Я з вогненнай вёскі...
Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімер Калесьнік
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 448с.
Мінск 1975
азам з ім. Бо і мёртвы для чалавека таксама часам яшчэ раз памірае. «Яшчэ больш» памірае — ужо канчаткова. Нават мёртвае дзіця сваё маці будзе ратаваць (калі трэба, ахвяруючы сабой) ад
Дарогі партызанскага краю
Вера Какора
Аміля Партасёнак
74
другой, ад новай смерці — вось як Марыя Фёдараўна Кот з вёскі Вялікія Прусы на Капыльшчыне:
«...Схапіла меншую, ёй было дзевяць год... Гарыць і на ёй плацце, і на мне гарыць... Замчала ў тую яму, дзе там глінабітку рабілі, палажыла... I зноў жа лезу па тым агні — па большую... Хай то пабілі — дык яшчэ і згараць! Пацягнула, падняла. Дык яно такое маладое, мяяккае!..»
Маці схавала застрэленых дзяцей у яму. А потым яшчэ раз, жыццём рызыкуючы, вярнулася да дзяцей. I кажа ’нам пра гэта, пра забітых:
— Прыпаўзла да ямы. Ці жывыя, ці не паелі свінні?..
Так, чалавек можа жыць дзеля адной памяці: каб у ёй і дзеці яго жылі — забітыя, спаленыя. Можа, таму многія і жывуць — сілай любові чалавечай, мацярынскай: тая памяць, якая іх спальвае, яна ж іх і трымае на свеце.
Людзі з вогненных вёсак — як і ўсе, могуць быць заклапочаны і пенсіяй, і тым, што ўнучка не паступіла ў інстытут, і шыфер ім патрэбен, і сена для каровы. I нам, ездзячы, слухаючы, запісваючы, трэба было прымаць самы практычны ўдзел у гэтых іх клопатах. Бо, на жаль, не ўсе і не ўсюды яшчэ разумеюць, што да гэтых людзей адносіны павінны быць — ну, хоць бы такія ж, як да ветэранаў ці інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.
Аднак жа там, дзе праходзіць балючая мяжа іх памяці, там усе клопаты і практычныя інтарэсы знікаюць. За той мяжой клопат адзін: каб сказаць адну толькі праўду, каб людзі ведалі яе. Нават здзіўляешся, наколькі шчыра чалавек можа гаварыць, расказваць
усё — і тое, што, здавалася б, гучыць яму не на карысць...
Многія расказы не проста праўдзівыя, а нават палохаюць сваёй бязлітаснай праўдай. Ужо і хочацца міжволі, каб яе менш было. Але ж чалавек гаворыць, сапраўды не шкадуючы самога сябе.
«...Мая адна дочка была ў Германіі, забралі маю дочку, а адна дома была. Ну, дык ён прышоў, мой хазяін, і дачка прышла з лесу, і трое дзетак прывезлі яшчэ. Дык я кажу:
— Анупрэй, ты ведаеш што, бяры ты гэтыя дзеці ды ідзіце ў лес назад.
— Эх ты, такуюрастакую, будзеш хавацца мне ўсё!..
He слухае, не слухае мяне мой дарагэнькі! Тады ж не было ні пасцілак, ні коўдраў, дык я кажу яму, што давай у дзяругу дзіця, ды пойдзем у лес. I зноў ён лаецца. А тут ужо немцы ідуць. Дык я яму і гавару:
— Хваробу мы цяпер з табою ўцячом. Хаця цяпер ты ўжо вядзі маю гэтую доньку!
А яна харошая была, ужо сем класаў кончыла.
— Дзе вунь людзі ўцякаюць — там і ты!
Ён, праўды,— за яе.
I пайшлі яны. А цяпер — адкуль ужо немцы ўзяліся!— абнялі нас кругом. От табе ты і ўцёк!.. Паліцэйскі гукае яго. Ён вярнуўся, дык яны яго тут у дварэ і застрэлілі. Ён ідзе гэтак во ў двор, а я крычу:
— А божа мой! А куды ж ты? А ўцякаў бы ты, дык трасцу б яны ў цябе папалі.
Сама сабе ўжо, не на яго. Спачатку яго, а потым маю доньку, дык я — ох! Няхай жа яны мяне ў плечы, а не ў вочы!.. Два хлопчыкі: аднаму чатыры гады, а другому шэсць. Яны бягуць за мной. А ўжо немец...
75
Гэта бабы, каторыя потым расказвалі: «За табою, Парася, беглі!..»
А яны мяне, немцы, во і так, пуля лая во і так, госпадзі родненькі, ужо паранілі мяне, дык ляціць кроў... I як я віляла тады! I хто мне даў бегчы не прама, а ўсё віляю, віляю!.. I не ўбілі. Там у нас далей копанка, дык я ў тую копанку ўпала. Дык яны, паразіты, туды і не пашлі. А я ў гразі ляжу. А яны думалі, што ўжо ўбілі. А я потым устала мокрая і пайшла. Пайшла ды кажу: «Божа мой, божа, дзе ж мае сынкі?» А ў мяне яшчэ тры хлопцы, дык гэты старэйшы тавар пасвіў, a меншыя — свіней. Дык я ім казала, як яшчэ жывыя былі ўсе: «Ганіце, дзеткі, a то немцы пабяруць. I парасяты паб’юць і свінню». Дык яны ўжо і пагналі. I прышла я да іх. А я ж не ведала, дзе тыя дзеці ў лесе. Але прывяло мяне — во! Яны сядзяць у лесе пад купінкамі, панакрываліся, як я прышла.
— Во, сынкі мае родныя, да ўбілі ж і бацьку, да ўбілі ж і Любку, да ўбілі ж і Ваньку, да і Кольку ўбілі!
Дык яны:
— Ох, мамка, добра хоць, што ты жывая.
Аднаму было восем, другому было дзесяць, а трэцяму, што цяпер у яго цагляны дом, васемнаццаць было. Ну, добра. А потым ужо і было... Эээх, каб гэта ўсё расказаў, дык гасподзь мілы!..
Мне ўжо семдзесят другі год. Калі па хазяіну, то Параска Іванаўна Луцкая, а як па бацьку, то Скакун».
Было гэта ў вёсцы Першамайск Рэчыцкага раёна.
Старая, хворая, з прастрэленым на тым полі тварам жанчына кончыла расказваць і зноў скардзіцца на непаслухмянага мужа, што вось так загінуў, на тое, што аж да
Масквы немец дайшоў, на нявестку і сына, якія яе папракаюць, што жыве ў гэтай старой хатцы адна і не хоча да іх перайсці. I ўсё гэта гаворыцца з такой усмешкай на аднавокім твары (вока выцекла ад ранення) і такім голасам, такімі словамі, што міжволі ўяўляецца: «Ну вось, я бегла, на ўсё, на ўсіх забыўшыся ад жаху, а нікуды ж не ўцякла, усё яно працягваецца — ва мне! Дагнала старасць, даганяе смерць...»
Новыя, іншыя твары, імёны, галасы, лёсы. I раптам зноў — тая ж горыч на самым дне расказу. Ужо новая сям’я ў чалавека, дзеці, іх найчасцей роўна столькі ж, колькі забілі, і ўсё ёсць, што патрэбна жывому, але раптам, пасля расказу вырвецца: «Засталася я, а навошта? Пасля таго?..»
Тыя, што ў Іспаніях, у Аргенцінах хаваліся, а цяпер у Заходняй Германіі жывуць, як дабрачынныя «дзелавыя людзі» і «любячыя бацькі сем’яў» — вунь як крыўдліва яны (і іх абаронцы) упэўнены ў сваім праве не толькі на жыццё, на «тэрмін даўнасці», але і ў сваім «абавязку» прысутнічаць сярод новых пакаленняў.
А гэтыя, іх ахвяры, ахвяры нялюдскай жорсткасці, людзі з вогненнай памяццю, нясуць у сабе — таму што яны людзі!— праклятыя пытанні, якія мучылі ўсіх вялікіх пакутнікаў за чалавека і чалавецтва: ад Дантэ і Шэкспіра да Талстога і Дастаеўскага.
Дык што памятае і што можа памятаць чалавек праз столькі год?
На дзіва многа і на дзіва, аказваецца, падрабязна — калі гэта датычыцца такіх падзей. Былі б толькі словы — перадаць перажытае. Але і словы ёсць, знаходзяцца, асабліва ў жанчын. У мужчын, як правіла, словы не так дакладна прылягаюць да балючай
76
памяці. Але таксама не ва ўсіх, аб чым сведчыць расказ Івана Максімавіча Савіцкага
Карнікі ўварваліся ў вёску Збышын Кіраўскага раёна, а малады партызан Савіцкі якраз з лесу прыйшоў, трэба было наведацца да сястры. Зброю ён схаваў на ўзлеску. Кінуўся ў хлеў на гарышча і адтуль назірае, бачыць. I вось што помніць, як запомніў чалавек:
«I мне цераз франтон відна, што цераз рэчку бягуць дзве жанчыны. А вось так перада мной сарай стаяў. I там стаіць станкавы кулямёт, і яны цераз рэчку страляюць у гэтых бягушчых жанчын. I вось уяўляеце! Мне вось гэты сектар зза дошак франтона відзён, дзе бягуць жанчыны, а далей за дошкай не відна. А выскачыць яны павінны вось тут — там зноў мне відна. Там я іх зноў убачу. I калі жанчыны вось тут зза дошкі не выскачылі, я зразумеў, што забілі, што ў Збышыне б’юць людзей...»
Ці тое месца з расказу Івана Савіцкага, як чалавек стаіць у запаленым будынку і не можа адразу выскачыць, бо забойцы недзе блізка, стаіць у самай сярэдзіне і трывае, пакуль можна, і сам здзіўлены, што трывае:
«Ну, знаеце, калі свечка гарыць, дык па краях жарка, а ў сярэдзіне — не. Гарыць хлеў кругом мяне, а я стаю. I калі мне ўжо не можна было стаяць, мяне пекчы пачало, я і палез пад сцяну...»
Часамі, асабліва калі жанчын слухаеш, пачынае здавацца: вось толькі што чалавек адтуль! Вырваўся і прыбег да людзей і гаворыць, гаворыць пра тое, як і што было з ім, у
* Гл. раздзел «Збышын».
яго вёсцы, і сам здзіўлены, амаль не верыць, што жывы. I што яно сапраўды было, ужо быццам не верыць, бо вось тут усё паранейшаму, а яму ж здалося, што ўсюды, што ўжо назаўсёды — гэта, так. («Думала, ужо ўсіх забіваюць, на ўсёй зямлі...»)
Домна Васільеўна Шчамялёва * расказала нам, што калі яна знайшла сына сярод трупаў (жывога, параненага), цягнула на спіне тры ці больш кіламетраў у лес, дык пасля таго хадзіла, жыла, не выпрастаўшыся. Доўга, некалькі год спіна такой заставалася. Быццам усё яшчэ несла жанчына на сабе жудасны цяжар таго дня...
Дык не дзіва, што такое не дазваляе і памяці чалавечай выпрастацца да канца, скінуць усё з сябе. He можа так чалавек. Бо ён — чалавек.
Спачатку некаторыя самі не вераць, што ўсё памятаюць, што так блізка яно. «Ой, хлопчыкі, аж калі было гэта!..» Але скажа слова, другое, кране, дакранецца, і раптам такія падрабязнасці ўспомніць, на такія вострыя вуглы памяці пачне натыкацца... I разумееш, што чалавек помніў усё і заўсёды, але ёсць памяць, дакранацца да якой боязна, балюча.
А быў жа некалі першы расказ пра гэта — самы балючы. Калі толькі чалавек вырваўся з пекла, прыбег да людзей ці яны яго выхапілі з рук катаў, смерці.
I вось здаецца, і вельмі часта, што і мы слухаем — іменна той расказ, самы першы. Столькі там першага пачуцця, першай слязы, першых, самых праўдзівых, слоў.
Некаторыя спачатку і надоўга анямелі.
Як кажа Макрына Кавальчук з Княжаводцаў Мастоўскага раёна: «Я тады, можа, пяць дзён не піла і не ела... Усё пабілі, усё
* Гл. раздзел «Трыццаты».
77
папалілі, нават і вароны не каркалі. Такі быў страх...»
А потым (а хто і адразу) расказвалі людзям. I як тады, упершыню і першым людзям, расказалі, так яно, мабыць, і тр'ымаецца, запісалася ў памяці. У памяці самога расказчыка, на вогненнай «стужцы памяці» ягонай. Так здарылася, што некаторых людзей (у Борках Кіраўскіх, у Вялікай Гарожы і Брыцалавічах Аеіповіцкага раёна) аднаму з нас запісваць давялося двойчы. Чатыры гады прайшло, а здавалася, што слухаеш — як на магнітную стужку запісанае. I інтанацыя, і дэталі, і словы — усё амаль тое ж. I разам з тым — па пачуццю, непасрэднасці — як упершыню расказанае. Найчасцей, за некалькімі выключэннямі — так. Адзіны на ўсё жыццё расказ, але кожны раз гучыць ён, як упершыню,— бо праз такі боль прарываецца, праз такую пакуту душы!..
Адчуваецца, што некаторыя многа раз расказвалі суседзям, можа, дзецям (новым дзецям — пра іх забітых сястрычак, брацікаў). Але тут прыехалі да іх незнаёмыя людзі здалёку, з рознымі апаратамі, і просяць успомніць усё і як мага больш падрабязна, а суседзі таксама тут, слухаюць, што не раз ужо чулі ці нават самі на свае вочы бачылі: і дапоўняць, і напомняць...
I тады бывае, што ўключаецца як бы яшчэ адна «секцыя» чалавечай памяці: пра тыя ночы без сну, калі ты зноў і зноў гэта ўяўляў, бачыў, успамінаў — усё да найменшай др