• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ля дзікага поля  Уладзімір Арлоў

    Ля дзікага поля

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 302с.
    Мінск 2010
    61.5 МБ
    — He са свінняў мы, а з крычаўскіх гарматнікаў, якім яшчэ сам кароль Сцяпан Батура вольнасці вялікія даў і якія маскоўскіх людзей пушкарскай справе навучалі. I на лаціне мы тваёй бл...й мосці таксама
    сказаць сёе-тое агораем. Нон бэнэ про тота лібэртас, — кажу, — вэндытур аўра.
    He прадавайце, значыцца, волі ні за якое золата.
    Яны з князем вачыма лыпаюць, а ў мяне сэрца ад радасці скача, што гэтак усё спрытна атрымалася. Вось табе, княжа, мой адказ. А цяпер загадай назад у астрог весці, пайду да Абрама на пачостку збірацца.
    Радзівіл з твару пацямнеў і з пістоляю гуляе. Ну, думаю, калі стрэліць зараз, дык і зусім добра, не трэба будзе пудзілам на палі тырчаць. He ведала яшчэ мая душа, якія ёй пакуты перажыць наканавана. Так лёгка зрабілася, нібы памерці — гэта як Сож улетку пераплысці.
    Вось у тую хвіліну ён і сказаў:
    — Слухай, Карпач, а калі загадаю пяць тваіх сяброўбаламутаў памілаваць, тады мы з табой піва зварым?
    А потым:
    — Бяры яшчэ трох. Няхай якраз палова будзе.
    I тут душа мая пахіснулася, а князь, гэта ўбачыўшы, пяро схапіў і прыспешвае: давай яму імёны хутчэй, каго я паслязаўтра з палі ды з шыбеніцьі зняць хачу.
    — Восем жывых душ, — кажа, — у твае рукі аддаю. На ўсе чатыры бакі пойдзеце. Хочаце — ціха жывіце, хочаце — на Сеч падавайцеся або тут, у старостве, зноў казаччыну заводзьце. Думай, Карпач!
    He ведаў я, што рабіць, і, каб час выгадаць, папрасіў княжага дазволу ў пабрацімцаў сваіх у астрозе спытацца.
    — Тьі што, гарматнік, — рагоча, — з глузду з’ехаў? Як ты ў іх пытацца будзеш? Хто з вас жыць хоча, a каму гэты свет агоркнуў?
    Праўду князь казаў. Але як гэта, думаю, адных уратаваць, а другіх на смерць асудзіць? Я ж не Бог, a чалавек грэшны, ніхто мне такой улады не даваў.
    — Як жа я, — пытаюся, — у вочы іхнім сіротам і ўдовам глядзець буду — тых, каго на смерць выраку?
    — А навошта, — князь кажа, — ім у вочы глядзець? У маярат, у Белую, забяру. Там у мяне, гарматнік, інфантэрыі шэсць тысяч, ды гусарыя з кавалерыяй, ды аддзел гран-мушкецёраў, як у французскага караля. Генералам зраблю або над артылерыяй пастаўлю.
    — А сумленне? — пытаюся.
    А князь:
    — Ды дзе яно? Бачыў ты яго калі-небудзь ці, можа, рукамі мацаў?
    У яго, маўляў, лёкай адзін ёсць, дык ён, лёкай гэты, хваліцца любіць, што за сваё сумленне сем козаў купіў.
    — А я табе, Карпач, — смяецца, — лепшую цану даю — жыццё. I не адно, а разам з тваім цэлыя дзевяць жыццяў. — I зноў за пяро: давай яму ў рэскрыпт імёны.
    — Няўжо твая мосць думае, — адказваю, — што з такім цяжарам на душы жыць можна? Ды гэтыя пабрацімцы мае неўратаваныя не тое што ў Белай — на краі свету да мяне кожную ноч прыходзіць будуць.
    Задумаўся князь на хвіліну і на немачку сваю прыцыкнуў, якая зноў нешта гергетаць пачала.
    — Добра, гарматнік, — гаворыць, — калі ўжо ў цябе душа такая далікатная, можаш не восем, а дзевяць сваіх баламутаў ратаваць. Скеміў? Гэты дзевяты на тваё месца стане, а ты — на ягонае.
    Мучыўся я, быццам той падарожны каля баечнага каменя, ад якога сцежкі разыходзяцца. I такая роспач узяла, што хоць ваўком вый, хоць крыкам крычы, ды не дакрычышся ні да кога і сам гэтую сцежку выбіраць мусіш. А князь, каб на ім шэрсць курэла, навылёт бачыць, што ў мяне ў душы робіцца. Прабегся па залі і зноў да немачкі сваёй кучаравай на калені, як кот марцовы, ускочыў.
    — Падумай, — кажа, — Карпач. Або перапішаш, або ўсіх — на той свет. Тэрцыум нон датур — калі такі ты ў нас вучоны, што і лаціну ведаеш. Ідзі. Ноч табе на роздум.
    Вярнуўся я ў камору і ў сваім куце на салому паваліўся, бо выснажаны быў, як пасля самага лютага катавання. Усе вакол сабраліся, і Сымон Варона пытаецца: «Зноў над жарам падвешвалі ?» — «Горай», — кажу і замаўчаў, не мог ім нічога сказаць. I яны, пабрацімцы мае, якія мяне першым пасля Вашчылы прызнавалі, таксама маўчалі, усё роўна як ведалі, штб мне Радзівіл сказаў, ведалі, што, калі будзе натое мая воля, магу з кожных двух аднаму жыццё пакінуць. Каторыя нават бліжэй пераселі, нібы нагадвалі, каб часам на іх не забыўся. Абвёў я іх усіх вачыма і чую: сэрца разрываецца.
    Розныя сярод пабрацімцаў маіх людзі былі. Двое ці трое заўсёды скрыва на мяне пазіралі, бо не маглі ў розум узяць, чаго я дамагчыся хачу. У кублах, маўляў, сала з каптуром, шасткі ад шынак ды кілбас ломяцца, і ў полі, і ў хляве ўсё родзіць, плодзіць і зводу не ведае. I млын з фолюшам мае, і прывілеі ў іх, у Карпачоў, ад караля, і бурмістрам абраны. Яму што — мала? Іхняя праўда: і млын меў, і ў свіронках мышы ад голаду не здыхалі, і ў склепе грыбоў ды сочыва хапала. Але як такому, што не кожны дзень хлеб меў, давядзеш: не той ва ўсім гэтым смак, калі на сваёй спрадвечнай зямлі ты быццам прымак жывеш, ніякай улады не маючы? Калі нават мову, на якой нашы законы пісаныя, у нас забралі, і ў магістратах, і ў судах усё спрэс па-польску. Хіба лёгка галоднаму ўтлумачыць: тое мне трэба, што ў кубле на зіму не засоліш? Нашаму народу Бог гэтую зямлю даў, значыцца, і ўлада нашая тут быць мусіць. Яшчэ калі мяне на свеце не было, дзед мой Зміцер ды бацька Ілля з крычаўскімі мяшчанамі жаўнераў харугвы Рыгора Агінскага, харунжага Вялікага Княства Літоўскага, што ў старостве на пастоі была, стралялі і шчупакоў імі ў Сажы кармілі. Відаць, такой пячаткаю вальналюбнай уся наша радзіна пазначана...
    Быў сярод тых шаснаццаці, што разам са мною смерці чакалі, і аднайменнік мой Іван Крывуля. Калі мы прыступам на Крычаўскі замак пайшлі, ён адзін трох грэнадзёраў у рукапашнай паклаў. Але, пэўна, такая ўжо натура ў чалавека паганая, што найперш я не пра смеласць ягоную падумаў, а пра тое, што ён пяць гадоў таму ў мяне трыста злотых пазычыў і дагэтуль не аддаў. Ды хіба ж мог я яго за гэтыя злотыя на смерць асудзіць?
    А яшчэ сядзеў у каморы чалавек, што адбіў у мяне калісьці дзяўчыну і сабе за жонку ўзяў. Але ж не магу я чалавека праз тое губіць, што на жонку ягоную грэшным чынам і цяпер паглядаў, асабліва як Домна мая, гаротніца, лёгачнай пошасці не здужала?
    Ну і такія там былі, што без дай прычыны не надта мяне ганаравалі, і я іхнюю нялюбасць чуў і сам не дужа да іх гарнуўся. Аднак каб за гэта смерцю караць... He было б мне тады даравання ні перад Богам, ні перад самім сабою.
    He мог я іх на скон асудзіць, а набралася гэтых пабрацімцаў маіх акурат восем. Дык што ж тады выходзіць: іх ратаваць, а тых, што да сэрца бліжэй, — на шыбеніцу? Васіль Вецер самога ад смерці збавіў, калі пад замкавым валам мяне гусары абкружылі і вязаць пачалі. Сымон Варона — во ўжо вясёлая душа, пэўна, і на шыбеніцы показку раскажа — сусед, у паўстанні ад першага дня. 3 Андрэем Косткам на адной вуліцы раслі. Ігнат Малунёнак тры месяцы ў асеці хаваў, калі дзяржаўцы Іцкавічы хоць з-пад зямлі мяне дастаць загадалі і душу выняць.
    Каго ратаваць, Божа? I схіляўся я ўжо да таго, каб княжую цану прыняць. Няхай, думаў, хоць палова нас ацалее, хоць жменька зярнят будзе на новую вясну сеяць. Паснулі пабрацімцы даўно, а я ўсё лічыў ды рахаваў і так і гэтак. Забыўся і на холад, і на вошай са скочкамі, ні храпу не чую, ні духу цяжкога ад цэбра — быц-
    цам не на прэлай саломе пад кажушком кручуся, а на высознай гары стаю і вакол адно морак непрасвяцімы.
    I раптам нібы зорка ў гэтым мораку запалілася. Скажу ўсё пабрацімцам! Хачу, маўляў, каб палова з нас дзеля нашай крэўнай справы з астрога выйшла. А каму жыць, каму паміраць — няхай Бог рассудзіць! Хто кароткую саломіну выцягне — бывай, братка, a хто даўгую — на волю пойдзе. I сам разам з усімі канавацца буду. Ну а тыя, каму жыць выпадзе, зноў людзей падымуць і за ўсё паквітаюцца. I з Радзівілам, і са сваімі здрайцамі.
    He паспеў я думку гэтую дадумаць, як перад вачыма Саўка Маўчун мільгануўся. Вось па кім па першым вяроўка плача! Праўду кажуць: хто ціха ходзіць, той густа месіць. Замясіў Маўчун на нашай крыві сабе пірог, ды хутка падавіцца. Але вось жа дзіва якое: цешыцца мая душа мусіла, што хутка знойдзем мы свайму пабрацімцу былому асінавы сук, аж не — успомніў пра Саўку, і адразу нейкі кіпцюрык сэрца шкрабануў, а па радасці расколінка прабегла. Аднак не зважаў я на гэта, а ўсё думаў, як мы зноў мяшчан і валашчан на князя падымем, і пэўны чамусьці быў, што сам даўгую саломіну выцягну.
    Так няўзнак і заснуў, і сасніўся мне сон, нібыта косім мы з Маўчуном у нас на Лашнеўскім поплаве, a якой парою — не зразумець: ці то вечар позні, але нешта ноч не надыходзіць, ці то світанак, ды ніяк сонца не падымецца. Косім мы ў гэтым дзіўным сутонні, Саўка паперадзе касой махае, а я з сілы выбіваюся і ўсё адно дастаць яго не магу. А ён яшчэ касу мянціць спыніцца і смяецца. Праўда, не здзекліва, а быцпам лагодна, як свайму. Дайшоў Саўка ўжо да краю поплаву і новы пракос мне насустрач пачаў. Параўняліся мы, вынялі з-за халяваў мянташкі, пачалі косы гастрыць. I тады ён да мяне: «Давай, — кажа, — косамі мяняцца». — «Давай», — адказваю, а сам радуіося: ну,
    цяпер ад яго не адстану. Памяняліся, і сапраўды стаў я сажань за сажнем даганяць. Прыстоіў касу падмянташыць, ацёр яе травою і бачу: каса Саўкава ў крыві. Ну, думаю, качанё падлезла ці іншы які птах трапіўся. Яшчэ раз выцер — усё адно кроў на касе. Я зноў выціраць, а кроў з самога жалеза кроплямі выступае. Такі мяне страх апанаваў, што рукі здранцвелі і няма змогі гэтую страшную касу ў кустоўе закінуць. Зірнуў я на Саўку, а ён ужо не ў кашулі косіць, а ў чырвоным кунтушы і з шабляю на баку. I тады толькі ўспомніў я там, у сне, хто такі гэты Саўка. Хачу ягоную касу крывавую ад рук адарваць, а яна — быццам прырасла.
    Тут пад сваім кажушком і прахапіўся. Сон зляцеў, і такая туга навалілася, што радасці ды палёгкі, з якімі засынаў, ні каліва нават на самым донцы не засталося. Думаў я пра гэты дзівосны сон — і чым болей думаў, тым болей разумеў, што нездарма да мяне Саўка Маўчун прыходзіў, нездарма.
    Быў гэты Саўка халоп шляхціча Галынскага і, як паўстанне пачалося, падняў свайго пана на сахор проста пасярод двара, а потым да нас падаўся. Ваяваў смела ды яшчэ з дубу гарматы рабіў: хоць яны адно раз стрэліць маглі, але службу нам саслужылі добрую. Каб гэткіх гарматаў паболей, можа, і ўзялі 6 мы Крычаўскі замак. Атак палкоўнік Пястжэцкі пад замкам паўтысячы нашых людзей паклаў, а блізу сотні ў палон забраў і на смерць засудзіў: палову павесіць, a другую — на палю. А сталася, што акурат тымі днямі крычаўскі містр* вепрука біў ды руку пашкодзіў. Палкоўнік і абвясціў, што, калі хто з бунтаўшчыкоў містра заменіць, таму ён жыццё пакіне. Як абвясціў, так Саўка і вызваўся. Без малога сотню палонных з душой разлучыў і так палкоўніку Пястжэцкаму спадабаўся, што загадаў той старому містру сорак бізуноў даць і з пасады далоў, а містрам Саўку паставіў.