Князь-карась
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 96с.
Мінск 2011
ЗЯЛЁНЫЯ ПАЦЕРКІ
Абразкі
АСКОМА
У старога Міхея паўз плот расце шмат вішань. А ўрадлівыя! Паспеюць — лісця не відаць. Суседскі хлопчык падгаварыў аднойчы майго пляменніка Сашку залезці на вішні. Міхей некуды пайшоў, і на дзвярах дома вісеў замок.
Сябры спачатку елі ягады, седзячы на дрэвах, «стралялі» адзін у аднаго костачкамі. Потым напакавалі кішэні вішнямі, саскочылі ўніз, пералезлі праз плот, а тут — насустрач Міхей!
Таварыш-хаўруснік ламануў у бок, а потым даў і добрага дзёру. Сашка спачатку кінуўся следам. У Міхея адразу закрала-
ся падазрэнне, ён павярнуў за хлапчукамі і наддаў ходу. Сашка прабег крыху і нечакана спыніўся. Яму стала сорамна ўцякаць ад старога, знаёмага чалавека.
— А-а, гэта ты... — толькі і сказаў Міхей, пазнаўшы Сашку. I болып — ні слова, нават адтапыраныя кішэні не памацаў, павярнуў назад.
Сашка пастаяў, пастаяў і падаўся следам за ім. Ішоў і ўсё больш запавольваў хаду. Потым спыніўся і вытрас вішні з кішэні.
— Ты што ж гэта? Нарваў, то ўжо еш... — азірнуўся на яго Міхей.
— Ай, ад іх толькі аскома, — адказаў Сашка і з палёгкай уздыхнуў.
КАЗАЧНІКІ
Здавалася, што навальніца грукоча недзе далёка. I раптам хлынуў моцны лівень. Я скокнуў пад страху канюшні. Стаю, азіраюся. Пад страхою стаяў ужо дзед Кузьма з Васілём — унукам. Я ведаў дзеда — заядлага чытача вясковай бібліятэкі, жартаўніка і выдумшчыка. Звычайна ён і хвілінкі не памаўчыць, асабліва калі побач з ім унучак. А тут стаяць абодва прыціхлыя і задуменна глядзяць на пухіры на лужынах.
Раптам раздаўся раскацісты гром. Васілёк аж скалануўся, прыліп да дзеда...
— Ну што ты, дурненькі,— пагладзіў плячо ўнука Кузьма. — Гэта ж Ілья прарок на нябесным іпадроме трэніруецца. Новыя калёсы аб’язджае, фаэтон па-іхняму Мабыць, да алімпійскіх гульняў рыхтуецца.
Над галавою святлела, хмара сплывала далей. Гром пагрымеў і заціх. Бліснула сонца...
— Во, патрэніраваўся i пайшоў распрагаць, — сказаў Кузьма.
— Ужо распрог! — радасна затузаў дзеда за руку ўнук. — Вунь бачыш, дугу зняў!
I хлопчык паказаў на вясёлку.
ХТО КАГО?
На беразе сажалкі сядзелі з вудамі некалькі чалавек. Я спачуваў ім: клёву зусім не было. Раптам да няўдачлівых рыбакоў падышла дзяўчынка. Гадоў сямі, васьмі — не болей. Яна раскруціла лёску, потым дастала з кішэнькі мякіш, размяла пальцамі і нанізала кавалачак на кручок.
Дзяўчынка раз-пораз шморгала вуду і ў той жа час раўніва сачыла за дарослымі. Я падумаў, што ў яе нічога не атрымаецца: гэта ж проста гульня. I тут раптам дзяўчынка хуценька прыўзнялася. Яна «падсекла» нейкую рыбіну і пацягнула вуду на сябе. Але рыбіна, бачна па ўсім, не здавалася. Усё гэта нагадвала вядомую гульню «хто-каго».
Я хацеў прыйсці на дапамогу, але дзяўчынка справілася сама. На беразе сярдзіта трапятаўся вялікі, на паўкілаграма, карп. Рыбачка трымала вуду абедзвюма рукамі, тупала ад радасці нагамі і... баялася падысці да рыбіны.
А стары карп скакаў, здаецца, ад злосці. Яшчэ б — папаўся на кручок такой малечы!
ПАЗНАЁМІЛІСЯ
У кожнага быў свой занятак. Жанчына з малым сынам акучвала бульбу, а шпачыха збірала побач чарвякоў і насіла іх пісклявым, ненажэрным птушанятам. Раптам адно шпачанё за-
хацела апярэдзіць сваіх сясцёр і брацікаў, рванулася насустрач маці і выпала з доміка. Распластаўшы, нібы ў палёце, крылы, неслух бездапаможна павіс на кусце бульбяніку.
— Ах ты, гора маё! — разагнула спіну жанчына. — I так часу няма, а тут яшчэ жаўтароцік гэты...
Крыху пабурчэўшы, яна адшукала драбіну, прыставіла яе да яблыні, сунула за пазуху птушанё і палезла наверх, да шпакоўні. «А што гэта шпачыха не лямантуе? — падумала жанчына. — Маўчыць, нібы вады ў рот набрала». Зірнула ўгору, а тая, аказваецца, сядзіць з чарвяком у дзюбе на доміку. Выцягнула шыю, толькі лапкамі ад нецярпення перабірае. Нарэшце жанчына пасадзіла птушанё ў шпакоўню.
— На, ды глядзі лепш... Цяжка мне лазіць, бачыш? Я ж табе не пажарнік!
Шпачыха схамянулася, скокнула ў домік. Сунула неслуху чарвяка, потым ушчыкнула яго недзе ля «вуха» і прыкрыла крылом. Паназірала жанчына за шпачыхай, уздыхнула і гэтак лагодна, даверліва, нібы з суседкай, падзялілася адвечнай мацярынскай думкай:
— Усе яны, падшыванцы, аднолькавыя.
А сынок стаіць унізе, слухае, назірае і шчасліва ўсміхаецца. Ён вельмі рады, што маці ўратавала шпачынага «падшыванца».
МАРУСЬКА
Нашы суседзі трымалі казу. Звалі яе Маруська. Яна была дзікаватая і не прызнавала прыстойных паводзін. Каза магла без дай прычыны баднуць гаспадыню, залезці ў чужы агарод і шалёна супраціўляцца, калі яе выганялі. Маруська цярпець не магла прывязі і хадзіла, дзе ўздумае.
3 заміраннем сэрца, азіраючыся, заходзіў Янка ў суседскі двор. Ён любіў хадзіць да старых, таму што побач з іх домам стаяла высокая разгалістая таполя. Часам хлопчык прыходзіў да бабы Веры і пытаўся: «Можна мне залезці на дрэва?» Яму падабалася, што зверху далёка бачна і ўсё выглядае зусім інакш. Залазіў Янка на таполю і без дазволу. Г эта калі раптам з’яўлялася каза. Яна падыходзіла ціха, і толькі зрэдку ўдавалася пачуць лёгкае цоканне капыткоў. Маруська аглядвала Янку сваімі жоўтымі, як медзякі, вачамі і, злёгку нахіліўшы галаву, выстаўляла наперад рогі. Дзіцячыя нервы здавалі, і хлопчык кідаўся наўцёкі. Да сваіх весніц яму звычайна дабегчы не ўдавалася: штуршок ззаду перакульваў на траву. Маруська спынялася, і грэбліва фыркнуўшы, вярталася ў свой двор.
Шчыра кажучы, Маруськіны «кухталі» Янка цярпеў без асаблівай крыўды. Куды болып абурала яе нахабная звычка адбіраць яду Бывала, выскачыць ён на вуліцу з лустай хлеба, а Маруська тут як тут. Яна проста падыходзіла да малога і забірала хлеб. Праўда, частка адабраных хлебных скарынак, акрайцаў вярталася іншы раз кубкам салодкага малака. Тады, у першы пасляваенны час, гэта было добрым пачастункам, таму амаль ніхто з дзяцей не скардзіўся на казу
Маруська была цікаўнай, як і ўсе яе суродзічы. Тата расказваў Янку, што ў іх вёсцы козы не раз станавіліся ахвярай сваёй цікаўнасці. Ваўкі карысталіся гэтай іх слабасцю. Варта было шэраму вытыркнуцца некалькі разоў з кустоў, і каза ішла высветліць, хто гэта з ёю гуляе ў «жмуркі».
Падобны выпадак адбыўся з Маруськай. Аднойчы зайшла яна ў чужы двор. Пахадзіла, паскубла траву, і тут раптам з дальняга кутка забрахаў сабака. Каза спалохалася і, не азіраючыся, пабегла прэч. Потым, сярдзіта пакруціўшы хвосцікам, Маруська павольна пайшла назад. Яна хацела пабачыць таго, хто яе так
напалохаў. Нервова паскубваючы траву, каза пачала набліжацца да хаты. Убачыўшы нарэшце сабаку, Маруська не адступіла... Яна пакінула поле бою з крыху абскубанай барадой, але з пачуццём абароненай годнасці.
Неўзабаве Янка з бацькамі пераехаў у Мінск. А праз некалькі гадоў вярнуўся, каб пагасцяваць у цёткі. На другі ж дзень яму давялося сустрэць Маруську. «Ці пазнае?» — з хваляваннем падумаў ён. Здаецца, пазнала. Схіліўшы галаву набок, яна ўставілася на Янку сваім сонечным вокам. Ён працягнуў ёй кавалак хлеба, але каза ўспомніла пра даўнюю сваю перавагу над ім і пагрозліва наставіла рогі.
Цяпер у Янкі хапіла сілы, каб утрымаць казу. Ён узяў яе за рогі і адчуў, як Маруська пастарэла. Яна і не спрабавала памерацца сілай, а свой выпад зрабіла па звычцы, бо яе амаль ніхто ўжо не баяўся. I тут Янка раптам «спалохаўся», як раней:
выпусціў рогі, павярнуўся і пабег. He хутка — як уцякаюць дарослыя ад дзяцей. Каза дагнала яго і мякка пхнула ў калені. Ён спатыкнуўся, а Маруська ваяўніча і радасна забляяла.
Янку таксама стала прыемна, што змог парадаваць старую казу.
ЗАЙЦЫ-ПАДАРОЖНІКІ
Аднойчы вечарам я вяртаўся аўтобусам з камандзіроўкі. Перада мной сядзела бабулька з унукам. Хлопчык зрэдку пра нешта пытаўся ў яе, углядаўся ў акно, ці проста сачыў за дарогай. Раптам на павароце фары высвецілі зайца. Падобна было, што ён не вельмі спалохаўся. Неўзабаве заяц схамянуўся, прыбавіў бегу, але адчуўшы, што мы не даганяем, зноў пайшоў лягчэй. Здавалася, касы спяшаўся па нейкіх сваіх справах, і не ўступаў дарогу, таму што справа і злева цягнулася балота, і яму зручней было бегчы па бальшаку. Нарэшце вадзіцель не вытрымаў: заміргаў падфарнікам і на павышанай скорасці пачаў абгон.
— Ну і зайцы пайшлі, — весела сказаў ён, — па бальшаку курсіруюць! А нельга ж ім — без стоп-сігналаў Непарадак...
Хлопчык, які аж устаў з сядзення, каб лепш бачыць зайца, раптам папрасіў:
— Дзядзечка, асцярожна! Яны ж яшчэ і касыя!
ХЛЕБ-СОЛЬ
— Э-э, заспаў, заспаў, — сказала баба Наста. — Пайшла наша Цясюшка ў поле, малачка набіраць. Ледзь сонейка ўстала, так і пайшла.
3 малым я прыехаў у вёску позна, і ён доўга не мог заснуць — так хацеў пабачыць жывую карову. I цяпер во скрывіўся — гатовы расплакацца.
— Вам гасцінчык Цясюшка пакінула, — бабуля падала гарлач яшчэ цёплага малака. — Угаворвала яе пачакаць вас, ды, бачыце, не згадзілася...
Малы захныкаў.
— He плач, — супакоіла яго старая, — пасля абеду пойдзем разам даіць.
— Бабуля, а чаму карову назвалі Цясюшкай? — спытаў хлопчык, калі яны ішлі да статка.
— Ніякага імя не прыдумалі, звалі «цёсь-цёсь». От і Цясюшка...
Карова згледзела іх здалёк, падняла галаву, натапырыла вушы. «Цёсь! Цёсь!» — паклікала гаспадыня і дастала з кішэні акраец хлеба. Цясюшка падбегла трушком, узяла з рук кавалак хлеба, пачала жаваць і з цікаўнасцю разглядваць малога. Відаць, ён спадабаўся ёй, бо далася пачухаць за вухам. Харошая Цясюшка, чорная ў белых лапінах, а на лбе зорачка.
Бабка прысела з даёнкай каля каровы, пачала даіць. Але нешта Цясюшцы не спадабалася. Яна прыўзняла нагу, каб не абярнуць пасудзіну, і адышлася.
— Вось так заўсёды. Трошкі не ў нораў — і ходу. Але не выбіла вядро ні разу, — нібы паскардзілася ўнуку баба.
3 кавалачкам хлеба яна зноў падышла да каровы. На гэты раз Цясюшка паводзіла сябе мірна і дала поўнае вядзерца сырадою.
Вечарам усе разам страчалі Цясюшку з поля. I вось паказаўся статак. Над каровамі вісела невялікае воблачка пылу. Лысухі, стракаткі ішлі запаволена, крыху з ганарком. Каля кожнага двара іх чакалі дарослыя, дзеці. Бабуля дала ўнуку лустачку хлеба, пасыпаную крупінкамі солі. Па твары хлопчыка мож-
на было здагадацца, што ён крышку хвалюецца. Вось і Цясюшка. Яна радасна мыкнула, і перш чым зайсці ў вароты, глэмнула з рук малога хлеб-соль.