Ля дзікага поля
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 302с.
Мінск 2010
Уначы навальніца вярнулася, і, калі першыя кроплі залапаталі па лісці старой яблыні-пепінкі пад маім акном, дзверы ў спачывальню адчыніліся. Пан Багуслаў прысеў на ложак, запытаўся, чаму я не зашчапіла дзверы, і ціха засмяяўся.
У далёкіх краях разам з сямю вызваленымі навукамі ён спасцігаў і навуку любоўную. Ужо ў нашу першую ноч не розумам, але сваёй жаночай існасцю я
зразумела, што такі мужчына — як дарагі падарунак Фартуны.
Пан Багуслаў расказваў мне пра італійскага мастака Рафаэля. Той кахаў жанчыну, якую ўсе звалі Фарнарына, што значыць булачніца, хоць яна мела і прыгожае сапраўднае імя — Маргарыта. Яна нарадзілася ў простай сям’і, аднак мастак, роўнага якому знайсці амаль немагчыма, маляваў з Фарнарыны мадоннаў. Калі яе не было побач, Рафаэль не мог закончыць ні карціны, ні фрэскі. Але Фарнарына не ведала, што такое стома ў любоўных уцехах, і слабы на здароўе мастак увачавідкі таяў і сканаў, не дажыўшы да сарака гадоў.
Маладому пану Корсаку такая смерць не пагражала. Я не Фарнарына, аднак я таксама любіла гэтую асалоду, у якой растаеш, быццам кінутая ў студню драбінка солі.
Яму падабаліся мае грудзі, і ён зваў іх то вінаграднымі гронкамі, то танкаруннымі козачкамі, то келіхамі з амброзіяй. Ен кожны раз доўга цалаваў іх — і проста так, і змазаўшы смочкі верасовым мёдам, якім аднаго разу напоўніў мне найпатаемнейшае месца, каб выпіць яго і давесці мяне да салодкага нябыту толькі вуснамі і языком.
Удзень ложам служыла нам трава каля азёрнай затокі са сціжмаю сініх, смарагдавых і бурштынавых стрыбавак. Неяк ён зрабіў з белых лілеяў каралі і надзеў мне на шыю. «Ты русалка, а русалак трэба любіць вось так». Сказаў і, ласкава павярнуўшы да сябе спінаю, рассунуў мне крумянкі. Я думала, ён памыляецца, а ён хацеў менавіта гэтага...
А ноч зноў зводзіла нашы целы і душы — то ў маёй спачывальні, то ў ягонай, дзе драўляныя львы трымалі ў лапах старое люстра з вясёлкавымі разводамі. Пан Багуслаў падводзіў мяне да львоў і запальваў кандэлябру. «Ва ўсёй Італіі не знойдзеш карціны прыгажэйшай...»
Там, перад люстрам, ён зазвычай і пачынаў любіць мяне. Гэта было дзівосна: бачыць яго маладую постаць і набрынялую жаданнем плоць, назіраць і адчуваць, як ён уваходзіць у мяне, бачыць на сваіх клубах або на грудзях ягоныя прыгожыя ўмелыя рукі... Ён любіў, калі я цалавала яго мужчынскае месца і высмоктвала з яго белую кроў, якую ён называў эліксірам маладосці.
Часам ён палохаў мяне, кажучы, што там, у глыбіні люстраў, нараджаюцца прывіды...
Ен клікаў мяне то Нядзелькаю, то Домначкай, як мама ў дзяцінстве. Як і той італійскі мастак са сваёй каханкаю, ён не любіў разлучацца са мною.
Упершыню ён узяў мяне з сабою ў Вільню на рыцарскія баі. Тады ў нашу ліцвінскую сталіцу з’ехаліся рыцары з дзесяці краінаў. Пан Багуслаў перамог паляка і немца, аднак не адолеў француза, што выбіў яго з сядла, моцна пагнуўшы прылбіцу. Праз гэта мой Богусь цэлы тыдзень хадзіў змрочны, як на памінках, і адпусціўся ўжо дома каля сваіх ільвоў. На паядынак выходзіў і сам вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст.
Але найцікавейшым і найвесялейшым стаўся жартоўны бой, дзе адразу з двума ліцвінамі білася ў поўнай рыцарскай брані віленская дзеўка-выляжанка Зоська Доўгая.
Перад тым падарожжам мы заручыліся. Пані Мальгрэта пакрысе рыхтавалася да вяселля, але Богусь хацеў дачакацца канца вайны.
Дзесьці паблізу намёта ўсчынаецца вэрхал і разоў колькі спалохана бахае рушніца. Няўжо прыйшла госця з зялёнымі вачыма і маленькай ранкаю пад сэрцам? Каго і за якія грахі яна забярэ цяпер?
He, трывога ў табары хутка ўтаймавалася, але ўсе мае думкі ўжо пра яе, Белагаловую.
Юста заснула на сваім куфры каля ўвахода, і я сама падліваю ў кубак віна. Я не страшуся Белагаловай, бо не чую за сабой аніякага граху перад ёю. He
можа ж яна пакараць за таго баярскага сына, ад якога смярдзела зялёным віном і псінаю і які пасля маёй пачосткі заснуў вечным сном.
Тады прыдаўся пярсцёнак, што пакінуў мне перад сконам мой першы нявенчаны муж, мой незабыўны Богусь.
He трэба баяцца Белагаловай. Трэба маліцца, каб яна пакінула наш стан і пайшла ў Полацк. Каб помсцілася там. Каб знайшла забойцаў—сябе самой і таго бязвусага маладзёна са знявечанай рукою, з якім плыла па Дзвіне на адным плыце. Яны маглі кахаць адно аднаго, і той юнак мог дарыць Белагаловай такую ж асалоду, як мне мой Богусь. Мо яны былі разам і тады, калі на дзвінскім беразе ўжо чакалі плыты, а царскія стральцы гойсалі па полацкіх вуліцах, шукаючы ахвяраў.
Я пачуваюся вінаватаю перад Белагаловаю, бо ўсе гэтыя гады жыла на волі і пачала забываць Полацк і бацьку з маці, хоць аніколі не заснула, не памаліўшыся за іх. I горад, і твары бацькоў, і скляпенні святое Сафіі, куды мы хадзілі на Вялікдзень, паўстаюць уваччу ўжо быццам праз слюдзяное вакенца або праз пералівістае мярэсціва, што некалі вісела ў скварныя дні над маім запаветным каменем каля возера.
Мне мроіцца, што Белагаловая пражыла ў захопленым горадзе частку жыцця, наканаванага мне, і наўзамен мяне спаткала там смерць. Цяпер замест яе засталася жыць я. Але і яна пакуль не пайшла з гэтага свету назусім. Яна недзе блізка, і я прашу яе ісці ў Полацк і дапамагаць нам за гарадскімі сценамі.
Пакарай ваяводаў, што пусцілі па Дзвіне страшныя плыты! Пакарай пастаўленага Масквой епіскапа Кіпрыяна, што загадаў паліць старыя полацкія кнігі і граматы, якія бераглі ў Сафійскім саборы з часоў ігуменні Еўфрасінні!
Ты чуеш мяне, Белагаловая? Цяпер тваё месца ў Полацку. Хадзем, я пакажу табе дарогу! Ужо развідне-
ла, але ж табе не трэба чакаць цемры, каб схавацца ад варожых вачэй.
Вартавыя не заступаюць шляху, а жаўнеры, што даўно не бачылі жанчын, не распранаюць нас прагнымі позіркамі. Я дала Белагаловай сукенку з кармінавага люндушу, што пан Багуслаў падараваў мне ў Вілыгі, выйграўшы бой у нямецкага рыцара.
Я вяду яе ад Дзвіны да Валовае азярыны, праз нямецкі і прускі абозы. За азярынаю, дзе некалі, кажуць, стаялі паганскія бажніцы Перуна і Бабы Ягі, пачынаецца каралеўскі стан. Я паказваю Белагаловай, дзе жывём мы з Юстай, дзе намёт караля і вялікага князя Стэфана, вакол якога густа, у тры рады, пашыхтаваліся сенатарскія намёты.
Жаўнеры не адрываюцца ад клопатаў — хто гуляе ў косці, хто чысціць рушніцу або гострыць клінок, — і я разумею, што яны нас проста не бачаць, як не бачыць і надворны маршалак Радзівіл Сіротка, што кіруе ў паходзе каралеўскім дваром. Белагаловая зрабіла невідочнай для чужых вачэй і мяне. А вось коні яе чарам непадуладныя, бо маршалкаў конь незадаволена пырхае.
Мы мінаем польскую конніцу і лёгка выходзім за звязаныя ланцугамі вазы, што ахоўваюць каралеўскі абоз. Далей стаяць ліцвіны яго мосці Мікалая Радзівіла. Наскую гаворку змяняе вугорская. Тут, насупроць Запалоцця, трымае аблогу Бекешава пяхота, і я паказваю Белагаловай гарматы, адкуль пан Каспар б’е па полацкіх сценах агнявымі кулямі.
Мне карціць пабачыць пана Каспара, ды замест яго насустрач ідзе вугорскі ваявода Мадазы з падкручанымі ўгору чорнымі да сінечы вусамі. Чалавек ён адукаваны: заўсёды загаворвае да мяне на лаціне і, згадваючы траянца Парыса, называе сармацкаю Аленаю. Цяпер жа і Мадазы праходзіць паўз нас, не звёўшы сваім адзіным вокам.
Мы ідзём па шматмоўным, шматаблічным табарьі, што сабраў і тых, хто прыйшоў вызваляць свой горад, і тых, каго вабіць толькі вайсковая здабыча, і я нарэшце выводжу Белагаловую да адзінага моста праз Палату, які не сарвала высокая ад дажджоў вада. Вунь там, воддаль, знаёмая да балючай стрэмкі ў сэрцы вярба, ды няма ні бацькавага млына, ні нашага дома, і я намагаюся не глядзець туды, у невараць.
Далей Белагаловая мусіць ісці адна. Я бяру яе за руку. Яе рука халодная, але жывая, яна сціскае маю і хутка саграваецца. Я хачу, каб Белагаловая штосьці сказала мне на адвітанне, хачу пачуць яе голас, бо яна пакуль не прамовіла ні слова.
Гэтаксама моўчкі яна ступае на хісткі мост. Вада паднялася вышэй насцілу, і Белагаловая прыўзнімае падол сукенкі.
Яна ўжо прайшла больш за палову моста, і тут я спахопліваюся, шго не ведаю яе імя. «Як цябе завуць?» Вецер падхоплівае і даносіць мае словы да Белагаловай. Яна аглядаецца і ў нерашучасці спыняецца. «Не вяртайся! Ідзі!» Але Белагаловая паварочвае назад. Яна падыходзіць усё бліжэй, адпускае падол і працягвае да мяне рукі...
Я прахопліваюся ад уласнага крыку. Над ложкам — сонная зляканая Юста. Па намёце хвошча дождж. Мне холадна, і, угамаваўшы сэрца, я кажу Юсце нагрэць яшчэ віна і кінуць туды болей цынамону.
Аднавокі Мадазы тры дні таму быў забіты маскоўскімі кулямі, калі раіўся пры гарматах з польскімі ваяводамі. Тады сама кавалак дрэва з гарадской сцяны параніў у галаву маршалка Радзівіла, якога мы з Белагаловай сустрэлі на кані ў добрым здароўі. Выходзіць, я вяла яе да Палаты не сёння, а раней, і яна вярнулася, каб забраць рыцара фон Бока...
Гэта сон, ды пан Богусь вучыў мяне, што сон — працяг жыцця, а жьіццё — працяг сну і не заўсёды чалаве-
ку дазволена ведаць, дзе сон пачынаецца і дзе канчаецца, сніцца ўсё гэта яму ці ён сам разам са сваім жыццём сніцца камусьці іншаму, пакуль той не прачнецца.
Пан Богусь умеў добра тлумачыць сны. За колькі месяцаў наперад ён ужо ведаў пра смерць вялікага князя і караля Жыгімонта Аўгуста.
Гаспадар Жыгімонт памёр праз год па вяртанні Богуся з Італіі.
Стары пан Корсак апавядаў, што адразу пасля Люблінскага сойма, калі Вялікае Княства Літоўскае злучылася з Польскай Каронаю, яго каралеўская мосць выправіў з палаца жонку Кацярыну і папрасіў у папы рымскага разводу. Адны казалі, нібыта прычынаю было тое, што каралева не нарадзіла спадкаемца. Другія лічылі, быццам гаспадар напісаў у Рым, каб вальней амурыцца з тою, якую тады кахаў, бо яго мосць заўсёды шанаваў жаночыя павабу і ласку. Аднак калі атрымаў вестку пра жончыну смерць і клопат пра развод вырашыўся сам сабою, кароль заліўся слязьмі і хутка апынуўся ў кіпцюрах у хваробы, якая ўжо не адпусціла.
Хто асуджаў нашага гаспадара за амурныя справы, хто згадваў нешчаслівыя жанімствы яго мосці і найперш ягоную незабыўную Барбару, праз чыю смерць кароль, каб вярнуць каханую Басю хоць на дзень, быццам бы зблытаўся з самім д’яблам. Але і зычліўцы і зласліўцы сыходзіліся ў тым, што, займаючы велікакняскі пасад сорак гадоў, гаспадар Жыгімонт прынёс краіне дабра непараўнана болей, чымся шкоды. Ды найперш усіх займала, хто станецца пераемнікам яго мосці.