Год беларуса  Стары Улас

Год беларуса

Стары Улас
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 174с.
Мінск 1990
25.02 МБ
(«К а м у ш т о»)
Ці ўсведамляў паэт, чаму так дзеецца і што трэба зрабіць, каб палепшыць жыццё? 3 аднаго боку, у яго ёсць разуменне, што «ў нашым краі дрэнь, брат, парадкі» («Цярплівы нябожчык»), што мужык «гаруе век свой на другіх», а на яго «пазірае ізвысока Духоўнік, пан, чыноўнік, жыд, Хоць з яго працы будзе сыт» («Пра паноў»), заклікае багатых скінуць «атласы і ядвабы, шубу з сабалямі», пакінуць пыху і «разам працаваць на кавалак хлеба» («3 Новым годам»), Аднак гэта разуменне, так сказаць, стыхійна класавае, своеасаблівая, пачатая беларускай літаратурай яшчэ ў XIX стагоддзі «гутарка аб усім чыста, што баліць, але чаму баліць — не ведаем». He ведаў і Стары Улас рэальнай прычыны тагачаснага народнага болю, не мог знаць, як гэтага болю пазбыцца. Далекаваты ён быў ад ідэалаў рэвалюцыйных дэмакратаў Янкі Купалы, Якуба Коласа,
Максіма Багдановіча... Тым больш далёка — ад памкненняў пісьменнікаў-рэвалюцыянераў з сацыялістычнай арыентацыяй: Цёткі, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага... Чалавек глыбока рэлігійны, які ва ўсіх жыццёвых сітуацыях звычайна кіраваўся пастулатамі дзесяці запаведзяў, ён стараўся не ўмешвацца ў палітыку, жыць па законах агульначалавечай маралі. Як у жыцці — гэтак і ў творчасці. На вяку Старога Уласа ўлада мянялася каля дзесяці разоў. Пражыўшы болыпую палову жыцця пры цары, паэт з’явіўся сведкам Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года, акупацыі беларускіх зямель войскамі кайзераўскай Германіі, легіянерамі Пілсудскага, дажываў век у міжваеннай Польшчы, перад самаю смерцю сустрэў прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь... Здавалася б, колькі тэм для паэта-патрыёта! Аднак у вершах Старога Уласа — нават напісаных для «хатняга ўжытку», не друкаваных — мы не знойдзем прамога водгаласу ніводнай з гэтых падзей.
Чым жа тады жывілася творчасць паэта-самавука? Чым яна можа прывабіць нас сёння?
Найперш—сцвярджэннем здаровай народнай маралі, маральных прынцыпаў чалавека-працаўніка. А таксама—шчырай любоўю да роднага краю, беларускага селяніна, акварэльнымі малюнкамі беларускай прыроды, непаўторнымі краявідамі роднай зямлі.
Стары Улас услаўляў працу як аснову людскога агульнажыцця і чалавечага дабрабыту («Год беларуса», «Не спанатрыў»). 3 мяккім гумарам, а то і са здзеклівай іроніяй ён выкрываў асобныя людскія заганы: гультайства («Спрытны адказ»), п’янства сялян («Прыгавор»), іх залішнюю даверлівасць («Праўда»), казнакрадства аканомаў, пісараў і іншых дробных службоўцаў («Гдзе бярозы расахаты...»), непатрэбныя сваркі паміж суседзямі, хабарніцтва судовых работнікаў («Суд»), самадурства паноў («Іголка»), сквапнасць ксяндзоў («Легенда і праўда»), ілжывасць папоў («Патрапіла каса на камень»). Выказаўся ён і на адвечную тэму ўзаемаадносін бацькоў і
дзяцей («3 кутка праўды»). Пры гэтым не падтрымаў нараканні бацькоў на дзяцей, бо калісьці, у маладосці, на думку паэта, бацькі былі такія ж, як іхнія дзеці, а можа, яшчэ і горшыя. He прымаў Стары Улас і вайны як сродку вырашэння канфліктаў паміж чалавечымі супольнасцямі («3 Новым годам»).
Часам паэт звяртаўся да народных легенд, паданняў. Але і тут яго цікавілі не легендарныя падзеі самі па сабе, а іх маральная падаснова. Так, у «Кумавых Магілах» апавядаецца пра тое, як на кумоў, што везлі ў санях толькі што ахрышчанае дзіця, напалі ваўкі. Каб самім уратавацца ад лютых звяроў, кумы кінулі ім дзіця. Ды ваўкі не звярнулі на яго ўвагі, а дагналі хрышчоных бацькоў і разарвалі. Аднак гэта яшчэ не ўсё пакаранне за такое антычалавечае злачынства: роўна трыста гадоў душы двух грэшнікаў вымушаны лётаць над месцам, празваным у народзе Кумавы Магілы, палохаючы падарожных. Вось як караецца чалавечы эгаізм, жаданне выратаваць сваё жыццё за кошт іншага! —гаворыць нам паэт сваім творам у поўнай згодзе і з народнай мараллю, і са сваім светаразуменнем.
3 такім жа падтэкстам-высноваю і іншыя апрацоўкі народных легенд Старога Уласа: «Курган», «Цікавы» і інш. I ўсё ж больш яго цягнула да рэальнага жыцця, асабліва — да рэальных малюнкаў прыроды цэнтральнай і паўночна-заходняй Беларусі, якую ён, як работнік лесу, добра ведаў і, як сапраўдны патрыёт, шчыра любіў. Перад намі ■— цэлы вершаваны беларускі каляндар: «Зімою», «Вясна», «Сонейка прыгрэла», «Прамчаўся май», «У дажджлівы час», «Восень»... I вяршыня гэтага календара—напісанае ў 1909 годзе вершаванае апавяданне, дакладней — паэма «Год беларуса», адметны твор не толькі ў спадчыне Старога Уласа, але і ва ўсёй беларускай дарэвалюцыйнай паэзіі.
Пачынаецца «Год беЛаруса» з апісання роднага краю, якое нагадвае «малюнкі родныя і з’явы» Якуба Коласа:
Край беларускі, край ты наш родны, Неураджайны ты і бязводны, Нечарназёмна твая зямліца: Глей, або гліна, ці камяніца.
Дробны загоны і скібы тонкі, А замест межаў дык баразёнкі, Доўгія ніўкі і надта вузкі, Як быццам мотуз ад добрай стужкі...
Есць у «Годзе беларуса» і апісанне народа, што жыве ў гэтым краі:
Народ наш ціхі, прытом нясмелы — Яго згубілі часты раздзелы.
Акром бядоты у беларуса
Добрае сэрца, хоць часам куса; Вось, як той кажа, і з ім бывае, Ен дае раду, не наракае...
Беларускі селянін і беларуская прырода — галоўныя дзейныя асобы паэмы Старога Уласа «Год беларуса». Вясна, лета, восень, зіма — гэта і прадмет паэтычнага выяўлення, і фон, на якім паказана жыццё беларускага мужыка ў розныя поры ro­fla. Тым самым «Год беларуса» выклікае ў памяці вядомую паэму класіка літоўскай літаратуры Крысціёніса Данелайціса «Чатыры пары года». Хоць тут, несумненна, не запазычанне, нават не творчая вучоба (наўрад ці ў тыя часы беларускі паэт мог што-небудзь ведаць пра Данелайціса), а звычайнае тыпалагічнае падабенства. Розныя цыклы сялянскай працы знайшлі адлюстраванне ў «Годзе беларуса» — вясновы («Аруць, і сеюць, і барануюць... To стрэхі правяць, платы гародзяць, Ячмені сеюць, гнаі вывозяць I садзяць спешку або хунтоўку...»), летні («Бліснуць на сонцы сярпы і косы, Звіняць мянташкі, растуць пракосы»), асенні («Жніво ярное — гэта ўжо восень... Тут жыта сеяць, снапы ўбіраці, Араць на зіму і ляны рваці...»), зімовы
(«Малаціць трэба і веяць збожжа... Хто каля дому корміць каровы, А хто да лесу едзе па дровы»). Самыя розныя віды сялянскай працы апісаны ў паэме: прадзіва кудзелі, тканне, догляд скаціны, сенаванне, начлег, нават няхітрыя грашовыя падзаробкі («...на соль, на боты, На мерку газы ці на фунт мазі»), Так, як і ў жыцці,— найперш цяжкая, але жаданая і патрэбная праца («Працуюць людзі, поту не чуюць...»; «Хоць залівае з працы пот вочы, Кожан вясёлы, кожан ахвочы...»), паміж якой — кароткія ўцехі: вясковыя ігрышчы («Пачнуць усе гуртам песенькі пеці, Скачуць, гуляюць, крычаць, як дзеці...»), народныя абрады («Есць маладзіца, дык мой ты браце, Ну, дык снапшчыну тады спраўляюць, А усе жнейкі гулянкі маюць...»).
«Год беларуса»—узор жывой беларускай народнай мовы, яе цэнтральных і паўночна-заходніх гаворак, што склалі аснову літаратурнай нормы. Увогуле, мова Старога Уласа даволі багатая, па-народнаму сакавітая, у ёй увасобіліся народны тып мыслення, тыпова народная вобразнасць. У паэме дзесяткі назваў тыпова беларускіх з’яў прыроды, раслін, жывёл, уласных імён. Верш паэмы — акцэнтна-складовы (дакладна—чатырохакцэнтны дзесяціскладовік), пераходная форма ад сілабікі да сілаба-тонікі. Ен надае твору гутарковасць, інтанацыю нязмушанай размовы — традыцыя, якая ідзе яшчэ ад ананімных беларускіх гутарак XIX стагоддзя. Усім гэтым паэма таксама прыцягвае нашу ўвагу. Яна застаецца не толькі помнікам пэўнага часу, але і творам, які можа (і павінен!) уключыцца ў жывую плынь сённяшняга літаратурнага працэсу, узбагаціць чытача духоўна і эстэтычна.
Уяўленне пра Старога Уласа як літаратара і чалавека пэўным чынам пашырае яго публіцыстычная творчасць. Допісы, падпісаныя псеўданімам Стары Улас, пачалі з’яўляцца ў «Нашай ніве», як ужо адзначалася, з 1909 года. Аднак, па ўсёй верагоднасці, пісьменнік стаў кантактаваць з газетай крыху раней. У прыватнасці, у № 2 «Нашай нівы» за 1908 год была на-
друкавана наступная невялікая нататка за подпісам «Валожынскі», якая і зместам, і стылем надта блізкая да таго, што і як пазней друкавалася тут за подпісам Стары Улас: «М. Валожын Ашмянскага павета Віленскай губерні. У в. Пешкуры ўжо няма хлеба, ядуць бульбу, дый яе мала. Заработкі слабыя, па дварах за малацьбу плацяць 15 к. у дзень. А п’юць валожынскія беларусы больш ды больш, п’юць не толькі манапольку, але і «саматужку», і «лякероўку». П’юць мужыкі, п’юць і «інтэлігенты». Вось які глухі, цёмны і няшчасны наш кут! Народ абяднеў яшчэ і таму, што няма пашы, сервітуты неяк адабралі. Ад гэтага і скаціны сталі мужыкі менш гадаваць. Скаціну прыходзіцца трымаць на выгане, гдзе нічога не расце».
9 красавіка 1909 года ў рубрыцы «Паштовая скрынка» рэдакцыя газеты, звяртаючыся да валожынскага карэспандэнта, пісала: «М. Валожын Віленскай губерні Ашмянскага павета. Старому Уласу. «Цяперака многа пішуць і гавораць, што мужыкі не ўмеюць дабівацца сваіх правоў; можа, гэта і праўда, але як прыйдзецца іх дабівацца, дык ніхто не парадзіць нашаму брату, і часта ён ходзіць так, як сляпы каля плоту, і то там, гдзе, здаецца, павінен быў бы ён знайсці добрую параду і апеку...» — Мы даведаемся аб гэтай справе акуратне і вас заведамім, што рабіць!» А ўжо праз тыдзень «Наша ніва» змясціла допіс валожынскага аўтара, падпісаны: Стары Улас. У нататцы апісвалася мястэчка Валожын, нацыянальны і рэлігійны склад яго жыхароў («дзве часці яўрэяў, а трэцяя часць хрысціянаў, болын праваслаўных»), яго тагачасны «культурны патэнцыял» («ёсць воласць, аптэка, дзве манаполькі; ёсць 4 вучылішчы, у тым валасное рамеснае, гдзе вучаць плесці кошыкі»), 3 таго часу на працягу пяці гадоў у «Нашай ніве» рэгулярна з’яўляліся допісы Старога Уласа. Пра што ён пісаў? Пра надвор’е і ўраджаі, пажары і самагубствы, пашырэнне п’янства і абыякавыя адносіны да продкаў, іх магіл, факты зладзейства і спадману, рыначныя цэны, розныя бытавыя здарэнні... 3 гэтых допісаў праглядвае спагада Старога Уласа да
чужога гора, чужой бяды, яго паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў іншых народаў (пра пагарэльца яўрэя I. Шварца: «Шкада, бо гэта добры чалавек, і прытым небагаты»), да бедных і цёмных сялян («Бедныя, цёмныя людзі! Калі ж і да іх загляне сонца ў ваконца?»). Ужо самі загалоўкі асобных допісаў — па-народнаму дасціпныя, дакладныя, афарыстычныя — многае гавораць і пра літаратурныя здольнасці валожынскага карэспандэнта, і пра самую сутнасць яго нататак: «Думаем — за морам, а смерць — за плячыма», «Служы пану верна, а ён нос адверне», «Праспаў бядак ногі», «Бядуй не бядуй, а за працу бярыся», «Канец света, бо не ўскрэсла прасвета», «Кепскае тое ігрышча, дзе кулак свішча», «Вінаватых шмат, а ў атвеце Ігнат», «У нас калі хочаш каго знайсці, то мусіш у карчму пайсці», «П’юць, п’юць і душу прадаюць»...