Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
Р. КШЛІНГ
Маўглі
3 «Кнігі Джунгляў»
АПАВЯДАННІ
МІНСК «ЮНАЦТВА» 1981
й(Англ.) К 42
Пераклад зроблены з выдання: Р. Кяплмнг. Мауглн. Нз «Княгм Джунглей». Лздательство «Малыш». М., 1976
Пераклад
С. МІХАЛЬЧУКА
Малюнкі
Н. ПАПЛАУСКАЙ
70802—054
К-	222—80 4803020000
М 307(05)—81
©Пераклад на беларускую мову, ілюстрацыі. Выдавецтва «ІОнацтва», 1981.
БРАТЫ МАЎГЛІ
Было сем гадзін спякотнага вечара ў Сіянійскіх гарах, калі Бацька Воўк прачнуўся пасля дзённага адпачынку, пдчухаўся, пазяхнуў і выпрастаў адну за другой здранцвелыя лапы, праганяючы сон. Маці Ваўчыха драмала, паклаўшы сваю вялізную шэрую мысу на чацвярых ваўчанят, а тыя варочаліся і павісквалі, і месяц асвятляў уваход у пячору, дзе жыла ўся сям’я.
— Уф! — сказаў Бацька Воўк.— Пара зноў на паляванне.
Ён ужо збіраўся спусціцца скачкамі з гары, як раптам нізенькі цень з калматым хвастом лёг на парог і занудзіў:
— Жадаю табе ўдачы, о Правадыр Ваўкоў! Удачы і моцных белых зубоў тваім высакародным дзецям. Няхай яны ніколі не забываюць, што на свеце ёсць галодныя!
Гэта быў шакал. Падліза Табакі,— а ваўкі Індыі ставяцца з пагардай да Табакі за тое, што ён гойсае ўсюды, сее разлад, разносіць плёткі і не грэбуе анучамі і акраўкамі скуры, калі грабецца на вясковых сметніках. I ўсё-такі ваўкі баяцца Табакі, бо ён часцей за ўсіх іншых звяроў у джунглях хварэе на шаленства і тады бегае па лесе і кусае ўсіх, хто толькі трапіцца яму насустрач. Нават тыгр уцякае і хаваецца, калі ашалее маленькі Табакі, бо нічога горшага, чым шаленства, не можа здарыцца з дзікім зверам. У нас яно называецца вадабоязь, а звяры завуць яго «дзівані» — шаленства— і ратуюцца ад яго ўцёкамі.
— Што ж, зайдзі і паглядзі сам,— суха сказаў Бацька Воўк.— Але ежы тут няма.
— Для ваўка няма,— сказаў Табакі,— але для такой нікчэмнасці, як я, і голая костка— сапраўдны баль. Нам, шакалам, няма чаго надта перабіраць.
Ён пракраўся ў глыбіню пячоры, знайшоў аленевую костку з рэшткамі мяса і, вельмі задаволены, сеў і пачаў з трэскам грызці гэтую костку.
— Дзякуй за пачастунак,— сказаў ён і аблізнуўся.— Якія прыгожыя высакародныя дзеці! Якія ў іх вялікія вочы! А яны ж яшчэ такія маленькія! Праўда, праўда, мне варта было б памятаць, што царскія дзеці ад самых першых дзён ужо дарослыя.
А Табакі ж ведаў не горш за любога кожнага, што няма нічога болып небяспечнага, як хваліць дзяцей у вочы, і з прыемнасцю назіраў, як збянтэжыліся Маці і Бацька Ваўкі.
Табакі сядзеў моўчкі, радуючыся таму, што наклікаў на другіх бяду, потым злосна сказаў:
— Шэр-Хан, Вялікі Тыгр, змяніў месца палявання.
Ён будзе ўвесь гэты месяц паляваць тут, у гарах. Гэтак ён сам сказаў.
Шэр-Хан быў тыгр, які жыў за дваццаць міль ад пячоры, каля ракі Вайнгангі.
— He мае права! — сярдзіта пачаў Бацька Воўк.— Паводле Закону Джунгляў, ён не можа мяняць месца палявання, нікога не папярэдзіўшы. Ён распудзіць усю дзічыну на дзесяць міляў навокал, а мне... мне цяпер трэба паляваць за дваіх.
— Маці нездарма празвала яго Лангры (Кульгавы),— спакойна сказала Маці Ваўчыха.— Ён ад самага нараджэння кульгае на адну нагу. Вось чаму ён палюе толькі на свойскую жывёлу. Жыхары паселішчаў на берагах Вайнгангі злосныя на яго, а цяпер ён з’явіўся сюды, і ў нас пачнецца тое самае: людзі будуць ганяцца за ім па лесе, злавіць яго не здолеюць, а нам і нашым дзецям давядзецца ўцякаць куды вочы глядзяць, калі падпаляць траву. I праўда, нам ёсць за штодзякаваць Шэр-Хану!
— Ці не перадаць яму вашу падзяку? — спытаў Табакі.
— Вон адсюль! — агрызнуўся Бацька Воўк.— Вон! Ідзі паляваць са сваім панам! Досыць ты набаламуціў сёння.
— Я пайду,— спакойна адказаў Табакі.— Вы і самі хутка пачуеце голас Шэр-Хана ўнізе, у зарасніку. Дарэмна я турбаваўся перадаваць вам гэтую навіну.
Бацька Воўк натапырыў вушы: унізе, у даліне, што збягала да маленькай рэчкі, пачуўся сухі, злосны, адрывісты, тужлівы рык тыгра, які нічога не злавіў і ані не саромеўся таго, што ўсе джунглі пра гэта ведаюць.
— Дурань,— сказаў Бацька Воўк.— Пачынаць гэткім шумам начную работу! Няўжо ён думае; што нашы алені падобны на тлустых буйвалаў з Вайнгангі?
— Ш-ш! Ён палюе сёння не на буйвала і не на але-
ня,— сказала Маці Ваўчыха.— Ён палюе на чалавека.
Рык перайшоў у глухое бурчанне, якое чулася нібыта з усіх бакоў адразу. Гэта быў той рык, які палохае дрывасекаў і цыганоў, што начуюць пад голым небам, а іншы раз прымушае іх бегчы проста ў лапы тыгру.
— На чалавека!—сказаў Бацька Воўк і выскаліў белыя зубы.— Хіба мала жукоў і жаб у сажалках, што яму спатрэбілася есці чалавечыну, ды яшчэ на нашай зямлі?
Закон Джунгляў, загады якога заўсёды на чым-небудзь грунтуюцца, дазваляе звярам паляваць на чалавека толькі тады, калі яны вучаць сваіх дзіцянят забіваць. Але і тады зверу няможна забіваць чалавека ў тых мясцінах, дзе палюе яго зграя або племя. Услед за забойствам чалавека з’яўляюцца рана ці позна белыя людзі на сланах, са стрэльбамі і сотні смуглых людзей з гонгамі, ракетамі і факеламі. I тады кепска даводзіцца ўсім жыхарам джунгляў. А звяры кажуць, што чалавек — самая слабая і безабаронная з усіх жывых істот і чапаць яго — ганьба для паляўнічага. Яны гавораць таксама — і гэта праўда,— што людаеды з цягам часу паршывеюць і ў іх выпадаюць зубы.
Бурчанне ўзмацнілася і закончылася грамавым «а-а-а!» тыгра, гатовага да скачка.
Потым пачулася выццё, не падобнае на тыгравае,— выццё Шэр-Хана.
— Ён прамахнуўся,— сказала Маці Ваўчыха.— Чаму?
Бацька Воўк адбегся на некалькі крокаў ад пячоры і пачуў раззлаваны рык Шэр-Хана, які варочаўся ў кустах.
— Гэты дурань апёк сабе лапы. I хапіла ж розуму скакаць у вогнішча дрывасека!—чмыхнуў Бацька Воўк.— I Табакі з ім.
— Нехта падымаецца на гару,— сказала Маці Ваўчыха, варухнуўшы адным вухам,— падрыхтуйся.
Кусты ў гушчары злёгку зашамацелі, Бацька Воўк прысеў на заднія лапы, гатовы скокнуць. I тут калі б вы
назіралі за ім, дык убачылі б самае незвычайнае на свеце — як воўк спыніўся на сярэдзіне скачка. Ён кінуўся ўперад, калі яшчэ не бачыў, на што кідаецца, а потым крута спыніўся. Выйшла так, што ён падскочыў угору на чатыры ці пяць футаў і сеў на тое ж месца, дзе адарваўся ад зямлі.
— Чалавек! — агрызнуўся ён.— Чалавечае дзіцяня! Глядзі!
Проста перад ім, трымаючыся за адну з ніжэйшых галінак, стаяла голенькае смуглае дзіця, якое, відаць, толькі што навучылася хадзіць,— мяккае, усё ў ямачках, маленечкі жывы камячок. Такое маленечкае дзіця яшчэ ні разу не заглядвала ў ваўчынае логава начною парой. Яно зірнула ў вочы Бацьку Ваўку і засмяялася.
— Гэта і ёсць чалавечае дзіцяня? — спытала Маці Ваўчыха.— Я іх ніколі не бачыла. Прынясі яго сюды.
Воўк, які прывык насіць сваіх ваўчанят, можа, калі трэба, узяць у зубы яйка і не раздушыць яго; і хоць зубы Бацькі Ваўка сціснулі спінку дзіцяці, на скуры малога не засталося нават драпіны, пасля таго як ён палажыў яго паміж ваўчанятамі.
— Якое маленькае! Зусім голае, а якое смелае! — ласкава сказала Маці Ваўчыха. (Дзіця праціскалася сярод ваўчанят бліжэй да цёплага бока.) — Вой! Яно смокча разам з астатнімі! Дык вось яно якое, чалавечае дзіцяня! Ну калі ж гэта ваўчыца магла пахваліцца, што сярод яе ваўчанят ёсць чалавечае дзіцяня!
— Я чуў, што гэта бывала і раней, але толькі не ў нашай Чарадзе і не за маю памяць,— сказаў Бацька Воўк.— Яно зусім безвалосае, і я мог бы забіць яго адным плескачом. Зірні, яно глядзіць і не баіцца.
У пячоры пацямнела, святло месяца больш не прабівалася ў яе: вялізная квадратная галава і плечы ШэрХана загарадзілі ўваход. Табакі павіскваў ззаду яго:
— Пане, пане, яно ўвайшло сюды!
— Шэр-Хан робіць нам вялікі гонар,— сказаў Бацька Воўк, але вочы яго злосна бліснулі.— Што трэба ШэрХану?
— Маю здабычу! Чалавечае дзіцяня ўвайшло сюды,— сказаў Шэр-Хан.— Яго бацькі ўцяклі. Аддайце яго мне.
Шэр-Хан, як і гаварыў Бацька Воўк, скокнуў у вогнішча дрывасека, апёк сабе лапы і цяпер ажно шалеў. Але Бацька Воўк добра ведаў, што ўваход у пячору занадта вузкі для тыгра. Нават там, дзе Шэр-Хан стаяў зараз, ён не мог варухнуць ні плячом, ні лапай. Яму было цесна, як чалавеку, які надумаўся б, распачаць бойку ў бочцы.
— Ваўкі — вольны народ,— сказаў Бацька Воўк.— Яны слухаюцца толькі Важака Чарады, а не кожнага паласатага людаеда. Чалавечае дзіцяня наша. Захочам, дык заб’ём яго і самі.
— «Захочам, захочам»! Што мне да таго? Клянуся буйвалам, якога я забіў, доўга мне яшчэ стаяць, уткнуўшыся носам у ваша сабачае логава, і чакаць таго, што мне належыць па праву? Гэта гавару я, Шэр-Хан!
Рык тыгра запоўніў пячору грамавымі раскатамі. Маці Ваўчыха скінула з сябе ваўчанят, скокнула ўперад, і яе вочы, падобныя ў цемры на два зялёныя месячыкі, сустрэліся з палаючымі вачамі Шэр-Хана.
— А адказваю я, Ракша (Дэман): чалавечае дзіцяня маё, Лангры, і застанецца ў мяне! Яго ніхто не заб’е. Яно будзе жыць і хадзіць на паляванне разам з Чарадой і бегаць разам з Чарадой! Сцеражыся, паляўнічы на голых дзіцянят, рыбаед, забойца жаб,—прыйдзе час, яно паганяецца за табою! А цяпер выбірайся вон, a то, клянуся аленем, якога я забіла (я не ем падлы), ты пойдзеш на той свет кульгавым на ўсе чатыры лапы, смаленая пачвара джунгляў! Вон адсюль!
Бацька Воўк здзіўлена глядзеў на яе. Ён паспеў забыцца пра той час, калі адваёўваў Маці Ваўчыху ў ад-
крытым баі з пяццю ваўкамі, пра той час, калі яна бегала разам з Чарадой і нездарма мела мянушку «Дэман». Шэр-Хан не пабаяўся б Бацькі Ваўка, але з Маці Ваўчыхай ён не асмельваўся схапіцца: ён ведаў, што перавага на яе баку і што яна будзе біцца не на жыццё, а на смерць. Парыкваючы, ён падаўся назад і, адчуўшы сябе на волі, зароў:
— На сваім двары кожны сабака брэша! Паглядзім, што скажа Чэрада наконт прыёмыша з чалавечага племені! Дзіцяня маё, і рана ці позна я яго з’ем, о вы, даўгахвостыя зладзеі!
Маці Ваўчыха, цяжка дыхаючы, кінулася на зямлю каля сваіх ваўчанят, а Бацька Воўк сказаў ёй сурова:
— На гэты раз Шэр-Хан гаворыць праўду: дзіцяня трэба паказаць Чарадзе. Ты ўсё-такі хочаш пакінуць яго сабе, Маці?
— Пакінуць сабе? — цяжка паводзячы бакамі, сказала Ваўчыха.— Яно прыйшло да нас зусім голае, уночы, адно, і ўсё ж яно не баялася! Зірні, яно ўжо адпіхнула адно з маіх ваўчанят! Гэты кульгавы мяснік забіў бы яго і ўцёк на Вайнгангу, а людзі ў адплату разбурылі б наша логава. Пакінуць яго? Так, я яго пакіну. Ляжы ціха, жабянятка! О Маўглі — бо Жабяняткам Маўглі я назаву цябе,— прыйдзе час, калі ты пачнеш паляваць на Шэр-Хана, як ён паляваў на цябе.