• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ля дзікага поля  Уладзімір Арлоў

    Ля дзікага поля

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 302с.
    Мінск 2010
    61.5 МБ
    — Вы пачынаеце займацца сафістыкай. Ваш народ і ваша Радзіма свабодныя.
    — Народ, які пануе над іншымі, не можа быць свабодным. Ён разбэшчваецца і жыве ў духоўным рабстве.
    Вузкія вочы Тапара як быццам расплюшчыліся шырэй і цяпер глядзелі на Сокалава з усцешлівым здзіўленнем.
    — Вы ведаеце, што вас будуць судзіць значна больш сурова, чым шмат каго з вашых таварышаў? — пасля цяглай пярэрвы спытаў палонны.
    — Mon siege est fait*, — Сокалаў у абладзе хвалявання тузануў параненаю рукой і зморшчыўся ад болю. — Я не ведаю, які лёс нас чакае, але мяне не пакідае адчуванне, што гэтыя некалькі дзён — галоўныя дні майго жыцця. Чалавек павінен нечым апраўдаць свой прыход на зямлю...
    3-за спіны ў палоннага Антановіч рабіў Сокалаву знакі, якія выказвалі захапленне.
    — Вы яшчэ вельмі малады... — У голасе ў Крыніцкага ўжо не было з’едлівасці, а чулася штосьці іншае: ці то шкадаванне, ці то незразумелы смутак.
    — He ўсё можна вытлумачыць гадамі, пане капітан, — адказаў за параненага Тапор.
    Сокалаў працягваў моршчыцца і ніяк не мог прымасціцца лацвей. Міткевіч адарваўся ад акна, кіўком загадаў студэнту заняць ягонае месца і, памацаўшы ў параненага развярэджаную руку, пачаў рабіць перавязку.
    — Ніхто ў такі дождж сюдьі не сунецца. — Антановіч павярнуўся да вакна спінай і сачыў за ўмелымі рухамі ад’ютанта.
    ' Я зрабіў свой выбар (фр.).
    — У каго засталася корпія? — спытаў Міткевіч, з асцярогаю адкручваючы рудую ад закарэлай крыві рэшту бінта.
    Студэнт падхапіўся і дастаў з паходнае кайстры невялікі пакунак. Словы, якія ён сказаў пры гэтым, былі неабавязковыя, але не сказаць іх ён, відаць, не мог.
    — Гэтую корпію шчыпала панна Гелена...
    Засяроджанасць на твары ў параненага раптам змянілася разгубленасцю, аднак ён хутка авалодаў сабой. Міткевіч паклаў на рану свежай корпіі і стаў бінтаваць. Скончыўшы, ён разарваў край бінта зубамі і завязаў акуратны вузельчык.
    — Баліць? — запытаўся ён і, не чакаючы адказу, прынёс са стала біклажку.
    У няпаленай хаце было халаднавата, і гэтым разам паранены зрабіў колькі глыткоў. Ен адразу закашляўся, і Міткевіч асцярожліва пастукаў далонню яму па рамёнах. Ад’ютант перадаў біклажку камандзіру. Той адмоўна пакруціў галавой. У вачах у Антановіча, зусім як у хлапчука, што збіраецца выкінуць коніка, заскакалі чорцікі, але не вясёлыя, а змрочныя і зацятыя. Атрымаўшы біклажку, ён баўтануў яе і з выклікам абвясціў:
    — За нашу вялікую Айчыну ў межах семдзесят другога года!
    — Здаецца, я ўжо тлумачыў вам, што мы не на банкеце. — У спакойным голасе Тапара з’явіліся ноткі ўквеленасці. — У мяне склалася ўражанне, што мы з вамі ваюем за розныя мэты. Я супраць выключных правоў шляхты. Я за тое, каб даць мужыкам зямлю і сапраўдную волю. А без гэтага на адраджэнне Айчыны яны, прабачце, хацелі...
    — Як вы... — задыхнуўся Антановіч. — Як вы можаце?
    — Mary. Хаця б таму, што дзеля гэтага адраджэння зрабіў больш, чым вы, грамадзянін былы камандзір першага плутона. Дарэчы, я спадзяюся, вы не будзе-
    це ўслед за некаторымі пераконваць мяне, што сяляне тых вёсак, праз якія мы праходзілі, належаць да польскага племені ?
    — Значыцца, вы з паноў сепаратыстаў?! 3 тых, што знайшлі сабе гэтую Беларусь і ўхапіліся за яе, як тапелец за трэску. Я чуў, нехта з іх нават выдае на сялянскай гаворцы газету.
    — А чаму вас так устурбавала, што нехта друкуе газету зразумелаю мужыкам моваю?
    — Таму што цяпер, як ніколі, трэба аб’яднацца пад адным сцягам. Сярод нашых былі такія, птто хадзілі вучыць па-мужыцку ў патайнай школцы*. Я заўсёды казаў, што гэта памылка. Будучыня для тутэйшага народа толькі ў зліцці з намі. — Студэнт рашуча размахваў біклажкаю.
    — Чаму? — у голасе ў Тапара ўжо не чулася раздражнення. Ён быў па-сапраўднаму захоплены спрэчкай.
    — Хаця б таму, што... Скажыце, дзе іх паэты? Дзе гісторыкі? Палітыкі?.. У іх нікога няма.
    Вузкія карыя вочы Тапара загарэліся вясёлай злосцю.
    — Грамадзянін Антановіч, вы выпадкова не чулі пра спосаб, якім можна даказаць, што органы слыху ў павукоў знаходзяцца на нагах?
    — ?!
    — Павука садзяць на стол і загадваюць бегчы. Ён бяжыць. Тады яму адрываюць ногі і зноў кажуць: «Бяжы!» Ён не можа. Адсюль робіцца выснова, што вушы ў павука на нагах.
    — Я не зусім разумею... — насцярожана азваўся юнак.
    — Той самы прынцып доказу, грамадзянін Антановіч. Спачатку мове цэлага народа пакідаюць правы толькі ў сялянскай хаце, а потым разводзяць рукамі:
    * У Горках напярэдадні паустання існавала нелегальная беларуская школа, дзе выкладалі студэнты земляробчага інстытута.
    маўляў, гэты народ няздатаы стварыць літаратуру. Спярша адбіраюць у яго гісторыю, прымушаюць забыць мінулае, якім мог бы ганарыцца любы еўрапейскі народ, а потым пытаюцца: дзе яго гісторыкі?..
    — Bravo! — падаў голас палонны. — Баюся, вашаму юнаму сябру няма чаго запярэчыць.
    — Вас можна павіншаваць, грамадзянін Тапор, — з’едліва сказаў Антановіч. — У вас з’явіўся паслядоўнік.
    Тапор, пакінуўшы гэтыя словы без адказу, загаварыў:
    — Пане Крыніцкі, я разумею, чаму вы слухалі нас так пільна.
    — Калі вы маеце на ўвазе маё паходжанне, вы не памыліліся. Я з карэннай полацкай шляхты. Аднак, пане Тапор, я не хачу, каб у вас заставаліся нейкія ілюзіі. Гонар мне даражэйшы за жыццё. I потым, калі б я нават не быў звязаны прысягаю і спачуваў вашым поглядам, не ў маіх правілах увязвацца ў безнадзейныя справы.
    — Якія справы вы называеце безнадзейнымі ? — рэзка спытаў Тапор.
    — Тыя, што не пакідаюць па сабе нічога, апрача крыві і сірот, — не менш рэзка адказаў палонны. — Можа, вам і вашым сябрам апошняе і неістотна, a ў мяне двое дзяцей, за якіх я нясу адказнасць перад Богам і самім сабой.
    — У яго іх чацвёра, — Тапор паказаў на ад’ютанта.
    Палонны знячэўку сумеўся. Ён быў падобны цяпер на чалавека, які перажывае сваю віну. Магло падацца, што капітан ведаў, колькі дзяцей у Міткевіча. Праз хвіліну ён узяў сябе ў рукі, і ўсё ж голас у палоннага гучаў ужо не так упэўнена.
    — Калі я не памыляюся, пане Тапор, вы самі надоечы прызналі, што прайгралі сваю гульню.
    — Я буду з вамі спрачацца, пане капітан!
    — Мне здаецца, апошняе слова ў спрэчцы ўсё адно застанецца за вамі.
    Злавесны сэнс сказанага змусіў параненага зноў сесці. Ен правёў вачыма па хаце, шукаючы нейкай падтрымкі, і спыніў позірк на ходзіках, гіра якіх апусцілася амаль да самае падлогі. У вачах у Сокалава мільганула роспач. Антановіч, наадварот, неяк паарлеў. Толькі ад’ютант нічым не выяўляў сваіх пачуццяў, быццам гаворка ішла аб рэчах, якія яго зусім не датычылі.
    — Я буду з вамі спрачацца, — паўтарыў Тапор. — Так, цяпер наша змаганне найверагодней скончыцца паразаю. Але гэта не азначае, што яно скончыцца нічым. Частцы людзей ва ўсе часы было ўласціва ўвязвацца ў так званыя безнадзейныя справы. Калі б не гэтыя людзі, мы з вамі сядзелі б сёння не тут, а дзенебудзь каля самавара, бавячы час за размоваю, чаму нехта атрымаў чарговы чын, а ў некага выйшла затрымка. Мы былі б добранадзейныя падданыя імперыі, шчаслівыя шчасцем сытай жывёлы. Вы разумееце, пра што я кажу? Пра тое, што называецца ідэаламі. Я ўпэўнены: калі б не героі Касцюшкі, калі б не паўстанне трыццатага года, не існавала б ні сённяшняга мяне, ні маіх людзей. I вас, капітан, — таксама. — Тапор яшчэ вышэй падняў правае плячо. — Ідэалы жывыя, пакуль яны жывуць у сэрцах. Калі яны застануцца толькі ў старых кнігах, яны памруць. Кнігі можна схаваць у сховішчах, куды нельга даступіцца, а можна просга спаліць. Каб ідэалы жылі, трэба, каб за іх нехта гінуў. Такі закон. А таму — Gloria victis! Хай і цяпер мы не пераможам, але ўрэшце людзі пачнуць разумець, што яны не статак, а народ. — Тапор сціснуў пальцы ў кулак. — Народ! У яго ўжо ёсць імя і калі-небудзь з’явіцца годнасць.
    — Шукайце для сваіх казаняў бязвусьіх хлопчыкаў, — са злосцю абазваўся палонны. — Са мной у вас нічога не атрымаецца. Найлепшае, што вы можаце
    зрабіць, — не цягнуць час, а расстраляць мяне, pour encourager les autres*.
    Антановіч наблізіўся да камандзіра і нешта шапнуў. Тапор перамаўчаў. Яго нізкія бровы навіслі над вачыма яшчэ ніжэй.
    За вокнамі шапацеў дождж. Палонны, закінуўшы нагу за нагу, з абыякавым выглядам пазіраў на ходзікі. На іх было без пяці пяць. Сокалаў імкнуўся сустрэцца вачыма з Тапаром, але той унурыўся ў пыльны кут.
    Стрэлкі ходзікаў паказалі пяць. Палонны раптам устаў.
    — Пане Тапор, мне трэба канваір.
    Антановіч ускочыў з лавы. Тапор з ад’ютантам абмяняліся хуткімі позіркамі, і Міткевіч таксама падняўся.
    — Пайду я, — запярэчыў Антановіч і зрабіў крок да дзвярэй. Ён быў бледны як смерць.
    — He, — сказаў ад’ютант.
    — Я! — крыкнуў студэнт.
    3 абраза над сталом дакорліва глядзелі на людзей валошкавыя вочы Міколы Цудатворца.
    — Камандзір першага плутона! — ад хвосткіх слоў Тапара юнак міжволі выцягнуўся. — Пойдзе Міткевіч. Гэта загад.
    Антановіч закусіў губу і адвярнуўся да вакна. Ягоныя плечы біла дрьіготка.
    Калі дзверы зачыніліся, паранены лёг тварам да сцяны. Тапор з Антановічам сачылі, як палонны і ад’іотант, які трымаўся крокі на тры ззаду, прайшлі пад дажджом паўз студню і схаваліся за рогам адрыны.
    Праз нейкую хвіліну ў небе грымнула і амаль адразу загрымела зноў.
    Паранены ўздрыгнуў і сеў. Боль у сініх вачах зрабіў спалатнелы твар трагічна прыгожым.
    — Ходзікі... — пачаў і не скончыў Сокалаў.
    ' Каб узбадзёрыць іншых (фр.).
    Камандзір скасіў вока на застылы ківач і, таргануўшы вышэйшым плячом, не адказаў. Студэнт нервова глядзеў у вакно. Нарэшце на сцежцы з’явіўся Міткевіч. Ен ішоў адзін.
    — Я разумею, на вайне трэба быць жорсткім, — нібыта баючыся цішы, загаварыў паранены. — Але як гэта страшна... Калі чалавек хаваўся разам з табой ад дажджу і еў твае сухары...
    — He забывай, што ён забіў Дамарацкага і параніў Кончу, — адрывіста сказаў Антановіч.
    Ляпнулі дзверы сянец, на парозе стаяў Міткевіч. Ен меў выгляд чалавека, якога кагадзе з галавой акунулі ў ваду. 3 барады крапала, з навылёт прамяклай світкі ўмомант набегла вялікая лужына. He кажучы ані слова, ад’ютант прагна прыклаўся да біклажкі. Антановіч таксама маўчаў, але было відаць, што яго грызе нейкая неадчэпная думка. Яму рупіла нешта спытаць, аднак ён марудзіў, як быццам гэтае нешта было надзвычай важлівым і ад яго вельмі шмат залежала. I ўсё ж Антановіч адважыўся: