Князь-карась

Князь-карась

Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 96с.
Мінск 2011
29.28 МБ
— Ты куды гэта, Ветрык, лятаў і чаму так надоўга прапаў?
Ветрык крыху супакоіўся і шчыра прызнаўся:
— Вандраваў я па свеце многа, ды лепш за Радзіму няма нічога!
I застаўся Ветрык у нашым краі назаўсёды.
ТАПОРНАЯ РАБОТА
Адзін чалавек захацеў пабудаваць дом. Купіў бярвенне, прывёз на месца, дзе збіраўся паставіць новую хату. Чалавек гэты быў майстар на ўсе рукі і меў добрыя інструменты, якія дасталіся яму ад дзеда — вядомага на ўсю акругу цесляра. Узяў чалавек у рукі тапор, абчасаў кару і пачаў зруб ладзіць. Бервяно да бервяна, сцены роўныя, гладкія, ніводнай шчыліны. Стараецца цясляр і ўсё дзедаў тапор нахвальвае. Каб не ён, маўляў, наўрад ці атрымалася б так добра. Асабліва падабалася тапару, калі гаспадар хваліў яго перад сваімі суседзямі і знаёмымі. А тыя толькі лагодна пасмейваліся: яны ж добра ведалі, што чалавек пераняў ад дзеда і выдатнае цяслярскае ўмельства.
He прайшло і месяца, як зруб быў гатовы. Высокі, ладны, у дванаццаць вянцоў. Пра такія кажуць: як звон! Паставіў гаспа-
дар кроквы, шыферам дах пакрыў. Потым паклаў лагі, нарэзаў дошак, каб падлогу слаць, і паехаў па цвікі ў магазін.
Непаседлівы, ганарысты тапор рашыў: а чаго дарэмна час губляць? Маўляў, я і сам усё ўмею рабіць. Пакуль гаспадар вернецца, я падлогу паспею паслаць. Гэта яму ад мяне, знакамітага тапара, падарунак будзе.
I пачаў тапор шчыраваць. Толькі як ён ні стараўся дошкі адна да адной падагнаць, нічога ў яго не атрымлівалася. Адзін канец зачэша, падраўняе — другі выпіраць пачынае. А гэблік, нажоўка і ншыя інструменты ляжалі ціха ў скрыні, чакалі гаспадара. Вернецца, возьме іх у рукі, тады яны сябе і пакажуць.
Прыйшоў цясляр дахаты, адчыніў дзверы і вачам сваім не паверыў: валяюцца на падлозе сапсаваныя дошкі, а зверху тапор ляжыць. Што тут адбылося? Заклапочаны гаспадар пачухаў патыліцу і расчаравана прамармытаў:
— Нешта не памятаю, каб я так калі падлогу насцілаў. Гэта ж тапорная работа! Давядзецца перарабляць.
Сталярныя інструменты ў скрыні як быццам заварушыліся. Тапару здалося, што ён пачуў іх здзеклівы смяшок. Яму няёмка стала за сваю паспешлівасць і залішнюю самаўпэўненасць. Асцярожна, каб не звяртаць на сябе ўвагу, пасунуўся ён бокам да дзвярэй, лёг там пад лавай, нібы ад сораму схаваўся.
Ляжыць, чакае, калі зноў спатрэбіцца гаспадару.
ВЕТЛІВАЯ ВАНДРОЎНІЦА
Казка-загадка
Гэта птушка — вандроўніца. Яна чорна-шэра-белага колеру, невялікая, вёрткая, амаль не баіцца людзей і ладзіць гнёзды каля іх жылля. Магчыма, свае вандроўкі яна пачынала з Англіі.
Англічане — народ хоць і ветлівы, але строгі, стрыманы. He часта ўбачыш на іх тварах усмешку. Як жа падступіцца да гэтых людзей, каб яны дазволілі сяліцца ў падстрэшшах сядзіб, дзе можна было б звіць гняздзечка, вырасціць птушанят? Спачатку птушка доўга да іх прыглядалася. Яна заўважыла, што англічане пры сустрэчы раскланьваюцца, а калі саступаюць адзін аднаму дарогу, ці хочуць пачаставаць чым-небудзь, то вымаўляюць нейкае кароткае слова. Дзеці ж, падлеткі, перад старэйшымі ці важнымі асобамі робяць лёгкія прысяданні.
«Трэба мне паўтарыць тое ж самае», — падумала птушка і пачала па-свойму пераймаць манеры людзей. Неўзабаве яна навучылася рабіць прысяданні з паклонамі. Здаецца, простая, а вельмі важная навука! Аблюбуе птушка нейкі фермерскі будынак для гнязда, а потым скок-скок вакол гаспадара. I ўсё з паклонамі ды прысяданнямі. Той не вытрымае, заўсміхаецца, махне рукой: добра, добра, жыві, дзе хочаш!
Але сярод англічан таксама розныя людзі бываюць. Глядзіць іншы на малечу і не разумее, чаго ёй трэба. Тады ўспомніла птушка пра слова, якое тут часта гавораць адзін аднаму. Яна паспрабавала паўтарыць яго і ў яе атрымалася. Слова аказалася не толькі зручным для птушынага вымаўлення, а яшчэ і чароўным. Варта было яго прашчабятаць ды зрабіць два-тры паклоны, як сэрца джэнтльмена адтайвала.
Аднойчы птушцы вельмі захацелася пасяліцца ў замку. Зусім не таму, што ён быў прыгожы ды вялікі — ёй жа ўсё роўна жыць пад страхой. Птушку прывабіла іншае. Тут было шмат корму для яе і будучых птушанят, не бегалі бадзяжныя каты, сабакі, не заляталі ў двор і драпежныя птушкі. У гэтай хароміне жыў багаты, ганарысты чалавек. Як ні круцілася птушка вакол яго, пакуль той ішоў ад ганка да свайго шыкоўнага аўтамабіля,
ён нават позіркам яе не ўдастоіў. He дапамагалі ні паклоны, ні прысяданні, ні чароўнае слова. На ім быў новы чорны фрак і белая кашуля з галыптукам-бабачкай. У адной руцэ сэр трымаў гладкі кій, а ў другой — цыгару. Птушка аж пазайздросціла яму, убачыўшы такое адзенне. «Вось бы мне такі касцюмчык! — падумала яна. — Можа, гэты пан таму і глядзець на мяне не хоча, што я ў дрэннай вопратцы?» Што ж рабіць? Паляцела птушка да матухны Прыроды, пачала прасіць:
— Родненькая, матухна, выручай! Дай мне, калі ласка, такую вопратку, каб і сэры з пэрамі мяне не цураліся.
— Добра, — пагадзілася Прырода. — Зраблю я табе і ўсім такім жа, як ты, вопратку аднаго фасону. Будзе яна заўсёды аднолькавай, святочнай і будзённай адначасова. Беражы яе, чысці, даглядай — і цябе ў ёй усюды прымуць.
Тут жа, без усялякіх прымерак, прыкідак Прырода перакроіла адзенне птушкі на новы лад. Усё быццам тое ж самае —
і колеры, і рост, і памер, а выглядае па-іншаму: больш урачыста і строга. На птушцы добра сядзеў чорна-шэры фрак з доўгай фалдай-хвастом і прыціснутымі да тулава рукавамі-крыламі. Спераду, з-пад фрака, выглядала кашуля бела-шэрага— не вельмі маркага — колеру, а на горле з’явіўся гальштук-бабачка чорнага колеру. He хапала адной важнай рэчы — брыля, але ў ім было б нязручна ладзіць гняздо, выседжваць, карміць, даглядаць птушанят і лятаць. Замест яго на птушынай галаве красаваўся зграбны чорны берэт.
Вярнулася птушка ў замак і зноў трапіла на вочы строгаму гаспадару. Ён доўга, з цікавасцю разглядаў яе і з лёгкай усмешкай сказаў:
— О, няйначай Вы хочаце патрапіць на ўрачысты прыём, які сёння я наладжваю ў замку. Ну, што ж, калі ласка, please, будзьце госцей!
Так птушка пасялілася ў замку, але характар вандроўніцы не даваў ёй спакою. Найбольш смелыя ды цікаўныя з яе суродзічаў пачалі пералятаць праз праліў Ла Манш у іншыя краіны Еўропы. Панеслі яны з сабой па свеце і звычкі, якія набылі ў краіне ветлівасці — Англіі. I ўсюды гэтыя звычкі ім, ой, як спатрэбіліся! Вось толькі чароўнае слова ў кожнай краіне гучыць па-свойму. А птушка наша — не паліглот, каб вывучыць і перакласці яго на многія мовы. Беларусы, пачуўшы яго ад птушкі, назвалі вандроўніцу словам, вельмі падобным на тое, англійскае...
Мне таксама давялося блізка пазнаёміцца з гэтай птушкай на дачы. Якраз у разгар агародных клопатаў Аднойчы я заўважыў, што да нашай веранды пільна прыглядаецца адна стракатая, чорна-шэра-белая птушка. Папрысядаўшы перада мной, быццам робячы фіззарадку, і паківаўшы зверху ўніз галавой, яна юркнула ў шчыліну паміж дахам і столлю веран-
ды. Спачатку я не зразумеў, што яна там шукае. Потым паехаў дамоў, а вярнуўся праз два тыдні. Калі ўзышоў на веранду, з-пад страхі выпырхнула тая самая птушка. Яна села побач на галінку яблыні і, часта прысядаючы, усё паўтарала знаёмае слова, якое на нашу мову перакладаецца так: калі ласка! У гэты момант над галавой пад столлю нешта зашумацела і ледзь чутна піскнула. Я адразу ўсё зразумеў: птушка выбрала месца для гнязда над дахам веранды. Цяпер яна нібы прасіла прабачэння за сваё самавольнае падсяленне.
Я міжволі апынуўся ў складаным становішчы. Каля веранды было некалькі градаў і кветнік, дзе я збіраўся палоць і паліваць гародніну, рыхліць глебу. Птушка спачатку мяне пабойвалася, але мы хутка паразумеліся. Я займаўся сваёй справай, пакуль не прылятала птушка і не звярталася да мяне: «Калі ласка!» Пры гэтым яна часта кланялася і прысядала, аўяе дзюбе была чарговая порцыя корму. Я адыходзіў на некалькі метраў, a птушка забіралася ў гняздзечка. Сваімі паводзінамі мне ўдалося хутка заслужыць яе давер. Праз некалькі дзён яна ўжо смела хадзіла побач са мной па градах, вышукваючы кузурак. Нашы адносіны набылі дружалюбны, сяброўскі характар. Мне здалося, што птушка ўжо не прысядала і не кланялася так часта, як раней. Я не крыўдаваў на гэта. У абодвух гарачая пара, тут не да цырымоній.
Неўзабаве птушка з падвоенай энергіяй зноў пачала рабіць рэверансы.
Аказалася, прыйшла пара птушанятам пакінуць гняздо, а маці — навучыць іх лятаць. У такой далікатнай справе я для птушкі быў не памочнік. Яна прасіла маёй дапамогі ў іншым: абараніць птушанят ад бяздомнай кошкі Муркі. Калі я прыязджаў на дачу, Мурка нейкім чуццём угадвала маё з’яўленне і па два разы на дзень наведвалася ў госці. Цяпер мне
трэба было ўратаваць ад яе кіпцюроў птушанят. Птушка пачынала панікаваць пры кожным прыходзе Муркі. Я адразу браў пачастункі і адводзіў кошку падалей ад сваёй дачы.
Тыя дні, пакуль птушаняты праходзілі «лётную» школу, я не адыходзіў ад веранды, адганяў прэч усіх катоў і сабак. Птушка хутка паставіла малечаў на крыло. I ўсё ж аднаму птушаняці, апошняму, мне давялося дапамагчы. 3 даху веранды ён спікіраваў на густы куст півоні і бездапаможна павіс на ім, распластаўшы крылы. Я ўзяў яго і зноў пасадзіў на веранду. Падскокнуўшы некалькі разоў, ён часта-часта замахаў крыламі, паляцеў і сеў на бліжэйшае дрэва. Птушка-маці ўдзячна папрысядала, паківала мне галавой і паляцела ўслед за сваімі малечамі.
Я з ціхім сумам памахаў ім рукой, а сам падумаў: яны сюды яшчэ вернуцца. Павандруюць, павандруюць і вернуцца. Ці хопіць толькі на ўсіх веранды? I тут неяк самі сабой сказаліся ўслых два словы: «Please, вяртайцеся».
Якая ж птушка пасялілася ў мяне на дачы?
ШЭІГЦ
СКРАЗНЯК I НАСТА
Казачныя былі
ЯК З’ЯВІЛАСЯ ДАРОЖНАЯ «ЗЕБРА»
Гэта адбылося ў нейкім невядомым горадзе. Насупраць школы, праз вуліцу, знаходзіўся вялікі звярынец. Дзеці былі вельмі рады гэтаму суседству. Кожны тыдзень група школьнікаў на чале з настаўнікам наведвала звярынец. Яго насельнікі таксама былі рады кожнаму прыходу дзяцей. Усе яны выходзілі, вылазілі са сваіх клетак, вальераў, нораў, каб паслухаць воклічы
радаснага захаплення. А яшчэ ім падабалася, што дзеці звычайна прыносілі розныя пачастункі: сушкі, сухарыкі, чыпсы, кавалачкі булак і нават цукеркі. Наведвальнікам забаранялася падкармліваць звяроў і птушак, але хіба ўгледзіш за дзецьмі? Удзячныя насельнікі звярынца стараліся, хто як мог, паказаць ім свае ўмельствы.