Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

Маўглі

Рэдзьярд Кіплінг
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 218с.
Мінск 1981
106.31 МБ
— Але што скажа наша Чарада? — спытаў Бацька Воўк.
Закон Джунгляў гаворыць вельмі выразна, што кожны воўк, пасля таго як завядзе сям’ю, можа пакінуць сваю Чараду. Але як толькі яго ваўчаняты падрастуць і стануць на ногі, ён павінен прывесці іх на Савет Чарады, які збіраецца звычайна раз у месяц, у час поўні, і паказаць усім астатнім ваўкам. Пасля гэтага ваўчаняты могуць бегаць, дзе ім захочацца, і пакуль яны не забілі свайго першага аленя, няма апраўдання таму з дарослых
ваўкоў, які заб’е ваўчаня. Пакаранне за гэта — смерць, калі толькі зловяць забойцу. Падумай з хвіліну, і ты сам зразумееш, што так і павінна быць.
Бацька Воўк пачакаў, пакуль яго ваўчаняты падраслі і пачалі пакрысе бегаць, і ў адну з тых начэй, калі збіралася Чарада, павёў усіх ваўчанят, Маўглі і Маці Ваўчыху на Скалу Савета. Гэта была вяршыня ўзгорка, усыпаная вялікімі валунамі, за якімі магла схавацца цэлая сотня ваўкоў. Акела, вялікі шэры воўк-адзінец, абраны важаком усёй Чарады за сілу і спрыт, ляжаў на скале, выцягнуўшыся на ўвесь рост. Пад скалой сядзела сорак з лішнім ваўкоў усіх узростаў і самай рознай масці — ад сівых, як барсукі, ветэранаў, што распраўляліся адзін на адзін з буйвалам, да маладых чорных трацякоў, якія ў думках лічылі, што ім гэта таксама пад сілу. Воўк-адзінец ужо каля года быў іхнім важаком. У юнацтве ён два разы трапляў у воўчую пастку, аднойчы людзі яго збілі і кінулі, бо парашылі, што ён здох, так што норавы і звычкі людзей былі яму знаёмыя. На Скале Савета амаль ніхто не размаўляў. Ваўчаняты куляліся пасярэдзіне пляцоўкі, навокал сядзелі іх бацькі і маці. Час ад часу адзін з дарослых ваўкоў нетаропка падымаўся, падыходзіў да якога-небудзь ваўчаняці, пільна глядзеў на яго і, бясшумна ступаючы, вяртаўся на сваё месца. Іншы раз маці выпіхвала сваё ваўчаня на святло месяца, баючыся, што яго не заўважаць. Акела заклікаў са свае скалы:
— Закон вам вядомы! Глядзіце ж, о ваўкі!
I клапатлівыя маці падхоплівалі:
— Глядзіце ж, глядзіце як след, о ваўкі!
Нарэшце — і Маці Ваўчыха ўся натапырылася, калі падышла іх чарга,— Бацька Воўк выпхнуў на сярэдзіну круга Жабянятка Маўглі. Маўглі сеў на зямлю, засмяяўся і пачаў забаўляцца каменьчыкамі, што паблісквалі ў святле месяца.
Акела ні разу не ўзняў галавы, якую ён паклаў на пярэднія лапы, толькі час ад часу ўсё гэтак жа паўтараў:
— Глядзіце, о ваўкі!
Глухі рык данёсся з-за скалы — голас Шэр-Хана:
— Дзіцяня маё! Аддайце яго мне! Навошта Вольнаму Народу чалавечае дзіцяня?
Але Акела нават і вухам не варухнуў. Ён сказаў толькі:
— Глядзіце, о ваўкі! Навошта Вольнаму Народу слухаць чужакоў? Глядзіце як след!
Ваўкі глуха загырчалі хорам, і адзін з маладых чатырохгадовых ваўкоў у адказ Акелу паўтарыў пытанне Шэр-Хана:
— Навошта Вольнаму Народу чалавечае дзіцяня?
А Закон Джунгляў гаворыць, што, калі пачынаецца спрэчка аб тым, ці можна прыняць дзіцяня ў Чараду, на яго карысць павінны выказацца сама менш два ваўкі з Чарады, але не бацька і не маці.
— Хто за гэтае дзіцяня? — спытаў Акела.— Хто з Вольнага Народа хоча гаварыць?
Адказу не было, і Маці Ваўчыха падрыхтавалася да бою, які, як яна ведала, будзе для яе апошні, калі справа дойдзе да бойкі.
Тут падняўся на заднія лапы і забурчаў адзіны звер іншай пароды, якога дапускаюць на Савет Чарады,— Балу, лянівы буры мядзведзь, які вучыць ваўчанят Закону Джунгляў, стары Балу, які можа блукаць, дзе ён хоча, бо ён есць толькі арэхі, мёд і карэнне.
— Чалавечае дзіцяня? Ну што ж,— сказаў ён,— я за дзіцяня. Яно нікому не зробіць шкоды. Я не майстар гаварыць, але кажу праўду. Няхай сабе яно бегае з Чарадой. Давайце прымем дзіцяня разам з іншымі. Я сам буду вучыць яго.
— Нам трэба яшчэ хто-небудзь,— сказаў Акела.—
Балу сказаў сваё слова, а ён жа настаўнік нашых ваўчанят. Хто яшчэ будзе гаварыць, апрача Балу?
Чорны цень лёг пасярод круга. Гэта была Багіра, чорная пантэра, чорная ўся спрэс, як чарніла, але з меткамі, якія, як ва ўсіх пантэр, відаць на святле, быццам лёгкі ўзор на муары. Усе ў джунглях ведалі Багіру, і ніхто не захацеў бы станавіцца ёй упоперак дарогі, бо яна была хітрая, як Табакі, адважная, як дзікі буйвал, і бясстрашная, як паранены слон. Затое голас у яе быў салодкі, як дзікі мёд, што капае з дрэва, а шкурка мякчэйшая за пух.
— О Акела, і ты, Вольны Народ,— пракурняўкала яна,— на вашым сходзе ў мяне няма ніякіх правоў; але Закон Джунгляў гаворыць, што, калі пачынаецца спрэчка за новае дзіцяня, жыццё гэтага дзіцяняці можна выкупіць. I ў Законе не гаворыцца, каму можна, а каму нельга плаціць гэты выкуп. Ці праўда гэта?
— Так! Так! — закрычалі маладыя ваўкі. Яны заўсёды былі галодныя.— Слухайце Багіру! За дзіцяня можна ўзяць выкуп. Такі Закон.
— Я ведаю, што не маю права гаварыць тут, і прашу ў вас дазволу.
— Дык гавары ж!—закрычала дваццаць галасоў адразу.
— Сорамна забіваць безвалосае дзіцяня. Апрача таго, яно стане цудоўнай забаўкай для вас, як падрасце. Балу закінуў за яго слоўца. А я да слова Балу дадам буйвала, тлустага, толькі што забітага ўсяго за паўмілі адсюль, калі вы прымеце чалавечае дзіцяня ў Чараду, як належыць паводле Закону. Хіба гэта так цяжка?
Тут узняўся шум, і дзесяткі галасоў закрычалі разам:
— Што за бяда? Яно памрэ ў час зімовых дажджоў. Яго спапяліць сонца. Што можа зрабіць нам голае жабяня? Няхай бегае з Чарадой. А дзе буйвал, Багіра? Давайце прымем дзіцяня!

Маўглі па-ранейшаму забаўляўся каменьчыкамі і не бачыў, як ваўкі адзін за другім падыходзілі і аглядалі яго. Нарэшце ўсе яны пайшлі з узгорка па забітага буйвала, і засталіся толькі Акела, Багіра, Балу і сям’я Жабяняці Маўглі. Шэр-Хан усё яшчэ роў у цемры — ён вельмі раззлаваўся, што Маўглі не аддалі яму.
— Так, так, раві мацней! — сказала Багіра сабе ў вусы.— Прыйдзе час, калі гэтае галышаня прымусіць цябе раўці іншым голасам, або я зусім не разбіраюся ў людзях.
— Добра мы зрабілі! — сказаў Акела.— Людзі і іх дзіцяняты вельмі разумныя. Калі-небудзь Маўглі стане нам памочнікам.
— Ага, памочнікам у цяжкую часіну, бо ніхто не можа быць важаком Чарады вечна,— сказала Багіра.
Акела нічога не адказаў. Ён думаў пра той час, які надыходзіць для кожнага важака Чарады, калі сіла паступова пакідае яго. Ваўкі забіваюць важака, калі ён зусім аслабее, а на яго месца становіцца новы важак, каб з цягам часу таксама быць забітым.
— Вазьмі дзіцяня,— сказаў ён Бацьку Ваўку,— і выхоўвай яго, як належыць выхоўваць сыноў Вольнага Народа.
Так Жабянятка Маўглі быў прыняты ў Сіянійскую Чараду — за буйвала і добрае слова Балу.
Цяпер вам давядзецца прапусціць ажно дзесяць ці адзінаццаць гадоў і хіба толькі здагадвацца пра тое, якім незвычайным жыццём жыў Маўглі сярод ваўкоў, бо калі пра яго напісаць падрабязна, выйшла б многа-многа кніг. Ён рос разам з ваўчанятамі, хоць яны, вядома, сталі дарослымі ваўкамі куды раней, чым ён выйшаў з малых гадоў; і Бацька Воўк вучыў яго свайму рамяству і тлумачыў усё, што адбываецца ў джунглях. I таму кожны шолах у траве, кожны павеў цёплага начнога ветрыка, кожны крык савы над галавой, кожны рух кажана, што
на ляту зачапіўся кіпцюрыкамі за галінку дрэва, кожны ўсплёск маленькай рыбкі ў сажалцы вельмі шмат значылі для Маўглі. Калі ён нічому не вучыўся, ён драмаў, седзячы на сонцы, еў і зноў засынаў. Калі яму бывала горача і хацелася асвяжыцца, ён плаваў у лясных азёрах; а калі яму хацелася мёду ці арэхаў (ад Балу ён даведаўся, што мёд і арэхі гэткія ж смачныя, як і сырое мяса), ён лез па іх на дрэва — Багіра паказала яму, як гэтаі робіцца. Багіра расцягвалася на суку і клікала:
— Ідзі сюды, Маленькі Брат!
Спачатку Маўглі чапляўся за сукі, як звярок лянівец, а потым навучыўся скакаць з галіны на галіну амаль гэтак жа смела, як шэрая малпа. На Скале Савета, калі збіралася Чарада, у яго таксама было сваё месца. Там ён прыкмеціў, што ніводзін воўк не можа вытрымаць яго пільны позірк і апускае вочы перад ім, і тады дзеля пацехі ён пачаў пільна глядзець на ваўкоў. Здаралася, ён выцягваў сваім сябрам стрэмкі з лап — ваўкі вельмі пакутуюць ад калючак і дзядоўніку, што ўпіваюцца ў іх шкуру. Начамі ён спускаўся з узгоркаў на апрацаваныя палеткі і з цікаўнасцю сачыў за людзьмі ў хацінах, але не адчуваў да іх даверу. Багіра паказала яму квадратную скрынку са спускнымі дзверцамі, так хітра схаваную ў гушчары, што Маўглі сам ледзь не трапіў у яе, і сказала, што гэта пастка. Больш за ўсё ён любіў хадзіць з Багірай у цёмную, гарачую глыбіню лесу, засынаць там на ўвесь дзень, а ўночы глядзець, як палюе Багіра. Яна забівала направа і налева, калі была галодная. Гэтак жа рабіў і Маўглі. Але калі хлопчык падрос і пачаў усё разумець, Багіра сказала яму, каб ён ніколі не чапаў свойскую жывёлу, бо за яго заплацілі выкуп Чарадзе, забіўшы буйвала.
— Усе джунглі твае,— гаварыла Багіра.— Ты можаш паляваць на любую дзічыну, якая табе пад сілу,
2 Зак. 561
17
але за таго буйвала, які выкупіў цябе, ты не павінен чапаць ніякай жывёлы, ні маладой, ні старой. Такі Закон Джунгляў.
I Маўглі слухаўся безагаворачна.
Ён рос і рос — дужым, якім і павінен расці хлопчык, які мімаходам вучыцца ўсяму, што трэба ведаць, нават не думаючы, што вучыцца, і клапоціцца толькі пра тое, каб здабыць сабе ежу.
Маці Ваўчыха аднойчы сказала яму, што Шэр-Хану нельга давяраць і што калі-небудзь яму давядзецца забіць Шэр-Хана. Ваўчаня ні на хвіліну не забылася б пра гэтую параду, а Маўглі забыўся, бо быў усяго толькі хлопчык, хоць і назваў бы сябе ваўком, калі б умеў гаварыць на чалавечай мове.
У джунглях Шэр-Хан пастаянна станавіўся яму ўпоперак дарогі, бо Акела ўсё старэў і слабеў, а кульгавы тыгр за гэты час паспеў пасябраваць з маладымі ваўкамі Сіянійскай Чарады. Яны хадзілі за ім па пятах, чакаючы аб’едкаў, чаго Акела не дапусціў бы, калі б паранейшаму меў уладу. А Шэр-Хан ліслівіў перад ваўчанятамі: ён здзіўляўся, як гэта такія смелыя маладыя паляўнічыя дазваляюць камандаваць сабою здыхлі ваўку і чалавечаму дзіцяняці. «Я чуў,— не раз гаварыў Шэр-Хан,— быццам на Савеце вы не асмельваецеся паглядзець яму ў вочы». I маладыя ваўкі злосна гыркалі і натапырваліся.
Багіры, якая ўсё бачыла і ўсё чула, было вядома сёе-тое наконт гэтага, і некалькі разоў яна адкрыта гаварыла Маўглі, што Шэр-Хан заб’е яго калі-небудзь. Але Маўглі толькі смяяўся і адказваў: