Запісы 37

Запісы 37

198.48 МБ
Аўтары невыпадкова абралі 1947—1970 гг. прадметам свайго дасьледаваньня. Наколькі абраны за ніжні пункт адліку 1947 г. не выклікае ніякіх сумненьняў (аднаўленьне арганізацыі на тэрыторыі Заходняй Нямеччыны), настолькі храналягічна верхняя кропка — 1970-ы год — патрабуе пэўных тлумачэньняў. 3 фактычнага боку, названы пэрыяд ахоплівае кадэнцыю старшыні Рады й Прэзадэнта БНР Мікалая Абрамчыка. Якраз зь ягонай сьмерцю ў 1970 г. скончыўся першы этап паваеннай гісторыі БНР.
Галоўная частка працы складаецца з уступу й сямі вялікіх разьдзелаў. У манаграфіі ёсьць фотаўстаўкі, якія рэпрэзэнтуюць фатаздымкі й дакумэнты, значная частка каторых упершыню ўведзена ў навуковы ўжытак. Пры болып дэталёвым азнаямленьні, аднак, аказваецца, што працу насамрэч можна падзяліць на дзьве часткі. Першы разьдзел, названы „Рада БНР Міколая Абрамчыка“, мае характар гістарычнага апісаньня Рады БНР адпаведнага пэрыяду. Аўтары раскрываюць чытачам розныя аспэкты дзейнасьці арганізацыі з падрабязным разглядам нутранага жыцьця й актыўнасьці на міжнароднай арэне. He абмінулі й такога раней малаведамага факту, як удзел беларускіх эміграцыйных асяродкаў у дзейнасьці радыёстанцыі „Вызваленьне“ ці таксама заангажаваньне ў працу Інстытута вывучэньня СССР у Мюнхене. He засталося таксама па-за ўвагай дасьледнікаў супрацоўніцтва беларускіх дзеячаў з прадстаўнікамі палітычных арганізацыяў іншых народаў.
У кнізе падрабязна асьветлены працэс фармаваньня структураў Рады БНР. Цікавай бачыцца выснова аўтараў пра існаваньне „падпольнага“ ўраду БНР (кабінет міністраў М. Абрамчыка) у 1943—1947 гг. У выдаванай да гэтага часу адпаведнай літаратуры панавала перакананьне, што сьмерць Васіля Захаркі ў 1943 г. выклікала „перапынак“ у дзейнасьці ворганаў БНР аж да моманту аднаўленьня Рады ў сьнежні 1947 г. у мястэчку Остэргофэн (амэрыканская зона акупацыі Нямеччыны), калі была прынятая адпаведная дэклярацыя й сфармаваны ўрад. Аўтары пераканаўча даказваюць існаваньне пераемнасьці структураў БНР і трактуюць зьезд у Остэргофэне толькі як пачатак палітычнай акцыі болып шырокага маштабу, мэтай якой было ажыцьцяўленьне пляну „выхаду з падпольля“ ворганаў БНР.
Наступныя шэсьць разьдзелаў адлюстроўваюць крыніцазнаўчую частку манаграфіі. Асабліва важным варта прызнаць другі разьдзел, які ўтрымлівае пратаколы паседжаньняў Прэзыдыуму Рады БНР у акрэсьлены пэрыяд. Вельмі цікавым лічу таксама трэці разьдзел, дзе падаюцца дакумэнты, падпісаныя беларускімі дзеячамі, нягледзячы на тое, што сустракаюцца й дакументы, каторыя выйшлі з-пад пяра польскіх і расейскіх эмігрантаў. Гэта палітычныя дэклярацыі ў сувязі з аднаўленьнем Рады; статут арганізацыі; інструкцыі, выдадзеныя ўрадам БНР, якімі забясьпечвалі дэлегатаў і эмісараў у асобных краінах; дакумэнты, што пацьвярджаюць актыўнасьць на міжнароднай арэне.
Чацьвёрты разьдзел утрымлівае рэдкую карэспандэнцыю Прэзыдэнта М. Абрамчыка й чатырох іншых чальцоў Рады (Аўгена Каханоўскага, Янкі Ліманоўскага, Аляксандра Махноўскага, Янкі Сурвілы). Пяты разьдзел зьмяшчае бібліяграфію матэрыялаў на тэму Рады БНР на старонках беларускай прэсы, а таксама сьпіс выданьняў арганізацыі.
Шосты разьдзел (,,Асобы“) прысьвечаны асобным знакамітым беларускім дзеячам на эміграцыі. Працу завяршае сёмы разьдзел, які рэпрэзэнтуе хроніку найважнейшых падзеяў у дзейнасьці Рады БНР у 1946—1970 гг.
3 вышэйпададзенага агляду вынікае, што аснову працы складае збор дакумэнтаў і матэрыялаў, а не аўтарскіх тэкстаў. Чытачу можа нават падацца, што ён мае справу са зборам дакумэнтаў і матэрыялаў, а не зь іх апрацоўкай.
Асобнага абмеркаваньня заслугоўвае пытаньне крыніцаў, выкарыстаных пры напісаньні кнігі. Трэба прызнаць, што аўтарам давялося сутыкнуцца зь вельмі складанай задачай, зьвязанай зь недахопам неабходных крыніцаў. Справа ў тым, што львіная доля іх не была раней апублікаваная. Такое становішча тлумачыцца тым, што архіў БНР да гэтага часу ня быў апрацаваны. Акрамя гэтага, крыніцы параскіданыя па розных месцах. Варта дадаць, што гэтыя архіўныя матэрыялы не аформленыя належным чынам у архівах і неінвэнтарызаваныя. I трэба сказаць, што аўтары пасыіяхова справіліся з заданьнем, што ня можа не выклікаць павагі й прызнаньня. Абсалютная болыпасьць зьмешчаных у працы дакумэнтаў упершыню ўведзеная ў навуковы ўжытак. У першую чаргу гэта датычыць пратаколаў паседжаньняў, якія былі перададзеныя Беларускаму інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку былым прэм’ерам БНР Аўгенам Каханоўскім. Асобную катэгорыю матэрыялаў складаюць прыватныя зборы эмігрантаў (у прыватнасьці, Янкі Запрудніка). Астатнія дакумэнты зьяўляюцца вынікам росшукаў 778
ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане, а таксама ў архівах і бібліятэкахуАтаве (Канада). He выклікае сумненьня, што аўтары сутыкнуліся зь вялікімі цяжкасьцямі й мусілі перарабіць сапраўды карпатлівую працу, каб сабраць і ўпарадкаваць раскіданыя па ўсім сьвеце сьведчаньні дзейнасьці Рады БНР. Найвялікшую навуковую й пазнавальную вартасьць маюць гэтыя сапраўды ўнікальныя дакумэнты, важнасьць якіх нельга пераацаніць. Яны праліваюць новае сьвятло на дагэтуль маладасьледаваныя праблемы, зьвязаныя зь дзейнасьцю незалежніцкіх палітыкаў у выгнаньні. На маю думку, менавіта публікацыя гэтых каштоўных крыніц зьяўляецца найбольшай вартасьцю й безумоўным дасягненьнем гэтай кнігі. Неабходна падкрэсьліць, што колькасна найбольшая група крыніцаў належыць да саракавых і пяцідзясятых гадоў. Гэта падкрэсьлівае меркаваньне, што ў той час эмігранты дзейнічалі найбольш энэргічна, тады як пасьля 1956 г. у новых хутказьменных умовах міжнароднай сытуацыі актыўнасьць антыкамуністаў значна зьмяншаецца.
Шматлікія пратаколы, інструкцыі, нататкі, лісты паказваюць нам дастаткова поўны вобраз пасьляваеннага беларускага незалежніцкага лягеру на Захадзе. Пасьля сур’ёзнага азнаямленьня чытач без цяжкасьцяў зробіць высновы адносна найважнейшых справаў і клопатаў дзеячаў БНР, праблемаў, зь якімі яны сутыкаліся ў рэальнасьці, якія іх акружалі. Можна толькі захапляцца людзьмі, якія ў выключна цяжкіх побытавых і матэрыяльных умовах з такой рашучасьцю й адданасьцю намагаліся ўкараняць на чужыне ідэю незалежнай беларускай дзяржавы.
Паседжаньні Прэзыдыюму Рады й камунікаты ўладаў у выгнаньні паказваюць, што адной з найбольшых праблемаў, зь якімі сутыкнулася палітычная эміграцыя БНР, быў пастаянны й трывалы недахоп матэрыяльных сродкаў. Дадатковым чыньнікам, што абцяжарваў эфэктыўную дзейнасьць, былі палітычныя рознагалосьсі ў беларускім незалежніцкім лягеры на Захадзе прыхільнікаў Рады БНР і Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР), да якіх дайшло напрыканцы саракавых гадоў і якія былі актуальныя яшчэ пэўны час. Акрамя таго, лягер Прэзыдэнта М. Абрамчыка быў пастаянна ўзрушаны нутранымі варагаваньнямі й непаразуменьнямі. Антаганізм і нутраныя звады забіралі шмат сілы й энэргіі, неабходных для барацьбы са зьнешнім ворагам.
На падставе скрупулёзнага аналізу дакумэнтаў (пратаколы Прэзыдыюму Рады БНР, камунікаты, інструкцыі, лісты) можна зрабіць выснову, што дзеячы БНР вялікую ўвагу надавалі міжнароднай дзейнасьці. Яны былі нястомныя ў сваіх намаганьнях здабыць прыхіль-
насьць сусьветных дзяржаваў. Рабіліся спробы атрымаць падтрымку беларускай справе ў Лёндане, Парыжы, Вашынгтоне й Ватыкане. Палітыкі Рады БНР выканалі надзвычай вялікую працу па ўключэньні пытаньня беларускай дзяржаўнасьці ў парадак дня міжнароднай палітыкі. Прэзыдэнт М. Абрамчык меў розныя міжнародныя кантакты як у Эўропе, гэтак і за акіянам. Наладжваньню міжнародных адносінаў спрыялі частыя выезды Прэзыдэнта ў асобныя краіны, дзе была шырока прадстаўленая беларуская дыяспара (Вялікабрытанія, Бэлыія, Нямеччына, Швэцыя, Канада, Злучаныя Штаты). Існуюць падставы для меркаваньня, што актыўнасьць эміграцыйных дзеячаў у гэты пэрыяд мела эфэкт. Варта цалкам пагадзіцца са сьцьвярджэньнем аўтараў, што праз дзейнасьць Рады БНР беларускае пытаньне на міжнароднай арэне перастала ўспрымацца не зусім сур’ёзна, як гэта было ў міжваенны пэрыяд.
Прыярытэтнай была таксама справа ўсталяваньня добрых адносінаў з суседзямі. У сьвятле прыведзеныху кнізе дакумэнтаў мае права на жыцьцё сьцьвярджэньне, што найбольш прыязныя адносіны складваліся з латышамі. Затое не заўсёды былі вольнымі ад супярэчнасьцяў дачыненьні з украінскімі антыкамуністамі. У сувязі са спрэчкамі наконт Вільні сур’ёзныя цяжкасьці былі ў перамовах зь летувісамі. Узаемныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі абцяжарвалі таксама кантакты з палякамі. Безумоўна, не былі лёгкімі адносіны з расейскай эміграцыяй. Нельга пазьбегнуць уражаньня, што ўлады БНР шмат увагі надавалі рэлігійным справам эмігрантаў. Многія дакумэнты сьведчаць таксама, што ўлады БНР намагаліся запабегчы расьсейваньню эмігрантаў і спыненьню імі кантактаў зь беларускімі арганізацыямі. TaKia перасьцярогі ўзмацняў ад’езд зь Нямеччыны большасьці беларусаў на мяжы саракавых — пяцідзясятых гадоў і іх пасяленьне ў іншых краінах, у тым ліку й за акіянам. Увесь цяжар аб’яднаньня эмігрантаў вакол асяродкаў беларускага жыцьця ляжаў на плячах дэлегатаў і прадстаўнікоў Рады БНР.
Пэўным недахопам працы зьяўляецца невыкарыстаньне шэрагу польскамоўных матэрыялаў, якія, несумненна, узбагацілі б яе навуковую вартасьць. Хачу, аднак, заўважыць, што папярэдняя заўвага ні ў якім разе не зьніжае каштоўнасьці працы і верагодна, можа быць улічаная пры чарговых рэдагаваньнях кнігі.
Падсумоўваючы сказанае, неабходна падкрэсьліць, што манаграфія Н. Гардзіенкі й Л. Юрэвіча ўяўляе надзвычай цікавае дасьледаваньне. Яна дадае шмат новых фактаў да ўжо ведамых, што датычаць вывучэньня беларускай эміграцыі. Зьяўленьне працы, прысьвечанай Радзе 780
БНР, паказвае фактычны стан вывучэньня праблемаў беларускай эміграцыі. Нягледзячы на тое, што на працягу апошніх гадоў згаданая тэматыка карыстаецца вялікай папулярнасьцю, якая не зьмяншаецца, яна па-ранейшаму ўяўляе неапрацаванае дасьледніцкае поле.
Са зразумелых прычынаў кніга не дае адказаў на ўсе пытаньні, зьвязаныя зь дзейнасьцю Рады БНР у эміграцыі. Шмат закранутых у манаграфіі праблемаў патрабуюць больш шырокага разгляду. Надалей „белай плямай“ застаецца сувязь эміграцыйных асяродкаў з пытаньнем узброенага антыкамуністычнага падпольля ў БССР. Паўстае таксама неабходнасьць падобнага дасьледаваньня „канкурэнцыйнай“ у адносінах да БНР фракцыі ў беларускім эміграцыйным лягеры — БЦР. Але гэта не зьмяняе факту, што рэцэнзаваная праца, без сумневу, зьяўляецца важным унёскам у вывучэньне гісторыі пасьляваеннай беларускай эміграцыі. Таксама не выклікае сумневаў, што манаграфія запоўніць істотную лакуну ў гістарыяграфіі. Факты й ацэнкі, якія ўтрымліваюцца ў кнізе, вельмі прадуманыя й доказныя. Варта таксама ў поўнай ступені ацаніць грандыёзнасьць працы й намаганьняў аўтараў, што робіць магчымым выкарыстаньне дагэтуль недаступных крыніцаў шырокім колам дасьледнікаў. Ёсьць надзея, што ў хуткім часе можна чакаць чарговых прац Натальлі Гардзіенкі й Лявона Юрэвіча, прысьвечаных гэтай праблематыцы.