Ля дзікага поля
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 302с.
Мінск 2010
Ля дзікага поля
Гістарычныя апавяданні
Аповесць. Эсэ
Уладзімір Арлоў
ДЗІКЛГЛ ПОЛЙ
Гістарычныя апавяданні Аповесць Эсэ
Мінск /І.п. Аогвіндў / 2010
За дапаліогуў выданні кнігі аўтар выказвае шчырую падзяку Пасольству Літоўскай Рэспублікіў Беларусі.
ISBN 978-985-6901-80-8
© Арлоў У. В., 2010
© Выдавец Логвінаў I. П., 2010
Тры мужы спадарыні Дамінікі
ІМінулае начы ў табары зноў бачылі Белагаловую. Яна прыходзіла ўжо трэці раз і забрала трэцяе жыццё. Пярэпалах сярод нямецкіх наймітаў, прысланых маркграфам магдэбургскім, узняўся раніцою, калі недалічыліся рыцара Зігфрыда фон Бока. Ягоны намёт стаіць побач з абозам караля і вялікага князя, значыцца, Белагаловая прайшла зусім побач.
Першым і другім яе абраннікамі былі вугорцы. Тыя браты-блізняты, што не пахавалі Белагаловую разам з астатнімі, а павезлі яе ў лес.
У маім намёце напалена, але з-пад драўлянага насцілу падлогі цягне холадам і нязводнай вільгаццю. Калі прылегчы на край ложка і накінуць зверху ўлюбёную посцілку з павамі, робіцца прытульней.
Я апускаю павекі і вяртаюся ў той адвячорак, калі да Полацка нам заставаліся два дзённыя пераходы. Наперадзе, пракладаючы шлях у прыбярэжным зарасніку, ішла вугорская пяхота, але першымі ўбачылі плыты з людзьмі дазорцы полацкага кашталяна Юрыя Зяновіча. Нашы жаўнеры кінуліся ў ваду, не сыходзячы з коней, і хутка павыцягвалі малыя, на чатьіры бервяны, плыты на бераг.
На плытах прыплылі два дзесяткі мерцвякоў. Яны ляжалі на беразе, зусім голыя або трохі прыкрытыя мокрымі лахманамі, з аднолькавымі смяротнымі pauaMi злева, дзе сэрца. Гэта былі мужчыны — сівабародыя і бязвусыя, мажныя і сухарлявыя, цёмнавалосыя і русявыя. Кожны быў намёртва прыпяты да бёрнаў вя-
роўкаю з конскага воласу, нібыта яшчэ мог пасля ўдару ў сэрца ўваскрэснуць і ўратавацца. А можа, іх спачатку прывязвалі, а потым ужо разлучалі з жыццём?
Я паволі ехала ўсцяж вусцішнага тагасветнага шыхта, і мой малады буланчык палахліва раздзьмуваў ноздры, усхрапваў і адварочваў галаву. На тварах і ў ашклелых вачах нябожчыкаў мой позірк не сустракаў ні страху, ні болю, ні благання пра літасць. Яны глядзелі на жывых спакойна і без ніякае зайздрасці — пэўна, па дарозе паспелі прывыкнуць да свету мёртвых.
За гэтыя гады я звыкла да жахаў вайны. Я бачыла целы без скуры, бо немцы часта здзіралі з забітых чалавечы тлушч, маючы яго за найлепшы сродак гаіць раны. Я бачыла закатаваных маскавітамі немцаў: звязаўшы палонніку рукі, сгральцы ранілі яму жывот і ўсё цела так, што ўтвараўся суцэльны панцыр з ранаў. Мне даводзілася бачыць касцякі палонных, якіх маскоўскія ваяводы загадалі зварыць жыўцом у вялізных саганах. Пад Дзісною пан Каспар Бекеш паказаў мне жудлівую грону павешаных на запаведным дубе маладзіц, на якіх царскія татары практыкаваліся страляць з арбалетаў, цаляючы ў грудзі і ў пупок.
Чалавек да ўсяго прывыкае, але ў тую хвіліну, каля плытоў на дзвінскім беразе, нечая невідочная рука так перацяла мне горла, што я не адразу здолела выдыхнуць. Ад краю, поруч з маладзёнам, якога перад смерцю катавалі, бо ён не меў левага вуха, а правая яго рука выдавала на крывавую аладку, поруч з гэтым маладзёнам, на вуснах якога застыгла ўсмешка нянавісці, ляжала прывязаная да таго самага плыта маладая жанчына.
Мусіць, то вялікі грэх, але я падумала, што яна, гэтая жанчына ці мо дзяўчына, бо шлюбнага пярсцёнка на руцэ ў яе не было, прыгажэйпіая за мяне. На яе зусім жывым твары яшчэ не пагас румянак. Саскочыўшы з каня, я нахілілася і, намагаючыся не глядзець
на маленькую ранку пад левай грудкай, зазірнула ў яе зялёныя расплюшчаныя вочы. Яны дзівілі глыбінёю і глядзелі ў неба ўважліва і спакойна.
У надзвычай светлых, быццам прыпудраных мукою, валасах, густых і даўгіх, падобных гэтым да падводнае травы, якую ў нас называюць русалчынымі косамі, заблыталася серабрыстая рыбка. Рыбка была жывая, і мне заманулася вызваліць яе і выпусціць у ваду, аднак мая рука спынілася. Здалося, што гэта не проста рыбка, што ў серабрыстай бліскаўцы тояцца апошнія кроплі дзяўчынінага жыцця.
На Белагаловай, як і на іншых, не было адзення, і я падумала, што ў нас з ёю падобныя постаці, адно яна трошкі вузейшая ў клубах. I зноў мяне ўтнула адчуванне грахоўнасці параўнання. Я зняла сваю адамашкавую накідку; яе хапіла, каб прыкрыць Белагаловую ад налітых высокіх грудзей да костачак.
Якраз тады і пад’ехаў кароль з почтам. Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл запытаўся, ці не мелі нябожчыкі выпадкам пры сабе якіх-небудзь пісаных іхнімі забойцамі граматаў, а тады распарадзіўся пахаваць усіх, паклікаўшы ксяндза, бацюшку і кальвінскага святара, бо ў адных прыплылых былі на шыі крыжыкі праваслаўныя, у другіх — рымскія, а трэція, як Белагаловая, не мелі ніякіх. Ніхто не сумняваўся, што плыты — з Полацка, а пусцілі іх насустрач нашаму войску царскія ваяводы.
Нехта з жаўнераў-палачан пазнаў сярод забітых суседа, а нехта — роднага брата. У закатаванага брата былі адсечаныя на руках усе пальцы, і жывы брат прысягнуў на крыжы, што за кожны палец маскавіты заплоцяць галавой.
Але найстрашнейшая навіна прыйшла ў мой намёт назаўтра. Юста, якая прыслугоўвае мне ад пачатку паходу, расказала, што на берагавой строме пахавалі не ўсіх людзей з плытоў. Пакуль чакалі святароў, двое
вугорцаў-блізнятаў забралі Белагаловую і выправіліся ў лес. Увечары яны хваліліся, што нацешыліся лепей, чым з жывою, і пакінулі яе на начлег, прывязаўшы ад звяроў на бярэзіне, каб уранні наведацца туды зноў. Толькі раніцой аднаму з іх ужо нічога не жадалася, бо яго знайшлі каля вогнішча цэлага-цалюткага, без драпінкі, але нежывога. He зважаючы на гэта, ягоны брат-блізнюк усё адно вырушыў з сябрукамі ў лес, ды Белагаловай на дрэве яны не знайшлі. Затое сустрэлі на сцежцы сляды босых ног.
Друтога вугорца Белагаловая забрала ўжо тут, у нашым вайсковым табары пад Полацкам. Трэцім стаўся немец фон Бок. За што гэткі лёс напаткаў нямецкага рыцара? Юста кажа, што ў Дзісне ён хацеў узяць на гвалт жонку майстра-залатара. Той стаў на парозе са зброяю і склаў галаву пад двухручным рыцарскім мячом, але памёр з гонарам, абараніўшы сваю жанчыну ад знявагі.
Мой гаспадар, мой трэці нявенчаны муж, кароль і вялікі князь Стэфан, не верыць у Белагаловую, але ж хіба не сам апавядаў пра ўваскрэслых наўцоў, якіх у яго на радзіме, у Семіграддзі, гэтак шмат, што, бывае, у самога трансільванскага князя збіраецца на балю поўны чортаў тузін. Нездарма ж яго мосць паўсюль возіць з сабою вялікі вянок з часныку, што надзейней за любую малітву дапамагае ад пярэваратняў і вампіраў-крывасмокаў. Гэткі сама, толькі меншы вянок вісіць і над маім ложкам.
He, я не баюся Белагаловай, але гэтымі днямі яна ўсё часцей завалодвае маімі думкамі.
Калі паміж маім і яе векам і ёсць розніца, дык усяго нейкі год ці два. Значыцца, малыя — каб ейныя бацькі таксама жылі ў Запалоцці — мы маглі разам гушкацца з заміраннем душы на той вярбіне, што каля бацькавага млына вымыкала над хуткай Палатой доўгую спружыністую галіну, або — сорам успомніць —
маглі, прысеўшы на стромкім беразе, мерацца з хлопчыкамі, хто далей сікне ў рачную плынь.
Калі сталася вядома, што маскоўскі цар ідзе з незлічонай ардою на Полацк, я мела шэсць гадоў. Пасля Калядаў тата запрог коніка ў лёгкія сані, і прыцемкам гнеды ўжо хрумстаў авёс у татавага брата Ціхаміра. Дзядзька Ціхамір таксама трымаў млын, а жыў пры маёнтку пана Корсака за сорак вёрстаў ад Полацка, як ехаць старым Вітаўтавым шляхам на Вільню.
Дзядзька намаўляў тату, каб забіраў маю маму, Агату, і сам атайбоўваўся, пакуль мінецца ваеннае ліхалецце, у пана Корсака. Маўляў, як возьме маскоўскі цар Іван места Полацкае, літасці нікому чакаць не выпадае. Гэты цар і сваіх людзей без віны і суду карае, нават найзнатнейшых баяраў кліча халопамі і проста ў застоліцы сваімі ж рукамі, бывала, рэзаў да смерці.
Але тата не паслухаўся. Сказаў на братавы ўгаворы, што млын яго абароніць, бо мука трэба ўсім — і сваім, і чужаніцам. Ускудлаціў мне валасы, паабяцаў прыехаць на Вялікдзень і два разы з саней азірнуўся. Болей я ні таты, ні мамы не бачыла і, відаць, спаткаюся з імі ўжо ў чыстцы ці на небе. Калі не засталіся яны ў сумётах на тых зімовых дарогах, якімі гналі полацкі палон у Масковію, то ўсё роўна наўрад вернуцца. Нешта не чуваць, каб хтосьці з нашых адтуль вяртаўся. Адзін полацкі ваявода Станіслаў Давойна праз чатыры астрожныя гады выкупіўся за дзесяць тысяч чырвонцаў, жонка ж ягоная, Пятронія з Радзівілаў, так і загавела душой на маскоўскіх харчах у няволі.
Праз месяц, як тата пакінуў мяне, людзі з маёнтка пана Корсака ўбачылі аднойчы ўначы на небе ў тым баку, дзе Полацк, крывавую паланіцу. Толькі на трэцюю ноч неба пагасла, а раніцой змораны конь прывёз па Вітаўтавым шляху ўчарнелага з твару чалавека, што, ссунуўшыся з сядла, адразу заснуў на руках у слу-
гаў. Спаў цэлы дзень і цэлую ноч, а прачнуўшыся, папрасіў есці і, выпіўшы мёду-трайняку, нарэшце загаварыў.
Цар Іван здабыў Полацк пасля двух тыдняў аблогі і, парушыўшы абяцанне, палоннымі абвясціў не адных вайсковых, а ўсіх палачанаў. Месцічаў рымскае веры стральцы пасеклі, юдэяў патапілі пад лёдам у Дзвіне і Валовай азярыне, а праваслаўных узяліся выводзіць у няволю.
У той дзень цётка Арына карміла мяне салодкімі наліснікамі і называла дачушкай, а я злавалася і казала, што няпраўда: маці маю завуць Агатаю, а бацьку — Цьшрыянам.
Мінуўся Вялікдзень, на Сёмуху патрусілі ў хаце падлогу пахкім аерам, а бацька па мяне ўсё не ехаў. Перад яблычным Спасам дзядзька Ціхамір сеў на свайго дэраша і вырушыў у той бок, адкуль узыходзіла сонца.
He знайшоў ён у Полацку ні нашага млына, ні маіх бацькоў і сказаў, што буду я цяпер за дачку ім з цёткай Арынаю, якім сваіх дзяцей Бог не даў.
Адтуль сплыло шаснаццаць гадоў, а я дагэтуль памятаю смак сваіх слёз і печаных яблыкаў, якія тады ела. Плакала, але ела, бо надта ж любіла такія яблыкі, асабліва калі цётка Арына палівала іх ліповым мёдам.
Дождж цурболіць за скураю намёта, не даючы сабе ні хвіліны спачыну.
За ўсе дні аблогі сонца так і не выбліснула. Лужыны стаяць нават у сенатарскіх намётах. Яго мосць кароль і вялікі князь кажа, што дождж трапляе жаўнерам у кроў і робіць яе радзейшаю.