала развіваць гэтую тэму. У Джуліі ўсё зводзілася да яе інтымнага жыцця. Як толькі гаворка набліжалася да гэтай тэмы, яна рабілася дасціпная і красамоўная. У адрозненне ад Уінстана, яна зразумела прыхаваны сэнс партыйнага пурытанізму. Палавы інстыпкт трэба было па магчымасці знішчыць не толькі таму, што ён ствараў асобны, непадкантрольны Партыі сусвет. Яшчэ важнейшым было тое, што палавы аскетызм вёў да істэрыі, што было вельмі пажадана, бо яе можна было ператварыць у ваяўнічы запал і адданасць партыйным правадырам. Джулія растлумачыла сваю думку наступным чынам:
    — Калі займаешся каханнем, растрачваеш сваю энергію. А пасля адчуваеш сябе шчаслівым і плюеш на ўсё астатняе. Яны не могуць дапусціць, каб так было. Яны хочуць, каб у табе заўсёды кіпела энергія. Усе гэтыя маршы, дэманстрацыі, лозунгі, сцягі — усё гэта
    проста пракіслы палавы інстынкт. Калі ты шчаслівы ў душы, ці будзеш ты захапляцца Вялікім Братам, трохгадовымі планамі, Двуххвілінкай Нянавісці і ўсёй іншай іхняй лухтой?
    Усё гэта вельмі слушна, падумаў ён. Была непасрэдная сувязь паміж цнатлівасцю і палітычнай добранадзейнасцю. Бо як яшчэ можна падтрымліваць у членаў Партыі на патрэбным узроўні страх, нянавісць і фанатычную веру, так патрэбныя Партыі, калі не апанаваўшы нейкі магутны інстынкт і не выкарыстаўшы яго як рухавую сілу? Палавая цяга была небяспечная для Партыі, і Партыя павярнула яе на сваю карысць. У тую самую гульню яна гуляла і з бацькоўскім інстынктам. Скасаваць сям’ю было нерэальна, і людзей заахвочвалі любіць сваіх дзяцей амаль як раней. 3 другога боку, дзяцей сістэматычна скіроўвалі супраць бацькоў. Іх вучылі сачыць за бацькамі і паведамляць аб іх злачынствах. Сям’я сталася, па сутнасці, працягам Паліцыі Думак. Гэта быў прыём, дзякуючы якому ўсе людзі, удзень і ўначы, жылі сярод шпіёнаў, якія іх вельмі блізка ведалі.
    I раптам ён зноў падумаў пра Кэтрын. Яна без сумнення выдала б яго Паліцыі Думак, калі б не была занадта дурная, каб заўважыць нядобранадзейнасць яго поглядаў. Але пра Кэтрын яму нагадала не гэта, a задушлівая спёка, ад якой на лобе выступіў пот. Ен пачаў расказваць Джуліі, што адбылося, ці ледзь не адбылося, адзінаццаць гадоў таму, спякотным летнім днём.
    Гэта было праз тры ці чатыры месяцы пасля вяселля. Яны заблудзіліся пад час калектыўнага паходу недзе ў Кенцы. Яны адсталі ад іншых і затрымаліся ўсяго на некалькі хвілін, але пасля павярнулі на другую дарогу і нечакана апынуліся на краі старога вапнавага кар’ера. Яны стаялі на вышыні ад дзесяці да дваццаці метраў, унізе былі скалы. Навокал не было нікога.
    у каго можна было б спытацца дарогі. Кэтрын, як толькі зразумела, што яны заблудзіліся, адчула сябе вельмі няўтульна. Быць далёка, нават на кароткі час, ад гаманлівага паходнага натоўпу было ў яе вачах благім учынкам. Яна адразу захацела вярнуцца і паспрабаваць шукаць у другім баку. Але ў гэты момант Уінстан заўважыў некалькі кусцікаў чальчаку, што раслі якраз пад імі, у выступе скалы. Кветкі былі двух колераў, цагляна-чырвонага і барвовага, хоць раслі з аднаго кораня. Ен ніколі не бачыў нічога падобнага і паклікаў Кэтрын паглядзець на кветкі.