Гістарычны шлях нацыі і дзяржавы
Радзім Гарэцкі, Міхась Біч, Уладзімір Конан
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 348с.
Мінск 2001
Дасягнуць гэтага можна толькі аб’яднаўшы сілы беларусаў на Бацькаўшчыне і тых яе адданых дзяцей, што жывуць па-за межамі Беларусі, але захавалі ў сваіх сэрцах любоў да яе. Адольваючы ўсе перашкоды і нягоды, мы зможам дайсці да жаданай свабоды, зладзіць цывілізаванае, заможнае і культурнае жыццё для сябе і сваіх нашчадкаў.
Жыве наша Бацькаўшчына!
Жыве Беларусь!
г. Мінск, 8—10 ліпеня 1993 г.
ДЭКЛАРАЦЫЯ ПЕРШАГА З’ЕЗДА БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ
АБ ПРЫНЦЫПАХ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА БУДАЎНІЦТВА
Першы з’езд беларусаў свету адбываецца ў год святкавання 75-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзеячы БНР распачалі працэс практычнага адраджэння беларускай дзяржаўнасці. Цяпер стварыліся рэальныя ўмовы для яго паспяховага завяршэння. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў, a 25 жніўня 1991 г. надаў сілу канстытуцыйнага закону «Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі».
Гэтыя акты стварылі юрыдычны падмурак для адбудовы новай беларускай дзяржавы на прынцыпах незалежнасці, дэмакратыі, павагі да правоў асобы і права беларускага народа на нацыянальнае адраджэнне.
Рэалізацыі гэтай спрадвечнай мары беларусаў у цяперашніх умовах спрыяюць як унутраныя, так і міжнародныя абставіны. Таталітарная сацыяльна-палітычная сістэма ў Беларусі аб’ектыўна вычарпала свае магчымасці і не мае гістарычнай перспектывы. На абсягах былой савецкай імперыі распачаліся працэсы суверэнізацыі, нацыянальнага і эканамічнага адраджэння многіх народаў, якія павінны набыць незваротны характар. Толькі пры ўмове дакладнага разумення асаблівасцяў гістарычнай сітуацыі ўсімі палітычнымі сіламі грамадства з’явяцца падставы для нацыянальнага аб’яднання дзеля сумеснай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны, яе палітычнага, гістарычнага і культурнага адраджэння.
Мы, удзельнікі Першага з’езда беларусаў свету, бачым будучыню вольнай, дэмакратычнай Беларусі як унітарнай, прававой, бяз’ядзернай дзяржавы, якая праводзіць палітыку міру і ўзаемакарысных добрасуседскіх адносін з усімі краінамі свету, якая мае развітую эканоміку, заснаваную на розных формах уласнасці, гарантуе сваім грамадзянам агульнапрызнаныя правы чалавека і клапоціцца пра стварэнне спрыяльных умоваў для развіцця культуры беларускага народа, якая прызнае найвышэйшаю мэтаю дасягненне агульнага дабра і сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве.
Мы лічым, што распачаць гэтую агромністую працу можа і павінен новы парламент, абраны на падставе дэмакратычнага закону, які створыць умовы для аб’ектыўнага волевыяўлення народа. Улічваючы небяспечны стан эканомікі і відавочную няздольнасць сённяшняй улады ажыццявіць карэнныя і хуткія палітычныя і эканамічныя рэформы, якія б разняволілі творчую актыўнасць народа, мы заклікаем народных дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь прыспешыць новыя выбары. Цяперашні склад Вярхоўнага Савета прыняў шэраг прынцыпова важных рашэнняў і ўжо па гэтай прычыне застанецца ў гісторыі Беларусі. Але дзеля дабра нашага народа і захавання ўласнай годнасці ён мусіць зрабіць апошні адказны крок — забяспечыць канстытуцыйны і мірны шлях да пабудовы сапраўды незалежнай і заможнай Беларускай дзяржавы. Такі шлях ёсць — гэта правядзенне рэферэндуму, за які выказаліся каля 440 тыс. грамадзян Беларусі. Грамадская згода і супрацоўніцтва — гэта тыя каштоўнасці, якія павінны быць захаваны.
Найважнейшы прынцып адбудовы беларускай дзяржаўнасці — правядзенне палітыкі нейтралітэту. Імкненне да гэтага зафіксавана ў Дэкларацыі аб незалежнасці. Таму няма падстаў для далучэння да якіх-небудзь ваенных саюзаў. Права на нейтралітэт Беларусь выпакутавала і акупіла незлічомымі ахвярамі ў многіх войнах.
Свабода — гэта найважнейшая каштоўнасць. Толькі свабода, падмацаваная сваёй дзяржаўнасцю, стварае ўмовы для самарэалізацыі ўсіх патэнцыяльных магчымасцей народа. Мы жывем у час, калі гэта адвечная мара беларусаў можа быць здзейснена. Будзем жа годнымі ўскладзенай на нас лёсам высокай місіі!
Жыве Беларусь!
г. Мінск, 8—10 ліпеня 1993 г.
ЗАЯВА ЎДЗЕЛЬНТКАЎ ДРУГОГА З’ЕЗДА БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ
Мы, удзельнікі Другога сусветнага форуму беларусаў, якія сабраліся ў сталіцы маці-краіны, горадзе Мінску, звяртаемся да ўсей беларускай нацыі, да ўладаў Беларусі, да кожнага нашага суродзіча, які жыве на Бацькаўшчыне ці далёка ад яе.
Прымаючы пад увагу інфармацыю, выкладзеную ў дакладах па асноўнай тэме з’езда «Праблемы захавання беларускай прысутнасці ў свеце», у выступленнях удзельнікаў з’езда мы вымушаны адказна заявіць аб тым, што будучыня беларускай нацыі знаходзіцца пад рэальнай пагрозаю.
Колькасць насельніцтва ў краіне няўхільна змяншаецца. Некалькі гадоў запар смяротнасць перавышае нараджальнасць. Гэта — знак вялікай бяды — фізічнага вымірання нацыі. Калі сітуацыя не зменіцца, па меркаванню навукоўцаў, праз 111 гадоў наступіць поўнае знішчэнне карэннага народа на тэрыторыі Беларусі. Прычынамі трагічнага становішча з’яўляюцца не толькі чарнобыльская трагедыя, але і агульная сітуацыя ў краіне.
Шматлікія факты сведчаць і пра знішчэнне духоўнага патэнцыялу нацыі. У занядбаны стан прыходзіць нацыянальная мова і культура. Разбураецца створаны ў апошнія гады падмурак сістэмы нацыянальнай адукацыі ў краіне. Знішчаюцца нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі, сістэма беларускага кнігадрукавання. Нішчыцца матэрыяльная база культуры і адукацыі, апошнія прыклады таму — забраны будынкі ў Саюза пісьменнікаў і ў Беларускага гуманітарнага ліцэя.
Краіна перажывае сістэмны крызіс, які ахапіў усе бакі грамадскага жыцця. Своеасабліваю вехаю ў яго развіцці стаў лістападаўскі рэферэндум 1996 года, які раскалоў беларускую нацыю. Частка народа прыняла яго вынікі і новы парадак у краіне, другая засталася абыякаваю. Трэццяя ўспрыняла яго як канстытуцыйны дзяржаўны пераварот, лічыць нелегітымнымі новыя органы заканадаўчай улады, ацэньвае змены як пераход да аўтарытарнага рэжыму з тэндэнцыяй ператварэння ў таталітарны. Вынікі рэферэндуму, яго легітымнасць не прызнаны многімі дзяржавамі свету. Беларусь усё больш аказваецца ў міжнароднай ізаляцыі, эканоміка краіны ў крытычным стане.
Цяжкасці і беды, якія перажывае Бацькаўшчына, з трывогай і болем успрымаюцца беларусамі ў замежжы. Яны з непакоем назіраюць за пераменамі ў Беларусі, ім не проста разабрацца ў сутнасці падзей на Радзіме. Працэсы раз’яднання закранулі і дыяспару. Гэта шлях у нікуды.
Ліквідаваць небяспеку для фізічнага і духоўнага існавання беларускай нацыі, прадухіліць пагрозу яе расколу, паспрыяць яднанню беларускага народа дзеля супольнай стваральнай працы на адбудове нашага агульнага Беларускага Дому — такую высакародную задачу Другі з’езд беларусаў свету лічыць найгалоўнейшай для ўсіх грамадскіх і палітычных сілаў.
Мы перакананы, што выхад з крызісу, як сведчыць вопыт іншых краінаў, магчымы толькі праз усталяванне канстытуцыйнай законнасці, рэальнага падзелу ўладаў, палітычнага і эканамічнага плюралізму, захавання дзяржаўнай незалежнасці.
Удзельнікі форуму адзначаюць, што за чатыры гады, якія прайшлі пасля Першага з’езда беларусаў свету, не адбылося пазітыўных зменаў і ў адносінах беларускай дзяржавы да той часткі нацыі, якая жыве па-за межамі краіны. He выканана большасць прапаноў і просьбаў, якія былі выкладзены ў «Звароце да парламента і ўрада Рэспублікі Беларусь», прынятым на Першым з’ездзе. Актуальнасць іх захоўваецца і сёння. He рэалізавана цалкам дзяржаўная праграма «Беларусы ў свеце». З’езд выказвае агульную занепакоенасць замежных беларусаў недастатковай падтрымкаю іх нацыянальна-культурнага жыцця з боку беларускай дзяржавы, што не спрыяе захаванню беларускіх асяродкаў у іншых краінах свету.
Будучыня краіны, яе народа — вышэйшыя каштоўнасці. Мы заклікаем усе стваральныя сілы беларускай нацыі, як на Бацькаўшчыне, так і ў замежжы, аб’яднаць свае намаганні дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце.
Наш лёс у нашых руках!
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
г. Мінск. 27 ліпеня 1997 г.
УСЕБЕЛЛРУСКІ З’ЕЗД ЗЛ НЕЗАЛЕЖНЛСЦЬ Справаздача старшыні мандатнай камісіі
Адпаведна рашэнню аргкамітэта вылучэнне дэлегатаў Усебеларускага з’езда за
Незалежнасць адбылося на сходах грамадзян гарадоў і вёсак, а таксама шляхам збору подпісаў. Накіравалі дэлегатаў на з’езд рэспубліканскія і абласныя арганізацыі палітычных партый, прафесійных, творчых саюзаў. Са згоды аргкамітэта вылучаліся дэлегаты ад грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў прадпрыемстваў і прамысловасці, будаўніцтва, транспарту, сельскаспадарчых арганізацый, некаторых устаноў культуры, адукацыі, аховы здароўя. Усяго на з’езд было вылучана 1452 дэлегаты. Мандатная камісія праверыла дакументы 1379 дэлегатаў, якія прымалі ўдзел у рабоце з’езда. Камісія не прызнала паўнамоцтваў дэлегатаў ад арганізацыі «Ліцьвінскі легіён» вёскі Лашаны Мінскага раёна, ад рэспубліканскага аб’яднання міратворчых сіл імя Т. М. Сыч (г. Брэст). У гэтых арганізацыях выбары былі праведзены не ў адпаведнасці з рашэннем рэспубліканскага аргкамітэта.
Мандатная камісія ўнесла на разгляд з’езда прызнанне паўнамоцтваў дэлегатаў Баранавіцкага гісторыка-культурнага аб’яднання моладзі «Рубон» Рамуальда Жабіка, Іллі Немеца, Аляксандра Хоміча. Гэта аб’яднанне вылучыла трох дэлегатаў пры норме прадстаўніцтва 1 дэлегат. [З’езд прыняў рашэнне аб паўнамоцтвах трох дэлегатаў ад грамадскага аб’яднання «Рубон».]
3 1376 дэлегатаў, паўнамоцтвы якіх был прызнаны на з’ездзе, ад горада Мінска, рэспубліканскіх структур, партый, прафесійных саюзаў, творчых саюзаў, грамадскіх аб’яднанняў прысутнічалі 499 дэлегатаў:
ад Мінскай вобласці — 185 дэлегатаў,
ад Брэсцкай вобласці — 157 дэлегатаў,
ад Віцебскай вобласці — 157 дэлегатаў,
ад Гомельскай вобласці — 147 дэлегатаў, ад Гродзенскай вобласці — 107 дэлегатаў, ад Магілёўскай вобласці —126 дэлегатаў.
На з’ездзе прысутнічалі дэлегаты з усіх гарадоў, большасці сельскіх раёнаў Беларусі. He здолелі па розных абставінах прыехаць на з’езд прадстаўнікі 13 раёнаў.
Сярод дэлегатаў з’езда знаходзіліся дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканняў, мясцовых Саветаў. Дэлегатамі з’езда былі абраны вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, вучоныя і пісьменнікі, артысты і мастакі, журналісты і святары розных канфесій, выкладчыкі універсітэтаў, школ, работнікі культуры і аховы здароўя, рабочыя і калгаснікі, студэнты і пенсіянеры. Каля 88% дэлегатаў — беларусы. Дэлегатам з’езда з’яўляліся таксама рускія, палякі, украінцы, яўрэі, татары, літоўцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.