Libido 2-е выданне Ільля Сін

Libido

2-е выданне
Ільля Сін
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 140с.
Мінск 2019
25.11 МБ
Калі шкляныя дзверы адчыняюцца-зачыняюцца, спружыны дзіка рыпяць, нібы адпраўляючы ў космас шыфраваныя радыёсігналы. Мужчына ля ўваходу сплёўвае проста на падлогу, затым адкусвае кавалак хот-дога. Недзе непадалёк мажная кабета сварыцца на прадавачку курыных грудак. Па руцэ Марыі шоргае другая скура чыёйсьці курткі.
Унутры даволі шмат людзей, уключаных у тыя ці іншыя працэсы, але Марыя адразу разумее, што нічога агульнага іх не лучыць. Асобіны часам аб’ядноўваюцца ў тактычныя саюзы такія як, напрыклад, “пакупнік-прадавец,„ аднак узніклыя паміж імі повязі вельмі хутка разрываюцца. Кожны сам па сабе.
Сцены па-ранейшаму распісаныя фрэскамі. Месцамі яны трохі аблупіліся, а некаторыя фрагменты спрэс завешаныя таварам і яго рэкламай асабліва вылуча-
ецца слова "МЯСА,,. На клірасе абсталяваны стаматалагічны кабінет.
У гармідары розных гукаў, што зліваюцца пад высокімі скляпеннямі, патанае голас чалавекаўдзіўнай чорнай апранасе, які трымае свечку ў руцэ. Тым не меней яго вусны ўпарта прамаўляюць нейкія словы.
Марыя адчувае, што гэты чалавек такі самы адчужаны ад наваколля, як і яна. Таму падыходзіць бліжэй, праціскаючыся праз шчыльнае і несупынна рухомае месіва целаў.
Потым яны доўга размаўляюць. Дакладней, пераважна гаворыць ён. Павольна, простымі словамі. Часам нават не чакаючы на адказ.
Марыя даўно ні з кім па-сапраўднаму не размаўляла, ёй ёсць што сказаць. Але цяпер яна чамусьці збольшага маўчыць альбо і наогул абмяжоўваецца жэстамі. He гаворыць, не слухае, але проста маўчыць.
Праз нейкі час яны развітваюцца і кожны рушыць сваёй дарогай. Чабурэк у той дзень так і не быў з’едзены.
ЯЕДЗЕ БЕЗ ДЗЕСЯЦІ СЕМ МАРЫЯ ЎЖО ДОМА. РаСпранаецца, ідзе на кухню, налівае ў шклянку. Ідзе ў пакой, сядае на ложак, нерухома сядзіць. П’е. Устае, падыходзіць да вакна, ненадоўга перад ім спыняецца, робіць некалькі крокаў у зваротным напрамку, топчацца на месцы. Нервовым рухам адкідае пасму валасоў, што лезуць у рот. Зноў плюхаецца на ложак.
Зараз гэта прыйдзе, ведае яна.
Часам у такія хвіліны ёй трэба абавязкова быць недзе і кагосьці бачыць, і тады яна знаходзіць сабе кампаніі ў бліжэйшых забягалаўках альбо непасрэдна на лаўках. Потым развітваецца, ніколі не запытаўшыся, як іх завуць.
Выдатны варыянт і недарагі гей-клуб у былым будынку ЖЭСа. Там можна згубіцца сярод дыму, успышак страбаскопаў і дзясятка такіх самых, як яна, якія, трэба меркаваць, завітваюць сюды дакладна з той самай мэтай.
Часам Марыя інтуітыўна шукае паратунку ў падзейнасці размовах, сварках, выпадковым сэксе. Але сёння любыя звышмерныя рухі яе палохаюць.
Сёння яна адчула, што неабходна застацца ў сваёй кватэрцы, чые сцены забяспечваюць прынамсі вонкавую абарону.
Яна сядзіць на ложку і цярпліва чакае, нават не думаючы супраціўляцца. I нават не спадзеючыся, што абміне.
...Прыблізна а дзявятай вечара гэта, урэшце, праходзіць. Марыя цяпер можа дазволіць сабе ўстаць з ложка.
Выпіты алкаголь амаль расшчапіўся ў крыві, пакінуўшы наўспамін свярблівы галаўны боль. Святло ў яе вачах нібы раскладаецца на слаі, і таму вельмі цяжка сфакусаваць на нечым увагу.
Гарачай вады сёння зноў няма, хаця нібыта ж чацвер. Марыя не мылася ўжо чатыры дні, і таму даводзіцца лезці на антрэсоль па вялізны рондаль. Марыя моршчыцца, падняўшы яго накрыўку: унутры міла займаюцца каханнем два тараканы. Налівае ваду, выплёсквае ва ўнітаз, налівае зноў і ставіць на газавую пліту.
Але фаерку так і не запальвае. Замест гэтага з хвіліну безуважна глядзіць на пашчэрбленую кафлю па-над плітой. Затым ідзе ў ванную.
Раптам у яе чамусьці ўзнікае прадчуванне, нібы нешта неўзабаве павінна адбыцца.
Нешта неўзабаве павінна адбыцца, пераконвае яна свой шэры твар у люстэрку.
Чысціць зубы ды кладзецца спаць.
СПЯРША ЗМАЦОЎВАЕМ ДЗВЕ СЦЯБЛІНКІ ў СЯМЫМ нізе, затым ахайна іх сплятаем, затым дадаем лісткі не меней за пяць, потым насаджваем на атрыманы каркас галоўкі ружаў, стараючыся захаваць законы сіметрыі. Затым трэба паўтарыць тое самае.
Марыя цяпер працуе ў кустарнай майстэрні па вырабе пластмасавых кветак, размешчанай у звычайным гаражы. Замоваў дастаткова шмат лічы, сезон і часта ёй даводзіцца праседжваць на працы да позняга вечара.
3 рохканнем накручвае свае колы сансары стары вентылятар. Калі ягоныя лопасці паварочваюцца да стала, купка сцяблінак пачынае лёгка трымцець. У роце Марыі чамусьці саланаваты прысмак.
Святло слабенькай лямпачкі без абажуру бязладна рассейваецца па-над усім гаражом, спараджаючы сапраўдны тэатр ценяў. Кветкі, якія выглядаюць драпежнымі, чалавечыя рукі (іх ахвяры), выпадковыя прадметы (проста сведкі)... У свеце ценяў характар узаемадзеяння гэтых чыннікаў падаецца зусім іншым, ніж ён ёсць насамрэч.
Марыя паспяхова сканчае вытворчы цыкл і тут жа набірае новы камплект сцяблінак, лісткоў і галовак.
Пластмасавыя кветкі чамусьці атрымліваюцца ненатуральна яркімі і гэтаксама ж ненатуральна дасканалымі па сваёй форме.
За суседнім сталом шчыруе Елізавета Міхайлаўна. Праца выходзіць у яе наўздзіў шпарка. Ейныя тоўстыя пальцы з адрузлай скурай і кароткімі бруднымі
пазногцямі ўвішна сплятаюць зялёныя сцяблінкі ды націнаюць на іхчырвоныя суквецці. Вусны пры гэтым напяваюць нешта з рэпертуару Укупніка, забяспечваючы ці не кожны радок каментарыямі з багатага жыццёвага досведу. У глыбокія барозны зморшчынаў на яе твары трапляе святло настольнае лямпы, і яго ледзь прыкметная воку гульня дадае гэтай кабеце яшчэ большую рухавасць.
Елізавета Міхайлаўна падобная да павучыхі, якая імкнецца ахапіць усю даступную ёй прастору, знітаваць сваімі ніткамі тыя рэчы і з’явы, якія, здавалася б, месцяцца зусім далёка адна ад адной і зусім непрыдатныя для знітоўвання. Ніткі вільготныя і клейкія.
Гатовыя кветкі складаюцца ў вялізную кардонную скрыню, і за восем гадзін працы іх там назапашваецца прыблізна дзве тысячы. Ужо праз дзень-два яны разыдуцца па свежых грудках, чые будучыя насельнікі пакуль яшчэ бесклапотна пацягваюць сваю гарбату альбо бырла.
Поруч з Елізаветай Міхайлаўнай Марыя пачувае сябе няўклюдна ды няўпэўнена, яна не ведае, як з гэтым змагацца і ці наогул трэба. Вядома, часам ёй даводзіцца нешта адказваць. Часам вокрыкі Елізаветы Міхайлаўны ратуюць яе ад нечаканага наплыву ўспамінаў, што, як заўсёды, здараюццаўсамы неспрыяльны момант.
Але гэтым разам Марыя балюча ўкалола палец, калі яе напарніца зноў прыгадала сваю ўлюбёную прымаўку пра шлях да мужчыны праз ягоны страўнік. He абышлося без лаянкі.
Тут шэрыя неатынкаваныя сцены з аблупінамі старой фарбы і намёртва ўпаянымі ў бетон шматкамі старых газет. Гэтай пярэстай паверхні ўласцівая дзіўная фактура, і ўглядацца ў яе можна да бясконцасці: супакойвае.
Марыя кладзе ў кошык чарговую гатовую кветку. Шурпатая нізкаякасная пластмаса непрыемна трэцца аб фалангі ейных пальцаў. Але гэтае тактыльнае адчуванне неспадзеўкі надае ёй бадзёрасці, яно нібыта вяртае да рэчаіснасці з той прастрацыі, куды так часта трапляе Марыя. Праца ідзе трохі весялей, але зусім нядоўга.
Па радыё Колька віншуе сваю малую Настку Зелянуху з паспяховым выключэннем з хабзы за прагулы і просіць паставіць чырвоную плесню.
Яшчэ толькі дванаццаць. Дакладней, дванаццаць нуль восем, але гэта не так ужо і істотна. Да канца працоўнага дня застаецца як мінімум шэсць гадзін.
Марыя спрабуе надаць сваім рухам манатоннасць ды ўявіць, быццам яна аўтамат. Атрымліваецца не надта ўдала. Сцябло выпадае з яе пальцаў, Елізавета Міхайлаўна перапыняе свой аповед, каб спытаць, у каго яна закаханая.
Тады Марыя мяняе тактыку і заклікае ў сваю свядомасць дэманаў радасці. Але вольных паблізу не апынулася, усе былі занятыя на іншай працы альбо паленаваліся адгукацца на яе выклікі, а прынаджваць іх пэўнымі рэчывамі ў дадзеным выпадку наўрад ці мэтазгодна.
Стары будзільнік на століку павольна адлічвае свае хвіліны. Відавочна, ён зусім не адаптаваўся да цяперашняй хуткаплыннай эпохі, час у гэтым гадзінніку ідзе гэтаксама размерана, як у старых фільмах пра партызан або міліцыянераў, што здаваліся іх стваральнікам вострасюжэтнымі.
Марыя ўздыхае. Перакруціць старую кінастужку ў паскораным тэмпе наўрад ці атрымаецца яна проста парвецца.
He зважаючы на раздражнёныя позіркі, Марыя зноў адкладае працу ды выходзіць на ганак папаліць. Пэўны час пальцы яшчэ адчуваюць тую шурпатасць, якая можа быць уласцівай толькі штучным кветкам.
МАРЫІ ВЕЛЬМІ ПАДАБАЕЦЦА ЛАМАЦЬ І ГрЫЗЦІ штучныя пялёсткі, хаця пах у іх далёка не самы лепшы. Перад выхадам з працы яна набірае поўныя кішэні шурпатай зялёнай пластмасы з кардоннай скрыні, на якой напісана “брак„.
Елізавета Міхайлаўна заўсёды здзіўляецца: навошта? Маючы практычны розум, яна безвынікова сіліцца дапяць, якую карысць можа прынесці ў гаспадарцы гэтае лайно.
Калі ўвечары Марыя сядзіць за камп’ютарам, яна раз-пораз засоўвае руку ў кішэню, наўгад дастае адтуль кавалачак і, бы дзіця, запіхвае яго ў рот. Зубы фіксуюць выгіны формы, язык плаўна праходзіцца па няроўнай фактуры, адзначаючы шматлікія атожылкі.
Гэты мілы занятак добры паратунак ад дэманаў мінулага, якія ў такую пару сутак асабліва сіляцца ўцягнуць Марыю ў свае віры беспрычынных успамінаў.
Рух, адчуванні болю і смаку акурат тое, чаго хранічна не стае Марыі. Але дапамагае яно ненадоўга, неўзабаве сківіцы Марыі працуюць ужо ўхаластую, не забяспечваючы свядомасць ніякімі ўражаннямі, а затым і наогул спыняюцца. Яна з агідай выплёўвае знявечаны згустак пластыку.
У такі момант ёй часта хочацца застыць, замерці ў нейкай як мага больш натуральнай паставе бы на партрэце post mortem віктарыянскай эпохі. У яе гэта атрымліваецца, яна засякае хвіліны. Максімум дванаццаць, неблагі вынік.
Затым нешта чэшацца, тэлефануе, сігналіцьудвары. Марыя без асаблівага імпэту вяртаецца ў свет жывых, каб ізноў пераканацца, што ў ім нічога не адбываецца.
Міжчассе, калі снег пераўтвараецца ў ваду яшчэ толькі ў паветры.
Міжмоўе, калі вымушанае маўчанне не прарастае словамі, захрасаючы ў роце, бы пялёсткі пластмасавых ружаў.
Міжладдзе, калі эмоцыі і спакой адначасова ёй недаступныя, бо запакаваныя ўтонкую плёнку абыякавасці.
Пяць гадоў таму Марыя ўпершыню адчула, што ейная гісторыя скончылася.
Пяць гадоў таму Марыя ўсвядоміла, што яна болей не Мадам Брык, не Ксюша Люцік і не Медсястра Тая. Адгэтуль яна зноў Марыя. Цалкам, канчаткова і незваротна.