Ля дзікага поля
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 302с.
Мінск 2010
Загаварылі, што вялікім князем і каралём будзе малады ваявода Генрык Валезы, родны брат французскага караля Карла IX. Дзеля гэтага, праўда, Генрык мусіў пабрацца шлюбам з падстаркаватай Жыгімонтавай сястрою Ганнай Ягелонкай. А потым усё ле-
дзьве не пайшло тунна, 6о перад днём святога Барталамея католікі выразалі ў Парыжы начной парою болей за тры тысячы гугенотаў.
У нашай дзяржаве ўсхадзіўся тады вялікі неспакой — не таму, што баяліся сваіх закалотаў і разні паміж католікамі ды кальвінамі, а таму, што з Францыі даляцелі чуткі, быццам у тую вялікую кроў бьіў утручаны і сам Генрык. Па ўсёй Рэчы Паспалітай супроць яго падняліся шляхта і магнаты, якія адышлі да кальвінскае веры.
Але хітрамудры французскі пасланец біскуп дэ Манлюк, якога пасля перахрысцілі ў Манюку, пераканаў сенатараў і шляхту, што на Генрыку ніякай крыві няма і што ён ажэніцца з Ганнаю, як толькі прыедзе ў дзяржаву. Апрача таго, француза змусілі падпісаць артыкулы, што будзе берагчы ў краіне мір паміж рознымі верамі, а кіраваць стане пад апекаю шаснаццаці сенатараў. Чаго не дакляруе прагны да трона!
Усё гэта ў мяне ў памяці, бо мы з панам Багуславам былі ў Варшаве падчас элекцыйнага сойма, дзе гнезненскі арцыбіскуп абвясціў Генрыка вялікім князем літоўскім і каралём польскім з умоваю, што, калі новы гаспадар забудзе пра свой подпіс пад артыкуламі, усе жыхары Рэчы Паспалітай зробяцца ад вернасці яму вольнымі.
Мой Богусь вяртаўся з Варшавы не ў гуморы. He знайшлі, казаў, гаспадара сярод сваіх, не будзе краіне выгоды і ад француза. Так яно і сталася. Жаніцца з Ягелонкаю Валезы занатурыўся, бо ніколі і не збіраўся, прагнучы за любы кошт пабрацца з іншаю паняй, якую завуць уладаю. Яе адну і любіў, а дзяржава наша была яму як заезны дом падарожнаму. Калі ў Францыі сканаў ягоны брат-кароль — відаць, не дараваў яму Госпад рэкаў крыві, пралітай у Барталамееўскую ноч, — Генрык не захацеў затрымацца ў дзяржаве нават на дзень.
Сенат выдаў пастанову, што дазвол на ад’езд можа даць каралю адно вальны сойм. Валезы з пастановы пасмяяўся і ўначы падмазаў пяты. Шляхта наладзіла пагоню, падкаморы каронны Ян Тэнчынскі здагнаў уцекача, ды не дамогся нічога, апроч слова вярнуцца ў Рэч Паспалітую, як уладкуе свае французскія клопаты. Абяцанкі-цацанкі! У Парыжы Валезага абралі каралём, і наша краіна яго ўжо не абыходзіла. Так на ўцеху ворагам Княства і Кароны пачалося другое бескаралеўе.
Віленскі сойм пастанавіў абраць гаспадаром Эрнэста Габсбурга, ды тое засталося на паперы. Тады сенат абвясціў каралём і вялікім князем яшчэ аднаго немца, імператара Максіміліяна, але шляхта не пагадзілася і аддала галасы трансільванскаму князю Стэфану Баторыю, ці, як у нас яго завуць, Сцяпану Батуру. Дзеля трона мусіў ён воленс-ноленс пабрацца з той самай Ганнай Ягелонкаю, якой ішоў пяцьдзесят пяты год і якая была старэйшая за свайго нарачонага на цэлыя дванаццаць гадоў.
Тры гады таму Батура каранаваўся ў Кракаве, але наша шляхта прызнала яго вялікім князем толькі пасля таго, як выдаў грамату, што Карона і Княства — дзяржавы ва ўсім роўныя, што палякаў ваяводамі ў Княства прызначаць не будзе, а соймы будудь збірацца па чарзе то ў Польшчы, то ў нас, у Літве.
Як бы радаваўся пан Богусь, каб пачуў, што кароль Стэфан пацвердзіў Княству ўсе дзяржаўныя правы! Але яго, майго першага нявенчанага мужа і заступніка, ужо не было на свеце.
Падлі віна, Юста!
Трэцяе лета сыходзіць, як прывезлі пана Богуся зраненага і такога знябытага, што заносілі ў дом на руках. На Віленскім шляху ён запыніўся са сваімі людзьмі ў аўстэрыі і трапіў у маскоўскую засаду. Стральцоў з Тураўлянскага замка — спапялі яго сваім
гневам, Госпадзе! — прыпадала на кожнага нашага па трое. Добра хоць, што здолелі адарвацца ад пагоні.
За колькі тыдняў мы са старой пані Корсакавай ды зялейніцай Грыпінкаю, што гатавала ўзвары і прымочкі, раны нашаму маладому гаспадару загаілі, але сіла да яго не вярталася. Грыпінка вызначыла, што стралецкае зялеза перацяла пану Багуславу жыццёвую жылу.
Збіўшыся з ліку дзён, я сядзела пры маім Богусю, то чытаючы яму, то вартуючы ягоны цяжкі сон і прыслухоўваючыся да слабога дыхання. Ен заставаўся ў ясным розуме і, калі пачуваўся трошкі мацней, браў мяне за руку і апавядаў пра Італію ды іншыя краі. Я чула розныя дзівосы: пра горы са снегавымі шапкамі, што не растаюць і ў самае спякотнае лета, пра горад, дзе заміж вуліцаў — рэкі і людзі ездзяць адзін да аднаго на лодках, а дамы вырастаюць проста з вады. Ен казаў пра звера малпу, што падобны да чалавека, але мае хвост і начуе на дрэвах, прывязаўшыся гэтым хвастом, як вяроўчынай, да галінаў. Побач з малпамі, далёка за морам, жывуць людзі з чорнай, як сажа, скураю. Ен расказваў і пра само мора, што мяняе колер, падымаецца і апускаецца, спакойна спіць і раз’ятрана разбівае караблі.
Мора здавалася мне найвялікшым дзівам, і пан Богусь абяцаў, што неадменна пакажа мне яго, але я ўжо не давала веры, што ён некалі ўстане. Дзень пры дні яго рука ставала ўсё слабейшаю, нібы жыццё выцякала з яе невідочным тонкім струмком.
Аднойчы ўвечары ён папрасіў мяне распрануцца і легчы з ім. Мне раптам здалося, што здолею абудзіць яго плоць і вярнуць майго Богуся да жыцця. Я лашчыла яго, як толькі ўмела: цалавала, пакусвала, як яму заўсёды падабалася, смочкі, прынікала вуснамі да таго, што калісьці гэтак хутка вырастала і запаўняла, здавалася, усю мяне...
Але яго плоць маўчала.
Некалі мае грудзі імгненна запальвалі яго, нават выснажанага шматдзённымі ловамі. Гэтым разам Богусева рука таксама, нібы ўзгадаўшы тыя дні, пацягнулася да грудзей, аднак яе дотык быў бязважкі — як быццам сеў, склаўшы на момант крылцы, матылёк.
Мяне працяла горкае веданне, што ён ужо ніколі не падвядзе мяне да люстра і не запаліць свечнік, не абдыме, не зможа кахацца... Я зразумела, што ў яго ў вачах блішчэлі не водбліскі жадання, а слёзы.
Я не заплакала — абняла яго сама і чытала пацеры, пакуль не правалілася ў сон, а калі прачнулася, мой Богусь ужо схаладнеў.
Ен адышоў, не даведаўшыся, што ў мяне пад сэрцам варушыцца дзіця. Часам мне нясцерпна — так, што мусіла сціскаць вусны — хацелася сказаць пра гэта. Я думала, нашае пакуль не народжанае малое ўтрымае Богуся на свеце, ды знахарка Грыпінка ўгаворвала мяне маўчаць, каб — наадварот — душа майго мужа не паклікала следам душу дзіцяці.
Можа, дарма паслухалася Грыпінкі, хоць пан Богусь напраўду забраў з сабою яшчэ адну душу. Пасля хаўтураў пані Корсакава пачала таяць, як свечка, і сарака дзён па сыне ўжо не прычакала. Нейкая сіла не дазволіла мне адкрыцца і пані Мальгрэце, якая сышла ў магілу, не ўведаўшы, што будзе мець унука ці ўнучку.
Яна пакінула мне маёнтак, а пан Багуслаў — чатырыста чырвоных злотых ды ліст да віленскага шляхціча Якуба Неміровіча, з якім вучыўся разам у Італіі і якога прасіў узяць мяне ў сваю апеку. Апрача таго, у спадчыну ад Богуся застаўся вось гэты, ён у мяне і зараз на безыменным пальцы, пярсцёнак з тайніцай, што паспрыяў мне болей і за грошы і за ліст, бо пан Якуб апекавацца мною мог адно з нябёсаў: недзе пад Глыбокім маскоўская куля ўжо заручыла яго з зямлёй.
Стральцы з Тураўлянскага замка наляцелі, як шулякі, назаўтра пасля пахавання пані Мальгрэты. Той
жах трэба зачыніць у памяці ў самай далёкай спіжарні на цяжкі замок і выкінуць ключ у бяздоннае возера.
Баярскі сын, што прывёў стральцоў, болей выдаваў на чалавека, які моліцца не Хрысту, а Алаху.
Ліхадзеі шныпарылі па хлявах і свірнах, з конскім гігатаннем цягнулі ў адрыну маладую ахмістрыню Завею, ганяліся па двары за дзяўчатамі. Сам стралецкі верхавод, секануўшы шабляю фурмана Шэмета, што заступаў яму дарогу, уварваўся да мяне ў спачывальню. Вузкія сонныя вочы загарэліся юрам, а рэдкая рудая барада паказала ў пажадлівай ухмылцы жоўтыя зубы.
Я жагналася і прасіла не чапаць мяне, кажучы, што толькі днямі пахавала мужа і ягоную маці, ды мае благанні толькі распалялі баярскага сына. Ен ашчаперыў мяне, памацаў грудзі і крумянкі і, зацмокаўшы языком, паабяцаў забраць з сабою ў замак, а пакуль загадаў чакаць яго з лазні.
За дзвярыма тырчаў гэтаксама падобны да нехрысця вартавы. Адчыніла вакно — пад ім уладкаваўся яшчэ адзін барадаты бамбіза. Заплачу золатам, сказала я, паказаўшы жменю дукатаў. Ен імгненна згадзіўся, высыпаў грошы ў гаманец, а калі я села на падваконне, каб саскочыць у сад, зарагатаў і прыставіў мне да грудзей вастрыё алебарды. Каля ног у нелюдзя стаяў збан з медавухай, і як толькі мае вочы змецілі гэта, я ўжо ведала, што рабіць.
Лазня не змыла са стралецкага верхавода ні зладзейскага поту, ні нейкага саладкавага паху, пра які ў мяне мільганулася думка, што, можа, так пахне кроў. Масковец быў ужо моцна захмялелы і, угледзеўшы на стале штоф з мёдам-трайняком і дзве налітыя шкляніцы, аж закалаціўся ад радасці. Я не ведала, як хутка забівае атрута з майго пярсцёнка, а таму схавала пад падушкаю Богусеў італійскі корд з гострым, бы змяіны язык, джалам.
Усё ледзь не пайшло прахам. Заместа таго каб піць
са шкляніцы, ён прысмактаўся да штофа, але, на шчасце, адляпіўшыся ад рыльца, перакуліў у рот і шкляніцу.
Баярскі сын паспеў зачыніць дзверы на засаўку і ступіць да мяне два крокі. Я сціснула пад падушкаю тронак корда, але трэці крок стаўся для маскавіта апошнім.
Атрута з пярсцёнка забівала без пакутаў.
Я асцярожліва зірнула ў вакно. Вартавы прыткнуў алебарду да сцяны і, ашчаперыўшы парожні збан з-пад медавухі, хроп, быццам ерыхонская труба. Пакуль апусцілася ноч, мне наканавана было пабачыць, як брыла, нібы непрытомная, з адрыны Завея і як на ябльіні стральцы павесілі старога Гіршу. Выскачыўшы з вакна, я першы раз спынілася, каб звесці дых, толькі каля Вітаўтавых талерак.
Ты, Белагаловая, зрабіла б тады на маім месцы тое самае. Але ты не патрапіла ўратавацца...
Адкуль, з якога прыгулку выходзіш ты ўначы? Каго пакінула на гэтым свеце? Ці даў табе Бог тваю крывінку, твой працяг?
Мой хлопчык, якога хацела назваць Багуславам, нарадзіўся ў Вілыгі нежывы. Лекар з Замкавай вуліцы, нечым падобны да кажана немец з сумнымі вачыма, сказаў, што — колькі б ні дзяліла я ложа з мужчынамі — болей дзяцей у мяне не будзе.
А дождж не сунімаецца, быццам няўцешна плача сама гэтая зямля. У намёце непрытульна, як у сутарэнні. Здаецца, сырым зрабілася ўжо і паветра, і сам час, у якім я чакаю яго мосць караля і вялікага князя. А можа, цябе, Белагаловая?..