Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
— Дробязі! Дробязі! Хлопчык сказаў Запаветнае Слова. Нельга было не дапамагчы яму! — Чыль зрабіў круг над лесам і паляцеў на начлег.
— Ён не забыў, што трэба сказаць!—радаваўся Балу.— Падумаць толькі: гэтакі маленькі, а ўспомніў Запаветнае Слова Птушак, ды яшчэ калі малпы валаклі яго па дрэвах!
— Яно было моцна ўбіта яму ў галаву, гэтае слова!—сказала Багіра,—Я таксама ганаруся дзіцянём, але цяпер нам трэба спяшацца да Халодных Бярлогаў.
Усе ў джунглях ведалі, дзе знаходзіцца гэтая мясціна, але рэдка хто бываў там, бо Халоднымі Бярлогамі называлі стары, закінуты і мёртвы горад, што згубіўся ў гушчары лесу; а звяры не будуць сяліцца там, дзе раней жылі людзі. Хіба толькі вепр паселіцца ў такой мясціне, але не паляўнічае племя. Апрача таго, малпы бывалі там не радзей, чым у любым іншым месцы, і ніводзін звер, які паважае сябе, не падыходзіў блізка да горада, хіба толькі ў час засухі, калі ў напаўразбураных вадаёмах і басейнах заставалася яшчэ вада.
— Дабірацца туды палову ночы поўным ходам,— сказала Багіра.
I Балу адразу затужыў.
— Я з усяе сілы буду спяшацца,— сказаў ён з тры-
вогак.
— Мы не можам цябе чакаць. Бяжы за намі, Балу. Нам трэба спяшацца — мне і Каа.
— Хоць ты і на чатырох лапах, а я ад цябе не адстану,— коратка сказаў Каа.
Балу намагаўся бегчы за імі, але вымушаны быў спачатку сесці і перадыхнуць, так што яны пакінулі мядзведзя, каб ён потым даганяў іх, і Багіра памчалася ўперад імклівымі скачкамі. Каа маўчаў, але як ні спяшалася Багіра, вялізны ўдаў не адставаў ад яе. Калі яны дабраліся да горнай рэчкі, Багіра апынулася наперадзе, бо пераскочыла паток, а Каа пераплыў яго, трымаючы галаву і шыю над вадой. Але на роўнай зямлі ўдаў зноў дагнаў Багіру.
— Клянуся зламаным замком, што вызваліў мяне, ты някепскі хадок! — сказала Багіра, калі апусціўся змрок.
— Я прагаладаўся,— адказаў Каа.— Апрача таго, яны абзывалі мяне плямістай жабай.
— Чарвяком, земляным чарвяком, ды яшчэ жоўтым!
— Усё роўна. Давай уперад.— I Каа нібы ліўся па зямлі, пільным вокам знаходзіў самую кароткую дарогу і рухаўся па ёй.
Малпін Народ у Халодных Бярлогах зусім не думаў пра сяброў Маўглі. Малпы прывалаклі хлопчыка ў закінуты горад і цяпер былі вельмі задаволены сабой. Маўглі яшчэ ніколі не бачыў індыйскага горада, і хоць гэты горад ляжаў увесь у руінах, ён здаўся хлопчыку вялікапышным і поўным цудаў. Адзін багаты князь пабудаваў яго даўным-даўно на невысокім узгорку, Яшчэ відаць былі рэшткі брукаваных дарог, што вялі да разбураных варотаў, дзе апошнія абломкі гнілых дошак яшчэ віселі на заржавелых завесах. Дрэвы ўраслі каранямі ў сцены і ўзвышаліся над імі; зубцы на сценах абваліліся і рассыпаліся ў пыл; паўзучыя расліны выбіліся з байніц і звісалі са сценаў вежаў касматымі бізунамі.
3 Зак. 561
Вялікі палац без даху стаяў на вяршыні ўзгорка. Мармур яго фантанаў і двароў быў увесь пакрыты расколінамі і бурымі плямамі лішайнікаў, самі пліты двара, дзе калісьці стаялі князевы сланы, былі прыўзняты і рассунуты травой і маладымі дрэвамі. За палацам былі відаць рад за радам дамы без стрэх і ўвесь горад, падобны на пустыя соты, запоўненыя толькі цемрай; бясформенная каменная калода, якая была раней ідалам, валялася цяпер на плошчы, дзе скрыжоўваліся чатыры дарогі; толькі ямы і выбоіны засталіся на рагах вуліц, дзе калісьці стаялі студні, ды струхлелыя купалы храмаў, па баках якіх прараслі дзікія смакоўніцы. Малпы называлі гэтае месца сваім горадам і рабілі выгляд, нібыта пагарджаюць Народам Джунгляў за тое, што ён жыве ў лесе. I ўсё ж яны не ведалі, для чаго ўзведзены гэтыя будынкі і як імі карыстацца. Яны садзіліся ў кружок на памосце ў княжацкай зале савета, шукалі адна ў адной блох і гулялі ў людзей: забягалі ў дамы і зноў выбягалі з іх, сцягвалі кавалкі тынку і рознай старызны ў кут і забывалі, куды яны ўсё гэта схавалі; біліся і крычалі, нападаючы адна на адну, потым разбягаліся гуляць па тэрасах княжацкага саду, трэслі там апельсінавыя дрэвы і кусты руж для таго толькі, каб паглядзець, як будуць сыпацца пялёсткі і плады. Яны абабягалі ўсе пераходы і цёмныя калідоры ў палацы і сотні невялікіх цёмных пакояў, але не маглі запомніць, што яны ўжо бачылі і чаго яшчэ не бачылі, і сноўдаліся ўсюды па адной, парамі або купкамі, выхваляючыся адна перад адной, што паводзяць сябе зусім як людзі. Яны пілі з вадаёмаў і каламуцілі ў іх ваду, потым біліся за ваду, потым збіраліся ў натоўп і бегалі па ўсім горадзе з крыкам:
— Няма ў джунглях народа мудрэйшага, дабрэйшага, спрытнейшага, дужэйшага і цішэйшага, чым БандарЛогі!
Потым усё пачыналася нанава, да таго часу, пакуль ім не надакучваў горад, і тады яны ўцякалі на верхавіны дрэў, усё яшчэ не трацячы надзеі, што калі-небудзь Народ Джунгляў, заўважыць іх.
Маўглі, выхаваны паводле Закону Джунгляў, не разумеў такога жыцця, і яно не падабалася яму. Малпы прывалаклі яго ў Халодныя Бярлогі ўжо надвячоркам, і замест таго каб легчы спаць, як зрабіў бы сам Маўглі пасля доўгай дарогі, яны ўхапіліся за рукі і пачалі скакаць і спяваць свае недарэчныя песні. Адна малпа выступіла з прамовай перад астатнімі і сказала ім, што захоп Маўглі ў палон азначае пачатак змен у гісторыі БандарЛогаў, бо цяпер Маўглі пакажа ім, як сплятаць галіны і трыснёг, каб абараніцца ад холаду і дажджу.
Маўглі набраў ліян і пачаў іх сплятаць, а малпы паспрабавалі рабіць гэтак жа, як ён, але праз некалькі хвілін ім гэта абрыдла, і яны пачалі тузаць адна адну за хвасты і, кашляючы, скакаць на карачках.
— Мне хочацца есці,— сказаў Маўглі.— Я чужы ў гэтых мясцінах — прынясіце мне паесці або дазвольце схадзіць тут на паляванне.
Дваццаць ці трыццаць малпаў кінуліся па арэхі і дзікія плады для Маўглі, але па дарозе яны пабіліся між сабой, а вяртацца з тым, што ў іх засталося, не мела сэнсу. Маўглі пакрыўдзіўся і раззлаваўся, ужо не кажучы пра тое, што ён быў галодны, і доўга блукаў па пустэльных вуліцах, час ад часу падаючы Паляўнічы Покліч Чужынца, але ніхто яму не адказаў, і Маўглі зразумеў, што ён трапіў у вельмі кепскае месца.
«Праўда ўсё тое, што Балу гаварыў пра Бандар-Логаў,— падумаў ён сам сабё.— У іх няма ні Закону, ні Паляўнічага Поклічу, ні важакоў,— нічога, апрача дурных слоў і ўчэпістых зладзейскіх лапаў. Так што калі мяне тут заб’юць або я памру галоднай смерцю, дык буду сам вінаваты. Але трэба што-небудзь прыдумаць
і вярнуцца ў мае родныя джунглі. Балу, вядома, мяне адлупцуе, але гэта лепш, чым лавіць дурнецкія пялёсткі руж разам з Бандар-Логамі».
Як толькі ён падышоў да гарадской сцяны, малпы адразу адцягнулі яго назад, гаворачы пры гэтым, што ён сам не разумее, як яму пашанцавала, і пачалі шчыпаць яго, каб ён адчуў да іх падзяку. Ён сцяў зубы і змоўчаў, але ўсё ж пайшоў разам з малпамі, якія моцна гарланілі, на тэрасу, дзе былі вадаёмы з чырвонага пясчаніку, да палавіны запоўненыя дажджавой вадой. Там пасярэдзіне тэрасы стаяла разбураная альтанка з белага мармуру, пабудаваная для князевых жонак, якіх даўно ўжо не было на свеце. Купал альтанкі абваліўся і засыпаў падземны ход з палаца, па якім жанчыны прыходзілі сюды, але сцены з мармуру ажурнай работы засталіся цэлыя. Цудоўную разьбу малочнай белізны, лёгкую, як карункі, аздаблялі агаты, сердалікі, яшма і лазурыт, а калі над узгоркам узышоў месяц, яго промні праніклі праз разьбу, і густыя цені леглі на зямлю ўзорам чорнага аксаміту. Пакрыўджаны, сонны і галодны Маўглі ўсё ж не мог не смяяцца, калі малпы пачыналі на дваццаць галасоў паўтараць яму, якія яны мудрыя, дужыя і добрыя і які ён неразумны, што хоча з імі расстацца.
— Мы вялікія! Мы вольныя! Мы заслужылі, каб намі захапляліся! Заслужылі, як ніводзін народ у джунглях, каб намі захапляліся! Мы ўсе так гаворым — значыцца, гэта праўда!—крычалі яны.— Зараз мы табе раскажам пра сябе, якія мы цудоўныя, калі ты нас слухаеш і можаш перадаць нашы словы Народу Джунгляў, каб у будучым ён звяртаў на нас увагу.
Маўглі з імі не спрачаўся, і сотні малпаў сабраліся на тэрасе паслухаць, як іхнія гаваруны будуць спяваць хвалу Бандар-Логам, і калі балбатухі малпы спыняліся, каб перадыхнуць, астатнія падхоплівалі хорам:
— Гэта праўда, мы ўсе так гаворым!
Маўглі ківаў галавою, міргаў вачамі і падтакваў, калі ў яго пыталіся пра што-небудзь, і галава ў яго кружылася ад шуму.
«Шакал Табакі, мусіць, перакусаў іх усіх,— думаў ён сам сабе,— і яны цяпер пашалелі. Гэта ў іх шаленства, «дзівані». Няўжо яны ніколі не спяць? Вось зараз гэтае воблачка закрые месяц. Калі яно вялікае, я паспеў бы ўцячы ў цемры. Але я стаміўся».
За гэтым самым воблакам сачылі двое верных сяброў у напаўзасыпаным рове пад гарадской сцяною. Багіра і Каа ведалі, якія небяспечныя малпы, калі іх многа, і чакалі, каб не рызыкаваць дарэмна. Малпы ні за што на свеце не будуць біцца, калі іх менш за сотню супраць аднаго, а ў джунглях мала каму даспадобы такая перавага.
— Я папаўзу да заходняй сцяны,— шапнуў Каа,— і шпарка скачуся па схіле ўніз, там мне будзе лягчэй. Яны, вядома, не кінуцца мне на спіну ўсім гуртам, але ўсё ж...
— Я ведаю,— сказала Багіра.— Калі б Балу быў тут! Але ўсё-такі мы. зробім што можам. Як толькі гэтае воблака закрые месяц, я выйду на тэрасу. Яны там аб нечым раяцца паміж сабой.
— Добрага палявання,— змрочна сказаў Каа і слізгануў да заходняй сцяны.
Яна, як выявілася, была разбурана менш, чым іншыя, і вялізны ўдаў забавіўся, пакуль прабіраўся паміж камянёў. Воблака закрыла месяц, і якраз у тую хвіліну, калі Маўглі думаў, што будзе далей, ён пачуў лёгкія крокі Багіры на тэрасе. Чорная пантэра ўзбегла па схіле амаль без шуму і, не трацячы часу на тое, каб кусацца, раздавала ўдары направа і налева малпам, што сядзелі вакол Маўглі ў пяцьдзесят — шэсцьдзесят радоў. Пачуўшы агульны енк перапуду і лютасці, і, у той час як Ba-
гіра крочыла па целах малпаў, што качаліся і валтузіліся пад ёю, адна малпа крыкнула:
— Яна тут адна! Заб’ём яе! Заб’ём!
Клубок малпаў, кусаючы, драпаючы, тузаючы і рвучы Багіру, самкнуўся над ёю, а пяць ці шэсць малпаў моцна схапілі Маўглі, падцягнулі яго да сцяны альтанкі і ўпіхнулі ў пралом купала. Хлопчык, выхаваны людзьмі, быў бы ўвесь у сіняках, бо падаць яму давялося з вышыні добрых пятнаццаці футаў, але Маўглі ўпаў так, як вучыў яго падаць Балу, і адразу стаў на ногі.