Ільля Сін
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 140с.
Мінск 2019
Ён просіць коркі ў калег, з якімі п’е піва ў скверы ля прахадной, і вельмі крыўдуе, калі нехта забываецца ды выкідае кругляшы ў сметніцу. Пасля працы заходзіць у танныя піўнухі, дзе піва прадаюць у пляшках. Часам нават падымае коркі з асфальту ды ўпотайкі кладзе ў кішэню.
Потым трэба сагнуць кожны з іх пласкагубцамі, a затым пафарбаваць у чорны колер.
Чамусьці Толік вырашыў, што ягоны твор будзе мець толькі адзін колер чорны. Хаця на акварэлі птушкі блакітнаватыя, белыя, памаранчавыя, светла-ліловыя, жоўта-брунатныя...
Два снегіры, канарэйка і сініца ў яго ўжо гатовыя яны размясціліся на сваіх галінках, зробленых з дроту. Другая сініца якая, паводле сюжэта, відавочна мае пэўныя непаразуменні з першай, адразу не атрымалася, і давялося яе перарабляць.
Толік бярэ корак пласкагубцамі, згінае яго роўна напалам, акунае ў міску з чорнай фарбай і, калі ён высыхае, ахайна прыладжвае да галавы сініцы. Гэта будзе аснова яе дзюбы. Трэба ўпаяць яшчэ пару коркаў упоперак, каб яна стала дастаткова трывалай.
Рукі трохі дрыжаць, але стараннасць прыносіць свой плён.
Новая тэхніка была засвоеная ім самастойна. На зоне адзін з сукамернікаў падахвоціў яго да творчасці, і скульптуркі з хлебнай мякіны ўТоліка атрымліваліся лепей, чым у каго яшчэ. Але такі падатлівы матэрыял хутка яму надакучыў, і аднойчы ён выкарыстаў усю калекцыю сваіхтвораўу якасці закусі.
Толік прымружвае вочы і прыдзірліва ацэньвае той прагал, што месцамі ўтварыўся паміж двума коркамі. Затым бярэ лупу, уважліва ўглядаецца. Павагаўшыся, усё ж вырашае не перарабляць.
У дзірцы паміж зубамі захраснуў нейкі кавалак вячэры. Толік бярэ запалку, адкусвае кончык, калупаецца ў роце. Рука праходзіцца па шурпатай, даўно няголенай шчацэ.
Толік сам разумее, што ён дрэнна пахне. Але нічога не застаецца, як з гэтым змірыцца.
Потым згінае пласкагубцамі яшчэ адзін корак, аднак прыкладзеная ім сіла аказваецца празмернай і бляха трушчыцца.
Цішыня, што даўно панавала ў кватэры, раптам парушаецца голасам Толіка. Ён не любіць музыкі і ніколі не ўключае радыё. А калі свядомасць патрабуе нейкіх гукаў, пачынае гаварыць сам з сабою.
Зазвычай ён дае парады сваёй жонцы, якая сышла ад яго яшчэ сямнаццаць гадоў таму. Больш-менш спакойна, але даволі грозна тлумачыць ёй прынцыпы добрага гаспадарання. Кажа пра тое, што абіраць бульбу вялікім нажом неаканомна. На шалупінні застаецца шмат карыснага прадукту.
Кожную сваю навуку-якой бы строгай яна ні былаТолік абавязкова завяршае пяшчотным кампліментам. Сёння ён называе жонку “сінявокай сінічкай і балбатлівай
Гаварыць яму раптам надакучвае, ён абрывае камплімент на паўслове ды працягвае сваю працу моўчкі. На гадзінніку яшчэ толькі дзевяць, раней за дванаццаць ён не засне. Трэба нешта зрабіць з гэтым часам.
Бярэ пласкагубцы і чарговы корак, пачынае яго згінаць. Акунае ў фарбу, чакае, пакуль падсохне, прыладжвае да дзюбы. Вялікія шурпатыя пальцы няўклюдна спраўляюцца з такой далікатнай працай. Корак доўга не хоча замацоўвацца на адведзеным яму месцы. Некалькі разоў адвальваецца, падае на падлогу. Але ўпартасць усё ж бярэ сваё.
Праз пэўны час Толік чуе на кухні нейкі шум. Як быццам нехта імкнецца пранікнуць туды праз вакно. Альбо грукае ў шыбу, просячы дазволу ўвайсці.
Толік адрываецца ад працы ды ўслухоўваецца. Сэрца пачынае біцца трохі часцей у прадчуванні падзеі. Але, вядома ж, яно не спраўджваецца: нічога не адбылося. Проста грымнула прыадчыненая фортка.
ЯА КУХНІ НЕСПАДЗЕЎКІ СЦЯМНЕЛА. Марыя пстрыкае запальнічкай. Полымя на імгненне асляпляе яе, угрызаючыся ў сятчатку вока.
Потым эфект знікае. Марыя пстрыкае запальнічкай у другі раз. Цяпер светлавы шок ужо не такі моцны сятчатка паспела трохі адаптавацца.
Марыя думае пра Іншага, з’яўленне якога здатнае зрабіць няважнымі брудны посуд у мыйніцы, парыжэлы лінолеум на кухні і шызае святло, што сочыцца цераз проймы паміж планкамі жалюзі.
Іншы паўстае ў яе ўяўленні не як канкрэтны вобраз, але як нейкае прадчуванне, эмацыйная хваля. Як, напрыклад, дом. У Марыі ўжо даўно няма дома, і таму ён таксама з’яўляецца для яе недатыкальнай эмацыйнай хваляй.
Адзінота стала ейным выбарам і адначасова выпрабаваннем. Але Марыі хочацца выкарыстоўваць яе як інструмент своеасаблівы разец скульптара, здатны надаць эмацыйнай хвалі выразныя абрысы. Спакваля адсякаць лішняе, каб з бясформеннай масы сталі вымалёўвацца ручкі, ножкі, галоўка. Каб урэшце гэтая маса набыла аблічча чалавека іншага чалавека, які будзе заўсёды побач.
Але яна ўжо ведае, што адзінота гэта дрэнны сродак для пераўтварэння сусвету. Такі інструмент абсалютна нефункцыянальны.
Марыя ненадоўга замірае, услухоўваючыся ў мернае пагрукванне накрыўкі рондаля на пліце, што pas-nopas уздрыгвае ад пары.
Адзінота здатная адно зрабіць гэты свет яшчэ больш аморфным нават тыя яго праявы, якія маюць пэўныя абрысы і могуць быць памацаныя рукамі.
Схамянуўшыся, Марыя ўстае, разгублена топчацца на месцы. Затым ідзе ў пакой. Звычайна шлях туды яна пераадольвае за восем крокаў, але гэтым разам атрымалася адзінаццаць.
Па тэлевізары паказваюць канцэрт нейкага гурта. Марыя, як заўсёды, адключыла іук, і таму імпульсіўныя артыстычныя жэсты выглядаюць яшчэ больш смешна. Гітарыст рухаецца па сцэне з такім сур’ёзным выглядам, быццам кожны крок набліжае яго да жыццёвай мэты. Вакаліст выцягнуў уперад правую руку са скурчанымі пальцамі нібы тапелец, які ў адчаі кліча на дапамогу.
“Што яны ўсім гэтым хочуць сказаць?,, недаўмявае Марыя.
Зрэшты, такім самым адчужаным цяпер падаецца ёй усё, што яна здатная бачыць, прымройваць, успамінаць. Прычынна-выніковыя повязі некуды зніклі, пакінуўшы розныя з’явы нягегла церціся адна аб адну ў бессэнсоўным броўнаўскім руху. Без усялякай надзеі на стыкоўку.
Адзінота ніяк не здатная аднавіць гэтыя повязі, колькі ні намагайся. Гэта амаль тое самае, што склеіць раструшчаную елачную цацку.
Вобраз Іншага ў яе ўяўленні чэзне, расплываецца, знікае.
Макарона тым часам ужо зварылася. Марыя вяртаецца на кухню, выплёсквае на друшляк клейкае месіва, дадае туды сардэльку і сырок. Ідзе ў пакой. Цяпер атрымалася роўна восем крокаў. Есць, не адчуваючы смаку.
Раптам без дай прычыны ёй становіцца смешна. Сардэлька выклікае ў яе непрыстойныя дзіцячыя асацыяцыі, і Марыя тут жа спяшаецца апавесці іх Іншаму, якога хаця б ненадоўга зноў адчувае побач.
Смех праходзіць сам сабою, саступаючы месца пустэчы.
Вакаліст заканчвае спяваць і застывае ў гераічнай позе. Муха, якая паўзе па тэлевізары, захоплена і палюбоўна абмацвае твар куміра сваімі лапкамі.
Гэтай ноччу Марыя прачынаецца ад пранізлівага холаду. Сцюдзёны вецер падступна пранікае праз шчылінкі ў старых аконных paMax, пракрадаецца пад коўдру, пакрывае скуру дробнымі пупырышкамі.
Марыя сціскаецца ў камячок, сілячыся сагрэцца. Устае, апранае на сябе швэдар і цёплыя калготкі. Кладзецца зноў. Стала значна цяплей.
Нерухома ляжыць, стараючыся ні пра што не думаць. Услухоўваецца ў буркаценне ў жываце, адчувае ледзь прыкметны трэмар у мускулах пляча. Ёй прыемна ўсведамляць сябе выключна як сукупнасць розных фізіялагічных працэсаў.
Марыі цяпер вельмі хочацца, каб гэты стан працягваўся і каб далейшае яе перабыванне ў гэтым свеце было недзе на самым памежжы жывой і нежывой прыроды. Біялагічная рэдукцыя ўяўляецца ёй сапраўдным паратункам. Лішайнікі, імхі, на крайні выпадак, амёбы...
Але яна ведае, што ўзяць ды пазбыцца чалавечай сутнасці наўрад ці ўдасца. Хоцькі-няхоцькі гэтае ярмо давядзецца трываць.
Пашчэрблены месяц абыякава паўзе па халодным фіялетавым небе. Дыханне Марыі цяжкае і перарывістае. Пакуль пустэча і непарушнасць, але яна прадчувае: нешта неўзабаве будзе дзеяцца.
Яна ведае, гэта акурат такая ноч, калі мёртвыя ўстаюць са сваіх магілаў. I гэта яе мерцвякі. Кожны з іх мае твар. I кожны з гэтых твараў Марыі знаёмы. Пры сустрэчы яна не здолее проста прайсці міма, адвёўшы позіркубок.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі твой горад...
Успаміны, як заўс'ёды, прыходзяць без запрашэння. Віно мякка дакранаецца да нёба, а пальцы адчуваюць вострыя канты келіха. Вусны зліваюцца з вуснамі. Па шыферным даху барабаніць дождж па даху таго дамка з негабляваных дошак, з ганку якога відаць мора.
Рукі абхопліваюць мускулістае каржакаватае цела, шчокі казыча колкае шчэцце...
У гэтую пару, апанаваную бессанню, Марыя можа пераскокваць праз гады і неспадзеўкі апынацца ў іншым месцы, іншым часе і зусім іншых жыццёвых варунках. Перажываць іх бы наяве, губляючы арыентацыю, хто яна і дзе.
Успаміны спараджаюць пякотку ў роце. Кожны з тых момантаў, якія ніколі не вернуцца, упінаеццаўяе цела малюткай іголачкай. Але яна ведае, што боль незваротнага гэта толькі прэлюдыя.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю вуліцу...
Здаецца, праз шчылінкі паміж шыбай і рамай разам з ветрам пранікае і іх дыханне. А шоргат дажджу па асфальце прызначаны адно на тое, каб заглушыць і без таго амаль нячутны поступ іхніх ног.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі твой дом...
Калісьці гэтыя людзі былі Марыі вельмі блізкімі, нейкі час яны нават былі адным з ёю целам.
Але гэта было даўно. Іх целы ўжо канчаткова і незваротна набылі аўтаномнасць. У дадзены момант кожнае з іх, напэўна, бесклапотна спіць, і сніцца гэтым людзям, вядома ж, зусім не Марыя,
У той самы час, калі іх фантомы няўмольна набліжаюцца да яе бы зомбі ў галівудскіх фільмах.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю кватэру...
Марыя з жахам углядаецца ў цьмяныя абрысы рэчаў і мэблі, у ноч, у дождж. Яна пачуваецца абсалютна безабароннай.
Ёй карціць залезці пад канапу, скруціцца камячком, запхнуцца ў шафу, павуком павіснуць пад столлю на жырандолі.
А можа, лепей проста прыкінуцца мёртвай?
Але яна разумее, што ад іх не схавацца. Дэманы мінулага ведаюць усе яе хітрыкі, усе слабыя месцы ў яе фартыфікацыйнай сістэме. Марыя адчувае іх няспешны ўпэўнены поступ ужо зусім блізка.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі цябе, гатовую ўсікацца ад страху...
Яны апынаюцца побач з ёю неспадзеўкі, разам і адначасова. Упэўненыя рукі сцягваюць калготкі, рассоўваюць яе сцёгны, трымаюць за рукі... Зніякаявелая і здранцвелая, Марыя не можа нават паварушыцца. Яна не крычыць і не супраціўляецца, адно ціха енчыць сабе пад нос, бы смяротна паранены дэльфін.