Ля дзікага поля
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 302с.
Мінск 2010
Пісьменнік падняўся.
— Я не дазволю казаць пра жанчыну ў такім тоне!
— Спакойна, пісьменнік, — стомлена прамовіў кароль. — Ты ж не хочаш, каб заўтра ў сталічнай каналізацыі знайшлі свежанькі труп маладой прыгажуні. Пагатоў калі яна трахаецца як каралева, — з відочным задавальненнем паўтарыў ён. — Вось бачыш, не хочаш. I я цябе разумею. Такія экземпляры — наш нацыянальны скарб.
Жанчына прыціснулася да пісьменніка. Той абняў яе за дрыготкія адкрытыя плечы.
— Мне няма чаго сказаць вам, ваша вялікасць. Апрача таго, што... Вы ведаеце, кнігі, як і дзеці, нараджаюцца ў пісьменнікаў ад жанчын. Мы можам ісці?
— Ідзі і памятай, што ты як адзіны наш пісьменнік і адзіны кавалер ордэна Белай Мышы, — заўсёды пад маёй апекаю і абаронай.
— А яна? — пісьменнік узяў жанчыну за руку.
— А яна — пад тваёй. Ты ж моцны. У нечым ты амаль роўны каралю. Але ёсць і розніца. Кароль можа паклапаціцца пра пісьменніка лепей, чым пісьменнік пра караля. Ты памятаеш, што адказаў гішпанскі кароль на пытанне французскага калегі пра тое, як маецца Сервантэс?.. Ідзіце з Богам.
Застаўшыся адзін, манарх з хвіліну пасядзеў у задуменні, потым са смакам з’еў персік і выклікаў да сябе шэфа службы бяспекі.
Чалавек з абліччам сямейнага доктара-эпікурэйца ўжо чакаў за дзвярыма. Ен паставіў каля каміна дзве скураныя валізкі, выцягнуў нататнік і падрыхтаваўся да нечарговага даклада, ды кароль рухам рукі спыніў яго.
— Пісьменнік жыве адзін?
— Але.
— Гэта добра. Калі чалавек пазбаўлены сямейнае мітусні, ён засяроджваецца на вечных праблемах. Між іншым, цырымонія ўзнагароджання ўжо адбылася. Заўтра ў газеце з’явіцца паведамленне. Пісьменнік выступіў з узнёслай прамоваю.
— He зрабіць гэтага было б вяршыняю няўдзячнасці, — імгненна знайшоў патрэбны тон шэф бяспекі.
— Пагатоў атрымаўшы да ордэна дадатак ў выглядзе былой каралеўскай наложніцы. Зрэшты, табе ўжо далажылі. Сядай.
Кароль наліў суразмоўніку віна і падсунуў талерку.
— Дзе рукапісы?
Шэф бяспекі, перажоўваючы кавалак халоднай бараніньі, паказаў вачыма на прынесеныя ім пульхныя валізкі.
— Праблемаў з сябрам не ўзнікала?
— Мы душэўна паразмаўлялі, і я выправіў яго да пісьменніка за пяць хвілінаў да таго, як тэлефанаваць пра вашае запрашэнне. Пісака, вядома, адразу насцярожыўся, і праз гадзіну сябар сеў у таксоўку з гэтым вось багажом. Адзінае, што там кодавыя замкі. 3 эстэтычных меркаванняў я вырашыў іх не чапаць. Можаце зрабіць дэфларацыю ўласнымі рукамі.
— А што, нельга было спытаць код?
— Мы не паспелі, — крыху занепакоіўся шэф бяспекі.
— Што значыць не паспелі? — падазрона запытаўся кароль.
— Працавалі ў цэйтноце, — унікліва сказаў уладальнік бародкі-эспаньёлкі і асцярожліва змяніў тэму. — Ваша вялікасць, істотная акалічнасць: пісьменнік не прызнаваў кампутара і пісаў простай шарыкавай асадкай.
— Мне заўсёды падабаліся людзі кансерватыўнага складу, — заўважыў кароль. — Іх лепей разумееш. 3 імі меней клопату. Але ў свеце няма дасканаласці. Гэтыя людзі абцяжараныя сваімі старамоднымі ўяўленнямі. Таму клопату хапае. Якія варыянты развіцця сюжэта ты прапануеш?
Шэф бяспекі вырваў з нататніка спісаны з абодвух бакоў аркуш. Кароль прабег яго вачыма і незадаволена зморшчыўся.
— Ты ператаміўся. Першае абсалютна непрымальнае. I другое. I трэцяе. Папаўзуць чуткі. Пункт чатыры... Ты што, зусім з’ехаў з глузду? Сёння я чапляю табе на грудзі ордэн, а заўтра ты сам... Дарэчы, я падпісаў таемны ўказ. Насамрэч ордэн атрымаеш ты.
Начальнік бяспекі з неўласцівым яму, здавалася б, спрытам спружыніста ўскочыў і па-вайсковаму выцягнуўся.
Ордэн Белай Мышы па-ранейшаму ляжаў на ядвабнай падушачцы, пераліваючыся дыяментамі, якія ад пошугаў агню ў каміне набывалі густы крывавы колер. Кароль падняўся ўслед за познім госцем і прышпіліў яму ўзнагароду насупроць сэрца.
— Ну а цяпер скажы, ты хочаш заўтра ўчыніць суіцыд?
Манарх сеў і перагарнуў аркуш з прапановамі.
— Ужо лепей. А што?.. Стары добры сродак, выпрабаваны на філосафе. Толькі не проста доўгатэрміновая камандзіроўка, a — творчая. Творчая доўгатэрміновая камандзіроўка. Берлін, Рым, Парыж... Штотам яшчэ?..
У паведамленні для прэсы абавязкова падкрэсліць: за кошт дзяржавы. I гэта — святая праўда.
— Калі будзем выпраўляць, ваша вялікасць?
Адказ у караля ўжо быў гатовы:
— Мяркую, аптымальны час — сённяшняя ноч. — Манарх глянуў на старадаўні насценны гадзіннік з двума амурамі. — Скажам, а першай. Аформіш ад’езд уласнаручна.
— Жанчына?
— Каб яму не было сумна...
— А вы дазволіце?..
— Ах ты, стары грахаводнік!
— Ваша вялікасць, хіба не вы любіце паўтараць, што грахі — гэта ўчынкі, якія прыемна ўспамінаць?
— Яна ж будзе яшчэ цёпленькая ад ягоных абдымкаў...
— У гэтым ёсць свой шарм. За адным разам пакажам пісьменніку цікавае кіно. Так бы мовіць, на дарожку...
Апошнія словы каралю чамусьці не спадабаліся. Ён дэманстрацыйна глянуў на гадзіннік. Залатыя стрэлкі-алебарды рыхтаваліся сустрэцца на лічбе XII.
Пачуўшы, як «мерседэс» шэфа бяспекі крануўся, кароль загадаў неадкладна выклікаць міністра паліцыі.
Галоўны паліцыянт краіны быў поўнаю супрацьлегласцю шэфа бяспекі: высокі, падхорцісты і да бляску выгалены. Кароль сардэчна павітаўся з ім за руку, пасадзіў госця за стол і наліў віна.
— He, нічога не здарылася, — адказаў манарх на запытальны позірк. — Проста захацелася пасядзець з чалавекам, якому давяраеш, нібы самому сабе. У краіне такіх двое: ты і начальнік службы бяспекі. Ен толькі што пайшоў. Дзяржаўныя справы... Засталося пару нюансаў, якія мы не паспелі абмеркаваць. Я не затрымаю цябе. Праз гадзіну будзеш абдымаць сваю здобную жоначку або каго захочаш. А пакуль узба-
дзёрся старым добрым бургундскім. Бараніна, праўда, астыла.
Міністр паліцыі акуратна асушыў келіх, прамакнуў вусны сурвэткаю і агледзеў стол.
— Рэкамендую ласіную каўбаску, — сказаў кароль.
Галоўны паліцыянт пасунуў да сябе талерку і са смакам узяўся закусваць. Тым часам кароль падсеў да бюро ў стылі ампір і пачаў хутка пісаць. Праз колькі хвілінаў на пакладзеным перад ім аркушы начальнік паліцыі прачытаў: «Сёння табе не давядзецца спаць. Паступілі самыя дакладныя звесткі, што блізу гадзіны ночы ў сталіцы будзе здзейсненае дзёрзкае і цынічнае забойства. Пра астатняе пагаворым у парку. Сцены маюць вушы і ў каралеўскіх рэзідэнцыях».
Міністр наліў сабе бургундскага, засяроджана выпіў і ўстаў. Кароль узяў яго пад руку і ўжо ў дзвярах уголас дадаў да напісанага:
— У адных людзях жыве Бог, у другіх — д’ябал, a ў некаторых — адно глісты і мікробы.
Вярнуўшыся праз чвэрць гадзіны ў залю, кароль напоўніў свой келіх, але піць не стаў. Ен падышоў да дзвюх прынесеных шэфам бяспекі скураных валізак, паважыў іх у руках і выбраў больш пакоўную. Паклаў яе на камінную дошку, трохі пакруціў колцы замкоў і, упэўніўшыся ў іхняй надзейнасці, дастаў з шуфляды бюро вялікі паляўнічы нож. Праверыўшы ягоную вастрыню, кароль застаўся задаволены і ўвагнаў джала ў валізку. Нож лёгка разрэзаў светла-брунатную скуру па перыметры.
Валізка была наладаваная простымі папяровымі тэчкамі на тасёмках. Кароль пасунуў да каміна цяжкое, абабітае зялёным аксамітам крэсла, паставіў на камінавую дошку келіх з віном і паклаў на калені верхнюю тэчку. Ен не спяшаючыся развязаў белыя тасёмкі, але раптам ускочыў і з лютасцю шпурнуў тэчку ў
камін. 3 наступнай тэчкаю ўсё паўтарылася. Другую валізку ён распаласаваў ножам крыж-накрыж і рвануў скуру рукой. Вынік быў той самы.
У гэтым месцы крыніцы, якімі карыстаўся аўтар, пачынаюць пярэчыць адна адной, прычым розначытанні набываюць настолькі прынцыповы характар, што змушаюць падаць абодва варыянты.
Паводле першага, у тэчках ляжала некранута-чыстая папера. Паводле другога, папера ў тэчках таксама ўяўляла сабой белую неруш, але пасярод кожнага верхняга аркуша было каліграфічным почыркам выведзена: «А вось табе х...»
Прааналізаваўшы ўсе дадзеныя, чытач можа самастойна выбраць найбольш верагодны працяг.
2001
Сны імператара
1
Агні, агні... Шматкалёрна-святочныя, хмельныя, як маладое віно. Цёплы вецер пагойдвае іх і на фіялетавым аксаміце неба, і на цёмна-срэбным люстры завані. А можа, і не вецер, а тысячагалосае «Vive 1’empereur!»*.
Портафэраё ззяе ілюмінацыяй. Увесь горад — на беразе, а ён стаіць на пірсе. Стаіць, падняўшы ў маўклівым прывітанні руку, і адчувае, як сэрца кожным новым ударам разбурае цэлю, дзе было замураванае нязмерна доўгія дзесяць месяцаў.
Ен толькі што пяшчотна развітаўся з маці і з сястрою. Наперадзе — невядомае, але што б там ні было, гэтыя хвіліны ўжо належаць вечнасці.
На ім трохвуголка і шэры, зашпілены на ўсе гаплікі і гузікі сурдут — поўная паходная форма.
У думках ён кідае позірк на сябе зводдаль, з гарбатых прыморскіх вулачак, застаецца задаволены ўбачаным і адразу ўяўляе гэты малюнак у выглядзе гравюры: залітыя аліўкавым святлом поўні камяні старажытнага пірса, слямга бліжэйшае фелюгі і ягоная постаць на парозе нязведанага.
Войска чакае загаду, але ён марудзіць. Няхай востраў развітаецца з ім, няхай кожны назаўсёды захавае гэтыя імгненні ў памяці, каб апавядаць пра іх дзецям і ўнукам. I ён таксама хоча развітацца з востравам, на які навекі лёг водсвет ягонае славы.
— Vive 1’empereur! Vive 1’empereur!
Ен прымружвае вочы, i з калейдаскапічнай хуткасцю перад ім мільгаюць пражытыя тут дні, напоўненыя зусім не роспаччу... He, ён не крывіў душою,
' Няхай жыве імператар! (фр.)
калі загадаў выразаць на сцяне ў егіпецкім пакоі свайго дома ў Сан-Марціна словы, якія шмат каму з візітантаў здаваліся няшчырымі — «Я шчаслівы паўсюль».
За дзесяць месяцаў да вострава прыстала тысяча дзвесце караблёў. I кожны падарожнік, усе гэтыя кавалеры і дамы, сярод якіх асабліва шмат было ангельцаў, імкнуліся сустрэцца з ім. Яны хацелі пераканацца, што цяпер ягоная імперыя сапраўды абмежаваная маленькім востравам. Яны думалі, што ён ужо ўвесь у мінулым, што ён ператварыўся ў жывы музейны рарытэт. Яны абавязкова куплялі яго бюсты і партрэты, каб мець копіі рарытэта ў сваіх задушлівых салонах і спакойна спаць у цёплых ложках.
Як яны памыляліся! Наколькі мудрэйшы быў той цемнаскуры барбар, капітан тунісійскага карабля і, безумоўна, таемны пірат, які, высадзіўшыся на бераг яго карлікавага каралеўства, запытаўся, ці праўда, што тут жыве зямны бог. Калі ён прыехаў прывітаць госця, той салютаваў з усіх гарматаў, а потым кінуўся ніцма на дол каля ягоных ног. Барбар сказаў, што яго, імператаравы, вочы зіхцяць, нібыта два крышталі, як і належыць вачам Божых абранцаў.