Ля дзікага поля
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 302с.
Мінск 2010
Тысяча дзвесце караблёў, але ніводзін з іх не прывёз тых, каго ён найболей чакаў. Прыехалі не жонка з сынам, якім з першага дня тут былі падрыхтаваныя адмысловыя пакоі, прыехала пані Валеўская, яго колішняе каханне. А Марыя-Луіза так і не выбралася сюды з недалёкае Пармы. Яму дакладвалі, што нейкі афіцэр у мундзіры венгерскага гусара хутка суцешыў несуцешную імператрыцу. Афіцэр бліскуча грае на клавесіне, а Марыя-Луіза да самазабыцця любіць музыку... Але ён велікадушны, ён дараваў гэтай зямной жанчыне, якую ягонае каханне таксама зрабіла неўміручай. Ён дараваў ёй на ўсё жыццё наперад, бо яна падаравала яму спадкаемца, якому ён даў пры нараджэнні тытул рымскага караля і якому перадасць імперыю.
Той пірат-афрыканец пытаўся ва ўсіх, чаму французы здрадзілі свайму зямному богу. Тады ён, імператар, зразумеў, што небяспека ад марскіх разбойнікаў яму ўжо не пагражае. Пад сцягам імператара Эльбы пачалі неўзабаве плаваць усе гандлёвыя караблі з Генуі, Ліворна, Чывітавэкія.
Гэты сцяг — тры залатыя пчалы на белай асноведзі з касымі чырвонымі палосамі — падняты ўжо і на караблях яго маленькага ваеннага флоту.
Наперадзе невядомае, але калі гісторыя — плоць часу, дык ён — творца гэтае плоці.
Французы вераць, што ён здольны выгнаць ненавісных Бурбонаў і арыстакратаў. Спадзяванні народа хутка спраўдзяцца.
Ён рэзка — нібы ўдар шабляю — апускае руку, і пасадка пачынаецца. Шэсцьсот старых грэнадзёраў, чатыры сотні карсіканскіх стралкоў, сотая польскіх кавалерыстаў — усё яго сённяшняе войска...
На момант тое, што адбываецца, здаецца яму тэатрам. Заслона паднятая. Пачалася новая дзея.
Няхай тэатр, думае ён. Але сцэнаю зноў будзе цэлы свет.
Гнаная лёгкім спадарожным ветрам флатылія — дзве фелюгі і пяць ненашмат большых вадаплаваў — ужо аддаляецца ад порта. Агні ілюмінацыі спачатку страчваюць колеры, потым зліваюцца ў суцэльны зіхоткі пасак.
Раптам наперадзе ён бачыць у месяцавым святле карабель і пазнае французскі каралеўскі фрэгат «Зефір». Няўжо Бог пакіне яго і гэтая дзея ягонае драмы скончыцца, ледзь паспеўшы пачацца?
Фрэгат, мяняючы галсы, імкліва набліжаецца. Ён, імператар, дае каманду рыхтавацца да бою, ды перад гарматамі ваеннага карабля яго флатылія, па сутнасці, безабаронная.
На фрэгаце ўжо ўбачылі сцяг з залатымі пчоламі.
— Як маецца імператар? — кпліва крычыць са свайго мастка капітан каралеўскага карабля.
— Цудоўна! — патрапляючы яму ў тон, адгукаецца капітан фелюгі. — Імперыя квітнее!
— Прывітанне імператару ад іх каралеўскае вялікасці! — ляціць з фрэгата. — Сем футаў пад кілем!
Патрульны фрэгат ужо далёка ззаду. Неба спрыяе. Ён сам перадасць прывітанне іх каралеўскай вялікасці.
Паказваецца бераг. Ен загадвае падняць заміж эльбскага сцяга трохкалёрны французскі і раздае жаўнерам стужкі на ордэн Ганаровага легіёна.
Знячэўку бездакорная логіка сну парушаецца, і сярод вусатых твараў грэнадзёраў мільгае жаночая галоўка з русымі кудзеркамі.
На карме, падставіўшы злёгку птушыны профіль ветру, стаіць маленькая жанчына ў белай сукенцы з палярынай.
Аднаўляючы суладнасць снення, ён выганяе няпрошаную госцю з фелюгі, аднак разам з яе юным, незнаёмым, а мо і сустраканым недзе, але забытым, задаўненым тварам пакрысе знікаюць і твары жаўнераў. Спярша яны робяцца празрыста-бязважкімі, потым, падхопленыя ветрам, адлятаюць у марскую далеч у чарадзе белых чаіц. Следам ляціць вялікі чорны птах, у якім ён пазнае сваю трохвуголку. Але яна мае крылы і драпежную дзюбу, акурат як на агіднай ці то ангельскай, ці то расейскай карыкатуры, дзе ягоны, імператараў, профіль утвораны з гары трупаў, з вусцішнага перапляцення чалавечых рук і ног.
Ён застаецца на фелюзе адзін. У руках у яго апошняя ордэнская стужка. Вецер шкуматае ўчарнелы раптам ветразь, вырывае сгужку, абкручвае яе вакол шыі і цягне яго пад слямгу. I ўсё ж яму стае змогі выпрастацца і гучна загадаць ветру ўгамавацца.
Ветразь набывае ранейшы белы колер, грэнадзёры вяртаюцца са свайго выраю, ды ўжо насоўваецца непазбежнае абуджэнне.
За вокнамі глуха шумяць дрэвы. Знаходзячы нябачныя шчыліны, вецер пранікае ў спальню і зыбае ў кандэлябры агеньчык начной свечкі. Скрозь прачьіненыя дзверы чуваць сцярожкія крокі. Камердынер ужо ўстаў.
Мой верны Луі, думае імператар на гэтай няпэўнай мяжы явы і сну, у які ён так прагне вярнуцца. Луі Маршан, аднайменнік таго генерала Маршана, камандзіра грэнобльскага гарнізона...
Праз колькі дзён пасля высадкі ў Кане генерал вырашыў падняць баявы дух гарнізона паведамленнем, што людзей у яго, імператара, зусім мала, усяго адна тысяча. «Чаму вы не лічыце нас?» — адказаў на гэта нейкі мужны гвардзеец.
Але генерал Маршан усё ж паслаў насустрач яму заслон.
Імператар заплюшчвае вочы, і бог Марфей падначальваецца ягонай волі.
Грэнобльцы зусім блізка. Так блізка, што чуваць бразгат зброі. Ен загадвае сваім жаўнерам спыніцца і пакласці стрэльбы на левае плячо, а сам ідзе насустрач тым, каму загадалі забіць яго.
— Вось ён! Страляйце! — крычыць ад’ютант Mapmana, але грэнобльцы маўчаць і трасуцца ад страху.
— Жаўнеры пятага палка! Вы пазналі мяне?
Ен здымае капялюш і расхінае паходны сурдут.
— Калі сярод вас ёсць гатовыя страляць у імператара, я ахвотна аддаю сябе вашым кулям!
— Vive 1’empereur!
Лічаныя дні застаюцца да таго, як на ягоны бок пяройдзе пасланы каралём Нэй. Яны разам увойдуць у Парыж. Ен заваюе Францыю за тры тыдні, не зрабіўшы ніводнага стрэлу.
— Vive 1’empereur!
2
У спальні яшчэ лунае водгулле вівату.
Знадворку неахвотна цэдзіцца скупое святло. Па шырокім бляшаным падвоканні сякуць струмені ранішняга дажджу.
Першым чынам імператар прыслухоўваецца да свайго цела і з радасцю адчувае, што сёння яму лепей. Ён не хоча варушыцца, баючыся, што ўсцешлівае адкрыццё станецца падманам, але ўсё ж наважваецца падняць руку, потым падкурчыць і выпрастаць ногі. Упершыню за шмат дзён болю няма, і ён пачуваецца амаль здаровым.
Яму сорамна за спароджаную болем учарашнюю мару дажыць да наступнага траўня, да дня, калі ён быў абвешчаны імператарам французаў.
Ніякавата і за напісаны ўчора тастамант, адрасаваны ўсім валадарам Еўропьг Пакі'даю ваму спадчыну жах і іаньбу ліаіх апошніх дзён...
Ён яўна паспяшаўся. Можа, і не на адзін год...
Перажытае ў сне ўзрушэнне працягвае трымаць у сваёй гаючай абладзе, і ён просіць Усявышняга, каб пазбавіў болю хоць да вечара, да вяртання ў выратавальнае йарства сну.
Ну а што да сноў, дык тут ён з ранняе маладосці адчувае сябе амаль роўным Богу. Здольнасць зноў перажываць уначы нават самыя далёкія дні — да драбніцаў выяўна, з усімі падзеямі, з аналізам дзяржаўных спраў, з імёнамі, з пачуццямі і адценнямі пачуццяў, гэтую здольнасць ён здавён лічыць адной з праяваў свае геніяльнасці. Дастаткова нязначнага намагання думкі — і ў сне ён трапляе ў родны дом у Аяча або ў Брыенскую вайсковую школу, пад Аўстэрліц або пад Фрыдлянд... Ён здольны спрасаваць некалькі дзён у адну ноч, а можа, наадварот, запаволіць раку часу і, як гурман смакуе ўлюбёную страву, перажываць падзеі аднаго дня дзве ці тры ночы запар.
Почасту яму здаецца, што гэта зусім не сны, што невідочная, незваротная для астатніх плынь часу падуладная яго волі і ягоны карабель імкліва ляціць супроць гэтае плыні, робячы прыпынкі ў абраных ім партах.
Дзверы спальні, як заўсёды, прачыненыя, але крокаў не чуваць. Напэўна, Луі піша ў кутку за канторкай. На добры лад, штодзённыя запісы камердынера трэба было б старанна адрэдагаваць, каб у рукі нашчадкаў не трапіла нічога неістотнага і нявартага памяці пра яго. Напрыклад, сумленна занатаваных звестак, што перад ад’ездам сяброў і знаёмых з вострава ён, імператар, дорыць кожнаму ўласныя валасы.
Праўда, у гэтых падарунках ёсць свой разлік. Яго новы лейб-медык Антамаркі лічыць, што лабараторнае даследаванне валасоў (на жаль, абсалютна немагчымае тут, на востраве) магло б выявіць утрыманне мыш’яку і адказаць на пытанне, што займае ягоны розум не першы месяц. Дакладней — з таго часу, як яго пазбавілі чалавека, якому ён верыў так, як Аляксандр Македонскі свайму лекару Філіпу.
Вайсковы доктар ангельскага флоту ірландзец О’Міра служыў на караблі, што вёз імператара ў выгнанне. Ен пазнаёміўся з доктарам, узышоўшы на гэты плывучы кавалачак варожай тэрыторыі, і ўжо не разлучаўся да самага ягонага ад’езду. Шмат разоў ён вяртаў сабе тыя дні ў снах — іхнія з доктарам падарожжы ў экіпажы, верхам і пешкі, няспешныя гутаркі з жыхарамі вострава і з іх дзецьмі, якія заўсёды нагадвалі яму сына.
Калі пасля тых вандровак ён садзіўся пісаць мемуары, пяро лёгка бегала па паперы, а былі дні, у якія яму здавалася, што ён узяўся за мемуары занадта рана, што ўсё яшчэ магчыма.
Такое адносна вольнае жыццё доўжылася, пакуль на востраў не прыбыў адмірал Гудзон Лаў.
Вельмі хутка ён пачаў называць новага ангельскага губернатара не іначай як «мой кат».
Тупы і баязлівы адмірал, відаць, і ў сне калоціцца ад страху, што яго зняволены ўцячэ. Даходзіць да смешнага. Губернатар загадаў абкапаць ягоную, імператараву, рэзідэнцыю Лонгвуд равамі і абкружыць суцэльным ланцугом вартавых. Сам Лаў або яго афіцэры ўвесь час блукаюць вакол дома: яны павінны штодня бачыць палонніка. Каб прымеў, губернатар, мусіць, збудаваў бы вакол рэзідэнцыі нешта накшталт Вялікай Кітайскай сцяны.
Імператар звоніць, і ў дзвярах імгненна вырастае цыбатая постаць Луі.
Адзяваючыся, ён ніяк не можа абагнацца ад думак пра свайго ката. Гэтая сумесь сіцылійца з прусаком альбо выконвае загад засмажыць яго на павольным агні, альбо хоча забіць з асабістае нянавісці. Апрача ўсяго іншага, Лаў абрэзаў сродкі на ягонае ўтрыманне, і цяпер, каб прыстойна харчавацца, ён мусіць прадаваць сваё сталовае срэбра.
Неяк губернатар убачыў, што галіны аднаго з дрэў працягнуліся над ровам. Садоўніку было загадана неадкладна спляжыць дрэва і надалей сачыць, у які бок растуць галіны ў астатніх. Кажуць, у Лаўва быў такі выгляд, нібы яго палоннік ужо не на востраве, а недзе ў акіяне на паўдарозе да Францыі. Так можа дайсці да таго, што яму забароняць нават праходкі да крыніцы пад ягонымі вербамі.
Штодзённы, ужо амаль звыклы боль дагэтуль не вярнуўся, і на думкі пра губернатара кладзецца водцень самазадаволенасці. Ен, як прыкуты да скалы Геракл, усё адно ўнушае валадарам Еўропы, і найперш Бурбонам, смяротны жах.